Рэвалюцыя і рэакцыя: успамінаем галоўныя падзеі першай паловы сезону Формулы-1 перад стартам другой

Фота: formula1.com і каманд-удзельніц

Перамены, якія наспелі ў Формуле-1 і якіх мы чакалі ў лепшым выпадку ў наступным годзе, раптоўна пачаліся ў гэтым. Аднак першая палова сезону запомнілася не толькі спробамі Макса Ферстапена і Red Bull пахіснуць лідарства Льюіса Хэмілтана і Mercedes, але і спробамі апошніх захаваць статус-кво.

Дзевяноста дзевяць перамог і сто адзін поўл у 277 Гран Пры. Сем чэмпіёнскіх тытулаў, прычым апошнія чатыры – запар. Нават калі вы прыхільнік гоначнага таленту (гэта без усялякай іроніі) Льюіса Хэмілтана, усё роўна не кажыце мне, што не жадалі, каб хто-небудзь кінуў яму выклік і пачаў спаборнічаць з ім на роўных – усё роўна не паверу. Тое ж самае тычыцца каманды Mercedes, якая ўвогуле дамінавала ў Формуле-1 з 2014 году, калі у чэмпіянаце свету пачалася турба-гібрыдная эра.

Таму хуткасць, якую на самым старце прадэманстравалі Макс Ферстапен і яго каманда Red Bull, неверагодна натхніў абсалютна ўсіх. Дзякаваць за гэта, канечне, мы мусім найперш кампаніі Honda, для якой гэты сезон у Вялікіх Прызах стане апошнім. Ці самым апошнім, толькі? Японцы ж ужо некалі сыходзілі з Формулы-1. Так ці інакш, гуму яны вырашылі не цягнуць, і зрабілі канкурэнтаздольную сілавую ўстаноўку ўжо да сезону-2021.

Вось і атрымалася, што я меў рацыю, калі ў перадсезонным прэв’ю адзначыў, што хоць цуд у выкананні Red Bull і Хонды хай сабе і не быў чаканым, але і немагчымым не быў таксама. І на першым жа Гран Пры Бахрэйна перамог… Льюіс Хэмілтан! А вы чакалі, што дзейсныя чэмпіёны вось так адразу падымуць лапкі дагары? Не, у Mercedes цвяроза ацанілі сітуацыю і сілы супернікаў, і зрабілі правільныя высновы. Тактычная гульня і пэўная псіхалагічная перавага забяспечылі ім поспехі на старце сезону.

Плюс на асобных этапах вырашальнымі былі нюансы. У Партугаліі, напрыклад, куды кампанія Pirelli прывезла шыны самага жорсткага кампаўнду, такі выбар канкрэтна ў тых умовах (слізкая траса, моцны вецер), верагодна, забяспечыў перавагу Хэмілтана. Ну і ў тактычныя гульні ў Mercedes гуляцца не развучыліся, таму і ў Парцімане, і потым у Барселоне Фартуна ўсміхалася Трохпрамянёвай Зорцы.

А вось у Манака сітуацыя была ўжо дыяметральна супрацьлеглай! Спека, самыя мяккія саставы гумы, традыцыйна высокая для балідаў Red Bull прыціскная сіла і талент Макса Ферстапена ужо яму дазволілі раскатаць канкурэнтаў. Ну, і крыху шанцавання. Бо пілот Ferrari Шарль Леклер поўл напярэдадні заваяваў (а ён на вузкіх вулачках Княства мае ледзь не вырашальнае значэнне), але адразу фатальна раскалаціў свой балід, а Хэмілтан…

А Хэмілтан увогуле свой балід параўноўваў з непаваротлівым аўтобусам, жалячыся на яго некіравальнасць! Высілкі механікаў па выпраўленні налад пасля свабодных заездаў, калі Льюіс пачуў першыя трывожныя званочкі, не толькі не прынеслі патрабаванага эфекту, а толькі пагоршылі становішча, і кваліфікаваўся сяміразовы чэмпіён у Манака акурат сёмым жа.

