Коратка, затое драматычна. На трасе Брэндс-Хэтч фінішаваў Кубак Sprint серыі GT World Challenge Europe

Фота: gt-world-challenge-europe.com

Фінал Кубку Sprint серыі GT World Challenge Europe, што ў мінулы ўік-энд прайшоў на трасе Брэндс-Хэтч у Вялікабрытаніі, надоўга запомніцца найперш эфектнай аварыяй з удзелам гоншчыка каманды Jota Олівера Уілкінсана. Ён, на шчасце, не пацярпеў, ды і іншых падзей у гонках хапала.

Любыя гонкі, што праходзілі ў мінулыя выхадныя, усе цяпер непазбежна будуць параўноўваць з Гран Пры Бельгіі Формулы-1. Зараз яго арганізатары думаюць над тым, як кампенсаваць гледачам на трыбунах выдаткі на білеты, бо натуральна чакалі яны не таго, што ў выніку пабачылі. І не памылюся, калі выкажу здагадку, што госці Спа-Франкаршам моцна пазайздросцілі тым, хто ў тую ж нядзелю наведаў Брэндс-Хэтч, дзе праходзіў сёмы этап серыі GT World Challenge Europe.

Пад дажджом ганяцца небяспечна, кажаце? Ну дык эфектныя аварыі і на сухой трасе магчымыя! Менавіта ў такую – вельмі крыўдную для каманды Jota – і патрапіў у першым заездзе Олівер Уілкінсан з трыццаць восьмага экіпажу. Іх з Бэнам Барнікотам McLaren 720S GT3 быў адным з самых хуткіх на брытанскім аўтадроме, і брытанцы ўжо былі ўзялі поўл, але суддзі пазбавілі іх дзвюх пазіцый за блакіроўкі супернікаў.

Так што з першага стартавага шэрагу ў бой ішлі восемдзесят восьмы экіпаж Akka ASP у складзе Рафаэле Марчэла і Цімура Багуслаўскага і трыццаць другі экіпаж Team WRT, у якім выступаюць лідары (і, забягаючы наперад, цяпер ужо пераможцы Кубку Sprint) Шарль Віртс і Дрыс Вантор, якія ў гэтым сезоне адзначыліся перамогамі на этапах у Маньі-Куры і Мізана. Аднак Audi R8 LMS GT3 апошніх Барнікот, які і пачынаў гонку ў сваім экіпажы, пакінуў ззаду ўжо на старце, а Mercedes-AMG GT3 першых крыху пазней па ходу першага ж кругу.

Практычна адразу Бэн здолеў стварыць вялікі адрыў ад сваіх пераследнікаў, не пакінуўшы ім шанцаў падабрацца да сябе на адлегласць атакі ў сваю змену. На піт-стоп, каб перадаць стырно Уілкінсану, ён адправіўся практычна на сярэдзіне гадзіннага заезду. І нават невялічкая замінка Олівера пры крананні з месца не пазбавіла яго віртуальнага лідарства – экіпажы Akka ASP і Team WRT засталіся ззаду.

Праўда Марчэла, які на піт-стопе змяніў Багуслаўскага ў какпіце іх Мерсэдэса, пачаў хутка набліжацца да Уілкінсана, і за дзесяць хвілін да сканчэння часу ад былой перавагі трыццаць восьмага экіпажу нічога не засталося. Брытанца ратавалі толькі яго ўласнае майстэрства абароны, а таксама трафік, у якім ён пачаў прыкрывацца машынамі кругавых. Толькі менавіта яны і сталі прычынай таго, што гонку ён завяршыў заўчасна і за межамі гоначнага палатна.

За пяць хвілін да канца Олівер вымушаны быў адначасова абганяць гэных кругавых, і абараняцца ад Марчэла, які не спыняў свае атакі. Адна з такіх у момант, калі абодва ў хуткай дузе спрабавалі абысці дзевяноста трэцюю Ferrari 488 GT3 каманды Sky Tempesta Racing (Крыса Фогарта і Джорджыа Роды), і прывяла да кантакту паміж усімі трыма машынамі. І калі Ferrari проста развярнула, то McLaren з Уілкінсанам унутры проста вышпурнула не тое што за межы трасы, а ўвогуле за бар’ер бяспекі.

Гоншчык, на шчасце, не пацярпеў і хутка самастойна выбраўся з разбітай машыны. Але гонка, у якой яны з напарнікам прэтэндавалі на перамогу, усё роўна скончылася для іх не такім чынам і не там, дзе яны хацелі б. Заезд пасля гэтага інцыдэнту быў нейтралізаваны рэжымам віртуальнага аўтамабіля бяспекі, у ім жа і скончыўся. Першым лінію фінішу перасек Марчэла, але пазней менавіта яго суддзі прызналі вінаватым у здарэнні, налічыўшы яму з Багуслаўскім ажно сорак штрафных секунд, што адкінула экіпаж на сямнаццатае месца.

