Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Ралі Сафары: і хай ніхто не сыдзе пакрыўджаным! У Кеніі дасталася на арэхі ўсім удзельнікам WRC

Ралі Сафары: і хай ніхто не сыдзе пакрыўджаным! У Кеніі дасталася на арэхі ўсім удзельнікам WRC

Як казаў Курт Кабэйн, ніхто не памрэ цнатлівым – жыццё займее ўсіх. Вось і на ралі Кеніі прыгод не пазбег ні адзін яго ўдзельнік, у тым ліку і пераможца – Себасцьен Аж’е. А вось Hyundai зноў… Але аб усім па парадку!

Ралі Сафары: і хай ніхто не сыдзе пакрыўджаным! У Кеніі дасталася на арэхі ўсім удзельнікам WRC

Фота: www.wrc.com

Як казаў Курт Кабэйн, ніхто не памрэ цнатлівым – жыццё займее ўсіх. Вось і на ралі Кеніі прыгод не пазбег ні адзін яго ўдзельнік, у тым ліку і пераможца – Себасцьен Аж’е. А вось Hyundai зноў… Але аб усім па парадку!

Амаль два дзесяцігоддзі чэмпіянат свету па ралі не прыязджаў у Кенію. Апошняе спаборніцтва ў гэтай краіне на Чорным кантыненце ён правёў у 2002 годзе, пасля чаго з буйных міжнародных серый туды двойчы прыязджаў толькі Інртэракантынентальны ралійны выклік (Intercontinental Rally Challenge), які перастаў існаваць пасля сезону 2012 году.

Але ў WRC па ралі Сафары яўна сумавалі, і ўжо аб’явілі былі ў 2019-м аб намеры вярнуцца ў Кенію ў 2020-м, але тут пачалася пандэмія, якая перашкодзіла гэтым планам здзейсніцца. Аднак у гэтым годзе сусветнае ралійнае першынство ўсё ж дабралася да Афрыцы.

І напэўна не пашкадавала – надта ўжо гэта гонка атмасферная. Дый мясціны і прырода адны з найпрыгажэйшых ва ўсім свеце. Дзе яшчэ побач з ралійнымі допамі вы пабачыце жырафаў, сланоў, леапардаў і іншых звяроў? Вось толькі ўдзельнікам чэмпіянату свету па ралі было не да гэтых прыгажосцяў. Бо наколькі ралі Сафары атмасфернае, настолькі ж яно і складанае.

Кенійскі этап сваімі ўмовамі не нагадвае ні адзін іншы. Тут складанае пакрыццё, непрадказальнае надвор’е (спёка, але дажджы магчымыя, і яны ў мінулы ўік-энд былі), хуткія спецучасткі. А досведу выступлення тут ні ў каго з дзейсных гоншчыкаў не было (калі не лічыць шматлікіх мясцовых зорак).

Так што адразу было зразумела, што адбыцца ў Кеніі можа што заўгодна і з кім заўгодна. І адбылося! Адным з першых лёс выпрабаваў дзейснага чэмпіёна і лідара чэмпіянату Себасцьена Аж’е. Француз з Таёты, ў чацвер у наваколлях сталіцы краіны Найробі быў найхутчэйшым і на шэйкдаўне, і на першым баявым спецучастку, хоць, па правілах, і адкрываў яго. Аднак у пятніцу Цьеры Нэвіль усё ж абышоў Сэба, ўзначаліўшы агульны залік.

Бельгіец з Hyundai адразу пачаў моцна адрывацца ад Аж’е, але не гэта было для яго найвялікшай праблемай. Урэшце рэшт, гэта быў толькі пачатак ралі. А вось алей, што выцек на адным з ранішніх пятнічных допаў з левага задняга амартызатару яго Yaris WRC, адкінуў Себасцьена ўжо далёка назад. Па выніках чацвёртага спецучастку Oserian 1 ён саступаў Нэвілю болей за дзве хвіліны і займаў сёмую пазіцыю.

