Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Чарговы трыумф Таёты і цяжкі старт Глікенхаўза. Разбіраемся ў падзеях 8 гадзін Парцімана і ў іх прычынах

Чарговы трыумф Таёты і цяжкі старт Глікенхаўза. Разбіраемся ў падзеях 8 гадзін Парцімана і ў іх прычынах

Другі этап чэмпіянату свету па гонках на цягавітасць, які прайшоў у мінулыя выхадныя ў партугальскім Парцімане, не парадаваў сваіх прыхільнікаў нечаканасцямі. А іх чакалі!

Чарговы трыумф Таёты і цяжкі старт Глікенхаўза. Разбіраемся ў падзеях 8 гадзін Парцімана і ў іх прычынах

Фота: fiawec.com

Другі этап чэмпіянату свету па гонках на цягавітасць, які прайшоў у мінулыя выхадныя ў партугальскім Парцімане, не парадаваў сваіх прыхільнікаў нечаканасцямі. А іх чакалі!

Амерыканская кампанія-вытворца спорткараў Scuderia Cameron Glickenhaus вуснамі свайго уладальніка і заснавальніка Джэймса Глікенхаўза абяцала ўжо ў першай гонцы WEC са сваім удзелам замахнуцца на пакуль што адзіную акрамя яе тамтэйшую сапраўдную завадскую каманду – Toyota Gazoo Racing. Было для гэтага, здаецца, усё: і аўтамабіль – Glickenhaus 007 LMH новай топавай катэгорыі Hypercar, і дасведчаны экіпаж – Раян Брыска, Рамэн Дзюма і Рычард Вэстбрук. Чаго ж не хапіла для поспеху?

Праўда, спачатку трэба задаць іншае пытанне: а ці варта было адразу ставіць такую высокую мэту – напужаць Таёту? Гэта быў першы па-сапраўднаму гоначны выезд машыны, яе баявое хрышчэнне. Многія рашэнні, прымененыя ў 007 LMH, яшчэ патрабавалі праверкі. У адрозненні, дарэчы, ад рашэнняў прататыпу Alpine A480 каманды Alpine ELF Matmut. Гэта, нагадаю, старая машына яшчэ катэгорыі LM P1, якая належала камандзе Rebellion, што пакінула аўтагонкі. Прыдушаная, каб больш ці менш адпавядаць характарыстыкам гіперкараў, але па-ранейшаму хуткая.

Што я там казаў у аглядзе першага этапу ў Спа-Франкаршам, што LM P1 памёр? Выбачаюся – супярэчыў самому сабе. LM P1 сыходзіць, але паміраць і не думае! Бо ў тым жа артыкуле адзначаў, як усё добра ў цэлым атрымалася ў трыццаць шостага экіпажа Alpine – Андрэ Нэграна, Нікаля Лап’ера і Мацьё Ваксів’ера, якія фінішавалі на другім месцы.

Заяўку на перамогу яны першымі падалі і ў Парцімане, заваяваўшы ў суботу поўл-пазіцыю. Двум экіпажам на Toyota GR010-Hybrid – восьмаму ў складзе Себасцьена Буэмі, Казукі Накаджымы і Брэндану Хартлі, якія і перамаглі ў Спа, і сёмаму ў складзе Майка Конвэя, Камуі Кабаяшы і Хосэ-Марыі Лопеса – яны саступілі зусім крыху, але планы свае абазначылі выразна. А вось Glickenhaus Racing…

У амерыканскай каманды праблемы выявіліся яшчэ на свабодных практыках. Недахоп тэмпу 007 LMH быў абумоўлены шынамі, якія амерыканскі прататып усе ніяк не мог прымусіць працаваць як трэба. І нават крыху прыдушаныя Таёты і Alpine (арганізатары пазбавілі машыны японскай і французскай каманд 5-7 конскіх сіл прымяненнем балансу прадукцыйнасці) аказаліся зусім далёка. І калі восьмы экіпаж саступіў трыццаць шостаму, чый час склаў 1:30,364, усяго 0,094 секунды, а восьмы 0,176 секунды, то Брыска, Дзюма і Вэстбрук, якія выступаюць пад нумарам 709, саступілі Нэграну, Лап’еру і Ваксів’еру ўжо 1,803 секунды.

