Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Змена парадку альбо ніхто не хацеў саступаць. Пасля Гран Пры Вялікабрытаніі ўсе абмяркоўваюць не тое, што мусілі бы

Змена парадку альбо ніхто не хацеў саступаць. Пасля Гран Пры Вялікабрытаніі ўсе абмяркоўваюць не тое, што мусілі бы

Стаўленне прыхільнікаў Формулы-1 да дзевяноста дзявятай перамогі Льюіса Хэмілтана на хатнім для яго Гран Пры Вялікабрытаніі неадназначнае ў большай ступені чым да новага фармату ўік-энду, што быў апрабаваны на Сільверстоўне. І абмяркоўваюць яны цяпер нюансы сутыкнення дзейснага чэмпіёна з Максам Ферстапенам. Абмяркуем і мы.

Змена парадку альбо ніхто не хацеў саступаць. Пасля Гран Пры Вялікабрытаніі ўсе абмяркоўваюць не тое, што мусілі бы

Фота: formula1.com

Стаўленне прыхільнікаў Формулы-1 да дзевяноста дзявятай перамогі Льюіса Хэмілтана на хатнім для яго Гран Пры Вялікабрытаніі неадназначнае ў большай ступені чым да новага фармату ўік-энду, што быў апрабаваны на Сільверстоўне. І абмяркоўваюць яны цяпер нюансы сутыкнення дзейснага чэмпіёна з Максам Ферстапенам. Абмяркуем і мы.

А фармат, дарэчы, атрымаўся як мінімум цікавым і жыццяздольным. Кваліфікацыя ў пятніцу, спрынтарская гонка без абавязковага піт-стопу ў суботу, якую арганізатары Формулы-1 пераканаўча просяць гонкай не называць (маўляў, гэта менавіта што кваліфікацыйны спрынт) і якая і вызначае стартавую рашотку на асноўную нядзельную гонку. Больш падзей на трасе, больш прадметаў для абмяркаванняў і спрэчак. Пасля ўчарашняй гонкі, бадай, нават занадта шмат.

Канечне, новы фармат адназначна спадабаўся не ўсім. Я таксама думаю, што яго можна і палепшыць. Напрыклад, абедзве сесіі свабодных заездаў мэтазгодна праводзіць у пятніцу. У мінулы ўік-энд жа першая адбылася ў пятніцу, а другая ў суботу (удзень у абодвух выпадках, перад кваліфікацыяй і спрынтам адпаведна), што не выглядае на сто адсоткаў лагічным. Звычны фармат размяркоўвае сесіі як раз па іх важнасці, чаму б не скарыстацца такім прынцыпам у новым?

Свабодныя ж заезды паміж кваліфікацыяй і спрынтам, на мой погляд, толькі аслабілі вастрыню моманту на старце спрынту. Хоць яна ўсё роўна была высокай, і Хэмілтан, які стартаваў як бы з поўлу, але і не з поўлу, бо поўлам у новым фармаце лічыцца першая стартавая пазіцыя ў нядзельнай гонцы, магчыма, праз нервовае напружанне і саступіў першую пазіцыю Ферстапену ўжо на старце. А контратакаваць ужо не змог, бо і Макс быў хутчэйшы, і кругоў было ўсяго сямнаццаць.

Таму Ферстапен без асаблівых праблем стаў першым у гісторыі Формулы-1 пераможцам спрынту і ўладальнікам ужо афіцыйнага поўлу Гран Пры Вялікабрытаніі. Але гэта быў апошні пазітыўны момант для Red Bull па ходу мінулага ўік-энду. Бо Серхіа Перэс, які ў пятніцу кваліфікаваўся пятым, у суботнім спрынце на шостым кругу зляцеў з трасы, страціўшы шмат пазіцый, а потым па загадзе з боксаў сышоў з дыстанцыі (ачкі яму ўсё роўна не свяцілі – у спрынце іх атрымліваюць толькі прызёры) і ў нядзелю стартаваў з піт-лэйну.

Да ачкоў Чэка ўжо быў даехаў, аднак на яго каманда ўсклала іншую місію – не даць Хэмілтану паказаць лепшы круг у гонцы і зарабіць бонусны бал. Таму што ён яшчэ на адно ачко наблізіў бы сяміразовага і дзейснага чэмпіёна да Ферстапена ў асабістым заліку, а Льюіс і так скараціў адставанне ад яго на 25 ачкоў.

