Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Спрынт ці марафон? Падводзім шматлікія вынікі вар’яцкага Гран Пры Азербайджана

Спрынт ці марафон? Падводзім шматлікія вынікі вар’яцкага Гран Пры Азербайджана

«Хлопцы, вы ж разумееце, што гэта марафон, а не спрынт?», – філасофскі пытаўся ў сваёй каманды Льюіс Хэмілтан перад паўторным стартам гонкі ў Баку. Праз некалькі хвілін ён пацярпеў у ёй вельмі паказальную паразу.

Спрынт ці марафон? Падводзім шматлікія вынікі вар’яцкага Гран Пры Азербайджана

Фота: formula1.com

«Хлопцы, вы ж разумееце, што гэта марафон, а не спрынт?», – філасофскі пытаўся ў сваёй каманды Льюіс Хэмілтан перад паўторным стартам гонкі ў Баку. Праз некалькі хвілін ён пацярпеў у ёй вельмі паказальную паразу.

Гэты артыкул мусіў называцца інакш. Прыкладна на сярэдзіне дыстанцыі ўчарашняй гонкі я ўжо абдумваў, як буду разбіраць падарунак Максу Ферстапену і Red Bull ад гоншчыка малодшага калектыву аўстрыйскай  структуры AlphaTauri П’ера Гаслі – дзве секунды. Менавіта на столькі на піт-стопе затрымалі Льюіса Хэмілтана, калі француз праязджаў міма боксаў Mercedes у момант змены шын на балідзе сяміразовага і дзейснага чэмпіёна.

Як раз гэтых дзвюх секунд і не хапіла брытанцу, каб пасля піт-стопу на дванаццатым кругу апынуцца перад Ферстапенам, які на той момант лідзіраваў у гонцы і візіт у боксы якога яшчэ толькі меўся адбыцца. Адбыўся ён у выніку на трынаццатым кругу і прайшоў традыцыйна для Red Bull бездакорна. Макс лідарства захаваў і пачаў адрывацца ад свайго галоўнага пераследніка ў чэмпіянаце.

Пілот Ferrari Шарль Леклер, які нечакана для многіх напярэдадні заваяваў другі запар поўл (зрэшты, гэтаму моцна паспрыяў не меней вар’яцкі ход кваліфікацыі, якая двойчы спынялася чырвонымі сцягамі), на той момант быў ужо далёка ззаду – гоначны тэмп Скудэрыі аказаўся ўжо не такім уражлівым. Хэмілтан, які стартаваў другім, без праблем абагнаў манэгаска на трэцім кругу, на сёмым тое ж, ізноў без асаблівага супраціву з боку Шарля, зрабіў Ферстапен, які пачынаў гонку з трэцяй пазіцыі.

Ну а затым адбыўся той згаданы вышэй ключавы, здавалася, момант Гран Пры Азербайджана з міжвольным удзелам Гаслі, які, дарэчы, і кваліфікаваўся выдатна – чацвёртым. А вось удзел у гэтым сюжэце напарніка Ферстапена Серхіа Перэса быў ужо спланаваным. Гонку мексіканец пачынаў шостым, аднак ужо на старце абагнаў і П’ера, і яшчэ аднаго пілота Ferrari Карласа Сайнса. А калі пасля зацягнутага піт-стопу Хэмілтана Чэка апынуўся і перад ім, на яго ўсклалася роля буферу паміж Льюісам і Максам.

Супрацьстаяць чэмпіёну, дарэчы, было цяжкавата. На доўгай прамой на праспекце Нафтавікоў азербайджанскай сталіцы Mercedes-AMG W12 E Performance быў хутчэйшы за RB16B. У нямецкай камандзе разважліва вырашылі абраць мінімальны вугал атакі задняга антыкрыла, які дазваляў іх машынам быць хуткімі на прамой. Аднак гэта ж абумовіла недахоп прыціскальнай сілы на другім сектары трасы са шматлікімі паваротамі – там ужо перавага была ў Перэса.

Так што хоць спачатку Хэмілтан і ціснуў на Серхіа, праз пэўны час пачаў саступаць і яму, не кажучы ўжо пра Ферстапена, які рыхтаваўся да сваёй першай перамогі на Гран Пры Азербайджана. Яго тэмп быў высокі ад самага пачатку, таму зусім не факт, што Хэмілтан стрымаў бы яго ззаду пасля піт-стопу. Напрыклад, хутчэйшы круг у гонцы на сорак чацвёртым кругу дыстанцыі ўсталяваў менавіта нідэрландзец. З Баку ён бы звёз і бонусны бал за гэта, калі б не здарэнне, што адбылося праз тры круга.

