Юнак-рэкардсмен. На ралі Эстоніі Кале Раванпэра стаў самым маладым пераможцам этапу WRC

Фота: wrc.com

Хуткасць маладога фіна з каманды Toyota даўно вядомая ўсім, і ў тым, што яго першая перамога не за гарамі, ніхто не сумняваўся. Але проста перамагчы Кале Раванпэры было мала.

20 гадоў і 290 дзён – столькі Кале было па стане на мінулую нядзелю, калі ён адсвяткаваў свой першы трыумф у чэмпіянаце свету па ралі. Мінулы рэкорд трымаўся з ралі Швецыі 2008 года і складаў 22 гады і 313 дзён. А ўсталяваў яго не хто іншы, як цяперашні бос Раванпэры і ўсяго ралійнага таётаўскага калектыву Яры-Маці Латвала, які ў той час выступаў у складзе тады яшчэ поўнасцю завадской каманды Ford.

Засмучаны Яры-Маці, вядома, не быў. Наадварот, за свайго юнага суайчынніка і падначаленага ён шчыра радаваўся і ганарыўся яго поспехам (першым для Таёты за мінулы ўік-энд – перамога Майка Конвэя, Камуі Кабаяшы і Хосэ-Марыі Лопеса ў 6 гадзінах Монцы была яшчэ наперадзе). І было за што, бо сваю першую перамогу Кале атрымаў у дамінуючым стылі, перайграўшы нават чэмпіёна 2019 году Ота Цянака на ягоным полі.

Для гоншчыка Hyundai гэты сезон выдаецца надзвычай складаным. Страчаныя праз паломкі падвескі перамогі ў Партугаліі і Італіі дорага каштавалі Оту ў чэмпіянаце. Таму на сваім хатнім эстонскім ралі, якое ў мінулым годзе, калі яно ўпершыню з’явілася ў календары WRC, ён выйграў, Цянак быў моцна матываваны перарваць заганнае кола параз.

За справу От узяўся ў пятніцу раніцай, калі выйграў другі па ліку спецучастак (першы суперспэшл вуліцы Тарту прынялі яшчэ ў чацвер увечары) Arula 1, узначаліўшы агульны залік. Але ўжо на наступным Otepää 1 эстонец злавіў пракол правай пярэдняй шыны, адкаціўшыся на сёмую пазіцыю.

А пасля чацвёртага допу Kanepi 1 Цянак фактычна сышоў з дыстанцыі праз яшчэ адзін пракол, які стаў вынікам памылкі самога гоншчыка і яго візіту за межы трасы. Запасных колаў на борце яго i20 Coupé WRC проста не засталося, і ралі ён працягнуў толькі раніцай у суботу па сістэме Rally 2.

От у чарговы раз крыху рэабілітаваўся, узяўшы пяць бонусных балаў за перамогу на фінальным суперспэшле ў нядзелю, аднак значна лепей для яго было б зарабіць балы і за пазіцыю ў першай дзясятцы чым атрымліваць «абаранак» за выніковае трыццаць першае месца.

Той жа чацвёрты спецучастак, дарэчы, стаў апошнім і для гоншчыка каманды M-Sport Ford Гаса Грынсміта. Брытанец праз механічныя праблемы некалькі разоў спыняўся на дыстанцыі, пакуль з яе не сышоў канчаткова. У суботу ён вярнуўся па сістэме Rally 2, як і Цянак, фінішаваўшы ў выніку на пазіцыю ніжэй за эстонца. Затое фін Цеему Сунінен, які ў мінулы ўік-энд быў напарнікам Грынсміта па камандзе, заняў нядрэннае шостае месца.

Ну а Раванпэра не толькі пазбег непрыемнасцей, але і быў недасягальным для супернікаў па чыстай хуткасці. У пятніцу Крэйг Брын, чыя чарга быць трэцім гоншчыкам Hyundai настала ў Эстоніі, яшчэ паспрабаваў быў утрымацца ў адным тэмпе з маладым супернікам з Таёты. Па выніках дня і пасля дзевяці спецучасткаў ірландзец саступаў яму восем з паловай секунд. Але ўжо ў суботу раніцай Кале пачаў адрывацца і ўвечары «вёз» пераследніку 50,7 секунды, а за шэсць нядзельных допаў, якія фін правёў беспамылкова, яго перавага дасягнула хвіліны без адной дзясятай секунды.

