Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Гонка – агонь! Першая перамога Хорхе Марціна і іншыя нечаканасці матацыклетнага Гран Пры Штырыі

Гонка – агонь! Першая перамога Хорхе Марціна і іншыя нечаканасці матацыклетнага Гран Пры Штырыі

Фраза ў загалоўку – не фігура мовы. Без здарэння з узгараннем матацыкла, якое прывяло да спынення ўчарашняй гонкі MotoGP чырвонымі сцягамі, не абышлося. Але гэта была не адзіная цікавая падзея Гран Пры Штырыі.

9 августа 2021, 18:20
Гонка – агонь! Першая перамога Хорхе Марціна і іншыя нечаканасці матацыклетнага Гран Пры Штырыі

Фота: motogp.com

Фраза ў загалоўку – не фігура мовы. Без здарэння з узгараннем матацыкла, якое прывяло да спынення ўчарашняй гонкі MotoGP чырвонымі сцягамі, не абышлося. Але гэта была не адзіная цікавая падзея Гран Пры Штырыі.

Хорхе Марцін у каманду Pramac Racing патрапіў не выпадкова. Чэмпіён 2018 году ў катэгорыі Moto3 і мінулага ў Moto2 відавочна быў гатовы да пераходу на найвышэйшы ўзровень. І тое, што ў яго паверылі ў Pramac, само па сабе кажа пра многае.

Сам Хорхе, дарэчы, спраўдзіў чаканні, што на яго ўскладаліся, заваяваўшы поўл на Гран Пры Дохі, на якім ён потым заняў трэцяе месца. Але ўжо на трэцім этапе ў Партугаліі Марцінатар выбыў з барацьбы, моцна пашкодзіўшы ў падзенні на свабодных заездах правыя руку і нагу, на якіх затым перанёс некалькі аперацый.

Марцін прапусціў гонкі і ў Парцімане, а таксама і ў Херэсе і Ле Мане. У Барселоне ён нарэшце вярнуўся на трасу, але аднаўленне яго здароўя працягвалася, і на наступных этапах іспанец набіраў па некалькі ачкоў, а ў Асэне ўвогуле сышоў з дыстанцыі.

Таму як бы ні хацелася мне больш напісаць пра яго, калі мы падводзілі прамежкавыя вынікі сезону MotoGP перад пачаткам яго другой паловы, зрабіць гэтага не атрымлівалася па чыста аб’ектыўных прычынах. Аднак болей чым месячная паўза, якую галоўны матацыклетны чэмпіянат свету ўзяў пасля Гран Пры Нідэрландаў, відавочна пайшла на карысць Хорхе, і ўжо на першай гонцы ў аўстрыйскім Шпільбергу ён стаў аўтарам галоўных сенсацый.

Першую Марцін зладзіў яшчэ ў суботу, калі заваяваў другі ў кар’еры і ў гэтым сезоне поўл. Першы стартавы шэраг з ім падзялілі прадстаўнік ужо завадской каманды Ducati Франчэска Баньяя, а таксама лідар чэмпіянату Фабіа Куартарара з таксама завадскога калектыву Monster Energy Yamaha MotoGP.

Хуткасць матацыклаў Ducati нікога не здзівіла. Ад пачатку было зразумела, што на трасе Red Bull Ring магутныя рухавікі Desmosrdici GP21 на прамых будуць даваць пэўную перавагу ў хуткасці іх вершнікам, што я сам прагназаваў яшчэ пасля нідэрландскага этапу. Цікава было як раз, што і наезнікі Yamaha YZR-M1 не сталі хлопчыкамі для біцця. Прынамсі, галоўны з іх.

Куартарара пад заслону кваліфікацыі сам узяў быў поўл, аднак зрабіў гэта з парушэннем меж трасы, і быў пазбаўлены свайго лепшага выніку, застаўшыся трэцім. Так што хуткасць у Эль Д’ябла дакладна была, але быў і адзін нюанс. У самой Ямахе прызнавалі, што ў дажджавых умовах іх матацыклы саступаюць тым жа Ducati, а менавіта дождж у нядзелю і чакаўся, так што рабіць прагнозы на гонку адразу пасля кваліфікацыі ніхто не браўся.