Першы званочак празвінеў яшчэ на трыццаць першым кругу, калі на галоўнай прамой даволі жудасна свой балід разбіў пілот Aston Martin Лэнс Строл. Машыну проста разматала, пасля чаго яна ўрэзалася ў бетонную агароджу. Прычына выявілася хутка – пракол задняй левай шыны. Дарэчы, саставу C3 – самага жорсткага з даступных у Баку, куды Pirelli прывезла тры самых мяккіх да С5 улучна.

Аналагічны выбар італьянскія шыннікі зрабілі і для папярэдняга Гран Пры Манака, што скончыўся перамогай Ферстапена. Добра – і зноў жа лепей за Хэмілтана – Макс на такіх шынах адчуваў сябе і на таксама гарадской бакінскай трасе, і без праблем захаваў лідарства і на рэстарце пасля перыяду аўтамабіля бяспекі пасля аварыі Строла (канадзец, на шчасце, не пацярпеў). Аднак пракол задняй правай шыны падсцярог і яго.

Гэта непрыемнасць, што прывяла да аварыі і сходу пілота Red Bull з дыстанцыі, і здарылася з ім на тым самым сорак сёмым кругу, таксама на галоўнай прамой, але ў іншым месцы. Макс натуральна быў раззлаваны, фота яго штурхеля шыны, што не вытрымала (прычынай гэтага, на думку Pirelli, як і ў выпадку са Стролам сталі абломкі на трасе), адразу стала нарыхтоўкай для шматлікіх мемаў. Але самае непрыемнае было ў тым, што Ферстапен губляў толькі што здабытае лідарства ў чэмпіянаце, а Хэмілтан не толькі яго вяртаў сабе, але і разам адрываўся на 14 ачкоў – другое месца гэта гарантавала.

Толькі зноў успамінаем прымаўку, што гонка канчаецца толькі з клецістым сцягам. А чырвоны, якім учарашняя была спыненая на наступным кругу пасля аварыі Ферстапена, ў клецісты не канвертаваўся, хоць да фінішу і заставалася ўсяго тры кругі. Пасля некаторага абмеркавання і развагі дырэктар гонкі Майкл Масі вырашыў даць паўторны старт, прычым не за аўтамабілем бяспекі, а з месца.

Іншымі словамі, пілотаў, якія ў гонцы засталіся, чакаў двухкругавы суперспрынт. І напамін Хэмілтана сваёй камандзе, што яны ўдзельнічаюць найперш у марафоне выглядаў перад ім такім разумным і своечасовым – Льюісу нават перамагаць было не абавязкова, такім чынам, не было неабходнасці і атакаваць з усяе сілы Перэса на старце. Аднак марафон марафонам, а магчымая перамога і ў асобным спрынце жаданая для любога гоншчыка.

І Льюіс атакаваў. Паўторны старт яму ўдаўся значна лепей чым Перэсу, і ў першы паварот брытанец уваходзіў лідарам. Але не ўвайшоў. Потым ён патлумачыў, што, абараняючыся ад Серхіа, які пачаў ссоўвацца ў яго бок, зачапіў на стырне рэгулятар балансу тармазоў, цалкам змясціўшы яго наперад. У выніку замест таго каб павярнуць, Хэмілтан адправіўся па прамой у кішэнь бяспекі і адкаціўся на апошняе месца.

Дарэчы, з Азербайджана Mercedes з’ехаў з абаранкамі замест ачкоў. Бо для Валатры Ботаса этап у Баку склаўся не надта лепей чым для яго напарніка – кваліфікаваўшыся дзясятым, фін у гонцы фінішаваў дванаццатым. Злыя языкі кажуць, што на наступны сезон у камандзе ўжо аддалі перавагу Джорджу Расэлу, які ў мінулым годзе на Гран Пры Сахіра быў тэрмінова рэкрутаваны з Williams на замену Хэмілтану і яскрава тады бліснуў побач з Ботасам.

І калі гэта нават проста плёткі (падстаў для якіх, зрэшты, хапае), то ўжо сістэмныя незадавальняючыя вынікі Валтары толькі падштурхнуць главу каманды Тота Вольфа да адпаведных кадравых рашэнняў. Хаця яго абарона Льюіса ўсё роўна выглядае крыху нязграбна. Маўляў, за праблему з колавай гайкай у Манака вінаваты і сам Ботас, які зарана спыніўся, і механіку з гайкавёртам прыйшлося рабіць лішнія рухі, праз што гайку заклінавала (адкруцілі яе толькі праз некалькі дзён на базе каманды). А вось памылку Хэмілтана ў Баку памылкай назваць нельга! Разумейце гэта як заўгодна.

