Працяг трэнду. Этап WRX у Францыі скончыўся чарговым трыумфам Цімі Хансэна і чарговай няўдачай Йохана Крыстоферсана

Фота: fiaworldrallycross.com

Такімі тэмпамі свой трэці чэмпіёнскі тытул у сусветным ралі-кросе Крыстоферсану не абараніць. Другі этап запар праз тэхнічныя праблемы ён пралятае міма фіналу, а яго галоўны канкурэнт Цімі Хансэн другі ж раз запар святкуе перамогу.

Зусім ад Крыстоферсана адвярнулася Фартуна. Спачатку яму не пашанцавала на этапе WRX у яго роднай Швецыі, дзе двайны пракол не дазволіў яму прайсці ў фінал. Потым тэхніка падвяла яго на трэцім этапе электычнай пазадарожнай серыі Extreme E на выспе Грэнландыя. А ў мінулыя выхадныя чорная паласа працягнулася для Йохана і на трэцім этапе сусветнага ралі-кросу ў французскім Лаэаку.

Пры гэтым спачатку-та трохразовы чэмпіён быў сярод прэтэндэнтаў на перамогу. Ён і па выніках кваліфікацыйных заездаў быў мацнейшым, і ў першым паўфінале, дзе стартаваў разам са сваім галоўным канкурэнтам Цімі Хансэнам, быў хуткім і ўпэўнена лідзіраваў… пакуль на апошнім кругу на яго Audi S1 не зламаўся прывад левага задняга кола.

І добра б толькі гэны прывад – такую паломку магчыма было ўхіліць да пачатку фінальнага заезду, а ў яго Крыстоферсан, здолеўшы ўсё ж такі фінішаваць трэцім, прайшоў. Але па ходу рамонтных прац высветлілася, што пашкоджаная і скрыня перадач. Механікі справіліся і з гэтай праблемай, толькі гэта заняла занадта многа часу, і Йохан проста не паспеў на старт. Вароты маршалы крыўдна зачынілі прама ў яго перад носам.

Таму фінал зноў праходзіў пад дыктоўку братоў Хансэнаў, якія занялі першыя два месцы і на этапах WRX у Барселоне і Хольесе, і – на пару з дзяўчатамі – у той самай гонцы Extreme E на Грэнландыі. Абодва не бліскалі хуткасцю ў суботу, аднак карэкцыя налад іх Peugeot 208 і шыннай тактыкі далі плён: Цімі перамог у сваім паўфінале (канечне, дзякуючы ў тым ліку непрыемнасцям у Крыстоферсана), Кэвін – у сваім другім, так што на старце фінальнай гонкі яны занялі першы шэраг.

Ну а затым ужо проста праехаліся шчыльнай парай усе шэсць кругоў, ізноў заваяваўшы сямейна-камандны дубль. Першым фінішную лінію перасек Цімі – у адпаведнасці са старшынством і наяўнасцю чэмпіёнскага тытулу ў 2019 годзе, Кэвін заняў другое месца. Замкнуў першую тройку сын двухразовага чэмпіёна свету па ралі Маркуса Гронхольма Ніклас, які выступае за каманду GRX-SET World RX Team і пілатуе Hyundai i20.

Крыстоферсан па выніках этапу ў Лаэаке ачкі таксама набраў, і ў чэмпіянаце нават адыграў адну пазіцыю, падняўшыся на чацвёртую. У яго 57 ачкоў, аднак Кэвін Абрынг, якога ён і абышоў і які ў Францыі заняў чацвёртае месца, саступае яму толькі два балы. Напарнік Гронхольма Крысціан Саба, які ў мінулыя выхадныя заняў пятае месца, застаўся, праўда наперадзе. Аднак паміж ім і шведам цяпер толькі адно ачко. Вось абодва Хансэны адарваліся ўжо моцна. Цімі лідзіруе з 85 ачкамі, Кэвін саступае яму дзесяць.

Малодшых катэгорый на французскім этапе сусветнага ралі-кросу было тры: электрычная RX2e, а таксама еўракубкаўскія RX1 і RX3. У першай дэбютную перамогу атрымаў малады мясцовы гоншчык Дарыан Дэландэ, чые выступленне стала без перабольшванняў сенсацыйным – ён дамінаваў увесь уік-энд. Другое месца заняў дасведчаны латвіец Рэйніс Ніцішс, трэцім фінішаваў пераможца першага этапу Гіём дэ Рыдэр.

Вядомы аматарам кузаўных гонак, у прыватнасці, серыі WTCR, Рэнэ Мюніх перамог у Euro RX1. Наогул, Андрэас Бакеруд быў там мацнейшым, і менавіта ён рыхтаваўся да трыумфу ў фінале, але за круг да фінішу яго Škoda Fabia раптоўна запаволілася. Seat Ibiza Мюніха аказаўся хоць і не хутчэйшым, але затое больш надзейным. Другое месца ў выніку заняў Андрэа Дзюбург на Peugeot 208, трэцяе заняў Тамаш Карай на Audi S1.

У катэгорыі Euro RX3 нікому не пакінула шанцаў уся каманда Volland Racing KFT, чые гоншчыкі выступаюць на Audi A1. Яны не толькі акупіравалі ўвесь подыум, а занялі першыя чатыры месцы. Пры гэтым перамога дасталася самаму малодшаму і найменей дасведчанаму з іх – бельгійцу Кобэ Паўэльсу, які звярнуў на сябе ўвагу яшчэ на першым этапе ў Барселоне.

Гэта быў яго першы візіт у Лаэак, але ён хутка асвоіўся на незнаёмай трасе, быў хуткім у кваліфікацыях і дамінаваў у сваім другім паўфінале. А ў вырашальным заездзе дзякуючы ранняму заезду на джокер-пятлю апярэдзіў свайго расійскага партнёра і пераможцу першых двух этапаў Юрыя Бялеўскага, які заняў другое месца. Трэцім і чацвёртым фінішавалі таксама расіяне – Цімур Шыгабуддзінаў і Марат Князеў адпаведна.

Два наступных этапу чэмпіянату свету па ралі-кросе будуць спаранымі і пройдуць у адзін уік-энд – 18-19 верасня. Іх прыме траса Бікерніекі, што ў сталіцы Латвіі Рызе.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+18
Написать комментарий
Реклама 18+