Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Ветэраны і моладзь: перамагаюць усе! Сезон WTCR яскрава стартаваў на трасе Нордшляйфэ

Ветэраны і моладзь: перамагаюць усе! Сезон WTCR яскрава стартаваў на трасе Нордшляйфэ

Першы этап новага сезону серыі WTCR на Паўночнай пятлі Нюрбургрынга выдаўся насычаным падзеямі. Магчымасцямі бліснуць напоўніцу скарысталіся як ветэраны сусветнага Турынга, так і яго моладзь.

Ветэраны і моладзь: перамагаюць усе! Сезон WTCR яскрава стартаваў на трасе Нордшляйфэ

Фота: fiawtcr.com

Першы этап новага сезону серыі WTCR на Паўночнай пятлі Нюрбургрынга выдаўся насычаным падзеямі. Магчымасцямі бліснуць напоўніцу скарысталіся як ветэраны сусветнага Турынга, так і яго моладзь.

Кубак свету па аўтагонках у класе Турынг (тэхнічны рэгламент TCR выключае ўдзел завадскіх каманд і, як следства, пазбаўляе серыю статусу чэмпіянату свету) пачаўся ў гэтым годзе пазнавата – толькі ў мінулы ўік-энд. Аднак такога старту варта было чакаць!

Легендарная Нордшляйфэ – Паўночная пятля Нюрбургрынга – прад’яўляе жорсткія патрабаванні да гоншчыкаў і аўтамабіляў. У іх спісе акрамя хуткасці на адной з першых пазіцый, калі не на самай першай, прысутнічае найвышэйшая канцэнтрацыя. І першыя дзве гонкі новага сезону WTCR у мінулую суботу яскрава гэта прадэманстравалі.

Зрэшты, гоншчыкі WTCR спрабуюць гэтую трасу (а хутчэй, яна спрабуе іх) вельмі «па-лайтоваму». Сусветны Турынг тут традыцыйна з’яўляецца серыяй падтрымкі адной з жамчужын усяго сусветнага аўтаспорту – гонкі 24 гадзіны Нюрбургрынга. Вось яе ўдзельнікі па максімуме атрымліваюць ад кальца працягласцю 25 кіламетраў 378 метраў (сама 20,83-кіламетровая Нордшляйфэ ў гэтым выпадку спалучаецца з трасай GP даўжынёй 5 148 метраў, якая апроч іншых гонак прымае і Формулу-1)!

Пілоты ж сусветнага Турынга ў гоначным рэжыме пераадольваюць гэтую дыстанцыю ўсяго шэсць разоў – па тры кругі ў дзвюх гонках. Дарэчы, па два заезды за ўік-энд ў гэтым годзе будзе праводзіцца на ўсіх этапах WTCR, тады як раней на ўсіх трасах акрамя Нюрбургрынга іх было па тры. Іншымі словамі, серыя вяртаецца да звычнага яшчэ па часах WTCC фармату.

Аднак і падзей двух гонак у мінулую суботу хапіла ўсім! Некаторыя ўдзельнікі, праўда, аддалі б перавагу фінішу на болей высокіх пазіцыях. Як, напрыклад, дзейсны чэмпіён серыі Ян Эрлашэ. У кваліфікацыі ён паказаў толькі дзявяты вынік, аднак паколькі ў WTCR у першай гонцы першая дзясятка стартуе ў рэверсіўным парадку, малады француз у ёй стартаваў з першага шэрагу, непасродна ззаду свайго дзядзі і напарніка па камандзе Cyan Racing Lynk & Co, чатырохразовага чэмпіёна яшчэ WTCC Івана Мюлера.

Стартавалі французы ўдала, як і яшчэ адзін ветэран сусветнага Турынга – 59 гадовы італьянскі экс-пілот Формулы-1 і чэмпіён WTCC 2009 году Габрыэле Тарквіні з каманды BRC Hyundai N LUKOIL Squadra Corse. Ён разам са сваімі сукаманднікамі ў гэтым годзе выступае на новай тэхніцы. Былыя хэтчбэкі Hyundai i30 N TCR замененыя седанамі Elantra N TCR, якія ў гоначным рэжыме выявіліся хуткімі. Прынамсі, на Нордшляйфэ і да навешвання на іх баласту пасля поспехаў на этапах.