Скажаце, таксама нямнога? Але наперадзе аказаліся не толькі тры непасродных канкурэнта па катэгорыі Hypercar, але і сем экіпажаў малодшай катэгорыі LM P2! Улічваючы тэмп гэтых машын, параўнаўчы з такім у гіперкараў, прарыў з адзінаццатай стартавай пазіцыі для Брыска, Дзюма і Вэстбрука прадстаўляўся той яшчэ задачкай.

Пры гэтым на старце Вэстбрук яшчэ і адкаціўся ледзь не ў самы канец пелатону прататыпаў, памыліўшыся ў першым павароце. А хутка вылезла новая праблема – і зноў з шынамі! На гэты раз яны хутка дэградавалі, не даючы 007 LMH гнаць ва ўсю моц. Менавіта гэтым, а не адсутнасцю на ім гідрыднага дадатку (машына амерыканскай каманды абсталявана толькі 700-сільным 3,5-літровым маторам V6 французскай кампаніі Pipo Moteurs), недахоп гоначнай хуткасці і быў абумоўлены.

Ну а пад канец другой гадзіны гонкі Раяну Брыска прыйшлося надоўга загнаць глікенхаўзаўскі прататып у боксы для рамонту – пачало буксаваць счапленне. Але не само раптам, а ў выніку здарэння, у якім амерыканскі пілот паўдзельнічаў. Абганяючы на круг Aston Martin Vantage AMR семсот семдзесят сёмага экіпажа каманды D’Station (Сатошы Хашына, Таманобу Фуджы і Эндру Уотсан) і Porsche 911 RSR-19 семдзесят сёмага экіпажа каманды Dempsey Proton (Крысціан Рыд, Джэксан Эванс і Мэт Кэмпбэл) малодшай катэгорыі LM GTE Am, Брыска сутыкнуўся з імі.

Дакладней, гэта пілот Астан Марціна пачаў ссоўвацца ўлева, каб абысці Porsche, у момант, калі там знаходзіўся Glickenhaus 007 LMH. Сутыкнуліся спачатку менавіта яны, затым зачапіўшы і Porsche і толькі цудам не прыбраўшы яшчэ і прататып Oreca 07 каманды United Autosports які рухаўся наперадзе. Эпізод быў неадназначным, але караюць у падобных выпадках звычайна экіпажы хутчэйшых катэгорый, маўляў, яны мусяць быць болей адказнымі.

Так што менавіта семсот дзявяты экіпаж атрымаў у выніку пяцісекундны стоп-энд-гоў, што, зрэшты ужо не мела значэння. Рамонт прататыпу Glickenhaus Racing заняў шмат часу, на трасу экіпаж вярнуўся, саступаючы лідарам некалькі дзясяткаў кругоў і фінішаваў у выніку апошнім, не абагнаўшы нават ні адзін экіпаж LM GTE Am, калі не лічыць тыя самыя семдзесят сёмы і семсот семдзесят сёмы, якія пасля сутыкнення з ім сышлі з дыстанцыі. Горшы экіпаж самай малодшай катэгорыі – восемдзесят трэці Ferrari 488 GTE Evo каманды AF Corse, на якім выступаюць Франсуа Перадо, Ніклас Нільсэн і Алесіа Равэра – абагнаў Брыска, Дзюма і Вэстбрука на дваццаць адзін круг. А пераможца гонкі на пяцьдзясят чатыры.

С пераможцамі, як падавалася напачатку гонкі, пытанне было вырашанае – Лап’ер выдатна стартаваў і па тэмпе не саступаў дзвюм Таётам. Толькі адразу было зразумела, што болей эфектыўныя гібрыдныя сілавыя ўстаноўкі машын GR010 забяспечаць ім перавагу па піт-стопах.

Так у выніку і атрымалася: трыццаць шосты экіпаж за восем гадзін наведаў боксы дзевяць разоў, сёмы і восьмы – па восем і сем адпаведна. Пад канец абодва экіпажы на японскіх прататыпах апярэджвалі альпінаўскі болей чым на хвіліну, заняўшы першыя два месцы. Нэгран, Лап’ер і Ваксів’ер занялі трэцяе.

