Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Зваротны ўдар Віртса і Вантора. Экіпаж Team WRT правёў этап серыі GT World Challenge Europe у Мізана ў дамінуючым стылі

Зваротны ўдар Віртса і Вантора. Экіпаж Team WRT правёў этап серыі GT World Challenge Europe у Мізана ў дамінуючым стылі

Пасля складанага ўік-энду на папярэднім этапе ў Зандаврце Шарль Віртс і Дрыс Вантор спаўна адыграліся ў Мізана. Бельгійскія гоншчыкі каманды Team WRT перамаглі ў абедзвюх гонках.

Зваротны ўдар Віртса і Вантора. Экіпаж Team WRT правёў этап серыі GT World Challenge Europe у Мізана ў дамінуючым стылі

Пасля складанага ўік-энду на папярэднім этапе ў Зандаврце Шарль Віртс і Дрыс Вантор спаўна адыграліся ў Мізана. Бельгійскія гоншчыкі каманды Team WRT перамаглі ў абедзвюх гонках.

Траса імя Марка Сіманчэлі ў італьянскім Мізана прызначаная найперш для мотагонак, і сусветны Супербайк амаль месяц таму ўжо правёў на ёй выдатны этап. Гэта не азначае, канечне, што на аўтамабілях на ёй ганяцца нельга. Проста далёка не ўсім машынам яна аднолькава пасуе.

Гэта тычыцца і тэхніцы катэгорыі GT3, якая і выкарыстоўваецца ў серыі GT World Challenge Europe. Аддача рухавікоў тут болей ці меней роўная (500-600 к.с.) і рэгулюецца балансам прадукцыйнасці. Без яго ніяк, бо рухавікі ў машын тут розныя: шасці- і васьміцыліндравыя, атмасферныя і з турбінамі.

Розныя і самі аўтамабілі: пярэднематорныя BMW M6 GT3, Bentley Continental GT3, Mercedes-AMG GT3 і Aston Martin Vantage AMR GT3, сярэднематорныя Lamborghini Huracan GT3 Evo, Audi R8 LMS GT3, Ferrari 488 GT3 і McLaren 720S GT3, а таксама заднематорныя Porsche 911 GT3-R. На розных трасах бліскаюць розныя, а Мізана з яго шматлікімі павольнымі паваротамі выявілася тэрыторыяй Audi.

Канкрэтней – трыццаць другой Audi Шарля Віртса і Дрыса Вантора. Бельгійскі дуэт Team WRT спачатку выйграў суботнюю кваліфікацыю, а потым і гонку. У якой яны, можна сказаць, дамінавалі. Луку Штольца і Мара Энгеля з шостага экіпажу Team Toksport WRT, якія занялі другое месца, яны на фінішы апярэдзілі меней чым на 1,2 секунды, але гэта было абумоўлена ў тым ліку і двума перыядамі аўтамабіля бяспекі.

Тым не менш Штольц і Энгель таксама выступілі выдатна. Лука на старце прарваўся з сёмай пазіцыі на чацвёртую і распачаў ціск на дваццаць пятую Audi каманды Sainteloc Racing. Леа Русэля, які выступае на ёй разам з Крыстаферам Хаасам, да гэтага моманту ўжо паспеў абагнаць на сваім Lamborghini Альберт Коста са сто шэсцьдзесят трэцяга экіпажу Emil Frey Racing. І менавіта ён у пачатковай фазе заезду найбольш нерваваў Віртса.

Праўда, ціскам усё і абмежавалася, а праз дзесяць хвілін пасля старту гонка была ў першы раз нейтралізаваная аўтамабілем бяспекі – Ferrari пяцьдзясят другога экіпажу AF Corse (Луі Машэль і Андрэа Берталіні) і дваццаты Mercedes калектыву SPS Automotive Performance (Валянцін Пірбург і Дамінік Баўман) апынуліся ў гравіі пасля кантакту паміж Машэлем і Пірбургам. І іх памылка толькі дапамагла Віртсу, які пасля рэстарту змог да секунды павялічыць адрыў ад Косты.

Канечне, гэта не было дастатковай умовай для перамогі – сто шэсцьдзесят трэці экіпаж усё роўна быў блізка. Калі не Коста, то яго напарнік Норберт Зідлер яшчэ мог паспрачацца за вяршыню подыуму з супернікамі з Team WRT. Але у яго, як толькі ён апынуўся за стырном, усё і пасыпалася.

Спачатку Норберт не змог своечасова крануцца з месца, а калі ўсё ж крануўся, было позна – супрацоўнік каманды з «лядзяшом» у руках спыніў яго, бо па хуткай паласе рухаўся іншы аўтамабіль, які трэба было прапусціць. У выніку ж Коста з Зідлерам прапусцілі і яшчэ цэлы шэраг канкурэнтаў, фінішаваўшы толькі дзявятымі. Не надта натхняльны вынік пасля ўдалага ўік-энду ў Зандварце, дзе яны перамаглі ў нядзельнай гонцы.

У экіпажа Team WRT піт-стоп прайшоў без эксцэсаў, і Вантор вярнуўся на трасу з перавагай у шэсць секунд перад шостым Мерсэдэсам Team Toksport WRT, якім кіраваў ужо Энгель. Асноўную працу за яго зрабіў Штольц, абагнаўшы пасля рэстарту Русэля, а пасля непрыемнасцей Зідлера на піт-стопе яго задача фінішаваць другім значна спрасцілася, і Мара з ёй справіўся.

