Што гэта было?! Вырашаем, ці можна лічыць, што Гран Пры Бельгіі адбыўся

Фота: formula1.com

Учарашняя… эээ… гонка Формулы-1 запомніцца ўсім надоўга. І будзе сніцца арганізатарам чэмпіянату свету ў начных кашмарах. А яе вынікі і іх справядлівасць будуць абмяркоўваць да наступнага Гран Пры Бельгіі.

Бойцеся сваіх жаданняў! Недарэмна хтосьці прыдумаў гэты выраз. Як мы ўсе чакалі этапу Формулы-1 на трасе Спа-Франкаршам, якую любяць усе гоншчыкі і аматары гонак! Яна і сама па сабе файная і спрыяе барацьбе і абгонам, а калі па ходу гонкі яшчэ і дожджык пральецца… Вось нас наверсе і пачулі. І паслалі ўчора такі дожджык, што ў патыліцах зачухалі нават тыя, для каго дрэннага надвор’я не бывае прынцыпова.

Як і ўсім, мне часам сняцца страшныя ці проста непрыемныя сны. Адзін з самых страшных і непрыемных іх сюжэтаў – гэта калі я чакаю якую-небудзь гонку Формулы-1 і або прапускаю яе па нейкай дурной прычыне, або яна пераўтвараецца ў нешта незразумелае. Другі варыянт учора і стаў явай.

Абмяркоўваць падзеі на трасе сэнсу не мае па прычыне іх фактычнай адсутнасці. Ну не лічыць жа імі два кругі (неабходная дыстанцыя, каб, у адпаведнасці з рэгламентам, лічыць, што заезд адбыўся) пад аўтамабілем бяспекі! Больш цікава, ці былі ў арганізатараў чэмпіянату і Гран Пры Бельгіі лепшыя варыянты выйсця са складанага становішча.

Аднак цікавыя падзеі па ходу ўік-энду ў Спа былі, і спачатку варта ўспомніць іх. Галоўныя развярнуліся, канечне, у суботу ў кваліфікацыі, якая таксама праз дождж пачалася са спазненнем. Не ў дзве гадзіны, праўда, а ўсяго ў дванаццаць хвілін, ды і працягвалася ўвесь адведзены час. І за гэты час нас шмат хто здзівіў.

Першымі гэта зрабілі пілоты Williams. Менавіта Джордж Расэл і Нікаля Лаціфі апынуліся на першых дзвюх пазіцыях пасля першых чыстых спроб. На самай першай канадзец пабываў за межамі трасы, перашкодзіўшы брытанскаму напарніку, аднак здолеў працягнуць барацьбу.

Пазней, пасля таго, як дождж прыціх і траса падсохла, дазволіўшы ўсім перайсці на прамежкавыя шыны, абодва канкурэнтам саступілі, аднак Джордж ізноў прайшоў у фінал, а Нікаля пасля наступных падзей усё роўна прабіўся ў першую дзясятку на стартавай рашотцы (і ў фінішным пратаколе гонкі).

Другім аўтарам сенсацыі стаў пілот McLaren Ланда Норыс. Хаця, ці такой ужо сенсацыі? Гэты сезон брытанец праводзіць надзвычай моцна, і мы памятаем яго ўдалыя выступленні, у тым ліку на мокрай трасе, як у Імале, напрыклад.

Тым не менш хутчэйшых часоў усе чакалі найперш ад такіх майстраў пілатавання ў дождж, як сяміразовы і дзейсны чэмпіён Льюіс Хэмілтан і яго галоўны ў гэтым годзе канкурэнт Макс Ферстапен. Але яны як раз у першых двух сегментах Норысу саступілі – пілот Mecedes быў трэцім і другім, а прадстаўнік Red Bull другім і пятым.

На бяду Ланда, у фінальным сегменце дождж узмацніўся ізноў. І ён жа стаў першай яго ахвярай, памыліўшыся ў павароце Raidillon і патрапіўшы там у сур’ёзную аварыю. Чатырохразовы чэмпіён з Aston Martin Себасцьян Фетэль быў пасля гэтага моцна раззлаваны, бо сам некалькімі хвілінамі раней заклікаў спыніць сесію чырвонымі сцягамі.

