Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Мала аднаго. Віртс і Вантор спрабуюць перамагчы ў Кубку Endurance серыі GT World Challenge Europe і яе аб’яднаным заліку

Мала аднаго. Віртс і Вантор спрабуюць перамагчы ў Кубку Endurance серыі GT World Challenge Europe і яе аб’яднаным заліку

Забяспечыўшы сабе чэмпіёнства ў спрынтэрскім Кубку, гоншчыкі каманды Team WRT Шарль Віртс і Дрыс Вантор працягваюць змагацца за перамогу і ў Кубку Endurance, і ў аб’яднаным заліку серыі GT World Challenge Europe. Хоць на яго этапе на Нюрбургрынгу галоўнымі героямі былі не яны.

9 сентября 2021, 17:20
6
Мала аднаго. Віртс і Вантор спрабуюць перамагчы ў Кубку Endurance серыі GT World Challenge Europe і яе аб’яднаным заліку

Забяспечыўшы сабе чэмпіёнства ў спрынтэрскім Кубку, гоншчыкі каманды Team WRT Шарль Віртс і Дрыс Вантор працягваюць змагацца за перамогу і ў Кубку Endurance, і ў аб’яднаным заліку серыі GT World Challenge Europe. Хоць на яго этапе на Нюрбургрынгу галоўнымі героямі былі не яны.

Найперш, аднак, мушу чарговы раз выбачацца перад сваімі чытачамі і падпісчыкамі. Успамінаючы падзеі папярэдняга і як раз спрынтэрскага этапу GT World Challenge Europe на трасе Брэндс-Хэтч, я назваў яго апошнім спрынтэрскім. На самой жа справе такім будзе як раз наступны ў іспанскай Валенсіі, а, адпаведна, у фармаце Endurance апроч нямецкага пройдзе этап ізноў жа ў Іспаніі, але ўжо ў Барселоне (ён жа і завяршыць увесь сезон GT World Challenge Europe).

Крыўдная памылка, бо каляндар, удакладняючы гэтыя дробязі, я пераглядаў некалькі разоў, але вочы мае ўсё роўна мяне падвялі. Ну і цэнтральны працэсар з аператыўнай памяццю ў маёй чарапной скрыні крыху перагрузіліся ад моцнага патоку гоначнай інфармацыі. Так што выбачаюся і абяцаю быць надалей удвая больш уважлівым!

А ўвага патрэбная, бо, напрыклад, у мінулую нядзелю мне давялося адначасова сачыць за падзеямі трохгадзіннай гонкі GT на Нюрбургрынгу і Гран Пры Нідэрландаў у Зандварце. Толькі што характар абодвух спаборніцтваў быў гэтым разам падобны, і пераможцы этапу GT World Challenge Europe фактычна вызначыліся яшчэ напярэдадні ў кваліфікацыі, якую выйграў шэсцьдзесят трэці экіпаж каманды Orange1 FFF Racing у складзе Мірка Барталоці, Марка Мапэлі і Андрэа Кальдарэлі.

Больш за гэта – у нязменным парадку стартавала і фінішавала ўся першая тройка! Рафаэле Марчэла, Феліпэ Фрага і Жуль Гунон з восемдзесят восьмага экіпажу Akka ASP занялі другое месца, а Мара Энгель, Лука Штольц і Ніка Басціан з чацвёртага экіпажу калектыву HRT замкнулі першую тройку.

І толькі за пазіцыі ніжэй было нешта падобнае на барацьбу, але, напрыклад, экіпажы Emil Frey Racing проста абмяняліся чацвёртай і пятай. Чацвёртую на старце займалі Конста Лапалайнен, Лука Гіота і Артур Руж’е са сто чатырнаццатага экіпажу, аднак па ходу гонкі яны прапусцілі наперад партнёрскі сто шэсцьдзесят трэці ў складзе Норберт Зідлера, Джакама Альтоэ і Альберта Косты.

Дык няўжо ж зусім няма чаго ўспомніць з этапу GT World Challenge Europe, гонкі якога звычайна бываюць падзейнымі? Канечне, ёсць, проста ў асноўным падзеі заезду на Нюрбургрынгу малі лакальны характар. Хаця прарыў з дзявятай пазіцыі на старце на шостую на фінішы лідараў серыі Шарля Віртса і Дрыса Вантора, якія ўжо забяспечылі сабе чэмпіёнства ў Кубку Sprint (тут я сваіх чытачоў у зман не ўвёў) і з якімі ў трыццаць другім экіпажы выступаў Робін Фрайнс, увагі заслугоўвае.

Ну а вакханалія, якая пачалася на трасе на трэцяй гадзіне гонкі, калі гоншчыкі пачалі памыляцца, вылятаць з трасы і разбіваць свае машыны, магла паўплываць на вынік. Пелатон некалькі разоў спрасоўваўся аўтамабілем бяспекі, дзякуючы чаму напружанае становішча было і ў групе лідараў. Нажаль, у сапраўдную барацьбу і абгоны яно так і не канвертавалася.

Вяртаючыся ж да трыа з Вантора, Віртса і Фрайнса, варта адзначыць, што яны пакінулі ззаду і пераможцаў неверагодных 24 гадзін Спа Алесандра П’ер Гуідзі, Кома Ледагара і Нікласа Нільсэна з пяцьдзесят першага экіпажу Iron Lynx – яны фінішавалі сёмымі. Аднак лідарства ў Кубку Endurance, дзе ў іх 77 ачкоў, яны за сабой захавалі. Вантор з Віртсам, праўда, займаючы другую пазіцыю, адстаюць толькі на трынаццаць балаў, але і ім на пяткі наступаюць Кальдарэлі, Мапэлі і Барталоці, у якіх усяго на чатыры ачкі меней.

Затое ў аб’яднаных і, бадай, галоўных заліках серыі GT World Challenge Europe для Віртса і Вантора і іх каманды Team WRT усё складаецца добра – усе лідзіруюць. Калектыў робіць гэта, маючы 190,5 ачка. Akka ASP, праўда, сваё адставанне скараціла з 62 ачкоў да 54, адначасова павялічыўшы да 21 перавагу над Emil Frey Racing, які застаўся на трэцяй пазіцыі.

У Віртса з Ванторам 167,5 ачка, а ў Марчэла, які па-ранейшаму займае другую пазіцыю, цяпер 106. Нільсэн, П’ер Гуідзі і Ледагар маюць 77 ачкоў і пакуль што захоўваюць за сабой трэцюю пазіцыю, аднак Штольц з Энгелем адстаюць ад іх усяго на адзін бал.

Наступны этап GT World Challenge Europe на трасе ў Валенсіі, які я памылкова і назваў доўгім, хоць ён на самой справе спрынтэрскі, пройдзе 24-26 верасня. А напярэдадні ўік-энду на Нюрбургрынгу была апублікаваная папярэдняя версія календара серыі на наступны год.

Сезон складзецца з дзесяці этапаў (па пяць эндураўскіх і спрынтэрскіх), першы з якіх, як і ў гэтым годзе, 8-10 красавіка прыме Монца, а апошні – ізноў Барселона (30 кастрычніка – 2 лістапада). Вось толькі Нюрбургрынг як мінімум у наступным годзе заменены Хакенхаймам, хаця і апошняя траса вартая цікавых гоначных чэмпіянатаў.

Другие посты блога

Все посты