Гран Пры марных надзей. Фабіа Куартарара атрымаў лёгкую перамогу на брытанскім этапе MotoGP

Фота: motogp.com

Гонка MotoGP на Сільверстоўне мусіла быць нашмат цікавейшай, чым была на самой справе. Але вінаваты ў гэтым дакладна не Фабіа Куартарара, які яшчэ наблізіўся да чэмпіёнскага тытулу.

Калі Эль Д’ябла ў гэтым годзе стане чэмпіёнам MotoGP, гэта будзе справядліва незалежна ад таго, наколькі лёгка гэта ў яго атрымаецца. І сам француз, і яго каманда Monster Energy Yamaha MotoGP заслугоўваюць поспеху хаця б за той прагрэс, які яны зрабілі ў міжсезонні. Зараз Фабіа на самой справе з’яўляецца адным з лепшых гоншчыкаў чэмпіянату, гэтаксама адным з лепшых, калі не самым лепшым, з’яўляецца яго матацыкл YZR-M1.

Дарэчы, японская каманда ў перспектыве – прычым у бліжэйшай – стане яшчэ мацней. У Вялікабрытаніі замест звольненага Маверыка Віньялеса, які ўжо праводзіць тэсты ў завадской Апрыліі, у яе складзе выступаў брытанец Кэл Кратчлоў. Аднак ужо на Гран Пры Сан-Марына ў Мізана ў верасні напарнікам Куартарара стане яго ж былы напарнік па Petronas Yamaha SRT Франка Марбідэлі.

Дзейсны віцэ-чэмпіён зараз далечвае свой траўміраваны на трэніроўках перад Гран Пры Нідэрландаў і затым праапераваны левы меніск. Працэс зацягнуўся, аднак у Ямахе ўпэўнены ў тым, што італьянец здольны развіць поспех, якога дабіўся ў мінулым годзе ў камандзе-сатэліце, у складзе ўжо завадской. І калі праблемы з нагой не будуць замінаць Франка, Куартарара ў яго асобе атрымае моцнага суперніка.

Самога ж Марбідэлі ў Petronas Yamaha SRT з Гран Пры Вялікабрытаніі пачаў замяняць брытанец Джэйсан Дзіксан. За гэты ж калектыў ён у гэтым годзе выступаў у катэгорыі Moto2, але і яго палічылі гатовым да пераходу ў найвышэйшы дывізіён. З першага разу, праўда, Дзіксан заняў дзевятнаццатае і апошняе месца.

Зрэшты, яго цяперашні легендарны напарнік Валянціна Росі, для якога гэты сезон ёсць апошнім у Вялікіх Прызах у якасці гоншчыка, фінішаваў усяго адной пазіцыяй вышэй. Затое вялікая радасць у Доктара наперадзе – ён са сваёй дзяўчынай Франчэскай Навэлай чакае нараджэння іх дачушкі, з чым мы іх і віншуем!

Што ж да Куартарара, то для яго мінулы ўік-энд і пачынаўся не сказаць каб складана. Кваліфікаваўся француз толькі трэцім, аднак агульнавядома, што ў мотагонках стартавая пазіцыя мала што вырашае. Тым не менш першая поўл-пазіцыя гоншчыка Repsol Honda Team Пола Эспаргара стала ў суботу мінісенсацыяй. Паміж ім і Куартарара на першым шэрагу размясціўся завадскі гоншчык Ducati Франчэска Баньяя, што абяцала цікавую барацьбу на першых кругах гонкі, улічваючы, што усе трое уціснуліся ў 0,036 секунды.

Паблізу быў і іспанскі гоншчык Pramac Racing Хорхе Марцін. Ён ужо паспеў здзівіць усіх на Гран Пры Штырыі, на якім перамог, і Гран Пры Аўстрыі, у якім дабраўся да подыуму. І рыхтаваўся ўжо развіць поспех на Сільверстоўне. Поўл ужо быў у яго ў руках, але суддзі адмянілі яго лепшы час у фінальным кваліфікацыйным сегменце за парушэнне меж трасы. Што, па адзначаных вышэй прычынах, ніякай катастрофай не было. А вось падзеі першага круга гонкі – былі.

Спраў нарабіў суайчыннік яго і Пола Эспаргара, а таксама напарнік апошняга Марк Маркес. Шасціразовы чэмпіён, які, здаецца, залячыў сваё траўміраванае ў мінулым годзе левае плячо, і цяпер выступае ўсе болей упэўнена. Вось і ў Гран Пры Вялікабрытаніі ён стартаваў пятым, і на першым жа кругу паспрабаваў уварвацца ў групу лідараў, каб затым, магчыма, і за перамогу пазмагацца. Але яго атака на Марціна ў павароце Vale скончылася іх сутыкненнем, падзеннем і сходам з дыстанцыі. Добра што хоць без траўм абышлося.