Вось Тарквіні на адным з такіх і прарваўся на старце першай гонкі з пятай пазіцыі на трэцюю. А дабраўшыся да доўгай прамой Döttinger Höhe, ён яшчэ і ўдала скарыстаўся сліп-стрымам ад Lynk & Co 03 TCR Эрлашэ, блізка да яго падабраўшыся.

Ян у сваю чаргу ад пачатку другога круга ўзмацніў ціск на дзядзю, які лідзіраваў, нават крыху падтыкнуўшы яго на ўваходзе ў першы паварот. Аднак хутка ў яго пачаліся праблемы з шынамі, праз што малады француз згубіў тэмп і на другім кругу моцна адстаў ад Мюлера, стаўшы ахвярай Тарквіні яшчэ да прамой Döttinger Höhe. Ну а ўжо на ёй Габрыэле без асабістых цяжкасцей абагнаў і свайго сябра і былога напарніка па завадской камандзе SEAT.

Толькі абагнаць на Нюрбургрынгу мала, трэба яшчэ замацавацца на заваяванай пазіцыі! А вось гэта ў Тарквіні не атрымалася – у апошнім павароце, які звязвае Нордшляйфэ з кальцом GP і яго галоўнай прамой, італьянец памыліўся, прапусціўшы Мюлера.

І добра б, калі толькі яго! На ўваходзе ў першы паварот (ужо апошняга круга) Габрыэле памыліўся зноў, прапусціўшы наперад і Эрлашэ, і уругвайца Санцьяга Уруцію (фактычнага партнёра Эрлашэ і Мюлера, але фармальна гоншчыка Cyan Performance Lynk & Co), і аднаго з прадстаўнікоў ALL-INKL.DE Muennich Motorsport – яшчэ аднаго ветэрана сусветнага Турынга і экс-пілота Формулы-1 Цьягу Мантэйру.

Менавіта партугалец і атрымаў у першым павароце найбольшыя дывідэнды. Ён разам абагнаў Уруцію, з якім біўся на першым кругу, і Эрлашэ, які таксама апынуўся ззаду уругвайца, а потым страціў яшчэ цэлы шэраг пазіцый, фінішаваўшы толькі восьмым.

Што ж да Мантэйру, то і яго ўжо не новая Honda Civic TCR аказалася хутчэйшай за Lynk. І зноў жа на прамой Döttinger Höhe пад канец фінальнага круга Цьягу абагнаў Мюлера, атрымаўшы перамогу ў першай гонцы ўік-энду і новага сезону. Мюлер і Уруція фінішавалі другім і трэцім адпаведна. Тарквіні ж у выніку сваіх памылак прапусціў наперад аргенцінскага партнёра Мантэйру па камандзе Эстэбана Гер’еры (хаця ён, як і Уруція, фармальна выступае за іншы калектыў – ALL-INKL.COM Muennich Motorsport) і свайго ўласнага вугорскага напарніка Норберта Міхеліса, чэмпіёна ўжо WTCR 2019 году, заняўшы шостае месца.

З другой гонкі Габрыэле выбыў ужо ў самым яе пачатку, пашкодзіўшы свой аўтамабіль у выніку кантакту з Уруціяй. Удзелу ў масавым завале ў першым павароце ён пры гэтым пазбег.

У адрозненні ад Міхеліса, які пасля кантакту з CUPRA León Competición TCR іспанскага гоншчыкам ZENGŐ MOTORSPORT SERVICES KFT Мікела Ацконы атрымаў удар ад яго напарніка – чэмпіёна WTCC 2012 года Роберта Хафа, які ў гэтым годзе вярнуўся ў сусветны Турынг. І які спачатку сам быў падтаранены шведскім дэбютантам WTCR Андрэасам Бэкманам на Hyundai Elantra N TCR каманды Target srl. Усе чацвёра, як і Тарквіні, сышлі з дыстанцыі.

