Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Калі дождж гарачэйшы за агонь. Матацыклетны Гран Пры Аўстрыі выдаўся мокрым, але спякотным

Калі дождж гарачэйшы за агонь. Матацыклетны Гран Пры Аўстрыі выдаўся мокрым, але спякотным

З другой спробы дождж на трасу Red Bull Ring праліўся. І зрабіў адзінаццаты этап сезону MotoGP адным з найцікавейшых. А Брэд Біндэр атрымаў на ім другую ў кар’еры перамогу.

16 августа 2021, 18:31
Калі дождж гарачэйшы за агонь. Матацыклетны Гран Пры Аўстрыі выдаўся мокрым, але спякотным

Фота: motogp.com

З другой спробы дождж на трасу Red Bull Ring праліўся. І зрабіў адзінаццаты этап сезону MotoGP адным з найцікавейшых. А Брэд Біндэр атрымаў на ім другую ў кар’еры перамогу.

Навін хапала і паміж двума этапамі MotoGP у аўстрыйскім Шпільбергу. Галоўнай стала адхіленне ад удзелу ў другім з іх Маверыка Віньялеся аго цяперашняй камандай Monster Energy Yamaha MotoGP. Выявілася, што на Гран Пры Штырыі, які іспанец скончыў у боксах, ён спрабаваў… зламаць свой байк!

У афіцыйным рэлізе напярэдадні Вялікага Прызу Аўстрыі японскі калектыў распавёў, што «дзеянні гоншчыка патэнцыйна маглі прывесці да значнага пашкоджання рухавіка яго матацыкла YZR-M1, што магло стварыць рызыку для самога ездака і, магчыма, стварыць небяспеку ўсім іншым удзельнікам гонкі MotoGP». Што ж такога нарабіў Топ Ган?

Відэадоказы яго незразумелых дзеянняў і сведчанні відавочнікаў аб іх з’явіліся хутка пасля заявы Ямахі. На фінальным кругу першай з аўстрыйскіх гонак Віньялес на выхадзе з восьмага павароту адкруціў ручку дроселя да абмежавальніка, выціснуўшы счапленне, а затым ужо на піт-лэйне зрабіў гэта яшчэ двойчы.

Урэшце рэшт Маверык прызнаў сваю вінаватасць, спаслаўшыся на свой псіхалагічны стан у сувязі з тым, як для яго складаецца цяперашні сезон. Аднак на старт Гран Пры Аўстрыі ён усё роўна не выйшаў, ды і ці возьме ўдзел у астатніх этапах, пакуль што немаведама. Рашэнне босы завадской Ямахі прымуць пасля дэталёвага разбору сітуацыі і абмеркавання яе з Віньялесам.

Іншыя гоншчыкі ўспрынялі навіну пра яго адхіленне ад гонак са змяшанымі пачуццямі. З аднаго боку, віна іспанца навідавоку. З іншага ж, адмову ад паслуг хуткага гоншчыка, якім Маверык усё роўна застаецца, наўрад ці можна лічыць слушнай на сто адсоткаў. І, напрыклад, легендарны Валянціна Росі, які сябруе з Віньялесам і некаторы час быў яго напарнікам, спачувае яму.

Дарэчы, цяперашняя каманда Доктара Sepang Racing Team таксама апынулася ў няпростай сітуацыі. Па сканчэнні бягучага сезону яе тытульны спонсар – малазійская нафтагазавая карпарацыя Petronas – не будзе працягваць з ёй кантракт. Таму ў SRT вымушаныя будуць звярнуць свае праекты ў катэгорыях Moto2 и Moto3, а ў прэм’ер-класе гоншчыкі гэтага калектыву будуць выступаць на матацыклах у спецыфікацыях папярэдніх гадоў.

А вось будучыня Віньялеса як раз светлая! Акурат сёння стала вядома, што ў наступным годзе ён далучыцца да ўжо поўнасцю завадской каманды Aprilia, дзе яго напарнікам будзе цяперашні гоншчык Aprilia Racing Team Gresini Алеш Эспаргара. Што, па-першае, значыць, што вяртанне ў чэмпіянат Андрэа Давіцыоза адкладаецца яшчэ які мінімум на год, а па-другое, што нават пропуск этапаў, што засталіся ў гэтым сезоне, ужо не будзе трагічным для Маверыка.

У завадской жа Ямахе на Гран Пры Аўстрыі яго не замяняў ніхто, і лідар каманды і чэмпіянату Фабіа Куартарара абараняў гонар Трох Камертонаў адзін. Абараняў як заўжды годна, займаючы верхнія радкі пратаколаў і ўсіх свабодных заездаў, і кваліфікацыі. Толькі ў апошнім выпадку Эль Д’ябла ізноў не быў першым!

