Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Поспех G-Drive Racing, халодны душ для Orlen Team WRT і іншыя падзеі трэцяга этапу ELMS у Ле Кастэле

Поспех G-Drive Racing, халодны душ для Orlen Team WRT і іншыя падзеі трэцяга этапу ELMS у Ле Кастэле

Гонка 4 гадзіны Ле Кастэле, што прайшла ў мінулую нядзелю на трасе Поль Рыкар, прынесла доўгачаканы поспех расійскаму калектыву G-Drive Racing. А вось лідарам Еўрапейскай серыі Ле Ман на ёй не пашанцавала.

Поспех G-Drive Racing, халодны душ для Orlen Team WRT і іншыя падзеі трэцяга этапу ELMS у Ле Кастэле

Гонка 4 гадзіны Ле Кастэле, што прайшла ў мінулую нядзелю на трасе Поль Рыкар, прынесла доўгачаканы поспех расійскаму калектыву G-Drive Racing. А вось лідарам Еўрапейскай серыі Ле Ман на ёй не пашанцавала.

Першай заяўкай на перамогу дваццаць шостага экіпажа стаў поўл, які Нік дэ Врыс заваяваў напярэдадні. У чарговы раз адзначаем, што першая стартавая пазіцыя мала што значыць у доўгіх гонках. І аддаём належнае працы Рамана Русінава і Франка Калапінта.

Лідары-та серыі, якімі з’яўляюцца Роберт Кубіца, Луі Дэлетраз і Е Іфэй – сорак першы экіпаж каманды Orlen Team WRT, нікуды не дзеліся. Яны стартавалі з другой пазіцыі і на старце намаганнямі кітайскага гоншчыка перахапілі лідарства ў дваццаць шостага экіпажа. У ім стартавы адрэзак па традыцыі быў адданы Русінаву, якому на старце прыйшлося адбіваць атаку з боку Філа Хансана з дваццаць другога экіпажа United Autosports, у складзе якога таксама выступаюць Джонатан Абердэйн і Том Гамбл.

Так што значную частку гонкі здавалася, што Кубіца, Дэлетраз і Іфэй атрымаюць ужо трэцюю перамогу запар. Яны лідзіравалі доўгі час, тады як Русінаву, Калапінта і дэ Врысу давялося згубіць некалькі пазіцый праз замешку на адным з піт-стопаў. Толькі ў другой палове гонкі лішнія пяць секунд правёў у боксах і экіпаж Orlen Team WRT.

Зрабіць гэта іх прымусілі суддзі, якія згледзелі парушэнне правілаў з боку Делетраза (за стырном Oreca 07 у той момант знаходзіўся менавіта швейцарац). Магчыма, ён недастаткова запаволіўся падчас аднаго з рэжымаў жоўтых сцягоў на ўсёй трасе. Так ці інакш, гэтых пяці секундаў хапіла, каб сорак першыя адкаціліся з першай пазіцыі на пятую.

Дваццаць шосты экіпаж G-Drive Racing да гэтага моманту ўжо паспеў абагнаць трыццаць другі United Autosports, у якім выступаюць Нікаля Жамэн, Мануэль Мальданада і Йоб ван Уітэрт. Менавіта апошняга, калі ён праводзіў сваю змену, і нагнаў дэ Врыс. Барацьба паміж двума нідэрландцамі працягвалася некалькі кругоў, і ван Уітэрт у выніку вымушаны быў саступіць суайчынніку. Нік, дарэчы, перахапіў дзякуючы гэтаму лідарства, якое Йоб атрымаў пасля таго, як на свой піт-стоп накіраваўся Гамбл з партнёрскага экіпажа. І менавіта з Томам дэ Врыс і біўся за перамогу на апошняй гадзіне.

Вырашальным стаў момант, калі абодва адправіліся на фінальныя піт-стопы, скарыстаўшыся чарговым рэжымам жоўтых сцягоў на ўсёй трасе за сорак пяць хвілін да сканчэння часу гонкі. На гэты раз ён быў абвешчаны пасля таго, як загарэўся прататып Ligier JS P320 малодшай катэгорыі LM P3 дваццатага экіпажа каманды Team Virage, за які выступаюць Роб Хоўдс, Гарэт Грытс і Чарльз Крус.

Нік дэ Врыс пасля прыпынку вярнуўся на трасу з перавагай перад Гамблам у 0,9 секунды. За застаўшыся час ён здолеў павялічыць гандыкап да 6,385 секунды і прынёс доўгачаканую перамогу дваццаць шостаму экіпажу – першую для яго (экіпажа) на трасе Поль Рыкар. Хансан, Абердэйн і Гамбл занялі другое месца, трэцімі фінішавалі іх партнёры па камандзе ван Уітэрт, Жамэн і Мальданада.

Для каманды G-Drive Racing перамога яго экіпажа не стала першай ні ў ELMS у прыватнасці, ні ў гонках на цягавітасць увогуле. У сваёй катэгорыі LM P2 яна дабівалася поспеху і в WEC. А вось калектыў DKR Engineering, які ў еўрапейскай серыі ўдзельнічае ў малодшай катэгорыі прататыпаў LM P3, перамог у мінулы ўік-энд упершыню.

