Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/24 гадзіны Спа: было ўсё! Сутачная гонка на легендарнай бельгійскай трасе была багатай на падзеі

24 гадзіны Спа: было ўсё! Сутачная гонка на легендарнай бельгійскай трасе была багатай на падзеі

Абгоны, аварыі, неаднаразовыя змены лідараў, пераменлівае надвор’е і барацьба за перамогу практычна да самага канца. 24 гадзіны Спа 2021 году ўключылі ў сябе ўсе магчымыя падзеі. Успамінаем галоўныя з іх.

5 августа 2021, 17:29
24 гадзіны Спа: было ўсё! Сутачная гонка на легендарнай бельгійскай трасе была багатай на падзеі

Абгоны, аварыі, неаднаразовыя змены лідараў, пераменлівае надвор’е і барацьба за перамогу практычна да самага канца. 24 гадзіны Спа 2021 году ўключылі ў сябе ўсе магчымыя падзеі. Успамінаем галоўныя з іх.

Успамінаецца стары анекдот пра залатую рыбку, якая арыгінальным чынам выканала пажаданне мужыка, што яе злавіў. У адказ на заяву «Хачу, каб у мяне ўсё было!», рыбка адказала: «Без праблем! У цябе ўсё было!». На шчасце арганізатараў гонкі 24 гадзіны Спа, ім для таго, каб зрабіць гэтае спаборніцтва цікавым, дапамога чароўных сілаў не спатрэбілася.

Цікавасці любых гонак на трасе Спа-Франкаршам ад пачатку спрыяе і яе канфігурацыя, і размяшчэнне ў Ардэнскіх гарах. Нават Формула-1 тут звычайна бывае цікавай, што ўжо казаць пра шматгадзінныя заезды, як у Еўрапейскай серыі Ле Ман, чэмпіянаце свету па гонках на цягавітасць (можаце абнавіць у памяці яго этапы ў Спа ў мінулым годзе і ў гэтым) альбо тым жа сутачным марафоне.

Апошні, па аналогіі з 24 гадзінамі Ле Мана, што з’яўляюцца жамчужынай WEC, ёсць цэнтральнай падзеяй сезону серыі GT World Challenge Europe. У гэтым годзе ён стаў яго шостым этапам і сабраў на старце 58 экіпажаў у заліках Pro, Silver і Pro-Am (тэхніка ва ўсіх адзінай катэгорыі GT3).

Праводзілася гонка, дарэчы, у семдзесят трэці раз. Першая адбылася ў 1924 годзе яшчэ на 15-кіламетровым кальцы, а з 1979-га праходзіць на сучасным 7-кіламетровым (якое, зрэшты, таксама некалькі разоў перабудоўвалася і крыху мяняла канфігурацыю).

Нечаканасці пачаліся ўжо ў кваліфікацыі, у якой адны з фаварытаў сезону Дрыс Вантор, Кэльвін ван дэр Лінде і Шарль Віртс з трыццаць другога экіпажу Team WRT паказалі толькі пяцьдзясят пяты вынік. Пры гэтым у свабодных практыках яны былі стабільна аднымі з самых хуткіх. Праблемы з усталяваннем хоць нейкага заліковага часу (а перад суперпоўлам у залік ідзе сярэдні час чатырох спроб) у іх узніклі ў другім сегменце, які двойчы спыняўся чырвонымі сцягамі.

Адпаведна, у суперпоўл Вантор, ван дэр Лінде і Віртс не патрапілі, і першую стартавую пазіцыю паміж сабой разыгрывалі іншыя. Дасталася яна ў выніку восемдзесят восьмаму экіпажу Akka ASP ў складзе Рафаэле Марчэла, Даніэля Хункадэльі і Жуля Гунона. Яны ж лідзіравалі цягам першай гадзіны, калі пелатон моцна зрадзеў.

Ужо на дваццаць трэцяй хвіліне ў павароце Raidillon адбылася аварыя з удзелам чатырох экіпажаў: сто чатырнаццатага Emil Frey Racing (Lamborghini Huracan GT3 Evo з Джэкам Эйткенам за стырном), дваццаць першага Rutronik Racing (Porsche 911 GT3-R пад кіраваннем Кэвіна Эстрэ), сто шэсцьдзесят трэцяга Emil Frey Racing (яшчэ адзін Lamborghini, якім кіраваў Франк Перэра) і семдзесят першага Iron Lynx (іх Ferrari 488 GT3 кіраваў Давідэ Рыгон).

