Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Вяртанне Нэвіля ў чэмпіёнскую гонку. Бельгіец атрымаў важную перамогу на хатнім для яго ралі Іпру

Вяртанне Нэвіля ў чэмпіёнскую гонку. Бельгіец атрымаў важную перамогу на хатнім для яго ралі Іпру

Пасля цэлага шэрагу няўдач і, здавалася б, страчаных шанцаў пабароцца з Таётай, на бельгійскім этапе WRC каманда Hyundai нанесла доўгачаканы зваротны ўдар. Рукамі найперш Цьеры Нэвіля, але пастараліся і Брын з Цянакам.

17 августа 2021, 18:42
Вяртанне Нэвіля ў чэмпіёнскую гонку. Бельгіец атрымаў важную перамогу на хатнім для яго ралі Іпру

Фота: wrc.com

Пасля цэлага шэрагу няўдач і, здавалася б, страчаных шанцаў пабароцца з Таётай, на бельгійскім этапе WRC каманда Hyundai нанесла доўгачаканы зваротны ўдар. Рукамі найперш Цьеры Нэвіля, але пастараліся і Брын з Цянакам.

Ралійныя аўтамабілі абавязкова трэба час ад часу, па магчымасці, выпускаць на кальцавыя гоначныя трасы! Проста ўспомніце мінулагодняе ралі Монцы з яго калейдаскопам падзей. І рашэнне арганізатараў ралі Іпру ў Бельгіі задзейнічаць для свайго спаборніцтва яшчэ адзін сусветна знакаміты і шанаваны аўтадром – легендарны Спа-Франкаршам – было цалкам слушным.

Нажаль толькі, адтуль у мінулыя выхадныя прыходзілі не толькі добрыя навіны. Вельмі трагічная і недарэчная гісторыя адбылася з выканаўчым дырэктарам трасы – спадарыняй Наталі Майе. Яе разам з сяброўкай забіў яе ж муж Франц Дзюбуа, які пасля скончыў жыццё самагубствам. Трагедыя адбылася ў горадзе Гуві, дзе Наталі і жыла.

Наталі была дачкой гоншчыка і сама некалі ўдзельнічала ў гонках, а таксама мела досвед кіраўніцтва архітэктурным бюро, які дапамог ёй, пры рэканструкцыі Спа-Франкаршам і мадэрнізацыі яе інфраструктуры, калі яна стала дырэктарам трасы. Цікава, што з аўтаспортам быў звязаны і яе муж, які валодаў гоначнай камандай і быў сузаснавальнікам мясцовай гоначнай серыі VW Fun Cup.

«Гоначная псіхапатыя» смуткуе разам з усім аўтаспартыўным светам аб страце і спачувае сваякам і блізкім Наталі Майе. Вечная памяць…

Застаецца спадзявацца, што гэтая трагедыя не перашкодзіць чэмпіянату свету па ралі заехаць на Спа ізноў. Канечне, калі кіраўніцтва першынства вырашыць пакінуць Іпр у сваім календары на пастаяннай аснове. Таму што цікавымі былі не толькі тыя нядзельныя спецучасткі гэтай асфальтавай гонкі, што і былі пракладзеныя па аўтадроме і яго тэхнічных дарожках.

Першае ў гісторыі WRC ралі Іпру (раней яно шмат гадоў – ажно з 1965-га – было этапам еўрапейскага чэмпіянату) мелася адбыцца яшчэ ў лістападзе мінулага году, але, як няцяжка здагадацца, правесці яго, як і многія іншыя этапы, не дазволіла пандэмія каронавірусу. Затое цяпер у разгар лета і з больш ці менш стабільным надвор’ем гонка атрымалася, магчыма, нават болей удалай.

Хай сабе Іпр знаходзіцца на захадзе краіны, а Цьеры Нэвіль родам з Сэн-Віта на ўсходзе (ад яго, дарэчы, і Спа блізка), з навакольнымі дарожкамі гоншчык Hyundai знаёмы добра. У 2018 годзе, калі ралі Іпра, праўда, было ўсяго толькі этапам нацыянальнага бельгійскага чэмпіянату, ён нават выйграў гэтую гонку за стырном Hyundai i20 R5.

Так што цяпер самы час быў зрабіць поспехі на роднай зямлі традыцыяй. Асабіста ўлічваючы няўдачы ўсяго карэйска-нямецкага калектыву і асабіста Нэвіля на этапах гэтага году ў Монтэ-Карла (сход Цянака), Партугаліі (фактычны сход і Цянака, і самога Цьеры), Італіі і Кеніі (ізноў сходы Ота і Цьеры адпаведна).