Так што хоць фізічна італьянец з расіянінам паспелі падняцца на вяршыню подыуму, перамога ўсё роўна перайшла да Віртса і Вантора, якія фінішавалі следам. Другое месца заняў у выніку шосты экіпаж Toksport WRT Лукі Штольца і Мара Энгеля (яны выступаюць на Mercedes-AMG GT3), а замкнулі першую тройку партнёры пераможцаў па камандзе – трыццаць першы экіпаж Фрэнка Бёрда і Рыючыра Таміты.

Пакараныя па выніках першай гонкі былі таксама адны з трыумфатараў этапу ў Зандварце Рыкарда Фелер і Алекс Фантана з чатырнаццатага экіпажу Emil Frey Racing, якія занялі чацвёртае месца ў абсалюце і перамаглі ў заліку Silver. За парушэнне працэдуры піт-стопа яны атрымалі праезд па піт-лэйне, які з прычыны таго, што гонка ўжо скончылася, канвертаваўся ў дадатковыя трыццаць секунд.

Багуслаўскі ж з Марчэла амаль рэабілітаваліся пасля штрафу ў першай гонцы ў кваліфікацыі перад другой (абедзве праходзілі ў нядзелю). Там поўл яны заваявалі ўжо чыста, і ў самой гонцы былі хуткімі. Настолькі, што пасля кароткага перыяду аўтамабіля бяспекі ў самым пачатку (трэба было эвакуіраваць восьмы Mercedes каманды Ram Racing, які апынуўся ў гравіі пасля кантакту ў апошнім павароце са сто чатырнаццатым Lamborghini Huracan GT3 Evo калектыву Emil Frey Racing) Рафаэле пачаў «прывозіць» пераследнікам – экіпажам Штольца і Энгеля і Віртса і Вантора – па паўсекунды за кожны круг.

На піт-стоп італьянец адправіўся ледзь не ў апошні момант перад закрыццём дазволенага перыяду, які пачынаецца на дваццаць пятай хвіліне і канчаецца на трыццаць пятай. Багуслаўскі пілатаваў у такім жа хуткім тэмпе, і ўсё ішло да іх з Марчэла перамогі, калі б не здарэнне на самай апошняй хвіліне.

Цімур раптоўна запаволіўся, чым адразу скарысталіся Штольц і Віртс, якія яго абагналі. Багуслаўскі пачаў ехаць міма трасы і прапусціў яшчэ некалькіх супернікаў, ў выніку фінішаваўшы шостым. І на фінішнай прамой і высветліліся што за бяда здарылася ў расіяніна – свой Mercedes-AMG GT3 ён прыпаркаваў побач з выездам з боксаў, а яго правае пярэдняе кола кацілася асобна ззаду…

Штольц і Энгель дзякуючы гэтай непрыемнасці былых лідараў атрымалі перамогу, а Віртс і Вантор занялі другое месца. Багуслаўскага ж з Марчэла на подыуме, праўда, на ніжняй яго ступені, падмянілі іх партнёры па Akka ASP Петру Разван Умбрарэску і Жуль Гунон з восемдзесят дзявятага экіпажу.

Поспех на Брэндс-Хэтчы прынёс Віртсу і Вантору і іх калектыву Team WRT перамогі ў адпаведных заліках спрынтэрскага Кубку серыі GT World Challenge Europe. На другім месцы сярод гоншчыкаў там размясціліся Энгель і Штольц, а Марчэла і Багуслаўскі замкнулі першую тройку. У камандным заліку Emil Frey Racing сталі другімі з перавагай усяго ў палову ачка (76,5 супраць 76) перад Toksport WRT.

Спаборніцтва ж у зводных заліках серыі (з улікам сум вынікаў у Кубках Sprint і Endurance) працягваецца. У камандным, праўда, і тут упэўнена лідзіруе Team WRT – бельгійскі калектыў мае 180,5 ачка, тады як Akka ASP, займаючы другую пазіцыю, адстае на 62 ачкі роўна. Яму ў сваю чаргу роўна васямнаццаць балаў саступае Emil Frey Racing, які па-ранейшаму замыкае першую тройку.

Віртс з Ванторам таксама лідары ў заліку гоншчыкаў – у іх 159,5 ачка. Марчэла здолеў захаваць другую пазіцыю і мае 88 ачкоў, а пераможцы 24 гадзін Спа Ніклас Нільсэн, Алесандра П’ер Гуідзі і Ком Ледагар, якія на Брэндс-Хэтчы не стартавалі (яны ўдзельнічаюць толькі ў Кубку Endurance), з 71 ачком засталіся трэцімі.

Як няцяжка здагадацца, наступныя і апошнія тры этапы серыі GT World Challenge Europe пройдуць як раз у фармаце Endurance. Бліжэйшы пачынаецца ўжо заўтра на трасе Нюрбургрынг у Германіі.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+17
Написать комментарий
Реклама 18+