Сур’ёзных траўм, на шчасце, ніхто з удзельнікаў не атрымаў. Аднак Эстрэ і Перэра ўсё ж наведалі медычны цэнтр на трасе, а Эйткена з Рыгонам нават забралі ў бальніцу для больш дэталёвага абследавання. Гонка ж амаль на гадзіну была нейтралізаваная аўтамабілем бяспекі.

Пасля рэстарту і з пачаткам планавых піт-стопаў у групе лідараў пачаліся перастаноўкі. У лідары выйшлі Ніка Мюлер, Робін Фрайнс і Дэніс Лінд з трыццаць сёмага экіпажу Team WRT, а іх калегі па камандзе з трыццаць другога пачалі свой прагрэс – ван дэр Ліндэ вывеў свой экіпаж на дванаццатую пазіцыю.

Што ж да апісанага вышэй інцыдэнту, то ён стаў першым, а ніякі не адзіным. Гонка шмат разоў нейтралізоўвалася то аўтамабілем бяспекі, то жоўтымі сцягамі па ўсёй трасе, што цалкам натуральна для сутачных марафонаў.

У тым ліку і гэта, а таксама болей удалыя тактыкі піт-стопаў і вывелі да чацвёртай гадзіны ў групу лідараў той самы трыццаць другі экіпаж Team WRT, а таксама будучых пераможцаў – пяцьдзесят першы экіпаж Iron Lynx у складзе Кома Ледагара, Нікласа Нільсэна і Алесандра П’ер Гуідзі, якія кваліфікаваліся шаснаццатымі.

Гонку яны ўзначалілі па выніках ужо першых шасці гадзін. Але на восьмай, ўжо ноччу, саступілі лідарства шэсцьдзесят трэцяму экіпажу Orange1 FFF Racing (Мірка Барталоці, Марка Мапэлі і Андрэа Кальдарэлі), якіх раней абагналі на трасе.

Паміж іх Ferrari і Lamborghini, якімі кіравалі, адпаведна, П’ер Гуідзі і Мапэлі, у тым эпізодзе ў першай чвэрці гонкі ў павароце Les Combes нават быў невялічкі кантакт, аднак пакаранне ў выглядзе праезду па піт-лэйне пяцьдзесят першы экіпаж Iron Lynx атрымаў за парушэнне працэдуры піт-стопу.

Гэта амаль на дзве гадзіны адкінула Ледагара, Нільсэна і П’ер Гуідзі на шостую пазіцыю, а за першую распачалі спрэчку той самы шэсцьдзесят трэці экіпаж Orange1 FFF Racing і трыццаць другі Team WRT. Толькі бліжэй да сярэдзіны гонкі ўжо Мапэлі атрымаў штрафны праезд па піт-лэйне за перавышэнне хуткасці на ім падчас піт-стопу. Дзякуючы гэтаму, а таксама ізноў жа ўдалай тактыцы піт-стопаў, у тым ліку ў перыяды нейтралізацыі гонкі, пяцьдзясят першая Ferrari 488 GT3 каманды Iron Lynx была на лідзіруючай пазіцыі, калі гадзіннік адмераў палову дыстанцыі, за што яе экіпаж атрымаў бонусныя балы.

Толькі і ў Team WRT здавацца і не думалі. І трыццаць другому экіпажу на васямнаццатай гадзіне дапамог чарговы аўтамабіль бяспекі (ізноў жа ў Raidillon быў разбіты дваццаць трэці Porsche каманды Huber Motorsport). Так што на апошніх чатырох гадзінах барацьба за перамогу аднавілася. А на самай апошняй дык увогуле разгарэлася напоўніцу.

Надвор’е па ходу фінальнай фазы сутачнага марафону і так было нестабільным, дождж то пачынаўся, то пераставаў. На дваццаць трэцяй гадзіне, напрыклад, траса як раз падсыхала, і ў Iron Lynx і Team WRT вырашылі зрабіць па-рознаму.

П’ер Гуідзі, які праводзіў фінальны адрэзак і меў перавагу перад пераследнікамі болей чым у 20 секунд, вырашыў перайсці на слікі. Тады як Вантор застаўся на дажджавых шынах, за што быў узнагароджаны, калі нябесныя прорвы нябесныя раскрыліся над Спа-Франкаршамам меней чым за гадзіну да фінішу.

