Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Нечаканасць 1000 кіламетраў Поль Рыкара

Нечаканасць 1000 кіламетраў Поль Рыкара

Не верце ў прадвызначанасць! А калі верыце, знайдзіце запіс гонкі 1000 кіламетраў Поль Рыкара, што прайшла ў мінулую суботу, і паглядзіце яго. Хаця б апошнюю гадзіну.

Нечаканасць 1000 кіламетраў Поль Рыкара

Не верце ў прадвызначанасць! А калі верыце, знайдзіце запіс гонкі 1000 кіламетраў Поль Рыкара, што прайшла ў мінулую суботу, і паглядзіце яго. Хаця б апошнюю гадзіну.

Ёсць такая аўтаспартыўная прымаўка: гонка канчаецца толькі з клецістым сцягам. Іншымі словамі, што пакуль яна доўжыцца, лепей яе вынікі не падводзіць. Гэта справядліва і для кароткіх заездаў, а ўжо для шматгадзінных марафонаў – тым больш.

Адзін з самых яскравых прыкладаў – гонка 24 гадзіны Ле Мана 2016 года. У ёй Toyota на апошнім кругу страціла лідарства (прататып TS050 Hybrid пад кіраваннем Казукі Накадзімы спыніўся на стартава-фінішнай прамой), саступіўшы перамогу Porsche (на вяршыню подыуму падняліся Марк Ліб, Рамэн Дзюма і Ніл Яні).

Трэці этап серыі GT World Challenge Europe (і другі пасля Монцы ў фармаце Endurance), які прайшоў на трасе Поль Рыкар у французскім Ле Кастэле ў мінулы ўік-энд, у гэтым сэнсе быў меней драматычным. Аднак суботняя шасцігадзінная гонка (яе дыстанцыя, дарэчы, нават перавысіла 1 000 кіламетраў, склаўшы амаль 1 053 – 182 круга па 5 791 метру) ўсё ж паднесла нечаканасці.

Значны час імі і не пахла. Шэсцьдзесят трэці экіпаж каманды Orange 1 FFF Racing Team у складзе Мірка Барталоці, Марка Мапэлі і Андрэа Кальдарэлі на Lamborghini Huracan GT3 Evo стартаваў з поўлу і доўгі час упэўнена лідзіраваў.

Кантраляваць гонку ім дапамагала і роўнае яе цячэнне, бо паколькі пачыналася яна ўвечары, і хутка на трасу апусціўся змрок, многія гоншчыкі проста ехалі акуратна. Зоны бяспекі на Поль Рыкары шырокія і асфальтаваныя, але даляцець да адбойнікаў і разбіць альбо пашкодзіць машыну там магчыма, і з некаторымі гэта здаралася.

Аднак першы рэжым жоўтых сцягоў па ўсёй трасе быў абвешчаны толькі праз чатыры гадзіны пасля старту, і гэта былі першыя жоўтыя сцягі па ходу гонкі ўвогуле. Прычынай іх, а потым і кароткага перыяду аўтамабіля бяспекі стаў разварот і спыненне на трасе Mercedes-AMG GT3 другога экіпажу каманды GetSpeed (Ніка Басціан, Олівер Гротц і Фларыян Шольцэ).

Гэтай сітуацыяй скарысталіся ў Orange 1 FFF Racing Team, зазваўшы свой экіпаж, які лідзіраваў, на перадапошні піт-стоп. Лідарства Барталоці, Мапэлі і Кальдарэлі захавалі і пасля яго, тады як будучыя пераможцы – дваццаць другі экіпаж каманды GPX у складзе Мэта Кэмпбэла, Эрла Бамбера і Мацьё Жамінэ – свой прыпынак у боксах правялі не ідэальна, страціўшы некалькі пазіцый.

Стартавалі яны, дарэчы, з шостай пазіцыі, але затое іх Porsche 911 GT3-R серыі 991.II быў хуткім на доўгай дыстанцыі. Яшчэ Бамбер, які пачынаў гонку, за сваю змену адыграў адну пазіцыю, а змяніўшы яго за стырном Жамінэ – яшчэ дзве.