Перамагчы мусілі Конвэй, Кабаяшы і Лопес, але двухразоваму чэмпіёну сусветнага Турынга (яшчэ часоў WTCC – 2014 і 2015 гадоў) з трурнірнага гледзішча на апошніх хвілінах, калі ён знаходзіўся за стырном гіперкара, загадалі прапусціць наперад сястрынскі экіпаж. У выніку на вяршыню подыуму па выніках 8 гадзін Парцімана падняліся Буэмі, Накаджыма і Хартлі.

Колькі яшчэ чэмпіянат свету па гонках на цягавітасць будзе падобны на адкрытае першынство Таёты? Будзем чэснымі: трэба назапасіцца цярпеннем. І тое не факт, што прыход Peugeot у 2023 годзе нешта кардынальна зменіць. У Ferrari пакуль што толькі абазначылі свае планы далучыцца да катэгорыі Hypercar, аднак абазначылі выразна, назваўшы і партнёра, якім стане каманда AF Corse – завадская для італьянскага вытворцы ў катэгорыі GTE. Але і тут зноў жа трэба чакаць, як і ў выпадку з Джэкам Глікенхаўзам, якому яшчэ маецца разабрацца з дзіцячымі хваробамі 007 LMH.

Катэгорыя LMDh? Пакуль што свае планы на яе пацвердзілі Porsche, Audi і Honda (апошняя выставіць свой брэнд Acura), а таксама – на мінулым тыдні – BMW. Толькі баварцаў, якім шасі будзе будаваць Dallara (Porsche і Audi будуць кліентамі Multimatic), цікавіць найперш амерыканская серыя IMSA, а ў чэмпіянат свету свае прататыпы яны гатовыя пастаўляць толькі прыватным камандам. І ў любым выпадку пакуль што адкрытае пытанне канкурэнтаздольнасці машын, ў аснове канструкцыі якіх будуць ляжаць прататыпы малодшай катэгорыі LM P2 новага пакалення, у параўнанні з паўнавартаснымі гіперкарамі.

Не забіла б, дарэчы, катэгорыя LMDh тую самую LM P2. Многія каманды-удзельнікі яе ў WEC як раз і чакаюць паяўлення LMDh, каб перайсці туды. Ці не звядзецца ў выніку LM P2 ў чэмпіянаце свету, стаўшы рэгіянальнай і застаўшыся ў прыстойным выглядзе толькі ў ELMS? Вельмі гэтага не хацелася б, таму што менавіта яна зараз і ўпрыгожвае сабой сусветнае першынство.

Вось і ў Парцімане падзей у ёй хапала ад самага старту. Галоўнымі ньюсмэйкерамі тут сталі экіпажы каманды Jota (толькі яна выставіла два), якія стартавалі з першага шэрагу. На першай пазіцыі размясціўся дваццаць восьмы – Шон Гелаэль, Стофель Вандорн і Том Бломквіст. Гонку пачынаў апошні з іх, але ўжо ў першым жа павароце ён адкаціўся ў самы хвост усяго пелатону ў выніку кантакту ў стартавай таўханіне з сястрынскай Oreca 07 трыццаць восьмага экіпажа, якой у той момант кіраваў вядомы нам, як і Вандорн з Бломквістам, а таксама з Буэмі па Формуле Е Антоніу Фелікс да Кошта (разам з ім выступаюць Рабэрта Гансалес і Энтані Дэвідсан).

Нейкі час здавалася, што экіпажы Jota выпалі з ліку прэтэндэнтаў на перамогу ў гонцы на трасе Альгарвэ. На першай пазіцыі у класе паспелі пабыць і дваццаць дзявяты экіпаж Racing Team Nederland (Фрытц ван Еэрд, Гіда ван дэр Гардэ і Йоб ван Уітэрт), і дваццаць другі экіпаж United Autosports (Філ Хансан, Фабіа Шэрэр і Пол ді Рэста), і тыццаць першы экіпаж Team WRT (Робін Фрайнс, Фердзінанд Габсбург-Лотрынген і Шарль Мілесі).