Дождж у нядзелю ў Шпільбергу ў выніку прайшоў, але самай раніцай. Удзельнікі прэм’ер-катэгорыі MotoGP па мокрай трасе пакаталіся толькі на ворм-апе, а за час гонак малодшай катэгорыі яна канчаткова высахла, і галоўны заезд быў абвешчаны сухім. Што, аднак, не зрабіла яго меней насычаным падзеямі.

Дакладней, іх, а не яго, таму што гонак MotoGP ўчора фактычна было дзве. Першая працягвалася ўсяго тры кругі, паспеўшы змясціць у сабе нямала падзей. Старт лепей удаўся Баньяі, які перахапіў лідарства ў Марціна. Шасціразовы чэмпіён і трыумфатар нядаўняга Гран Пры Германіі Марк Маркес, стартаваўшы восьмым, за два кругі ўвогуле паспеў прарвацца ў групу лідараў.

Пры гэтым іспанец з Repsol Honda паспеў папіхацца з двума сваімі суайчыннікамі – Алешам Эспаргара з Aprilia Racing Team Gresini і чэмпіёнам пакуль што дзейсным, прадстаўніком Team Suzuki Ecstar Жоанам Мірам. Але мімавольным вінаватым у спыненні гонкі на трэцім кругу стаў не Марк, а яшчэ адзін іспанец – былы гоншчык той жа завадской Хонды, а пазней завадскога ж Red Bull KTM Factory Racing, у складзе якога ў гэты ўік-энд удзел па ўайлд-кард і ўзяў, Дані Педроса.

У мінулым годзе трэці паварот трасы Red Bull Ring ужо быў месцам сур’ёзнай аварыі першага з аўстрыйскіх этапаў, якім тады быў акурат Гран Пры Аўстрыі. Толькі ў тым выпадку Франка Марбідэлі, якога праз траўму калена мы, нажаль, не пабачым на старце як мінімум да верасня, сутыкнуўся з Жоанам Зарко (француз тады яшчэ выступаў у складзе Esponsorama Racing), пасля чаго іх некіраваныя матацыклы ледзь не патрапілі ў Валянціна Росі і Маверыка Віньялеса. Учора ж Педроса на другім кругу злавіў хайсайд ужо на выхадзе з трэцяга павароту.

І добра б, калі толькі гэтым хайсайдам усё і абмежавалася (Дані, на шчасце, траўм у ім не атрымаў, і потым нават выйшаў на паўторны старт). Але на бяду ў яго матацыкл уляцеў напарнік Алеша Эспаргара Ларэнца Савадоры. Вось ён ужо пакідаў месца здарэння на насілках. Зноў жа на шчасце, ён толькі выцяўся, аднак на другі старт ужо не выйшаў нават на запасным матацыкле.

Асноўныя ж байкі Савадоры і Педросы засталіся ляжаць на месцы сутыкнення, абгорнутыя полымем (на адным з іх быў пашкоджаны бензабак). Маршалы некалькі хвілін спрабавалі іх патушыць, а пасля прыкладна паўгадзіны ліквідавалі наступствы – чысцілі гоначнае палатно і сушылі яго. Удзельнікі Гран Пры Штырыі тым часам рыхтаваліся да новага старту, прычым фактычна да новай гонкі, месцы на старце якой яны рыхтаваліся заняць у адпаведнасці з вынікамі суботняй кваліфікацыі.

Менавіта такі парадак быў абраны, паколькі на момант аварыі Педросы і Савадоры гоншчыкі былі на другім кругу, а на момант чырвоных сцягоў поўныя тры не скончылі, і сфармаваць новую стартавую рашотку па іх выніках было немагчыма (звычайна пры спыненні заезду залік даецца як раз па трох кругах да гэтага). Затое дыстанцыя гонкі была скарочаная ўсяго на адзін круг, і склала дваццаць сем замест дваццаці васьмі.