Ну і непрыемнасці Цянака на папярэднім этапе ў Эстоніі, хатнім для яго, таксама можна ўспомніць. Нэвіль і Крэйг Брын, якога ў гэтым годзе Hyundai заяўляе толькі на асобныя этапы, там часткова адыграліся, фінішаваўшы, адпаведна, трэцім і другім. Аднак чарговы поспех Таёты – перамога маладога Кале Раванпэры – дазволіў камандзе Яры-Маці Латвалы адарвацца ад канкурэнтаў на чале з Андрэ Адама на 59 ачкоў у заліку вытворцаў, а ў асабістым Нэвіля ззаду пачаў падціскаць Раванпэра.

На шчасце, некалі сканчаецца і чарада няўдач. Вось Нэвіль на хатнім ралі і перарваў асабістую і камандную. Хуткім ён пры гэтым быў ад самага пачатку спаборніцтва ў пятніцу. Не толькі ён, праўда – і Брын, і Цянак нейкі час трымаліся побач. Цянак пасля першага допу нават захапіў быў лідарства, але затым саступіў абодвум партнёрам па камандзе.

А ўвечары эстонец яшчэ і сутыкнуўся з падзеннем магутнасці рухавіка яго i20 Coupé WRC, і па выніках першага дня саступаў Нэвілю, які на той момант ужо даволі ўпэўнена лідзіраваў, болей за палову хвіліны. І ўжо пачаў адчуваць ззаду подых Раванпэры, Элфіна Эванса і сяміразовага і дзейснага чэмпіёна Себасцьена Аж’е – усе чацвёра размяшчаліся ў васьмі секундах.

Чацвёрты таётавец Такамота Катсута быў ужо значна далей, а ў суботу патрапіў у аварыю на дзясятым спецучастку. Ні сам японец, ні яго штурман Кітан Вільямс не пацярпелі, а вось іх Yaris WRC быў разбіты моцна. Куляючыся, ён яшчэ і прыдарожны слуп паваліў поперак трасы, праз што гонку прыйшлося прыпыняць.

Гэта, дарэчы, была не першая сустрэча ралійнага аўтамабіля са слупом на ралі Іпру. Яшчэ ў пятніцу раніцай, на трэцім спецучастку, у элемент дарожнай інфраструктуры на сваім Ford Fiesta WRC ўрэзаўся французскі гоншчык каманды M-Sport Адрыен Фурмо. Прычым непрыемны ўдар прыйшоўся на вадзіцельскі бок. Аднак і ў тым выпадку траўм не атрымалі ні сам малады француз, ні яго штурман Рэно Жамуй.

У суботу ж не шанцавала і Цянаку, якога пракол на дзявятым допе, першым з суботніх, адкінуў далёка ад першай тройкі – на сёмую пазіцыю. Фінішаваў жа От у выніку шостым, а фінальны суперспэшл у нядзелю выйграў, зарабіўшы пяць бонусных ачкоў.

Яго непрыемнасць дазволіла паспаборнічаць за подыум прадстаўнікам Таёты, якія ўсю гонку спрабавалі знайсці столькі ж зачэпу, колькі было ў Нэвіля з Брынам. Спачатку на трэцюю пазіцыю выйшаў Эванс, тады як Раванпэра хутка саступіў чацвёртую Аж’е. Аднак ўвечары ў суботу малады фін абышоў шматдасведчанага француза (для яго, дарэчы, бельгійскае ралі таксама не абышлося без праколаў), а ў нядзелю апярэдзіў і валійца, заняўшы трэцяе месца.

Нэвіль жа ўвесь час выступаў нібыта ў асобным заліку. Увайшоўшы ў рытм яшчэ ў пятніцу, ён затым проста кантраляваў адрыў ад супернікаў, не сутакаючыся ні з недахопам зачэпу (а дарогі вакол Іпру асабіста ў першы спаборніцкі дзень былі слізкімі), ні з праблемамі з надзейнасцю. Пэўную асцярожнасць Цьеры праявіў толькі ў нядзелю. Па яго ўласнаму прызнанню, памятаючы пра крыўдны сход у Кеніі, цяпер ён баяўся любых непрыемнасцей, якія маглі б пазбавіць яго яшчэ адной перамогі.