Уся надзея была на Ботаса, чыя будучыня ў складзе Mercedes ужо тады не выглядала гарантаванай. Пасля зыходу Леклера ён апынуўся на першым шэрагу, аднак яго стартавую атаку Ферстапен, які ў сваю чаргу апынуўся на поўле, адбіў, хутка адарваўся на бяспечную адлегласць, і мог увогуле ехаць на «расслабоне», таму што для Валтары гонка хутка скончылася на піт-стопе, калі механікі не здолелі адкруціць гайку на правым пярэднім коле.

Частковую адказнасць за паломку глава каманды Тота Вольф, дарэчы, усклаў пасля на самога фіна. Але не гэта (дакладна, не толькі гэта) зрабіла будучыню Ботаса ў Формуле-1 увогуле туманнай. Быў свежы ў памяці і правальны для яго Гран Пры Эмільі-Раманьі ў Імале.

Тады Валтары сышоў хай сабе і не па сваёй віне, а праз саманадзейнасць галоўнага прэтэндэнта на яго месца, які бліснуў на мінулагоднім Гран Пры Сахіра – пілота Williams Джорджа Расэла. Але хуткасці ў яго тады не было нават на фоне маладога брытанца. Не кажучы ўжо пра іншага падданага брытанскай кароне – свайго напарніка па Мерсэдэсу, які ў той гонцы фінішаваў другім, нягледзячы на візіт у гравій і страту пазіцый (і, зноў жа, дзякуючы удаламу тактычнаму кіраванню на камандным мосціку).

Ужо тады, аднак, стала зразумела і што Хэмілтан і Mercedes у прынцыпе пераможныя. Так, ім удалася контратака на згаданых партугальскім і іспанскім этапах, але ўжо Манака на іх фоне стала ледзь не ганьбай чэмпіёнаў. А наступны Гран Пры Азербайджана прадэманстраваў, што і Льюіс не заўсёды можа спраўляцца з псіхалагічным уціскам.

У Баку таксама ўсё вырашылі шыны, але не так, як хацелася б найперш камандзе Red Bull. Пракол задняй правай на балідзе Ферстапена прывёў да сур’ёзнай аварыі і нават да спынення гонкі чырвонымі сцягамі. Пасля якіх усё, што заставалася Хэмілтану – гэта проста акуратна аб’ехаць напарніка Макса Серхіа Перэса, што выглядала не тое што магчымым, а гарантаваным.

Да фінішу заставалася два кругі, гонка пераўтварылася ў спрынт. А Льюіс перад рэстартам слушна адзначыў, што яны з камандай удзельнічаюць у марафоне. І некалькімі хвілінамі пазней выпадкова сапсаваў баланс тармазоў перад першым паваротам, так і не захапіўшы лідарства і не атрымаўшы важнай перамогі. Затое другую ў сваёй кар’еры адсвяткаваў тады Перэс.

Далей – болей! На Гран Пры Францыі стала зразумела, што і па тактыцы абыграць Mercedes магчыма. Рызыкоўны другі піт-стоп Ферстапена і яго эфектны абгон Хэмілтана на перадапошнім кругу прынеслі яму перамогу на трасе ў Ле Кастэле, што дазволіла нідэрландцу замацаваць здабытае яшчэ ў Манака лідарства ў чэмпіянаце. А Гран Пры Штырыі і Аўстрыі, на якіх Макс дамінаваў, увогуле прымусілі многіх зморшчыцца. Маўляў, атрымалі хрэн замест рэдзькі – дамінаванне Red Bull і Ферстапена замест дамінавання Mercedes і Хэмілтана.