А на папярэднім допе Kedong 1 француз застаўся без аднаго са сваіх калег па камандзе. Аб камень унутры аднаго з хуткіх правых паваротаў усяго за трыста метраў да фінішу зламаў ужо пярэднюю падвеску свайго аўтамабіля Элфін Эванс, для якога гэта азначала сход з дыстанцыі, тады як машына Аж’е рамонту падлягала. Зрэшты, і валіец на наступны дзень вярнуўся ў гонку па сістэме Rally2, здолеў заняць дзясятае месца і ўзяць тры бонусных балы за трэці вынік на фінальным суперспэшле.

Толькі і Аж’е пасля сваіх праблем увечары пятніцы наўрад ці марыў не тое што пра перамогу, але і пра месца ў першай тройцы. З іншага боку, і для Нэвіля першы паўнавартасны спаборніцкі дзень склаўся не ідэальна. На апошнім з пятнічных сёмым спецучастку Oserian 2 яго падсцераглі два праколы і праблемы з маторам яго i20 Coupé WRC.

Тым не менш Цьеры, выйграўшы тры допы, лідзіраваў перад суботай даволі ўпэўнена. У тым ліку і таму, што на тым жа сёмым допе Toyota засталася яшчэ без аднаго са сваіх гоншчыкаў у групе лідараў – хуткага на той момант маладога фіна Кале Раванпэры. Па выніках пятага спецучастку ён нават узначаліў быў агульны залік, аднак увечары яго Yaris WRC уграз у каварным феш-фешы. Кале працягнуў гонку, аднак адкаціўся на сёмае месца і прайграваў лідару дзевяць з паловай хвілін.

Вось і атрымалася, што галоўнай надзеяй японскай каманды стаў яе японскі жа гоншчык – Такамота Катсута. Ён быў адзіным сярод сваіх партнёраў, хто пазбег непрыемнасцей і застаўся ў першай тройцы. Ды і Нэвілю па выніках пятніцы ён саступаў не так і шмат – усяго 18,8 секунды. Пры гэтым партнёр Цьеры От Цянак, якога паломкі задняй падвескі пазбавілі перамог у Партугаліі і Італіі, пагрозы Такамоце не ўяўляў – займаў трэцюю пазіцыю, адстаючы на трыццаць сем секунд.

А  яшчэ адзін прадстаўнік Hyundai – іспанец Дані Сорда – дык увогуле сышоў з дыстанцыі на тым жа трэцім спецучастку, што і Эванс. Як потым распавёў сам гоншчык, ён пашкодзіў адзін з рычагоў пярэдняй падвескі аб камень, у выніку чаго аўтамабіль стаў некіраваным і зляцеў з трасы меней чым за чатыры кіламетры да фінішу.

Але галоўныя непрыемнасці для калектыву Андрэа Адама былі яшчэ наперадзе. Нэвіль разумеў, што неабходнасці спяшацца няма, таму ў суботу не гнаўся за перамогамі на спецучастках. Выйграў ён толькі першы ранішні, а потым лепшымі часамі адзначыліся і Аж’е, і Цянак, і Сорда. І ўсё роўна Цьеры па выніках дня павялічыў адрыў ад Катсуты болей чым да 57 секунд. Тады як Цянак на апошнім з суботніх і трынаццатым па ліку 31-кіламетровым спецучастку Sleeping Warrior з першай тройкі зляцеў. І зноў не па сваёй віне!

Сухія і пыльныя дарожкі ў наваколлях возера Элементэйта раптам сталі нібы лёд для гоншчыкаў на машынах на жорсткай гуме – пайшоў дождж! Хто толькі ў выніку не памыліўся, а на i20 Coupé WRC з вадзіцельскага боку перастала працаваць абдзіманне лабавога шкла, якое Оту з яго штурманам Марцінам Ярвеояй прыйшлося праціраць рукамі. Для чаго, зразумела, экіпаж найперш спыніўся.

Такім чынам, на трэцюю пазіцыю ў агульным заліку па выніках суботы падняўся… Аж’е! Не ведаю, ці спадзяваўся ён на перамогу ў той момант, усё ж такі, Нэвілю ён саступаў болей за хвіліну. Толькі адгадайце, што здарылася з машынай Цьеры ў нядзелю раніцай? У сэнсе, вы ведаеце, што зламалася задняя падвеска?