Аднак паколькі хуткасць прататыпаў Jota нікуды не дзелася, і трыццаць восьмы экіпаж увесь час трымаўся ў групе лідараў, то і ён хутка ўключыўся ў барацьбу за перамогу, чаму дапамагла і ўдалая гульня з шыннай тактыкай. Пры гэтым, напрыклад, экіпаж Team WRT ўскладніў сабе жыццё перавышэннем хуткасці на піт-лэйне і ігнараваннем сініх сцягоў, схапіўшы за гэта два штрафных праезда ўздоўж боксаў. А на фінальных дзвюх гадзінах Мілесі не знайшоў што супрацьпаставіць Дэвідсану.

Засталася хуткасць і ў дваццаць восьмай машыны Йоты, гоншчыкі якой гераічна прарываліся наверх пасля няўдачы на старце. Да сярэдзіны гонкі яны ўжо змагаліся за пазіцыі ў першай тройцы, саступаючы дваццаць другому экіпажу United Autosports ужо хвіліну. Якой не стала пасля выезду на трасу аўтамабіля бяспекі на трэцяй чвэрці гонкі.

Калі Хансан змяніў Бойда ў какпіце дваццаць другога прататыпа прыкладна за дзве гадзіны да сканчэння часу, то на трасу ён вярнуўся, апярэджваючы Вандорна ўсяго на 6,2 секунды. Стофель на пятай гадзіне гонкі паспеў заваяваць пазіцыю (другую на той момант) ў прыгожай барацьбе з Мілесі (яны з гоншчыкам Team WRT мяняліся пазіцыямі некалькі разоў). А затым дзякуючы зноў жа смелай шыннай тактыцы трыццаць восьмы экіпаж Jota пакінуў ззаду і канкурэнтаў з United Autosports.

 І ў фінальнай фазе 8 гадзін Парцімана пелатон у LM P2 зноў, як і на старце, ўзначальвалі два экіпажы Jota. Прычым у тым жа парадку! Да гонару каманды, яна не забараніла сваім экіпажам спаборнічаць, чым яны з задавальненнем і заняліся. Так што калі на фінальных хвілінах трыццаць восьмая машына абышла сястрынскую дваццаць восьмую, гэта быў сапраўдны абгон, а не камандная тактыка, як у выпадку з Таётай, і перамогу Гансалес, да Кошта і Дэвідсан атрымалі заслужана. Гелаэль, Вандорн і Бломквіст занялі другое месца, а трэцімі фінішавалі Хансан, Шэрэр і ді Рэста.

Партугальскі этап WEC поўнамаштабна прадэманстраваў крызіс, у якім апынулася старэйшая прафесійная катэгорыя LM GTE Pro, дзе гэтым разам стартавала ўсяго чатыры экіпажы – па два AF Corse і Porsche GT. З поўлу стартавалі прадстаўнікі другой – Кэвін Эстрэ, Ніл Яні і Міхаэль Крыстэнсэн, якія выступаюць пад нумарам 92.

Эстрэ ўдала пачаў гонку, але калі перадаў стырно Яні, той хутка стаў ахвярай Джэймса Калада з пяцьдзясят першага экіпажа AF Corse, у якім таксама выступаў Алесандра Пер-Гуідзі. Брытанска-італьянскі дуэт затым толькі павялічваў адрыў ад канкурэнтаў з нямецкай каманды.

На Ferrari 488 GTE Evo у адрозненні ад Porsche 911 RSR-19 шыны так не пузырыліся. Так што і пяцьдзясят другі экіпаж AF Corse – Даніэль Сэра і Мігель Маліна – на чацвёртай гадзіне апярэдзіў Эстрэ, Яні і Крыстэнсэна, упэўнена фінішаваўшы затым на другім месцы. Дзевяноста другі экіпаж заняў у выніку трэцяе.

Дзе барацьбы традыцыйна хапала, дык гэта ў самай малодшай катэгорыі – аматарскай LM GTE Am, дзе экіпажаў было трынаццаць, а акрамя Porsche і Ferrari былі і Aston Martin Vantage AMR. З поўл-пазіцыі гонку тут пачынаў пяцьдзясят шосты экіпаж каманды Team Project 1 – Эдзіджыа Перфэці, Матэа Кайролі і Рыкарда Пэра на Porsche. Аднак у пачатковай фазе гонкі, калі за стырном быў Перфэці, экіпаж адкаціўся назад.

