Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Гайсэр і Віаль зноў наступаюць! Дзейсныя чэмпіёны MXGP пачалі новы сезон з перамог

Гайсэр і Віаль зноў наступаюць! Дзейсныя чэмпіёны MXGP пачалі новы сезон з перамог

У мінулыя выхадныя на трасе «Арляня» пад расійскім Туапсэ пачаўся новы сезон чэмпіянату свету па мотакросе. У абедзвюх катэгорыях бліснулі чэмпіёны.

Гайсэр і Віаль зноў наступаюць! Дзейсныя чэмпіёны MXGP пачалі новы сезон з перамог

Фота: mxgp.com

У мінулыя выхадныя на трасе «Арляня» пад расійскім Туапсэ пачаўся новы сезон чэмпіянату свету па мотакросе. У абедзвюх катэгорыях бліснулі чэмпіёны.

Траса «Арляня», альбо «Орлёнок», калі вам больш падабаецца арыгінальная назва мотакросавага комплексу ў аднайменным дзіцячым цэнтры ў Краснадарскім краі, удзельнікам сусветнага мотакросу ўжо знаёмая. Першыя спаборніцтвы чэмпіянату свету ён прыняў у мінулым годзе, пакінуўшы задаволенымі і ўдзельнікаў, і арганізатараў MXGP.

Простай трасу ніяк не назавеш: працягласць 1 850 метраў, жорсткі грунт. Патрабаванні да красмэнаў яна прад’яўляе сур’ёзныя, памыліцца тут лёгка нават прафесіяналам найвышэйшага ўзроўню. Што і даказалі нядзельныя гонкі класаў MX2 і MXGP.

Першымі на трасу выехалі прадстаўнікі малодшага. Ужо на старце першага заезду стрэліў як раз дзейсны чэмпіён – французскі гоншчык завадской каманды Red Bull KTM Factory Racing Том Віаль. Ён і лідарства захапіў адразу, і не страціў яго да самага фінішу, атрымаўшы пераканаўчую перамогу.

Так, іспанскі гоншчык Honda 114 Motorsports Рубэн Фернандэс, які заняў другое месца, саступіў яму дзесяць з паловай секунд. Сам ён быў больш заклапочаны ціскам, які аказваў на яго прадстаўнік F&H Kawasaki Racing Team Роан ван дэ Моосдійк. Аднак да атакі з боку нідэрландца справа так і не дайшла – ён фінішаваў трэцім.

Ну а Віаль паўтарыў свой выдатны старт і ў другой гонцы. Дакладней, амаль паўтарыў, бо пабіцца за першую пазіцыю яму ўсё ж давялося. Хофер і Фернандэс таксама стартавалі ўдала, і ў першых паваротах было цесна і спякотна.

Аднак у выніку Віаль усё ж захапіў лідарства. А яго суайчыннік з F&H Kawasaki Racing Team Маціс Байрам уключыўся ў спрэчку за пазіцыі ў першай тройцы. Спачатку абгон яшчэ аднаго француза Стэфана Рубіні з Team Honda Racing Assomotor, які, нажаль, да фінішу не дабраўся, прынёс яму чацвёртае месца. А на пятнаццатым кругу Байрам пакінуў ззаду і Фернандэса з Хоферам, якія біліся адзін з адным.

Іспанец на той момант знаходзіўся за спінай аўстрыйца, але застацца без подыуму ў другой гонцы прынцыпова не жадаў. І пазней распачаў жорсткую атаку на суперніка з KTM, вынікам якой стала трэцяя пазіцыя Фернандэса і падзенне Хофера. Але чацвёртае месца Рэнэ, падняўшы свой байк, здолеў утрымаць.

Другая гонка расійскага этапу MXGP у класе MX2 запомнілася таксама сумесным падзеннем аўстралійца Джэда Бітана з Rockstar Energy Husqvarna Factory Racing MX2 і шведа Ісака Гіфцінга з DIGA Procross GasGas Factory Racing. На фінішным трампліне спачатку нешта не так пайшло ў Ісака, а Джэд ужо проста не меў магчымасці абляцець гоншчыка з матацыклам, што кувыркаліся перад ім.

Пры гэтым Гіфцінг яшчэ і атрымаў па шлеме матацыклам аднаго з супернікаў, якія несліся ззаду і яшчэ не паспелі адрэагаваць на жоўтыя сцягі. На шчасце, ніхто з удзельнікаў гэтага інцыдэнту не пацярпеў.