Француз абагнаў семдзесят першую Ferrari 488 GT3 каманды Iron Lynx (Антоніа Фуока, Калум Айлат і Давідэ Рыгон) і трыццаць чацвёрты BMW M6 GT3 каманды Walkenhorst Motorsport (Шэлдан ван дэр Ліндэ, Марка Вітман і Давід Пітард). Ззаду другіх іх экіпаж апынуўся зноў пасля таго самага няўдалага піт-стопу.

Тым не менш Кэмпбэл, якому Жамінэ тады і перадаў машыну, хутка абагнаў ван дэр Ліндэ і паімчаўся за Lamborghini лідараў. За яго стырном знаходзіўся Кальдарэлі, які неўзабаве (крыху болей чым за гадзіну да канца гонкі) адначасова з аўстралійцам адправіўся на фінальны піт-стоп, на якім яго змяніў Мапэлі.

Экіпаж Orange 1 FFF Racing Team пасля фінальнага прыпынку ў боксах лідарства захаваў, аднак на фінальнай гадзіне ўжо было зразумела, што машына GPX хутчэй. Асабіста перавага Porsche над Lamborghini была заўважная на прамой Mistral, якая ў серыі GT World Challenge Europe у адрозненні ад Формулы-1 не разбіваецца шыканай надвое.

За сорак хвілін да сканчэння часу пачалася сутычка паміж Кэмпбэлам і Мапэлі. Працягвалася яна пару кругоў і ўключыла ў сябе нават кантакт паміж нямецкім і італьянскім спорткарамі. Мапэлі адбіў першую атаку Кэмпбэла, але другая на наступным кругу вывела Мэта ў лідары гонкі.

І нават другую пазіцыю ўтрымаць экіпажу Orange 1 FFF Racing Team было не наканавана. Спачатку Мапэлі прапусціў наперад згаданы вышэй семдзесят першы экіпаж Iron Lynx, а потым і трыццаць другі экіпаж Team WRT у складзе Дрыса Вантора, Кэльвіна ван дэр Ліндэ і Шарля Віртса на Audi R8 LMS GT3, фінішаваўшы толькі чацвёртым.

Аднак у першую тройку Orange 1 FFF Racing Team усё ж патрапіла, замкнуўшы яе. Бо экіпаж Iron Lynx, які фізічна фінішаваў другім, быў пакараны за парушэнне працэдуры піт-стопа пазбаўленнем дзвюх пазіцый. Так што на сярэднюю ступень подыуму падняліся прадстаўнікі Team WRT.

Канечне, усё роўна трэцяе (а фактычна чацвёртае) месца на фінішы – гэта не тое, чаго ты чакаеш, пралідзіраваўшы 166 кругоў са 182. Затое гэта абвяргае міф аб прадвызначанасці! Прынамсі, у доўгіх гонках.

Пасля этапу ў Поль Рыкары лідарства ў абсалютным камандным заліку ўтрымлівае Team WRT, у якіх 66,5 ачка. Маючы 51 ачко, другую пазіцыю захоўвае Akka ASP, а замыкае першую тройку з 36 ачкамі па-ранейшаму Emil Frey Racing.

53,5 ачка, якія маюць Вантор і Віртс, дазволілі ім узначаліць абсалютны асабісты залік. Рафаэле Марчэла, у якога 42,5 ачка, апусціўся на другую пазіцыю. На трэцюю падняліся пераможцы гонкі на Поль Рыкары Кэмпбэл, Бамбер і Жамінэ, у якіх 33 ачкі.

Наступнай доўгай гонкай у серыі GT World Challenge Europe стане ажно сутачны марафон у бельгійскім Спа-Франкаршам, які пройдзе з 31 ліпеня на 1 жніўня. Папярэднічаць яму будуць два этапы ў фармаце спрынт, у тым ліку наступны, які 18-20 чэрвеня пройдзе на трасе ў нідэрландскім Зандварце.

Але і з Поль Рыкарам мы не развітаемся. На ім у тыя ж даты, што і GT World Challenge Europe у Зандварце, будзе гасцяваць Формула-1, а ўжо заўтра там свой трэці этап пачынае Еўрапейская серыя Ле Ман, першыя два этапы якой у Барселоне і Шпільбергу таксама скончыліся нечаканым чынам. «Гоначная псіхапатыя» распавядзе аб усім!

Другие посты блога

Все посты