На шчасце бельгійца, гэтым разам праблемы абышлі яго бокам (здаецца, у Hyundai проста вычарпалі іх запас на гэты год), і ён атрымаў першую ў гэтым годзе перамогу, такую важную і для яго, і для каманды. І, дарэчы, для яго штурмана Марціна Відагэ, з якім Нэвіль на вяршыню подыуму падняўся ўпершыню. Пры гэтым і Брын, другі раз запар фінішаваўшы другім, прынёс Hyundai дубль і важныя ачкі.

У чэмпіянаце па ранейшаму лідзіруе Аж’е, у якога 162 ачкі. Аднак Нэвіль цяпер саступае яму не 47 балаў, а 38. Цьеры, праўда, застаўся на трэцяй пазіцыі, а другую захаваў Эванс, з якім у яго аднолькавая колькасць ачкоў (124).

Значна скарацілі сваё адставанне ад Таёты і ў Hyundai. Японскі калектыў па-ранейшаму першы з 348 ачкамі, але нямецка-карэйскі адстае цяпер толькі на 41. M-Sport Ford, у якога 135 балаў, замыкае першую тройку.

У Бельгію акрамя галоўнай катэгорыі WRC прыязджалі і прадстаўнікі малодшых WRC2, WRC3, а таксама юніорскага чэмпіянату. Мацнейшым з іх даволі нечакана стаў прадстаўнік WRC3 Йохан Русэль, які ў абсалютным заліку заняў сёмае месца.

Француз, які выступае на Citroën C3 Rally2, першыя два дні спаборнічаў з мясцовай зоркай Себасцьенам Бедарэ. Але на Škoda Fabia Rally2 апошняга ў нядзелю ўзніклі праблемы з трансмісіяй – машына засталася без прываду на заднія колы. Так што другое месца ў класе дасталася П’етру Жану Мішэлю Крако, які таксама выступаў на Шкодзе, а трэцяе заняў Вінсэнт Віршурэн на Volkswagen Polo GTI R5 (абодва бельгійцы, дарэчы).

У WRC2 да перамогі да самай нядзелі ішоў малады швед Олівер Сольберг. Расіянін Мікалай Гразін на сваім Volkswagen Polo GTI R5 яшчэ на трэцім допе самаліквідаваўся, патрапіўшы ў аварыю, але і сыну чэмпіёна свету па ралі 2003 году Петэра Сольберга проста не было – у суботу на яго новенькім Hyundai i20 N Rally2 выйшаў з ладу узмацняльнік рулявога кіравання. Штурману Олівера Аарану Джонстану нават прыйшлося за яго тузаць ручны тормаз у шпільках, каб пілот мог круціць стырно абедзвюма рукамі.

Гэта запаволіла малодшага Сольберга, але яго партнёр па камандзе Яры Хутунен так і не змог да яго наблізіцца. І толькі праблемы ўжо з электрыкай, што ўзніклі на машыне Олівера ў нядзелю раніцай вымусілі яго сысці з дыстанцыі. Так што перамог усё роўна Хутунен, які на апошніх допах, дарэчы, таксама застаўся без узмацняльніка стырна. Пры гэтым у абсалюце ён размясціўся ажно на дзевятнаццатым месцы. Проста акрамя яго з Сольбергам больш у заліку WRC2 на ралі Іпру ніхто не стартаваў.

Акурат ззаду фіна ў абсалютным заліку размясціўся пераможца сярод юніораў – брытанец Джон Армстранг. Лідарства ён захапіў яшчэ ў пятніцу, і нікому яго не саступаў, болей чым на хвіліну апярэдзіўшы фіна Самі Паяры, які заняў другое месца. Трэцім бельгійскі этап скончыў эстонец Роберт Вірвэс. Усе юніоры, нагадаю, выступаюць на аднолькавых пярэднепрывадных Ford Fiesta.

Вяртаючыся ж да галоўнай катэгорыі WRC, не магу не задацца пытаннем, ці не запозна Нэвіль і Hyundai вярнуліся ў чэмпіёнскую гонку. Усё ж такі, да канца сезону застаецца ўсяго чатыры этапы, і на кожным Цьеры мусіць зарабляць шмат ачкоў. Пры гэтым асфальтавымі будуць толькі іспанскі і японскі этапы. А вось наступнае грэчаскае ралі Акропаля 9-12 верасня пройдзе на гравіі, на якім рызыка патрапіць у непрыемнасці вышэй.

Толькі і застаецца спадзявацца, што ўсе няўдачы Нэвіль і яго каманда ў гэтым годзе зрасходавалі.

Другие посты блога

Все посты