Пасля гэтага інцыдэнт паміж двума лідарамі чэмпіянату на Гран Пры Вялікабрытаніі выглядаў нервовым зрывам дзейснага чэмпіёна. Але, канечне, не з’яўляўся ім. Магу толькі паўтарыць тое, аб чым напісаў на наступны дзень пасля яго: звычайны гоначны інцыдэнт, якія раней ці пазней здараюцца падчас барацьбы пілотаў, якія ў роўнай ступені прэтэндуюць на чэмпіёнства. І калі б ён не прывёў да такой жорсткай аварыі, у якую патрапіў Ферстапен, не было б чаго і абмяркоўваць.

Але там ужо пачалася, так бы мовіць, PR-вайна. У Mercedes настойвалі, што Льюіс нічога не парушаў (хоць ён і быў адразу пакараны 10-секундным Stop&Go, які, зрэшты, не перашкодзіў яму перамагчы), у Red Bull патрабавалі дадатковага расследавання і гразіліся прадставіць новыя доказы наўмыснасці дзеянняў Хэмілтана (што выглядала маханнем кулакамі пасля бойкі).

Скончылася гэта, можна сказаць, баявой нічыёй – FIA адхіліла пратэст Red Bull, а пакаранне Хэмілтана па гарачых слядах пасля інцыдэнту было прызнанае правамоцным. Так што цяпер два прэтэндэнты на тытул меліся высветліць, хто з іх лепшы традыцыйным спосабам – на трасе. Але ў Вугоршчыне Валтары Ботас плюхнуў бензіну ва ўжо патухлае вогнішча.

Наколькі сумнымі бываюць гонкі на Хунгарорынгу ў сухое надвор’е, настолькі ж непрадказальныя і падзейныя яны пад дажджом. Ці хаця б на мокрай трасе, як было ў гэтым годзе. У адваротным выпадку Ферстапен, хутчэй за ўсё, хутка абагнаў бы Ботаса і спаборнічаў бы за перамогу з Хэмілтанам. А так усе пабачылі меткі страйк у выкананні фіна, ахвярамі якога апроч яго самога сталі пілот McLaren Ланда Норыс і… Ферстапен!

Максу ў выніку прыйшлося на пашкоджаным балідзе супрацьстаяць хуткаму Хэмілтану, які стартавых непрыемнасцей пазбег, але потым стаў ахвярай ужо каманднага мосціка Мерсэдэса, і паўторна стартаваў у адзіноце на прамежкавых шынах, тады як усе, хто ў гонцы застаўся, пераабуваліся ў слікі.

Сістэму, аднак, характарызуе не памылка, а рэакцыя на памылку. І Срэбраныя Стрэлы свой пралік хутка выправілі, а астатняе дарабіў Льюіс. Дакладней, амаль дарабіў, даехаўшы толькі да трэцяга месца. Якое, зрэшты, хутка стала другім у выніку дыскваліфікацыі Себасцьяна Фетэля за недахоп паліва для пасляфінішнага аналізу (цяпер ужо канчатковага – пратэст Aston Martin таксама быў адхілены).

Аднак і другога месца Хэмілтана пры дзявятым Ферстапена яму хапіла, каб вярнуць сабе і Мерсэдэсу лідарства перад жнівеньскай паўзай. А заадно атрымаць псіхалагічную перавагу перад супернікамі. Адваротным жа бокам гэтага поспеху стала высокая матывацыя каманды Red Bull. Цяпер у вострыя моманты, якіх, можаце не сумнявацца, мы ў гэтым сезоне пабачым багата, больш жорсткім будзе ўжо Макс.

Ён ужо не той безразважны юнак, якім быў на пачатку сваёй кар’еры. Наадварот, як гоншчык Ферстапен за апошнія гады значна пасталеў, і напэўна здолее весці барацьбу на мяжы дазволенага, не пераступаючы яе. Так што наступная змена лідараў чэмпіянату можа адбыцца ўжо ў бліжэйшы ўік-энд, тым больш што сама траса Спа-Франкаршам спрыяе агрэсіўнай барацьбе.