Поўл, як і тыднем раней, заваяваў пераможца Гран Пры Штырыі Хорхе Марцін з каманды Pramac Racing. Малады іспанец яшчэ і стаў аўтарам абсалютнага рэкорда кругу для матацыклаў MotoGP – 1:22,994, прытым што ў фінал кваліфікацыі ён патрапіў не аўтаматычна пасля трэцяй свабоднай практыкі, а вымушаны быў прарывацца ў яго з першай кваліфікацыйнай часткі.

Куартарара гэтым разам меж трасы не парушаў і свайго лепшага часу не пазбавіўся, аднак і перабіць вынік Марціна не змог, саступіўшы яму амаль нябачныя 0,034 секунды. Затое француз ізноў патрапіў на першы стартавы шэраг, а яго канкурэнт з завадской каманды Ducati Франчэска Баньяя на гэты раз апынуўся ззаду, на трэцяй пазіцыі.

Так што ўчора з раніцы ўсе задаваліся пытаннем, ці атрымаецца ў Марціна паўтарыць свой поспех тыднёвай даўніны. Асабіста ўлічваючы, што і надвор’е зноў было нестабільным, і непасродна перад стартам на Red Bull Ring напаўзлі хмары. Дождж, аднак, адразу не пачаўся, гонка была абвешчаная сухой, і ўдзельнікі пачалі яе на матацыклах на сліках і з сухімі, зразумела, наладамі.

Горача стала ўжо на першых кругах. Марцін на старце захаваў лідарства, але страціў яго на першым жа кругу, памыліўшыся ў чацвёртым павароце. Першая пазіцыя перайшла ад яго да Баньяі, які раней да гэтага абагнаў Куартарара.

Эль Д’ябла ўвогуле адкаціўся спачатку на чацвёртую пазіцыю, аднак, маючы перавагу на тармажэннях і ў паваротах, з групы лідараў (а ў яе акрамя яго з Марцінам і Баньяяй доўгі час уваходзілі Марк Маркес, Жоан Зарко, Джэк Мілер і Жоан Мір) не выпаў. На адным з першых кругоў ён перад трэцім паваротам абагнаў Марціна з Маркесам, падняўшыся на другую пазіцыю, а крыху пазней у шостым павароце апярэдзіў і Баньяю, узначаліўшы пелатон.

Пека, праўда, адразу скарыстаўся перавагай ужо свайго Ducati Desmosedici GP21 на галоўнай прамой, дзе вярнуў лідарства сабе (Куартарара, зрэшты, дапамог яму, памыліўшыся ў першым павароце). Разборкі ў яго ззаду пры гэтым працягваліся – пераследнікі ішлі шчыльнай групай. Ды і ў нябеснай канцэлярыі было сваё бачанне развіцця падзей.

Хмары, што спачатку былі адагнаныя ветрам ад трасы, за сямнаццаць кругоў да фінішу гонкі напаўзлі ізноў. Нейкі час, праўда, яны проста пагрозліва віселі над Рэд Бул Рынгам, і Жоан Зарко на васямнаццатым кругу ўпаў у дзявятым павароце і сышоў з дыстанцыі ў выніку ўласнай памылкі (і крыўднай, бо на той момант француз ішоў пятым, акурат ззаду свайго напарніка па Pramac Марціна).

Сцягамі ў жоўтую і аранжавую палоскі, якія папярэджваюць аб слізкай трасе, маршалы пачалі махаць толькі за шэсць кругоў да фінішу. Гэта быў зорны, здавалася, момант для Маркеса. З’яўляючыся майстрам язды ў пераменлівых надворных умовах, шасціразовы чэмпіён з завадской каманды Repsol Honda Team за час летняй паўзы значна палепшыў свой фізічны стан і цяпер быў хуткім, як я акуратна і прагназаваў, падводзячы прамежкавыя вынікі першай паловы сезону.

Іспанец ва ўчарашняй гонцы доўгі час ішоў трэцім, на наступным пасля сходу Зарко кругу падлавіў Куартарара на памылцы ў трэцім павароце і падняўся на другую пазіцыю, а з пачаткам пачаў ўяўляць сабой рэальную пагрозу і Баньяі, якога нават паспрабаваў атакаваць следам за Куартарара, але Франчэска паспяхова контратакаваў перад чацвёртым паваротам.

Тым часам напарнік Пека Джэк Мілер разам з Алексам Рынсам з Team Suzuki Ecstar першымі вырашылі змяніць матацыклы на абутыя ў дажджавыя шыны і з дажджавымі ж наладамі. Але на той момант (за пяць кругоў да фінішу) асфальт яшчэ не паспеў намокнуць, і перавагі ні аўстраліец, ні іспанец не атрымалі – першы ў выніку фінішаваў адзінаццатым, а другі ўвогуле чатырнаццатым.