Скараціў яшчэ на першым кругу, калі яго барацьба з Максам прывяла да кантакту паміж імі ў павароце Copse (дзявятым), у выніку якога балід нідэрландца на высокай хуткасці зляцеў з трасы і ўрэзаўся ў бар’ер бяспекі. Датчыкі зафіксавалі перагрузку ў 51 g, таму пілота Ферстапена тэрмінова адвезлі спачатку ў медычны цэнтр, а затым у бліжэйшую бальніцу ў Кавентры, адкуль нідэрландца, на шчасце, выпісалі ўвечары.

У прынцыпе, гэта быў звычайны гоначны інцыдэнт. З тых, што раней ці пазней здараюцца паміж двума пілотамі, якія змагаюцца за тытул (не важна нават, з розных яны каманд ці з адной і той жа). Хэмілтан быў хутчэйшым за Ферстапена на першым кругу, і пачаў атакаваць яго ад самага старту. Ферстапен абараняўся. Саступаць ніхто не збіраўся, што з канапы і нават з каментатарскага пакою можа падавацца нелагічным. Але калі вы гоншчык, які змагаецца за тытул, і ўдзельнічаеце ў гонцы, то логіка і праўда ў вас свае.

Вось і Макс, які са сваёй пазіцыі бачыў свабодную прастору справа, пачаў паварочваць. На яго бяду, Хэмілтан у той момант быў ззаду не на цэлы корпус, а на палову, і сваю атаку ён працягваў. Здавалася б, абодва былі ў сваім праве, і калі б не наступствы іх сутыкнення, то і разбіраць не было б чаго.

Ну а так аварыя Ферстапена прывяла да красных сцягоў, падчас перыяду якіх і Крысціан Хорнэр, і Тота Вольф данеслі да дырэктара гонкі Майкла Масі свае версіі таго, хто меў рацыю (вядома, кожны абараняў свайго пілота). Глава Mercedes нават адправіў Масі нейкае паведамленне па электроннай пошце, якое Майкл, зрэшты, праігнараваў, слушна спаслаўшыся на тое, што падчас гонкі ён гонкай і займаецца.

Уплываць на суддзяў Масі таксама не збіраўся, а тыя ўжо вырашылі, што вінаваты ў сутыкненні Хэмілтан. Матывацыя: у яго было месца, каб адвярнуць (хоць сам Льюіс чакана настойваў на зваротным). Так ці інакш, калі ён адправіўся на свой першы піт-стоп, то найперш адстаяў штрафныя дзесяць секунд, і толькі пасля гэтага атрымаў камплект свежых шын жорсткага кампаўнду.

Стартаваў брытанец, дарэчы, на шынах сярэдняй жорсткасці, як і амаль усе астатнія пілоты. Выбар гумы і для спрынта ў суботу, і для стартавага адрэзку нядзельнай гонкі новы фармат уік-энду прадугледжвае свабодны. А вось у кваліфікацыі быў даступны толькі Soft, якім на Гран Пры Вялікабрытаніі быў састаў C3 (кампанія Pirelli прывезла ў Сільверстоўн самыя жорсткія).

Непасродна перад чырвонымі сцягамі пелатон узначаліў пілот Ferrari Шарль Леклер, які да гэтага выдатна стартаваў з чацвёртай пазіцыі, абагнаўшы напарніка Хэмілтана Валтары Ботаса. А самога Льюіса, пакуль яны абодва былі на «медыюме», манэгаск здолеў стрымаць ззаду, прытым што рухавік яго баліда працаваў з перабоямі. Аднак на «хардзе» ужо не знайшоў што супрацьпаставіць чэмпіёну.

Той, адкаціўшыся пасля піт-стопу на пятую пазіцыю, пачаў штампаваць лепшыя кругі і хутка вярнуўся ў першую тройку. Нейкі супраціў ён сустрэў толькі з боку свайго маладога суайчынніка з McLaren Ланда Норыса, які фінішаваў чацвёртым. Ну а Ботасу, які ў выніку замкнуў першую тройку, быў дан ясны і выразны загад прапусціць напарніка.

Што Валтары на саракавым кругу і зрабіў, чым напэўна пераканаў кіраўніцтва Mercedes пакінуць яго ў камандзе і на наступны год. Тым больш што Хэмілтана, якому, магчыма, новы кантракт ужо дазваляе выбіраць суседа па боксах, безамбіцыйны фін цалкам задавальняе. Ды і Срэбраныя Стрэлы ў цэлым мусяць бы быць задаволенымі такім камандным гульцом: ачкі і подыумы заваёўвае, загады выконвае, калі што, то і на вяршыні п’едэсталу першага нумара падменіць.

Дык што, Джорджу Расэлу ў сезоне-2022 свеціць застацца ў Williams альбо разглядзець прапановы ад іншых каманд, калі такія паступяць? Ён-та хатні Гран Пры таксама праводзіў добра: і ў трэці сегмент кваліфікацыі прайшоў, і восьмую пазіцыю там заваяваў, і нават ачкі б зарабіў у спрынце, калі б іх давалі ўсёй першай дзясятцы, як па выніках звычайных гонак!