Так, менавіта такія праблемы і менавіта на аўтамабілі таго з прадстаўнікоў Hyundai, хто лідзіруе ў гонцы, ужо сталі для карэйскай каманды нядобрай традыцыяй. Нэвіля гэтая бяда нагнала на першым з нядзельных 11,3-кіламетровым чатырнаццатым па ліку допе Loldia 1, дзе ён рычагом падвескі задняга правага кола зачапіў камень, які зламаў дэталь.

Цікава, што спецучастак гэты Цьеры завяршыў, хай сабе і з адзінаццатым часам, саступіўшы амаль хвіліну Аж’е, які на ім перамог. Бельгіец па яго выніках нават лідарства ў агульным заліку не страціў, але было зразумела, што адрамантаваць машыну ў палявых умовах не прадстаўляецца магчымым. Яшчэ адна гонка, якая магла б скончыцца перамогай гоншчыка Hyundai, скончылася замест гэтага яго сходам.

Ну а Аж’е, які быў ужо блізка ад Катсуты, апярэдзіў яго па выніках шаснаццатага спецучастка, а на двух, што засталіся, павялічыў сваю перавагу над японцам да 21,8 секунды, атрымаўшы чарговую пераканаўчую перамогу. Аднак і Такамота выступіў выдатна, заняўшы другое месца і заваяваўшы першы ў кар’еры подыум. Трэцім фінішаваў Цянак, які таксама ўзяў пяць бонусных балаў за перамогу на фінальным 10,5-кіламетровым суперспэшле Hell's Gate 2, крыху нівеліраваўшы чарговае расчараванне для Hyundai.

Аж’е на апошнім допе паказаў чацвёрты вынік, узяўшы два бонусных ачка, аднак у асабістым заліку чэмпіянату іх у француза ўжо 133. І упэўненае лідарства. Эванс, у якога 99 ачкоў захаваў сваю другую пазіцыю, як і Нэвіль, не гледзячы на сваю няўдачу у Кеніі, сваю трэцюю – у яго 77 ачкоў.

У заліку вытворцаў Toyota яшчэ мацней адарвалася ад Hyundai, дзе ў яе ўжо 273 ачкі, а ў карэйцаў 214. M-Sport Ford, зразумела, па-ранейшаму трэці, у яго 109 ачкоў. Затое абодва яго гоншчыкі на ралі Сафары выступілі добра. І брытанец Гас Грынсміт, і француз Адрыен Фурмо (ён яшчэ і першы ў кар’еры ў WRC доп выйграў) пазбеглі сур’ёзных праблем і занялі чацвёртае і пятае месцы адпаведна. Пры гэты Фурмо фінішаваў наперадзе Грынсміта, аднак саступіў яму праз штраф у 10 секунд за зрэзку павароту.

У Кенію не прыязджалі ўдзельнікі ні моладзевага чэмпіянату, ні заліку WRC2. Зрэшты, апошнія з удзельнікамі катэгорыі WRC3, якая была, усё роўна выступаюць на аднолькавай тэхніцы – паўнапрывадных машынах усіх класаў акарамя WRC. Хіба што ў WRC2 выступаюць прафесіяналы кшталту Мадса Остберга і Андрэаса Мікельсэна.

Вось у WRC3 і бліснулі мясцовыя гоншчыкі. Болей за гэта, прызёры класу размясціліся на пазіцыях з сёмай па дзявятую агульнага заліку. Лепшым стаў Онкар Раі на Volkswagen Polo GTI R5, які захапіў лідарства яшчэ ў пятніцу, а перамогу прысвяціў свайму брату Трэвару, які таксама браў удзел у ралі Сафары, аднак у тую ж пятніцу патрапіў у аварыю.

Карану Патэлю на Ford Fiesta R5 нават штрафныя 40 секунд за спазненне на кантрольны пункт не перашкодзілі заняць другое месца з перавагай над былым пераможцам кенійскага ралі Карлам Тунда, які фінішаваў трэцім. Перамагчы ён мог бы і зноў, калі б у пятніцу не прыклаў свой Volkswagen Polo аб дрэва. Аднак затым ён атрымаў шмат перамог на спецучастках, здолеўшы заваяваць подыум.

Наступным этапам WRC стане ралі Эстоніі, якое пройдзе 15-18 ліпеня. Мінулагодняе, нагадаю, выйграў Цянак. Дык, можа быць, на надыходзячым От здолее перарваць заганнае кола параз Hyundai?

Другие посты блога

Все посты