Перамога наўрад ці была магчымая – Вантор быў такім жа хуткім, як і Віртс. А другі выезд аўтамабіля бяспекі пад канец гонкі (на гэты раз трасу не падзялілі гоншчыкі на сто сёмым Bentley каманды CMR і сто восемдзесят восьмым Астан Марціне калектыву Garage 59) пелатон спрасаваў, але выйсці на дыстанцыю атакі Энгелю не дапамог.

Русэль і Хаас занялі трэцяе месца, за якое ім прыйшлося паспрачацца з калегамі па Sainteloc Racing – Арэльенам Панісам і Фрэдэрыкам Вервішам з дваццаць шостага экіпажу. Барацьба была рэальнай – на трасе, аднак карэктнай. Абгон Хаасам Вервіша быў чыстым.

А вось на старце, вяртаючыся да яго, кантактаў і выездаў за межы трасы традыцыйна для гонак GT хапала. Нажаль, у адным з такіх стартавых інцыдэнтаў пашкодзіў свой пазваночнік Адрыен дэ Лінэр з пяцьдзясят чацвёртага экіпажу Dinamic Motorsport.

Падчас візіту за межы гоначнага палатна яго з Крысціанам Энегльхартам Porsche эфектна і высока падскочыў, наехаўшы на «лажачых паліцэйскіх». Прызямленне выйшла балючым і для машыны (яна была пашкоджаная, і экіпаж сышоў з дыстанцыі), і для яе кіроўцы. На пэўны час Адрыен з гонак выбыў, але мы ўсе спадзяемся, што не надоўга, і зычым яму хутчэйшага выздараўлення.

Ну а іншыя згаданыя вышэй наўдачнікі суботняй гонкі – Александэр Уэст і Джоні Адам са сто восемдзесят восьмага экіпажу Garage 59 – меліся адыграцца ў нядзелю. Менавіта яны заваявалі поўл у другой гонцы, аднак перамагчы змаглі толькі ў сваім заліку Pro-Am, а ў абсалютным фінішавалі толькі васямнаццатымі. Справа ў  тым, што ў Pro-Am існуе правіла мінімальнага часу на піт-стопе, і хутчэй яго праводзіць нельга.

Што, аднак, не адмяняе таго факту, што Уэст з Адамам малайцы, бо ў гонцы ўсё роўна выглядалі зусім нядрэнна. Джоні да абавязковага прыпынку ў боксах лідзіраваў, а Вантор, які стартаваў трэцім, стараўся не адпусціць далёка трыццаць трэцюю Ferrari каманды Rinaldi Racing, якой у першай палове гонкі кіраваў Патрык Куяла (выступае разам з Бэнджамінам Хайтсам).

І Вантор, у адрозненні ад яго з Віртсам пераследнікаў днём раней, змог выйсці на дыстанцыю для рэальнай атакі. Якую і правёў праз дваццаць тры хвіліны пасля старту, абагнаўшы Куялу ў трынаццатым павароце. Ну а далей яго камандзе толькі і засталося, што беспамылкова правесці піт-стоп, а Віртсу гэтак жа беспамылкова праехаць свой адрэзак. Усё гэта атрымалася, і экіпаж Team WRT адсвяткаваў двайную перамогу на этапе ў Мізана.

Другімі ў нядзелю фінішавалі Цімур Багуслаўскі і Рафаэле Марчэла з восемдзесят восьмага экіпажу Akka ASP. Audi пераможцаў быў для іх недасягальны – Віртс і Вантор фінішавалі з адзінаццацісекунднай перавагай. Затое іх партнёрам па камандзе Бэнджаміну Гётэ і Кэльвіну ван дэр Ліндэ, якія занялі трэцяе месца, расіянін з італьянцам на сваім Мерсэдэсе «прывезлі» сем секунд.

Куяле і Хайтсу ж хуткасці іх Ferrari для подыуму не хапіла – яны фінішавалі толькі шостымі. Зрэшты, у сваім заліку Silver, дзе перамаглі таксама прадстаўнікі Team WRT – Фрэнк Бёрд і Рыючыра Таміта з трыццаць першага экіпажу, якія занялі чацвёртае месца ў абсалюце, фін і чыліец сталі як раз другімі.

Дзякуючы моцнаму ўік-энду ў Мізана Team WRT замацавала сваё лідарства ў камандным заліку серыі GT World Challenge Europe, дзе ў яе ўжо 120 ачкоў. Тады як у калектыву Akka ASP, што застаўся на другой пазіцыі, 91 бал. Emil Frey Racing, у якіх 85,5 ачка, па-ранейшаму трэція.

Вантор і Віртс, што лагічна, захавалі сваё лідарства ў заліку гоншчыкаў, дзе ў іх па 99 ачкоў. Марчэла, у якога 73,5 ачка, падняўся на другую пазіцыю і на 15 апярэджвае Рыкарда Фелера, які цяпер замыкае першую тройку.

Наступны этап GT World Challenge Europe пройдзе ўжо ў фармаце Endurance, хаця яго якраз можна называць і Superendurance, бо гэта будзе жамчужына серыі – гонка 24 гадзіны Спа-Франкаршам. Яна пройдзе з 31 ліпеня па 1 жніўня, а этап пачнецца 29 ліпеня.

Другие посты блога

Все посты