Клятая стабільнасць!

Фота: worldsbk.com

Новы сезон сусветнага Супербайка пачаўся ў іспанскім Альканісе дзвюма перамогамі шасціразовага і дзейснага чэмпіёна Джонатана Рэя. Ці можна адразу каранаваць яго ў сёмы раз?

Каронавірус дагэтуль цярэбіць календары сусветных гоначных серый. Вось і пачатак сезону WSBK некалькі разоў пераносіўся і адбыўся ў выніку ў мінулыя выхадныя ў Іспаніі на трасе MotorLand Aragon, што ў горадзе Альканісе.

Акрамя гэтага этапу ў каляндары пакуль што яшчэ дванаццаць, аднак колькасць іх можа ў любы момант змяніцца. Два апошнія запланаваныя за межамі Еўропы – у аргенцінскім Сан-Хуане 15-17 кастрычніка і на гарадской трасе Мандаліка ў Інданэзіі – могуць быць у любы момант адмененыя альбо замененыя.

Нязменнае ў сусветным Супербайке толькі адно – абсалютнае першынство гоншчыка завадской каманды Kawasaki Racing Team WorldSBK Джонатана Рэя. Як ні стараліся арганізатары, абмяжоўваючы максімальныя абароты рухавікоў ZX-10RR, а ўсё роўна брытанец ледзь не выйграў у адны вароты ўсе тры гонкі ў Альканісе.

Вынікі суботняй кваліфікацыі, у якой Рэй таксама перамог, яшчэ давалі надзею, што канкурэнты з іншых завадскіх калектываў хаця б паспрабуюць навязаць шасціразоваму чэмпіёну барацьбу. Яго суайчыннікі Скот Рэдзінг з Aruba.it Racing-Ducati і былы напарнік па Kawasaki Том Сайкс, які зараз выступае за BMW Motorrad WorldSBK Team, не надта адсталі ад Джонатана. Аднак у гонцы ён не пакінуў ім шанцаў.

Толькі яго напарнік Алекс Лоўс і пабыў у ролі мішэні для канкурэнтаў. На старце першай гонкі ён прарваўся з чацвёртай пазіцыі на другую, пачаўшы стрымліваць супернікаў Рэя. Якія ў сваю чаргу аказаліся не здольныя стрымаць ззаду яшчэ і турэцкага гоншчыка Pata Yamaha with BRIXX WorldSBK Топрака Разгітліоглу, які стартаваў дзясятым. А фінішаваў трэцім, непасродна за Лоўсам.

Рэй жа пралідзіраваў ад старту да фінішу і атрымаў сотую перамогу ў сваёй кар’еры. Пасля Джонатан пажартаваў, што перамог у нефармальнай гонцы са сваім суайчыннікам з Формулы-1 Льюісам Хэмілтанам, які сотую перамогу яшчэ толькі мае атрымаць. Праўда, Рэю лягчэй, бо раней у сусветным Супербайке праводзілася дзве гонкі за ўік-энд, а некалькі гадоў таму была даданая яшчэ адна – кароткі дзесяцікругавы спрынт у нядзелю раніцай.

У ім на этапе ў Арагоне перамог таксама Рэй. Адзінае што праз перамену надвор’я (калі ў суботу было сонечна, то на наступны ранак нават прайшоў дождж) прыйшлося гадаць з выбарам шын. Спачатку падалося, што ўгадаў Рэдзінг, які ў першай гонцы фінішаваў чацвёртым.

На дажджавой гуме Скот на першым кругу прарваўся на першую пазіцыю, абагнаўшы нават Рэя. Але той, як і Лоўс, перад стартам выбралі прамежкавыя шыны, якія далі ім перавагу ўжо з наступнага круга, калі абодва абагналі Рэдзінга, каб зноў фінішаваць на першых дзвюх пазіцыях. Гоншчыку ж Ducati зноў не ўдалася ўтрымацца ў першай тройцы. Гоначная траекторыя падсыхала, дажджавыя шыны на Panigale V4 R Рэдзінга працавалі ўсё горш, і ў выніку фінішаваў ён толькі восьмым.

А на ніжнюю ступень подыума падняўся прадстаўнік GRT Yamaha WorldSBK Team Гарэт Герлаф. Чэмпіён амерыканскага Супербайка на чацвёртым кругу абагнаў Чаза Дэвіса з Team GoEleven на Ducati Panigale V4 R, а затым удала адбіў яго контаратакі.