Прычым нельга сказаць, што Лорэнц Хёр і Жан-Філіп Дайро (чацвёрты экіпаж), якія прынеслі камандзе поспех, мелі ў гонцы яўную перавагу. Стартавалі-та яны з першай пазіцыі ў класе, але на старце ж яе і страцілі, прапусціўшы наперад другі экіпаж United Autosports (Уэйн Болд, Роберт Уэлдан і Эдуард Кагоп) і восьмы экіпаж Graff (Эрык Трулье, Себасцьен Пажэ і Давід Дру).

І калі Дайро на сваім Duqueine M30-D08 здолеў трымаць аднолькавы тэмп з Трулье на Ligier JS P320, то Уэлдан на такім жа прататыпе толькі нарошчваў адрыў. Калі гонка аднавілася ў звычайным рэжыме пасля першага рэжыму жоўтых сцягоў на ўсёй трасе, ён складаў ужо 34 секунды. Якія расталі з першым выездам на трасу аўтамабіля бяспекі пад канец першай гадзіны гонкі, калі запатрабавалася эвакуацыя прататыпу трынаццатага экіпажа каманды Inter Europol Competition.

Дарэчы, яго гоншчыкі Марцін Хіпэ, Уга дэ Вільдэ і Уліс дэ По да гэтага паспелі падняцца на трэцюю пазіцыю. Ім было непрыемна схадзіць з дыстанцыі, а другі экіпаж United Autosports праз іх сход апынуўся ў няпростай сітуацыі – патрабавалася тэрміновая дазапраўка. Правілы дазваляюць у такім выпадку заязджаць на піт-лэйн, які закрываецца на час, пакуль пелатон не збярэцца ўвесь за пэйс-карам, што Уэлдан і зрабіў.

Але ў тым уся і справа, што яму было дазволена толькі дазаправіцца, а потым брытанец вымушаны быў чакаць, пакуль на светлафоры на выездзе з піт-лэйну загарыцца зялёны, вяртацца на трасу на апошняй пазіцыі і толькі праз тры кругі пад аўтамабілем бяспекі, калі ўжо быў абвешчаны рэстарт, вяртацца ў боксы для ўжо поўнага піт-стопу з заменай шын.

Так што выніковае трэцяе месца пасля такіх прыгод – зусім нядрэнны вынік для брытанска-французскага трыа. Асабісты дзякуй тут варта сказаць Уэйну Бойду, які праводзіў фінальны адрэзак і як раз і вярнуў свой экіпаж у першую тройку. Пераможцы ж спаборнічалі з дзевятнаццатым экіпажам Cool Racing – Нікаля Маліні, Мэцью Бэлам і Нікласам Круэтэнам. Апошні з іх і захапіў другое месца ў гонцы, праз паўтары гадзіны пасля яе старту абагнаўшы ў апошнім павароце прататып дзявятага экіпажа Graff (Маціас Кайзер і Роры Пенцінен).

Праўда, не гэты абгон стаў самым крыўдным эпізодам для ліхтэнштэйнска-фінскага дуэту. Хутка пасля гэтага ад іх Ligier адляцела правае пярэдняе кола, што, зразумела, запатрабавала візіту ў боксы і каштавала цэлага шэрагу пазіцый (Кайзер і Пенцінен фінішавалі дзявятымі ў класе).

Круэтэн жа тым часам паступова набліжаўся да Дайро, аднак Хёр, змяніўшы яго на чарговым піт-стопе, вярнуўся на трасу з пяцісекунднай перавагай над Круэтэнам. Які ў хуткім часе сам накіраваўся ў боксы каб перадаць машыну Бэлу. Так што ў выніку Хёру ўдалася нарасціць камфортны адрыў ад экіпажа Cool Racing і захаваць яго пасля згаданага вышэй рэжыму жоўтых сцягоў на ўсёй трасе за сорак пяць хвілін да сканчэння часу. На фінішы гонкі Маліні, Бэл і Круэтэн, якія занялі другое месца, саступілі ім амаль 24 секунды.

У кузаўной катэгорыі LM GTE перамогу ў Ле Кастэле ў другі раз у сезоне пасля першага этапу ў Барселоне адсвяткавалі Матэа Крэсоні, Рына Мастранардзі і Мігель Маліна – васьмідзясяты экіпаж Iron Lynx. Пры гэтым гонку яны пачыналі толькі з чацвёртай пазіцыі. Поўл жа напярэдадні дастаўся дзевяноста пятаму экіпажу TF Sport – Джону Харстхорну, Росу Гану і Оліверу Хэнкаку, чый Aston Martin Vantage AMR быў хуткім і на пачатку гонкі.