Канечне, некаторыя райдары былі не надта задаволеныя тым, што пазбавіліся здабытых месцаў. Аднак, напрыклад, Мір у другі раз стратаваў нават лепей, чым у першы. Спачатку выхадзец з Маёркі прарваўся з пятай пазіцыі на трэцюю, у ліку іншых пакінуўшы ззаду і Куартарара, а затым на першых кругах выйшаў і на другую. Абагнаўшы пры гэтым, праўда, не Марціна, які на другім старце ўзяў хол-шот, і не Баньяю, які адразу страціў шмат пазіцый, фінішаваўшы ў выніку толькі адзінаццатым, а яшчэ аднаго завадскога дукаціста Джэка Мілера.

Пасля гэтага і пачалася яго працяглая дуэль з суайчыннікам з Мадрыду. Suzuki ў мінулы ўік-энд абсталявала нарэшце свае GSX-RR сістэмай рэгуліроўкі дарожнага прасвету на задняй падвесцы, якой дагэтуль, як гэта ні дзіўна, на іх не было. Гоншчык, націскаючы на адпаведную клавішу на стырне, памяншае задні кліранс у паваротах і павышае на прамых, што дазваляе больш аптымальна змяняць разважванне і паляпшае кіравальнасць і дынаміку.

І вось Міру гэтая сістэма на першым з аўстрыйскіх этапаў гэтага году асабіста дапамагла. Яны з Марцінам заўважна ад’ехалі ад астатняга пелатону за першыя кругі так, што нават Куартарара, хоць гонка і была сухой, не мог за імі ўгнацца. Жоан ціснуў на Хорхе ўвесь час, асабіста яго перавага была заўважная на апошніх двух сектарах трасы, больш звілістых. Толькі пад канец гонкі дзейсны чэмпіён свой ціск паслабіў, задаволіўшыся і другім месцам.

Перамогу ж – першую ў сваёй кар’еры у вышэйшым класе MotoGP, прыгожую і цалкам заслужаную – атрымаў Марцін. Нядаўняе рашэнне каманды Pramac пакінуць яго ў сваім складзе разам з Жоанам Зарко і ў наступным годзе дакладна слушнае і шматспадзеўнае. А ўчарашні поспех 23-гадовага іспанца – дакладна не апошні нават у гэтым сезоне.

Канечне, яшчэ пакажа сябе і Куартарара. Учора Фабіа фінішаваў трэцім, спачатку эфектыўна абараніўшыся ад Зарко, які заняў шостае месца, а затым гэтак жа эфектыўна абагнаўшы і Мілера. Аўстраліец пры гэтым гонку скончыў заўчасна ў гравіі, калі меней чым за дзесяць кругоў да фінішу паспрабаваў угнацца за Эль Д’ябла, які толькі што яго абышоў. Але нават Міру француз гэтым разам саступіў у хуткасці заўважна, болей васьмі секунд.

Жоан, дарэчы, крыху наблізіўся да яго ў чэмпіянаце, дзе пасля ўчарашняй гонкі падняўся на трэцюю пазіцыю і мае цяпер 121 ачко. Затое Фабіа, у якога зараз 172 ачкі, павялічыў свой адрыў ад Зарко, які са 132 баламі захаваў за сабой другі радок.

Так ці інакш, другая палова сезону MotoGP стартавала цікава і сенсацыйна. А калі ўлічыць, што працягнецца чэмпіянат ужо ў бліжэйшы ўік-энд ужо Вялікім Прызам Аўстрыі ў тым жа Шпільбергу, то і на ім можна чакаць усяго. Вынікі барацьбы за тытул падводзіць дакладна зарана – яна яшчэ наперадзе.

Другие посты блога

Все посты