Карацей, з барацьбой за тытул усё зразумела – яна ў самым разгары, і будзе працягвацца, магчыма, да фінальнай гонкі ў Абу-Дабі. А што ж ніжэйшыя эшалоны?

Пра неверагодную перамогу Эстэбана Акона ў Вугоршчыне я не забыўся, канечне. Яна хай сабе і стала магчымай у выніку збегу абставінаў, але не стала ад таго меней яскравай. І пацвердзіла, што адносіны з маладым французам у Alpine падоўжылі слушна. Ды і яго двойчы тытулаваны напарнік Фернанда Алонса пасля пэўнай прабуксоўкі на старце сезону затым пачаў выступаць ужо бадзёра. А яго адчайная абарона ад атак з боку Хэмілтана на тым самым вугорскім Гран Пры ўпрыгожыла ўвесь сезон (і натуральна дапамагла Акону падняцца на вяршыню подыуму.

Хоць, канечне, Alpine па-ранейшаму адносіцца не да другога дывізіёну, а да трэцяга, і змагаецца найперш з AlphaTauri і Aston Martin. Пакуль што па ачковым ліку французскі калектыў перамагае, але моладзь у малодшай камандзе Чырвоных Быкоў дастаткова хуткая, каб здолець падняць яе ў Кубку канструктараў вышэй. У прынцыпе, AlphaTauri пасля Вугоршчыны як раз саступіла Alpine, хоць абодва яе пілоты выступілі нядрэнна – П’ер Гаслі фінішаваў пятым, Юкі Цунода шостым (ужо з улікам дыскваліфікацыі Фетэля).

Толькі маладому японцу на фоне свайго французскага напарніка, які ў мінулым годзе перамог у Монцы (ізноў дзякуючы калейдаскопу гоначных падзей), не хапае досведу і, як следства, стабільнасці вынікаў. Хаця першыя два ачкі камандзе ў Бахрэйне прынёс менавіта ён. Але пра перспектывы што яго, што Гаслі казаць пакуль што рана, бо і той жа Перэс хай сабе і не бліскае на фоне Макса, але ачкі Рэд Булу прыносіць спраўна, ды і камандным іграком становіцца, калі трэба.

З Aston Martin усё болей ці меней зразумела – ні Лэнсу Стролу па зразумелых прычынах, ні Фетэлю тут нішто не пагражае. Ачкоў паболей і ад таго, і ад таго не перашкодзіла б, натуральна, але ў існых умовах і тое, што ёсць больш ці менш адпавядае чаканням.

Ну а калі б не тая самая дыскваліфікацыя Себасцьена пасля вугорскай гонкі, і ён, і каманда дакладна былі б вышэй у сваіх заліках. Зрэшты, балід як мінімум на асобных этапах дазваляе яму падымацца на подыумы, таму ў другой палове сезону чатырохразовы чэмпіён будзе ў стане паправіць становішча. Строл, не выключана, таксама, але гэта аб’ектыўна меней верагодна.

Хто здзіўляць не перастае, дык гэта Расэл! Столькі праходаў у фінал кваліфікацыі па ходу першай паловы чэмпіянату, столькі разоў Джордж быў блізкі да таго, каб зарабіць першыя ачкі ў складзе Williams, але кожны раз яму не хапала то хуткасці яго баліду, то яго надзейнасці, то і таго, і таго.

Аднак усё ў той жа Вугоршчыне разам з напарнікам Нікаля Лаціфі яны зламалі тэндэнцыю, што ўсіх замучыла, рэзультатыўна фінішаваўшы ў першай дзясятцы. Канадзец пры гэтым скочыў нават вышэй за брытанца – на сёмае месца. Зноў жа дзякуючы няўдачам фаварытаў, але лік заўсёды на табло.

Лік-та на табло, а вось будучыня… Гаслі пакуль што не дэманструе тых вынікаў, якія дазволілі б казаць пра перспектывы яго пераходу ў каманду памацней. Расэл гэта робіць, але ў Мерсэдэсе быццам бы не так ужо і незадаволеныя Ботасам. Яго, мякка кажучы, памылка на Хунгарарынгу, здавалася б, павінна была паставіць крыж на яго будучыні ў нямецкай камандзе, але там пакуль што адклалі да верасня пытанне аб сваім складзе на наступны год.