Герлаф жа стаў галоўным ньюсмэйкерам у фінальнай гонцы ўік-энда. На старце ён спачатку абагнаў Лоўса, на першым жа кругу Алекс вярнуў сабе пазіцыю, але на наступным кругу саступіў яе Гарэту зноў. Ну а амерыканец неўзабаве павіс на заднім коле ў Рэя. Чэмпіён, як і большасць астатніх удзельнікаў, зноў стартаваў на прамежкавых шынах, аднак на гэты раз не змог далёка ад’ехаць ад пераследнікаў на першых кругах.

І ўжо на трэцім кругу яго ў чатырнаццатым павароце атакаваў Герлаф. Рэй яўна гэтага не чакаў, пачаўшы звужаць траекторыю, каб патрапіць у наступны паварот, але справа ад яго – унутры віражу – ужо была Yamaha YZF R1 Герлафа. Матацыклы сутыкнуліся, Герлаф паваліўся, а Рэй вымушаны быў зрэзаць наступны паварот, таму сам прапусціў наперад Лоўса і Разгітліоглу, якія рухаліся ззаду.

Магчыма, праглядзеўшы відэа вышэй, вы не пагадзіцеся са мною, але мне падаецца, што гэта быў звычайны гоначны інцыдэнт. Герлаф, пабачыўшы прастору для манеўра, паспрабаваў скарыстацца сітуацыяй і абагнаць суперніка. Ён у выніку сам страціў больш, упаўшы, а суддзі пазней прызналі яго вінаватым у сутыкненні, абавязаўшы яго праехаць па штрафной зоне. Гэта, аднак, не перашкодзіла амерыканцу заняць сёмае месца.

Што да Рэя, то яго пазней апярэдзіў і Міхаэль ван дэн Марк з завадской каманды BMW, які затым справіўся і з Лоўсам. А потым і Разгітліоглу пакінуў ззаду, захапіўшы лідарства. Але ненадоўга, бо самым хуткім на ўжо амаль што поўнасцю сухой трасе быў Рэдзінг, які стартаваў на сліках. Ён упэўнена прарываўся скрозь пелатон, і на шостым кругу ўзначаліў яго.

Пакрысе пачалі адыгрывацца і Лоўс з Рэем. Гоншчыкі Kawasaki здолелі прарвацца на другую і трэцюю пазіцыі, фінішаваўшы на іх. Прычым наперадзе зноў быў шасціразовы чэмпіён – ён абагнаў напарніка ў канцы дзявятага круга, а пазней яны па чарзе абышлі ван дэн Марка, які саступіў у выніку і Сайксу, фінішаваўшы пятым. Разгітліоглу, страціўшы тэмп, яшчэ раней прапусціў усю гэтую групу і заняў шостае месца.

Ну а Рэдзінг хоць часткова, але адыграўся пасля няўдач на першай і кваліфікацыйнай гонках, атрымаўшы перамогу ў другой. Толькі па чыстай хуткасці Рэй і Kawasaki па-ранейшаму лепшыя, і перамагчы ім у фінальным заездзе арагонскага этапу перашкодзілі толькі абставіны.

Затое ў чэмпіянаце яны лідзіруюць упэўнена. Рэй узначальвае асабісты залік, маючы 57 ачкоў, Лоўс з 45 ачкамі на другой пазіцыі, а Рэдзінг, у якога 40 балаў, замыкае першую тройку. Kawasaki першая ў заліку вытворцаў, дзе ў яе 57 ачкоў. Ducati з 44 ачкамі на другой пазіцыі, Yamaha займае трэцюю і мае 33 ачкі.

Здаецца, Рэй і Kawasaki зноў наважваюцца абыграць канкурэнтаў амаль у сухую ўсухую. Прынамсі, так падаецца пасля першага этапу. Аднак наступны, які пройдзе ўжо ў бліжэйшыя выхадныя ў партугальскім Эштарыле, можа і абвергнуць гэтае меркаванне. Лепей бы і абверг, бо стабільнасць – гэта не заўсёды добра. Ужо беларусы ведаюць гэта дакладна.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+13
Написать комментарий
Реклама 18+