Сцэнарый гонак старэйшага класу MXGP быў падобны на такі ў малодшым. Хіба што кампаніі на подыумах былі болей разнастайнымі. Хоць пераможца ў абодвух заездах усё роўна быў адзін і той жа – трохразовы і дзейсны чэмпіён Цім Гайсэр з завадской каманды Honda.

У першай гонцы ён, як і Віаль, перамог, пралідзіраваўшы ад старту да фінішу. Толькі іспанец Хорхе Прада з завадской каманды KTM, які ўзяў першы ў сезоне хол-шот, паспрабаваў быў сам узначаліць пелатон на старце, але амаль адразу яго абагнаў Гайсэр, а затым у выніку памылкі і падзення Прада страціў яшчэ шэраг пазіцый, фінішаваўшы дзявятым.

Ззаду яго паміж сабой бароліся другія чэмпіёны прэм’ер-катэгорыі MXGP – француз Рамэн Фэвр з Monster Energy Kawasaki Racing Team, які выйграў тытул у 2015 годзе, і італьянец Антоніа Кайролі, двухразовы чэмпіён з завадской каманды KTM. Спрэчка скончылася на карысць Фэвра, які заняў другое месца, Кайролі фінішаваў трэцім, што было поспехам у параўнанні з тым, што здарылася за Антоніа ў другой гонцы.

У якой Кайролі, дарэчы, доўгі час лідзіраваў. Пакуль Гайсэр быў заняты прарывам з хваста пелатону пасля няўдачы на старце і ў першым павароце (праехаўшы ў ім па шырокай траекторыі разам з Прада, ён адкаціўся за межы першай дваццаткі), Антоніа абагнаў свайго нідэрландскага напарніка Джэфры Херлінгса.

Той, дарэчы, выйграў старт, але затым памыліўся, прапусціўшы наперад не толькі Кайролі, але і латвійца Паўльса Йонаса са Standing Construct GasGas Factory Racing, а таксама Фэвра. Праўда, хутка Херлінгс аднавіў статус-кво, але толькі для таго, каб на шостым кругу саступіць другую пазіцыю Гайсэру, які хутка адыграў шмат пазіцый і кругам раней ужо вярнуўся ў першую тройку.

Што праўда, то праўда – абганяць у мотакросе прасцей чым у шашэйна-кальцавых гонках. Асабіста калі ты чэмпіён свету. Вось і Гайсэр зусім не супакоіўся, апынуўшыся на другой пазіцыі, а працягнуў набліжацца да Кайролі, каб абагнаць яго на дванаццатым кругу. Антоніа паспрабаваў быў хаця б утрымацца напасродна за славенцам, але крыўднае падзенне вывела яго з гонкі ўвогуле – у Антоніа не атрымалася падняць матацыкл на слізкім і крутым схіле, па якім ён з’ехаў уніз і выбыў з барацьбы.

Так што за KTM прыйшлося аддзімацца Херлінгсу, які з гэтай задачай, зрэшты, справіўся, фінішаваўшы другім. Йонас заняў трэцяе месца, адстаяўшы яго ў барацьбе з Фэврам, адным з вынікаў якой стала і памылка Рамэна – выезд за межы трасы і адкат на пятнаццатую пазіцыю з наступным прарывам на шостую.

Двайныя поспехі Віаля і Гайсэра, зразумела, забяспечылі ім лідарства ў чэмпіянаце па выніках першага этапу чэмпіянату свету. Абодва маюць па 50 ачкоў. Галоўным пераследнікам француза з’яўляецца Фернандэс, які мае 42 ачкі. Усяго на два ён апярэджвае Байрама, які замыкае першую тройку. У камандным заліку MX2 на першай пазіцыі KTM, які мае тыя ж 50 балаў. Kawasaki займае другую пазіцыю, Honda размяшчаецца на трэцяй, але фактычна японскія маркі дзеляць другую разам – у іх па 42 ачкі. У фармальна чацвёртай Ямахі 30.

У  асабістым заліку MXGP другі Херлінгс, у якога 30 балаў – усяго на тры болей чым у Фэвра, які займае трэцюю пазіцыю. Сярод вытворцаў тут зноў жа з 50 ачкамі лідзіруе ўжо Honda. У KTM, які займае другую пазіцыю, 42 ачкі, Kawasaki замыкае першую тройку, маючы 37 балаў.

Сезон сусветнага мотакроса працягнецца ўжо на наступным тыдні. 25-27 чэрвеня яго другі этап будзе прымаць траса Матэрлі Басін у брытанскім Вінчэстэры.

Другие посты блога

Все посты