Валтары дастаткова хуткі, каб рэгулярна набіраць ачкі, падмяняць Льюіса на вяршыні подыуму ў выпадку праблем у яго і проста яго прыкрываць, але поўнасцю пазбаўлены чэмпіёнскіх амбіцый. Аб лепшым напарніку Хэмілтан і марыць не можа. І калі верная мая здагадка аб тым, што яго новы – не адна-, як было раней, а двухгадовы – кантракт з Мерсэдэсам прадугледжвае і яго магчымасць уплываць на выбар другога пілота каманды, то плёткі на гэтую тэму могуць працягваць цыркуляваць ледзь не да наступнага году.

З Alfa Romeo зараз зразумела, што нічога з ёй не зразумела. Фрэдэрык Васёр на сто адсоткаў не задаволены ні Антоніа Джавінацы, ні Кімі Райканенам. Першы малады і быццам бы перспектыўны, але адзінае ачко набраў толькі ў Манака. Другі па ачку здабыў у Азербайджане і Вугоршчыне, і зразумела, што практычна ўпёрся ў свой столь, абумоўлены найперш узростам. Таму склад каманды на наступны год невядомы. Як, зрэшты, і будучыня самой каманды.

Справа ў тым, што на мінулым тыдні стала вядома, што інтарэс да Формулы-1 праяўляе Майкл Андрэці, сын легендарнага Марыа Андрэці, які ўжо мае каманду ў Формуле Е, а таксама ў серыях IndyCar, Indy Lights, IMSA Sports Car Championship і Supercars Championship. Па плётках, ён можа набыць у тым ліку і Alfa Romeo, і такі сцэнарый выглядае верагодным.

Бо наўрад ці новыя ўладальнікі Williams, якія толькі пачалі разбірацца з праблемамі брытанскай каманды (і нават дабіліся пэўнага поспеху), пагодзяцца вось так вось адразу яе камусьці прадаць. Хоць і яна, як кажуць, цікавіць малодшага Андрэці. Як, дарэчы, і Haas.

Вось каму, здаецца, няма чаго губляць! Адмовіўшыся ад паслуг Рамэна Гражана і Кэвіна Магнусэна і аддаўшы перавагу Міку Шумахеру і Мікіце Мазепіну, хуткім і з грашыма (спонсарскімі ў першым выпадку і бацькоўскім у другім), Джын Хаас і Гюнтэр Штайнэр пакуль што не дачакаліся заўважных спартыўных вынікаў. Дык чаму б не прадаць такі прывабны актыў, пакуль на яго ёсць попыт?

Калі Расэлу і Лаціфі зарабіць ачкі ў Вугоршчыне дапамог цуд, то немаведама што павінна здарыцца, каб у цяперашняй сітуацыі тое ж зрабілі Шумахер з Мазепіным. Пытанне толькі ў тым, ці пагадзіцца з магчымай угодай кіраўніцтва Ferrari. Скудэрыя і ў самой камандзе Haas мае долю, і Мік – выхаванец яе гоначнай акадэміі. Зрэшты, магчымая змена шыльды не будзе азначаць канца супрацоўніцтва паміж камандамі.

Але гэта ўсё пакуль што не болей чым плёткі. Рэчаіснасць жа такая, што малодшы Шумахер з Мазепіным зараз пазбаўленыя магчымасці скочыць вышэй за галаву. Таму наўрад ці нехта будзе патрабаваць ад іх немагчымага ў другой палове сезону. Але канкрэтна Міку трэба ўсё ж такі неяк дэманстраваць свой патэнцыял, калі ён хоча ў будучыні апынуцца ў Ferrari.