Толькі на стартавай рашотцы нядзельнага заезду тры пазіцыі брытанец страціў праз пакаранне за інцыдэнт з Карласам Сайнсам у спрынце (Джордж выбіў іспанскага пілота Ferrari з трасы), а ўжо непасродна на старце прапусціў наперад яшчэ двух супернікаў. Аднак фінішаваў Расэл зноў жа не так ужо і дрэнна – дванаццатым. Ачкоў, праўда, ізноў не набраў, так што даказваць кіраўніцтву Mercedes яму, у адрозненні ад Ботаса, па-ранейшаму ёсць што.

Але даказваць Джордж, можна не сумнявацца, працягне, і яшчэ не аднойчы падкіне Тота Вольфу ежу для разважанняў. Аналагічнай справай зараз заняты і Серхіа Перэс, які мусіць пераканаць у сваёй карыснасці Рэд Булу яго кіраўнікоў Крысціана Хорнэра і доктара Хельмута Марка. Учора на Сільверстоўне мексіканец для гэтага усё зрабіў правільна: ахвяраваўшы ачкамі для сябе, за тры кругі да фінішу зрабіў яшчэ адзін піт-стоп, атрымаў камплект мяккіх шын і паспеў-такі перапісаць на сваё імя лепшы круг у гонцы.

Ну а Хэмілтан пасля дапамогі з боку Ботаса пачаў імкліва набліжацца да Леклера, каб на пяцідзесятым кругу у тым жа павароце Copse, дзе на першым кругу яму стала цесна з Ферстапенам, прымусіў Шарля памыліцца, перахапіўшы ў яго першую пазіцыю і атрымаўшы ўжо восьмую перамогу на Сільверстоўне. Леклер, вядома, быў расчараваны, аднак і другое месца пасля доўгай бесподыумнай серыі (да першай тройкі Шарль да гэтага не даязджаў цэлы год) стала годнай узнагародай.

Ды і Льюіс, калі па-чэснаму, сваю перамогу заслужыў. Я, паўтаруся, не лічу яго вінаватым у інцыдэнце з Максам (а калі вы не згодныя – вітаю вас у каментарыях!). Суддзі палічылі, і пакаранне за гэта ён панёс. Хіба што яму пашанцавала з чырвонымі сцягамі, бо за трыццаць пяць хвілін, якія цягнулася паўза, механікі ўхілілі пашкоджанне мацавання левага пярэдняга кола на яго балідзе, якое было пашкоджанае ў сутыкненні. Каманда пазней заявіла, што без рамонту яно дакладна прывяло б да сходу з дыстанцыі.

А так Хэмілтан беспамылкова правёў гонку і ўсяго да васьмі ачкоў скараціў адставанне ў чэмпіянаце ад Ферстапена, які застаўся лідарам са 185 ачкамі. Норыс дзякуючы чарговай выдатнай гонцы вярнуўся ў першую тройку асабістага заліку і зараз мае 113 балаў.

Дарэчы, напарнік Ланда па McLaren Даніэль Рыкарда на Гран Пры Вялікабрытаніі таксама заняў зусім нядрэннае пятае месца, таму брытанскі калектыў са 163 ачкамі замацаваўся на трэцяй пазіцыі ў Кубку канструктараў. Дзе паміж лідарамі – Red Bull і Mercedes – цяпер усяго чатыры ачкі – 289 і 285 адпаведна.

Чэмпіянат на Сільвертоўне фактычна стартаваў нанова! Цяпер адны яго фаварыты адчуваюць уздым, іншыя крыўду, але, незалежна ад пачуццяў, матываваныя правесці максімальна эфектыўна наступны этап – Гран Пры Вугоршчыны, які 30 ліпеня – 1 жніўня пройдзе на трасе Хунгарорынг. Пройдзе ўжо ў традыцыйным фармаце, аднак дакладна будзе цікавым.

P. S. Пакуль рыхтаваўся гэты артыкул, стала вядома, што ў маім родным Маладзечне сілавікі прыйшлі ў рэдакцыю «Рэгіянальнай газеты», дзе працуе шмат маіх сяброў. Мае думкі зараз з яе галоўным рэдактарам Аляксандрам Манцэвічам і яго жонкай, якіх забралі на допыт, і з журналісткамі Зояй Хруцкай і Настассяй Уткінай, якія таксама прынялі на сябе ўдар дыктатуры. Зычу вам сіл і мужнасці, калегі і каляжанкі! Чакаю добрых навін пра вас! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Другие посты блога

Все посты