Баньяя, Маркес, Куартарара, Марцін, Мір, а таксама паўднёваафрыканскі гоншчык Red Bull KTM Factory Racing Брэд Біндэр, які апынуўся побач з імі, вырашылі затрымацца на трасе, але толькі да наступнага дваццаць пятага круга. На ім уся першая пяцёрка і звярнула ў боксы. А Біндэр – не! І менавіта пераможца мінулагодняга Гран Пры Чэхіі ўзначаліў пелатон пасля піт-стопу фаварытаў. Разам з ім у групе лідараў апынуліся Алеш Эспаргара, Ікер Лекуона з каманды-сатэліту Tech3 KTM Factory Racing, Валянціна Росі з Petronas Yamaha SRT і Лука Марыні са SKY VR46 Avintia.

Зразумела, усёй гэтай групе на мокрай трасе было надзвычай цяжка. Тады як Маркес, вярнуўшыся на яе на адпаведнай гуме і адпаведна наладжаным байку, быў самым хуткім і імкліва скарачаў болей чым паўхвіліннае адставанне ад Біндэра. Аднак іспанскі майстар сам памыліўся ў пачатку перадапошняга дваццаць сёмага круга, упаўшы ў першым павароце, дзе траса, верагодна, не паспела намокнуць, бо знаходзіцца ён на ўзвышшы. Марк траўм не атрымаў і працягнуў гонку, але фінішаваў толькі пятнаццатым.

А вось Баньяя атрымаў з гэтай сітуацыі самыя вялікія дывідэнды. Апошні круг ён пачаў, займаючы восьмую пазіцыю, аднак, на матацыкле, які зноў жа адпавядаў умовам, здзейсніў цэлы шэраг абгонаў і заняў у выніку другое месца!

Хуткімі былі і Марцінам з Мірам, якія таксама на фінальным кругу абганялі аднаго суперніка на наладжаных пад сухія ўмовы матацыклах за адным. Заадно два іспанцы, як і тыднем раней, спаборнічалі паміж сабой, толькі цяпер ужо за ніжнюю ступень подыуму, на якую падняўся Хорхе. Дзейсны чэмпіён з Suzuki фінішаваў чацвёртым.

Каму ж не пашанцавала, дык гэта Куартарара! У завадской Ямахе яшчэ з Гран Пры Штырыі асцерагаліся дажджавой гонкі, разумеючы, што на трасе ў Шпільбергу складана будзе нават Фабіа. Так і здарылася – лідар чэмпіянату фінішаваў толькі сёмым.

Брэд Біндэр жа адсвяткаваў другую ў кар’еры ў прэм’ер-класе MotoGP перамогу. І не пазбавіўся яе, нават атрымаўшы ад суддзяў трохсекундны штраф (Баньяя ўсё роўна застаўся амаль у трынаццаці секундах ззаду) за парушэнні меж трасы. Якія, зрэшты, усё роўна не далі яму аніякай перавагі на мокрай трасе і на матацыкле «абутым» у слікі, (апошні паварот гоншчык KTM праходзіў, як кажуць, «шэптам»).

Канечне, поспех Біндэра не палепшыў заўважна яго становішча ў турнірнай табліцы, хаця 98 ачкоў і шостая пазіцыя – гэта зусім нядрэнна. А вось няўдача Куартарара яго лідарства пахіснула. Пасля аўстрыйскага Гран Пры француз мае 181 ачко, саступаючы 47 Баньяі, які разам узляцеў на другую пазіцыю. Мір, у якога 134 балы, захаваў трэцюю, Зарко, які апусціўся на чацвёрты радок, ён апярэджвае на два ачкі.

Як бачыце, гарачымі гонкі MotoGP могуць быць нават без узгаранняў матацыклаў, як было на папярэднім Гран Пры Штырыі пасля інцыдэнту з удзелам Дані Педросы і Ларэнца Савадоры (гоншчык Gresini, дарэчы, у Гран Пры Аўстрыі ўдзел не ўзяў праз атрыманы тады пералом нагі). І перамагаць у іх могуць не толькі лідары чэмпіянату.

Яго другая палова сезону пакуль што атрымліваецца нават цікавейшай, чым мы спадзяваліся. Учора, канечне, непрадказальнасці паспрыяла надвор’е, аднак яно можа быць няўстойлівым і на трасе Сільверстоўн, які 27-29 жніўня і прыме наступны этап каралеўскіх мотагонак – Гран Пры Вялікабрытаніі. Хоць, памятаючы брытанскі этап Формулы-1, мы і ад сухой гонкі MotoGP там можам чакаць чаго заўгодна.

Другие посты блога

Все посты