Сэб жа адным з першых пацікавіўся здароўем Норыса, спыніўшыся каля яго разбітага баліду а абмяняўшыся з ім сяброўскімі жэстамі. Ланда накіравалі ў медычны цэнтр, аднак, на шчасце, траўм ён пазбег і быў дапушчаны да гонкі.

Гэты інцыдэнт ужо прывёў да чырвоных сцягоў. Пакуль машыну Норыса эвакуіравалі і рамантавалі пашкоджаныя адбойнікі, дождж зноў паслабеў, і хутка пасля аднаўлення сесіі ўсе перайшлі на прамежкавыя шыны.

Пратакол спачатку ўзначаліў Хэмілтан, аднак на апошніх хвілінах яго апярэдзіў… Расэл! Льюіс жа адказаць яму не змог, апынуўшыся спачатку на другой пазіцыі, а пасля таго, як поўл заваяваў Ферстапен (нідэрландзец стаў адзіным, хто ў фінале выйшаў з дзвюх хвілін, праехаўшы па трасе за 1:59,765), апусціўся на трэці радок.

Пры гэтым цяперашні напарнік Хэмілтана Валтары Ботас, на месца якога ў складзе Mercedes у наступным годзе Расэл і прэтэндуе, кваліфікаваўся толькі восьмым. А потым яшчэ і пазбавіўся пяці пазіцый за свой стартавы таран у Вугоршчыне.

Пакуль што ніякай афіцыйнай інфармацыі аб яго будучыні няма, але выказванні главы каманды Тота Вольфа – маўляў, мы сям’я, і дбаем пра будучыню кожнага нашага члена – падводзяць да высновы, што ў дадзены момант дбаюць як раз пра будучыню Валтары, шукаючы яму месца на наступны сезон.

Бо што там клапаціцца пра будучыню Расэла, калі прынятае рашэнне пакінуць яго ў Williams? Йост Капіта і сам рады будзе нікому яго не аддаць. Але апошнія падзеі больш верагодным робяць варыянт вяртання ў яго калектыў Ботаса. Што Йоста таксама задаволіць, у адрозненні, натуральна, ад самога Валтары і ад Хэмілтана, якога ён як напарнік цалкам задавальняе.

Ну а пра падзеі нядзелі вы ўсё ведаеце: першая няўдалая спроба старту з двума установачнымі, а таму фармальна не гоначнымі кругамі, двухгадзіннае стаянне на піт-лэйне, а затым двухкругавая гонка працягласцю 3 хвіліны 27 секунд (новы рэкорд, дакладней, антырэкорд Формулы-1!), перамога Ферстапена, першы подыум Расэла, трэцяе месца Хэмілтана і спрэчнае налічэнне ачкоў (хай сабе і палавіны) першай дзясятцы. Чым былі асабліва не задаволеныя тыя, хто ў яе не патрапіў, як Фернанда Алонса, аб працягу адносін з якім напярэдадні аб’явілі ў Alpine.

У сваёй цяперашняй камандзе застанецца ў наступным годзе і Серхіа Перэс, што таксама было пацверджана перад бельгійскім Гран Пры. Аднак падзякаваць кіраўнікам Рэд Булу Крысціану Хорнэру і Хельмуту Марка ў Чэка не атрымалася – кваліфікаваўся ён толькі сёмым, а на наступны дзень на ўстановачным кругу зламаў пярэднюю падвеску свайго RB16B.

У тым, што аддалена нагадала гонку, мексіканец удзел прыняў толькі дзякуючы моцна адкладзенаму старту і высілкам механікаў. Ачкоў, праўда, усё роўна не набраў, фінішаваўшы апошнім. Толькі Лэнс Строл апынуўся потым у яго ззаду, бо падчас паўзы на яго Астан Марціне памянялі задняе антыкрыло, за што канадца пакаралі прыбаўкай дзесяці секунд.