Але яшчэ хутчэйшымі былі Ferrari 488 GTE Evo будучых пераможцаў і пяцьдзесят пятага экіпажа Spirit of Race – Данкана Кэмерана, Мэцью Грыфіна і Дэвіда Перэла. Апошнія высілкамі Кэмерана на першым кругу прарваліся з восьмай пазіцыі на трэцюю. Праўда, ўжо на дзявятым кругу яго самога абагнаў Мастранардзі. Заняўшы пры гэтым ужо другую пазіцыю ў гонцы – абодва экіпажы Proton Competition на Porsche 911 RSR-19, што стартавалі з другой і трэцяй пазіцый, іх ужо паспелі згубіць.

Ну а аўтамабіль бяспекі, калі ён выехаў на трасу ў першы раз, мінімізаваў адставанне экіпажа будучых пераможцаў ад экіпажа TF Sport, які лідзіраваў і хутка адправіўся на піт-стоп. Фінішаваць у першай тройцы Харстхорну, Гану і Хэнкаку ў выніку не ўдалася – яны скончылі гонку сёмымі.

За перамогу ж спаборнічалі васьмідзясяты экіпаж Iron Lynx і пяцьдзясят пяты Spirit of Race. Перамаглі, як было адзначана вышэй, першыя, аднак Кэмерана, Грыфіна і Перэла, якія занялі другое месца, яны апярэдзілі ўсяго на 0,629 секунды! Ды й бронзавыя прызёры LM GTE – восемдзесят восьмы экіпаж AF Corse ў складзе Франсуа Перадо, Эмануэля Калара і Алесіа Равэры, якія, вядома, таксама выступаюць на Ferrari 488 GTE Evo – саступілі ад пераможцаў не так і многа – крыху меней 13 секунд.

Каманда Iron Lynx у 4 гадзінах Ле Кастэле адзначылася яшчэ і ўдзелам у аварыі. Непрыемнасць здарылася з поўнасцю жаночым восемдзесят трэцім экіпажам Рахель Фрэй, Мішэль Гацінг і Мануэлы Гостнэр. Калі апошняя знаходзілася за стырном, яе паспрабаваў абагнаць вядомы кінаакцёр Майкл Фасбэндэр, які выступае ў складзе дзевяноста трэцяга экіпажа Proton Competition разам з Джэксанам Эвансам і Рыхардам Літцам. Але ў выніку памылкі Фасбэндэра яго Porsche сутыкнулася з Ferrari Iron Lynx, экіпаж якой сышоў з дыстанцыі са зламанай падвескай. Экіпаж Proton Competition фінішаваў апошнім.

Вяртаючыся да абсалютнага заліку і катэгорыі LM P2, варта адзначыць, што Кубіца, Дэлетраз і Іфэй так і фінішавалі пятымі. Іх каманда Orlen Team WRT пры гэтым захавала лідарства ў чэмпіянаце, дзе яна мае 60 ачкоў, аднак G-Drive Racing моцна наблізіўся і саступае ўсяго тры. United Autosports па-ранейшаму трэці з 39 ачкамі. Роўна такая ж колькасць ачкоў і ў гоншчыкаў гэтых каманд, якія размяшчаюцца на аналагічных месцах у аналагічным парадку ў асабістым заліку.

У камандным заліку LM P3 на першай пазіцыі замацаваўся калектыў Cool Racing, у якога ўжо 68 ачкоў. DKR Engineering дзякуючы перамозе ў Ле Кастэле падняўся на другую пазіцыю, але саступае лідарам многа – у яго 41 ачко. На трэцюю пазіцыю паднялася каманда RLR MSport, якая мае 30 балаў. Бэл, Маліні і Круэтэн па-ранейшаму ўзначальваюць залік пілотаў LM P3, маючы па 68 ачкоў, Хёр з 41 ачком падняўся на другую пазіцыю, а Дайро, які не выступаў з ім на першым этапе і таму мае на дзесяць балаў меней, замыкае першую тройку.

У камандным заліку LM GTE на першай пазіцыі замацоўваецца Iron Lynx, у якой 65 ачкоў. Spirit of Race саступае ім 14 балаў, па-ранейшаму займаючы другую пазіцыю. На трэцюю падняўся калектыў AF Corse, у якога 41 ачко. Тыя ж 65 ачкоў маюць і Крэсоні, Мастранардзі і Маліна, якія ўсё так жа лідзіруюць у асабістым заліку катэгорыі. Кэмеран, Грыфін і Перэл у сваю чаргу захоўваюць другую пазіцыю, маючы 51 ачко. На трэці радок падняліся Перадо, Калар і Равэра, у якіх на дзесяць балаў меней.

Еўрапейская серыя Ле Ман працягне свой сезон 9-11 ліпеня ў італьянскай Монцы. Гонкі ж на цягавітасць увогуле працягваюцца ўжо – як раз сёння ў партугальскім Парцімане на трасе Альгарвэ пачаўся другі этап чэмпіянату свету. У нядзелю ў яго межах адбудзецца васьмігадзінная гонка, якую «Гоначная псіхапатыя» разбярэ ў панядзелак.

Другие посты блога

Все посты