Брын пакуль што не мае на сваім рахунку перамог на этапах WRC, і поспех у Эстоніі і яму быў бы карысным. Аднак, улічваючы, што ў чэмпіянаце свету ён выступае не на поўным раскладзе, а толькі на асобных этапах, і другое месца можна лічыць выдатным вынікам. Пры гэтым у Hyundai могуць быць задаволеныя і трэцім месцам Цьеры Нэвіля, які хоць і не быў у стане ўгнацца за Раванпэрай, але яго партнёра па камандзе – сяміразовага і дзейснага чэмпіёна Себасцьена Аж’е – стрымаў ззаду.

Сэба, як няцяжка здагадацца, у пятніцу запаволіў абавязак адкрываць спецучасткі і працаваць бульдозерам, расчышчаючы трасы перад супернікамі. А трасы тыя і без таго былі пясчанымі і слізкімі.

Цяжкавата на іх было і астатнім таётаўцам. Элфін Эванс, які замкнуў першую пяцёрку, на трэцім допе ў пятніцу двойчы памыліўся, праехаўшы міма паваротаў, а Такамота Катсута сышоў з дыстанцыі пасля чацвёртага спецучастку. Але ў выніку не тэхнічных праблем, болю ў спіне ў яго штурмана Дэна Барыта, які пачаў мучыць яго пасля прызямлення пасля аднаго з трамплінаў. На шчасце, абследаванне ў бальніцы сур’ёзнай траўмы ў брытанца не выявіла.

Аж’е ж хоць і не даехаў у Эстоніі да подыуму, у чэмпіянаце лідзіруе па-ранейшаму ўпэўнена – у яго 143 ачкі. Эванс і Нэвіль таксама захавалі свае другую і трэцюю пазіцыі адпаведна і маюць 111 і 96 ачкоў. Бельгіец, праўда, ужо адчувае подых Раванпэры ззаду, які пасля першай у кар’еры перамогі мае 82 балы, займаючы чацвёртую пазіцыю.

Непахіснае і лідзіраванне Таёты ў заліку вытворцаў – 315 ачкоў супраць 256 у Hyundai, які застаўся другім. Замыкае ж тройку, як і раней, калектыў M-Sport Ford, у якога 125 ачкоў.

У Эстоніі на старт выйшлі таксама прадстаўнікі малодшых катэгорый: WRC2, WRC3 і юніорскага чэмпіянату. Пры гэтым хутчэй за ўсіх тут быў пераможца ў WRC3 – двухразовы чэмпіён Еўропы па ралі і лідар бягучага сезону ERC Аляксей Лук’янюк, які выступаў на Škoda Fabia Rally2. І гэта нягледзячы на тое, што на фінальным суперспэшле аўтамабіль расіяніна, патрапіўшы ў каляіну, перавярнуўся і звонку быў даволі моцна пашкоджаны.

Аднак пацярпелі ў той непрыемнасці толькі кузаўныя панэлі, ды і машына прызямлілася на колы (у адрозненні ад Volkswagen Polo GTI R5 Мікалая Гразіна ў суботу, для якога гонка тады ж і скончылася), так фінішаваў Аляксей без праблем і нават без моцных страт часу, заняўшы восьмае месца ў абсалюце і апярэдзіўшы бліжэйшага пераследніка – польскага гоншчыка Каетана Каетанавіча – болей чым на тры хвіліны! Замкнуў першую тройку ў WRC3 фін Міка Хэйкіля, які гэтаксама як і Лук’янюк з Каетанавічам выступае на Шкодзе.

Аўтамабіль чэшскай маркі ёсць зброяй і нарвежца Андрэаса Мікельсэна, які ў Эстоніі стаў мацнейшым у WRC2, але ў абсалютным заліку заняў толькі дзявятае месца. Затое ззаду застаўся яго суайчыннік Мадс Остберг.

Барацьба паміж імі ўвесь уік-энд была шчыльнай, а перамога была магчымая і для Мадса. Але штраф у дзесяць секунд і пашкоджанне тармазной магістралі яго Citroën C3 Rally2 ў нядзелю пакінулі яго на другім месцы. Мікельсэну ён саступіў 16,7 секунды. Трэцяе месца заняў балівіец Марка Буласія на Шкодзе.

У юніорскім чэмпіянаце ўсе выступаюць на аднолькавых Ford Fiesta Rally4, і тут у Эстоніі сваю першую перамогу атрымаў фін Самі Паяры. Хуткім ён быў на працягу ўсяго ўік-энду і брытанца Джона Армстронга, які заняў другое месца, на фінішы апярэдзіў болей чым на 24 секунды. Трэцім стаў латвіец Марцінс Сэскс.

Восьмым этапам WRC стане ралі Іпра ў Бельгіі, якое пройдзе 13-15 жніўня.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+12
Написать комментарий
Реклама 18+