Затое расійскага пілота Haas Мікіту Мазепіна яго лепшага кругу ў гонцы – 3:18,016 – ніхто не пазбавіў! Не ясна, праўда, ці залічылі яго ўвогуле, бо былі паведамленні і аб тым, што гэтага было вырашана не рабіць. Ачкоў, праўда, Мікіта за яго не атрымліваў у любым выпадку, бо фінішаваў сямнаццатым.

А вось Лаціфі і Карлас Сайнс з Ferrari дзякуючы пакаранню Ботаса і Норыса (Ланда ўсё ж страціў пяць пазіцый за замену пашкоджанай у аварыі скрыні перадам), а таксама самаліквідацыі Перэса ў першую дзясятку ў выніку патрапілі. Іспанец, праўда, не быў гэтым моцна ўзрадаваны, улічваючы падзеі, тады як канадцу і яго камандзе зараз важныя любыя рэзультатыўныя фінішы. Таму і подыуму Расэла ў Williams учора радаваліся шчыра.

Што да становішча ў чэмпіянаце, то Хэмілтан лідарства захаваў, але Ферстапен да яго ўшчыльную наблізіўся – у іх цяпер 202,5 і 199,5 ачкоў адпаведна. Норыс са сваімі 113 баламі застаўся трэцім, тады як McLaren у Кубку канструктараў тую ж трэцюю пазіцыю вярнуў, адабраўшы яе ў Ferrari, і зараз мае 169 ачкоў супраць 165,5. Гэта ёсць заслугай Даніэля Рыкарда, які ўчора ў сваім двухсотым Гран Пры заняў чацвёртае месца. Лідары ж тут ранейшыя – Mercedes, у якога цяпер 310,5 ачка, і Red Bull, які мае 303,5 бала.

Чэмпіянат працягнецца ўжо ў бліжэйшыя выхадныя доўгачаканым Гран Пры Нідэрландаў. Улічваючы яго блізкасць да мора (траса ў Зандварце знаходзіцца акурат на ўзбярэжжы), надвор’е і тут можа падкінуць сюрпрызы. Зрэшты, калі яны не будуць такія гіпертрафіраваныя, як у Спа, то можа гэта будзе і нядрэнна, бо канфігурацыя там ужо не такая шматспадзеўная.

Але мы забыліся пра галоўнае пытанне адносна Гран Пры Бельгіі – ці былі ў дырэкцыі гонкі лепшыя варыянты вырашэння праблемы? Калі зусім спрашчаць, то не. Каманда Майкла Масі дзейнічала строга ў адпаведнасці з рэгламентам, які не прадугледжваў, напрыклад, пераносу гонкі на іншыя дні, пра што казаў у тым ліку глава McLaren Зак Браўн.

Сёння, напрыклад, камандам ужо не да яе, бо яны займаюцца пераездам у Зандварт, і любая затрымка сапсавала бы ім усе графікі і лагістычныя схемы. Ды і заўзятарам гэта не было б цікава, бо значная іх частка сёння працуе, і не магла б наведаць гонку. А значыць, грошы за білеты ім прыйшлося б вяртаць, хаця варыянты кампенсацыі за ўчарашняе паразуменне будуць разглядацца і так.

Найбольш разумным варыянтам, на мой погляд, быў бы перанос гонкі на суботу 18 верасня – уік-энд паміж Монцай і Сочы. Але зноў жа паўставала б найскладанейшая лагістычная галаваломка. Толькі ўявіце, паглядзеўшы на мапу, які зігзаг прыйшлося б зрабіць удзельнікам чэмпіянату, спадарожнічаючы з адной краіны ў іншую!

Тут, хутчэй, варта весці размову аб тым, што ў FIA няма яснага плану дзеяння на такія форс-мажорныя выпадкі. Дый ці такія форс-мажорныя, на самой справе? Што мы ўчора бачылі ў Спа? Звычайны працяглы дождж, тыповы для канца лета, асабіста ў Ардэнскіх гарах. У Беларусі ў мінулыя выхадныя стаяла падобнае надвор’е. А ўзімку яшчэ снег бывае выпадае, прыкіньце!