Вось яна з McLaren – гэта і ёсць цяперашні другі эшалон Формулы-1. Формула-1.2, як яго часам называюць. Крызіс мінулага году пераадолены, і ў гэтым італьянская канюшня ўпэўнена б’ецца хаця б за трэці радок у Кубку канструктараў. Абодва пілоты пры гэтым моцна стараюцца, хоць таксама аб’ектыўна абмежаваныя ўзроўнем баліду SF21. Так што магчыма Карлас Сайнс, які, маючы на тры ачкі болей чым у Шарля Леклера (83 супраць 80), апярэджвае таго ў чэмпіянаце на адну пазіцыю, займаючы шостую, час ад часу думае, што ў McLaren было як мінімум не горш.

Зараз у каманд з Маранэла і Уокінга роўная колькасць балаў у Кубку канструктараў – па 163, і Ferrari наперадзе толькі па дадатковых паказчыках. Але адзін удалы выступ Норыса (а такіх у маладога брытанца ў гэтым годзе шмат) можа вярнуць McLaren на трэцюю пазіцыю. У параўнанні з мінулым годам Ланда моцна прыбавіў, тады як яго новы напарнік Даніэль Рыкарда пакуль што буксуе. Працэс яго адаптацыі ў новай камандзе зацягнуўся, і менавіта гэта абумовіла недабор ачкоў з яго боку.

Будучыня ж пілотаў McLaren і Ferrari ясная і не мусіць ні ў каго з іх выклікаць занепакоенасці – у камандах імі ў цэлым задаволеныя. І калі самі каманды працягнуць прагрэсіраваць і правільна зарыентуюцца ў новым рэгламенце, які ўступіць у дзеянне ў наступным годзе, то і яны могуць паднесці прыемныя сюрпрызы.

Ледзь не забыўся пра яшчэ адзін сюрпрыз, але ўжо ад арганізатараў чэмпіянату. Дакладней, пра іх эксперымент з фарматам уік-энду і спрынтэрскай гонкай. Упершыню яго паспрабавалі на Сільверстоўне, але гарачыя падзеі на трасе тады адцягнулі ад яго ўвагу, хоць ён яе безумоўна заслугоўвае. Больш гоначнай актыўнасці – гэта само па сабе добра, тым больш што спрынт тады выйшаў цікавым.

Наступным этапам, які пройдзе ў такім фармаце, стане Гран Пры Італіі 10-12 верасня. Яму нішто не пагражае, а вось Гран Пры Нідэрландаў у Зандварце, які пройдзе ў першыя восеньскія выхадныя, праз пандэмійныя абмежаванні мог і не адбыцца. Бізнэс-мадэль яго прамоўтэра прадугледжвала аншлаг на трыбунах – усе 105 тысяч месцаў. Кампраміс у выніку знайшлі, абмежаваўшы колькасць заўзятараў на траціну – 70 тысячамі.

Грошай прамоўтэр, вядома, атрымае меней, але нідэрландскі Гран Пры хоць з другой спробы, але адбудзецца. У адрозненні ад японскага, які следам за аўстралійскім быў адменены праз каронавірус. Затое днямі з’явілася інфармацыя, што Формула-1 у гэтым годзе можа ўпершыню наведаць трасу Ласаіл у Дохе, вядомую аматарам мотагонак па чэмпіянаце MotoGP, які вясной правёў там ажно два этапы (Гран Пры Катара і Дохі). Формульная гонка, калі дамоўленасць аб ёй будзе дасягнутая, пройдзе там у лістападзе.

Ну а пакуль што нас чакае Гран Пры Бельгіі. А мы чакаем яго, балазе, чакаць засталося ўсяго некалькі дзён. Гонкі на Спа-Франкаршам, як я ўжо казаў вышэй, цікавымі былі ўвесь час, а надыходзячая, улічваючы напружаную барацьбу Хэмілтана і Ферстапена, будзе цікавейшай удвая.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+20
Написать комментарий
Реклама 18+