Затое абсалютна адназначна зразумела, чаму Гоншчыкам дня па выніках Гран Пры Азербайджана стаў Себасцьян Фетэль. Немец стартаваў толькі адзінаццатым, працягнуўшы серыю непераканаўчых выступаў, але ў гонцы адыгрываў пазіцыю за пазіцыяй. У прыватнасці, на трыццаць сёмым кругу ён абагнаў і Гаслі, падняўшыся на чацвёртую пазіцыю. Якая пасля непрыемнасцей у Ферстапена і Хэмілтана пераўтварылася ў другую. Менавіта Себасцьян прынёс Астан Марціну першы подыум – выдатная ўзнагарода камандзе пасля сходу з дыстанцыі Строла.

Выдатным вынікам стала і трэцяе месца П’ера Гаслі – француз перарваў сваю не вельмі ўдалую серыю, прыгожа пабіўшыся ў фінале з Леклерам. Хоць ачкі ён усё роўна зарабляе рэгулярна. У Баку гэта атрымалася і ў яго японскага напарніка па AlphaTauri Юкі Цуноды, які заняў сёмае месца.

Ну а перамог – другі раз у сваёй кар’еры і першы ў складзе Red Bull – Серхіа Перэс. Урэшце ў яго атрымалася паказаць вынік таго ўзроўню, які ад яго Хельмут Марка з Крысціянам Хорнэрам і чакалі. Гэты поспех вывеў Чэка на трэцяе месца ў асабістым заліку чэмпіянату, дзе мае 69 ачкоў, на тры болей чым у пілота McLaren Ланда Норыса, які ўчора фінішаваў пятым.

Ферстапен і Хэмілтан засталіся на тых жа пазіцыях і з той жа колькасцю балаў, што і пасля Гран Пры Манака – 105 у Макса, які лідзіруе, і 101 ў Хэмілтана, які застаўся другім. Затое перамога Перэса дазволіла Рэд Булу адразу на 25 ачкоў адарвацца ад Мерсэдэса ў Кубку канструктараў – у аўстрыйскага калектыву 174 ачкі супраць 148 ў нямецкага. На трэцюю пазіцыю паднялася Ferrari, у якой 94 ачкі (на два болей чым у McLaren).

Глабальны ж вынік пасля азербайджанскага этапу Формулы-1 просты: Хэмілтан не прывык да ўціску з боку супернікаў і не заўсёды яго вытрымлівае. Што будзе, калі сапраўды яго напарнікам з наступнага году стане Расэл? Не паўтарылася б непрыгожая гісторыя ўнутрыкаманднага супрацьстаяння брытанца з Фернанда Алонса (ён дарэчы, учора заняў шостае месца) у McLaren у 2007 годзе, якое скончылася паразай для абодвух і вяртаннем іспанца ў Renault.

Да паразы ў гэтым сезоне Льюісу яшчэ далёка, шанцаў вярнуць сабе лідарства ў чэмпіянаце ў яго будзе дастаткова. Аднак ужо другая гонка запар даказвае, што такі варыянт развіцця падзей у гэтым годзе цалкам магчымы. І справа не ў празмернай (незаконнай, на думку кіраўніцтва Mercedes) гнуткасці пярэдніх крылаў балідаў Red Bull. Проста цяпер Хэмілтан мусіць даказваць, што ён лепшы, спаборнічаючы з роўным супернікам на таксама канкурэнтаздольнай тэхніцы. А саступаючы ў асобных спрынтах, цяжка будзе выйграць у марафоне.

Нажаль, мы ў гэтым годзе не даведаемся, хто – Льюіс ці Макс – лепшы на яшчэ адной гарадской трасе. Начны Гран Пры Сінгапура, што меўся адбыцца ў пачатку кастрычніка, адменены праз пандэмійныя абмежаванні ў гэтым горадзе-краіне. Цікава, што заменай яму можа стаць і Гран Пры Турцыі, што сам спачатку замяніў сабой этап у Канадзе, а потым быў адменены сам. Таксама замяніць сінгапурскую могуць гонкі ў Кітаі і дадатковая ў ЗША. Праўда, пад адмену зноў, як і ў мінулым годзе, можа патрапіць і этап у Осціне – час такі, што загадваць наперад нельга.

Наступны ж этап Формулы-1 – Гран Пры Францыі – пройдзе па плане, 18-20 чэрвеня. І гэта будзе ўжо трэцяе спаборніцтва высокага ўзроўню, які за апошні месяц прыме траса Поль Рыкар. На пазамінулым тыдні туды прыязджала кузаўная серыя GT World Challenge, а ў мінулы ўік-энд у Ле Кастэле гасцявала Еўрапейская серыя Ле Ман – размова пра яе трэці этап на «Гоначнай псіхапатыі» наперадзе!

Другие посты блога

Все посты