Гэтым, а таксама памылкамі Баньяі і Куартарара скарыстаўся брат Пола Эспаргара Алеш, які выступае за каманду Aprilia Racing Team Gresini. Ён на першым кругу прарваўся на другую пазіцыю, але заставаўся на ёй надоўга. Усё ж такі супраць Куартарара і яго завадской Yamaha YZR-M1 ды яшчэ і на Сільверстоўне з яго шматлікімі паваротамі цяперашняя паўзавадская Aprilia RS-GP не ёсць эфектыўнай зброяй.

А што ёсць? Ducati Desmosedici GP21 Марціна і Honda RC213V Маркеса можа і былі, але ў гонцы іх ужо не было, а астатнія… На першым круг Куартарара традыцыйна жылы не ірваў, і той жа Алеш Эспаргара абагнаў і яго. Аднак з трэцяга па пяты кругі Фабіа паступова абагнаў Баньяю і абодвух братоў Эспаргара, а праз яшчэ пятнаццаць кругоў атрымаў і чарговую перамогу.

Канечне, на карысць французу сыграла мноства фактараў. Дакладней, мноства іх спалучэнняў. Надвор’е на Сільверстоўне ў нядзелю было не такое складанае, як на Спа-Франкаршам, і гонка стартавала і адбылася без праблем і затрымак. Аднак моцны вецер і прахалода прымусілі ўсіх пагуляць у шынную латарэю.

У выніку многія зрабілі выбар на карысць мякчэйшых кампаўндаў, і калі на Ямахе Куартарара гэта спрацавала, то ў Баньяі, напрыклад, хутка пачаліся праблемы – ужо круга з шостага італьянец пачаў губляць адну пазіцыю за адной, фінішаваўшы ў выніку толькі чатырнаццатым.

У яго аўстралійскага напарніка Джэка Мілера пры гэтым сітуацыя была значна лепей – ён захаваў высокі тэмп да самага фінішу. Падобная сітуацыя склалася і ў Team Suzuki Ecstar: Алекс Рынс і дзейсны чэмпіён Жоан Мір стартавалі дзясятым і адзінаццатым адпаведна і за першыя кругі дабраліся да групы лідараў. Але калі Рынс змог у ёй затрымацца, абагнаў абодвух братоў Эспаргара і заняў у выніку другое месца, рэабілітаваўшыся пасля няўдач у першай палове сезону, то Мір у пэўны момант тэмп страціў і праваліўся на дзявятае месца.

Прычынай, гледзячы па ўсяму, ізноў быў знос шын. З такой жа праблемай сутыкнуўся і Пол Эспаргара, які прапусціў не толькі Рынса з Алешам, але і Мілера. Джэк скарыстаўся яго памылкай у Stowe на апошніх кругах, калі быў адным з самых хуткіх гоншчыкаў на трасе. Алеша аўстраліец таксама дагнаў, але абагнаць не здолеў – іспанец з перавагай меней чым у секунду фінішаваў трэцім, прынёсшы брэнду Aprilia першы подыум у сучаснай эры MotoGP.

З гэтым поспехам Алеша Эспаргара і каманду Gresini можна толькі павіншаваць, але ён носіць вельмі лакальны характар. Глабальнае ж значэнне мае лідарства Куартарара ў чэмпіянаце. Пасля брытанскага Гран Пры Фабіа павялічыў свой адрыў ад пераследнікаў, і зараз мае 206 ачкоў супраць 141 у Міра, які змог падняцца на другую пазіцыю. Напарнік Марціна Жоан Зарко на Сільверстоўне фінішаваў адзінаццатым, аднак гэтага яму хапіла, каб вярнуцца ў першую тройку чэмпіянату, якую ён замыкае, маючы 137 балаў. Што, зрэшты, толькі на адзін болей чым у Баньяі.

Наступны этап MotoGP будзе хатнім для многіх яго ўдзельнікаў – ён 10-12 верасня пройдзе на трасе Мотарлэнд Арагон у іспанскім Альканісе. І калі мясцовыя гарачыя гоншчыкі не наробяць там новых памылак, у іх будуць шанцы адыграцца і навязаць барацьбу Эль Д’ябла.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+16
Написать комментарий
Реклама 18+