Гэты інцыдэнт адбыўся ў хвасце пелатону, але і ў яго галаве на старце другога заезду было даволі горача. Аргенцінец Нэстар Жіраламі з ALL-INKL.COM Muennich Motorsport быў найхутчэйшым у кваліфікацыі (яго час, дарэчы, склаў 8:54,791), і цяпер стартваў з поўлу. Аднак побач з ім былі два прадстаўніка Engstler Hyundai N Liqui Moly Racing Team – Жан-Карл Вернэ і Лука Энгштлер, якія таксама выступаюць на новых Hyundai Elantra N TCR.

А вось суайчынніка і напарніка Жыраламі Эстэбана Гер’еры не было. Ён мусіў быў стартаваць трэцім, але не змог крануцца з месца, калі пелатон з’ехаў на прагрэўны круг, і таму вымушаны быў пачаць гонку з піт-лэйну, фінішаваўшы ў выніку дванаццатым. Яго адсутнасць на другім стартавым шэрагу ўскладняла жыццё Жыраламі, якому цяпер трэба было адбівацца і ад Вернэ, які стартаваў з другой пазіцыі, і ад Эгштлера, які цяпер быў трэцім.

Але як ні стараўся Нэстар, нічога ў яго не атрымалася. А ён стараўся! Адразу саступіўшы лідарства Вернэ, ён вельмі жорстка перакрыў траекторыю Энгштлеру, амаль выціснуўшы таго за межы трасы. Толькі ў першы паварот малады немец усё роўна увайшоў раней за яго.

Лука ўвогуле ў большай ступені выглядаў фаварытам другой гонкі, бо як ні стараўся ўжо Вернэ, ад’ехаць ад напарніка далёка ён не здолеў. Эгштлер ціснуў на француза ўсе тры кругі і мог бы і абагнаць, толькі рабіць гэта яму забараніла каманда. Так што радасці ад другога месца пасля фінішу на твары Энгштлера не было. Як, зрэшты, і на твары Жіраламі, але ён зрабіў усё што мог, заняўшы трэцяе месца.

Хто радаваўся, дык гэта, натуральна, Вернэ, які і перамог, і ўзначаліў асабісты залік WTCR па выніках першага этапу. Француз мае там 38 ачкоў, на пяць апярэджваючы Мантэйру і Жыраламі, якія з 33 ачкамі абодва фактычна дзеляць другую пазіцыю, а фармальна займаюць другую і трэцюю адпаведна. Хоць зноў жа фактычна трэцюю разам займаюць Мюлер і Уруція, у якіх па 29 ачкоў. Дзейсны чэмпіён Эрлашэ, які ў другой гонцы замкнуў першую дзясятку, у чэмпіянаце адзінаццаты з 14 баламі.

У камандным заліку з 83 ачкамі лідзіруе калектыў Engstler Hyundai N Liqui Moly Racing Team. А фармальна розныя каманды ALL-INKL.COM Muennich Motorsport і ALL-INKL.DE Muennich Motorsport – на другой і трэцяй пазіцыях адпаведна з 58 і 50 ачкамі. Чэмпіёны Cyan Racing Lynk & Co чацвёртыя, у іх 43 ачкі.

Другі этап WTCR пройдзе 26-27 чэрвеня ў Партугаліі, але не на гарадской трасе ў Віла Рэале, як планавалася спачатку, а на стацыянарным аўтадроме Альгарвэ ў Парцімане, які ў гэтым годзе ўжо прыняў этапы Формулы-1 і MotoGP і рыхтуецца прыняць этапы сусветнага Супербайка ў кастрычніку і – ужо ў бліжэйшы ўік-энд – чэмпіянату свету па гонках на цягавітасць, які правядзе там васьмігадзінны заезд. «Гоначнай псіхапатыі» будзе пра што распавесці чытачам!

Другие посты блога

Все посты