Натуральна, і П’ер Гуідзі ў такіх умовах вымушаны быў адправіцца ў боксы за адпаведнай надвор’ю гумай, аддаўшы лідарства Вантору. Аднак тут ім дапамог трыццаць трэці экіпаж Rinaldi Racing, чый Ferrari быў разбіты аб бар’ер на прамой Kemmel, праз што на трасу ізноў выехаў аўтамабіль бяспекі.

Ён дапамог Алесандра наблізіцца да Дрыса, але не ўшчыльную. Паміж італьянцам і бельгійцам апынуліся ажно пяць кругавых машын, якія Вантор выкарыстаў ў якасці прычынення, калі гонка была адноўлена зялёнымі сцягамі за паўгадзіны да канца.

Аднак айранлінксаўская Ferrari 488 GT3 у дажджавых умовах усё роўна была заўважна хутчэйшая за Audi R8 LMS GT3 канкурэнтаў. Таму за два кругі П’ер Гуідзі разабраўся з кругавымі, а за некалькі наступных наблізіўся да Вантора ўжо ўшчыльную.

Першую атаку Алесандра за дзесяць хвілін да сканчэння часу Дрыс адбіў, аднак праз некалькі паваротаў італьянец пачаў новы наступ. Развязка іх прыгожай барацьбы настала ўжо ў хуткім павароце Blanchimont, дзе П’ер Гуідзі эфектна абышоў Вантора па вонкавым радыусе. Ну а ўжо меней чым праз дзесяць хвілін першым перасек фінішную лінію.

Каманда Iron Lynx на гэтых 24 гадзінах Спа перапісала гісторыю. Яе перамога стала першай для маркі Ferrari з 2004 году і першай жа для аўтамабіля, зробленага не ў Германіі, у сучаснай эры GT3. Вантор, ван дэр Лінде і Віртс таксама правялі выдатную гонку, фінішаваўшы другімі пасля праваленай кваліфікацыі.

Разам з імі і Ледагарам, Нільсэнам і П’ер Гуідзі ў адным кругу фінішавалі толькі бронзавыя прызёры – дзевяноста пяты экіпаж каманды Garage 59 на Aston Martin Vantage AMR GT3 у складзе Нікі Тііма, Роса Гана і Марка Сорэнсэна. Усе астатнія саступілі першай тройцы (якая, дарэчы, пераадолела 556 кругоў) адзін круг і болей.

Уся першая дзясятка абсалютнага заліку склалася з прадстаўнікоў заліку Pro. Адзінаццатымі фінішавалі пераможцы ў Silver – дзевяносты экіпаж Madpanda Motorsport, за які на Mercedes-AMG GT3 выступалі Эсэк’ель Перэс Кампанк, Рыкарда Санчэс, Патрык Куяла і Рык Броўкерс. У заліку Pro-Am перамог пяцьдзесят трэці экіпаж AF Corse (Ferrari 488 GT3) у складзе Данкана Кэмерана, Рына Мастранардзі, Мэта Грыфіна і Мігеля Маліны, якія ў абсалюце занялі шаснаццатае месца.

Другое месца экіпажу Team WRT дапамагло калектыву яшчэ мацней абгрунтавацца на першай пазіцыі ў камандным заліку чэмпіянату, дзе ён мае 150 ачкоў. У Akka ASP, чый лепшы экіпаж (восемдзесят дзявяты ў складзе Лукаса Аўэра, Цімура Багуслаўскага і Феліпэ Фрагі) у Спа фінішаваў толькі дзясятым, захавалі другую пазіцыю і маюць 106 ачкоў. Ні адзін з экіпажаў Emil Frey Racing ў 24 гадзінах Спа не фінішаваў, аднак у чэмпіянаце каманда засталася трэцяй, у яе па-ранейшаму 88,5 ачка. Iron Lynx з 77 ачкамі чацвёртыя.

Вантор і Віртс, як і належыць чакаць, захавалі сваё лідарства ў заліку гоншчыкаў, дзе ў іх 131 ачко. Марчэла, чый экіпаж у Спа не фінішаваў, застаўся другім і мае 82,5 ачка, а Нільсэн, П’ер Гуідзі і Ледагар дзякуючы сваёй перамозе падняліся на трэцюю пазіцыю. У іх 71 бал.

Наступны этап серыі GT World Challenge Europe пройдзе ўжо ў фармаце спрынт – з дзвюма кароткімі гадзіннымі гонкамі. Іх 28 і 29 жніўня прыме траса Брэндс-Хэтч у Вялікабрытаніі.

Другие посты блога

Все посты