Тады як згаданы вышэй семсот семдзесят сёмы экіпаж D’Station і пяцьдзесят чацвёрты экіпаж AF Corse (Томас Флор, Франчэска Кастэлачы і Джанкарла Фізікела), наадварот, прарваліся на першыя пазіцыі. Толькі Aston Martin Vantage AMR Сатошы Хашыны, Таманобу Фуджы і Эндру Уотсана пазней пашкодзіў радыятар у сутыкненні з гіперкарам Глікенхаўза, а Флор, Кастэлачы і Фізікела пазней усё ж саступілі Перфэці, Кайролі і Пэры, фінішаваўшы на трэцім месцы. Прадстаўнікі Team Project 1 занялі другое, саступіўшы першае ў напружанай барацьбе сорак сёмаму экіпажу Cetilar Racing – Рабэрта Лакортэ, Джорджыа Сернаджыота і Антоніа Фуока на Ferrari 488 GTE Evo.

Увогуле, лідар у GTE Am па ходу гонкі мяняўся шмат разоў. Прэтэндаваў на перамогу і дзевяноста восьмы завадскі экіпаж Aston Martin Racing – Пол Дала-Лана, Аўгушту Фарфуш і Маркас Гомес. Яны лідзіравалі пад канец шостай гадзіны, калі Дала-Лана памыліўся ў восьмым павароце і пашкодзіў задні дыфузар аўтамабіля, што запатрабавала рамонту і адкінула экіпаж на чацвёртую пазіцыю, на якой ён і скончыў гонку.

Пасля другога этапу WEC у асноўных са шматлікіх яго залікаў сітуацыя наступная. Асабісты ў гіперкарах, маючы 63 ачкі, узначальваюць Буэмі, Накаджыма і Хартлі. Конвэй, Кабаяшы і Лопес, у якіх на дваццаць ачкоў меней, займаюць другую пазіцыю. Але ім у сваю чаргу ўсяго адзін бал саступаюць Нэгран, Лап’ер і Ваксів’ер, якія і замыкаюць першую тройку. У заліку вытворцаў з 64 ачкамі лідзіруе Toyota. Alpine займае другую пазіцыю і мае 42 ачкі, а Glickenhaus, здолеўшы здабыць у дэбютнай гонцы адзін бал, размясціўся на трэцяй.

Гансалес, да Кошта і Дэвідсан маюць 56 ачкоў, узначальваючы залік пілотаў LM P2. На другой пазіцыі там аднаасобна Хансан, у якога 49 ачкоў. Замыкаюць першую тройку Гелаэль, Вандорн і Бломквіст, у іх 43 балы.

Пэр-Гуідзі і Калада з 56 ачкамі ўзначальваюць зборны залік гоншчыкаў катэгорыі GT. Эстрэ і Яні, у якіх на шэсць балаў меней, другія. Сэра з Малінай замыкаюць першую тройку, маючы 42 ачкі. У асобным заліку гоншчыкаў катэгорыі LM GTE Am лідзіруюць Фуока, Сернаджыота і Лакортэ, у якіх 53 ачкі. Кастэлачы, Фізікела і Флор маюць 35 балаў, займаючы другую пазіцыю, Бэн Кіцінг, Дзілан Перэйра і Фэліпэ Фрага з 28 ачкамі размяшчаюцца на трэцяй.

Камандныя залікі што ў LM P2, што ў GTE складаныя – там кожны экіпаж лічыцца асобным калектывам, набіраючы ачкі толькі сабе, а не ўсёй камандзе. Таму абмяжуюся залікам вытворцаў GT, дзе Ferrari з 98 ачкамі займае першую пазіцыю, а Porsche з 80 другую.

Трэці этап чэмпіянату свету па гонках на цягавітасць пройдзе ў італьянскай Монцы 16-18 ліпеня. Гонка там будзе ўжо болей традыцыйнай шасцігадзіннай.

Другие посты блога

Все посты