Пры гэтым моцныя ліўні ў Спа ў прынцыпе звычайная з’ява. І ў чэрвені ўладальнікам трасы ўжо даводзілася ліквідаваць наступствы адной з такіх прыродных навалаў. Ну а пра мясцовае пераменлівае надвор’е і казаць няма чаго – гонка 24 гадзіны Спа, якая прайшла меней чым месяц таму, была дажджавой ці не напалову.

Яшчэ адным фактарам, які ўчора ўскладняў становішча, быў змрок. Ад пырскаў з-пад колаў пілотам і так амаль нічога не было відаць, а праз хмары было яшчэ і натуральна цёмна. Да таго ж змяркаецца ў гэтую пару году раней, чым у сярэдзіне лета.

І тут можна было б прапанаваць уладальнікам трас, якія прымаюць гонкі Формулы-1, укласціся ў штучнае асвятленне. Зразумела, гэта патрабуе ў любым выпадку значных выдаткаў, затое ў крайніх выпадках (а ўчора быў адзін з такіх), дачакаўшыся паляпшэння надвор’я, заезд можна было б правесці хоць глыбока ўначы.

Вось толькі траса Спа-Франкаршам наколькі прыгожая і цікавая, настолькі ж і небяспечная нават у пагоду. У 2018 годзе малады французскі гоншчык Формулы-2 Антуан Юбэр у выніку вялікай аварыі ў звязцы Raidillon de l'Eau Rouge загінуў, прытым што тая гонка была сухой. Ды і непрыемнае сутыкненне некалькіх машын GT падчас сутачнага марафону можна прыгадаць. А што там магчыма, калі асфальт сыры, могуць расказаць і ўдзельніцы гонак падтрымкі Формулы-1 W Series, палова чыіх балідаў у пятніцу ў кваліфікацыі сустрэлася там за адбойнікам і адзін з адным (на шчасце, траўм ніхто з дзяўчат не атрымаў).

Так што канкрэтна ва ўладальнікаў Спа на бліжэйшыя гады на нарадзе мадэрнізацыя гэтага ўчастку трасы. Яго профіль быццам бы застанецца ранейшым (за яго бельгійскую трасу многія і любяць), а вось зоны вылету збіраюцца значна перарабіць. Ёсць на што траціць грошы і без асвятлення.

Добра што хоць і ў FIA прызнаюць, што лепей бы, каб учарашні фарс у будучыні не паўтарыўся. Разам з камандамі там збіраюцца знайсці прымальны сцэнарый дзеянняў у падобных выпадках. Ну а мы ж цяпер, звяртаючыся да нябёсаў з просьбамі аб дажджы падчас гонак Формулы-1, будзем удакладняць, што мы маем на ўвазе пад словам «дождж». Учарашняя ж гонка, зноў жа ў адпаведнасці з рэгламентам, адбылася. Так, як адбылася.

P. S. У мінулую пятніцу рэжым, што ўжо год супрацьзаконна пануе ў Беларусі, пазбавіў рэгістрацыі Беларускую асацыяцыю журналістаў, членам якой маю гонар быць і я. Выражаю падтрымку кіраўніцтву арганізацыі і ўсім маім шматлікім сябрам, якіх я дзякуючы ёй сустрэў. Менавіта сяброўства і прафесійная салідарнасць, а не фармальная дзяржаўная рэгістрацыя, ёсць падмуркам БАЖ. Таму яе не знішчыць ніякімі фармальнымі юрыдычнымі рашэннямі. І я ўпэўнены, што ў хуткім часе асацыяцыя адновіць сваю легальную дзейнасць, а тыя, хто спрабуе яе забіць, стануць фігурантамі шматлікіх крымінальных спраў аб катаванні беларусаў. Жыве БАЖ! Жыве Беларусь!

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+15
Написать комментарий
Реклама 18+