Рэно адрываецца, Гайсэра даганяюць. Этапы MXGP ў Турцыі па-рознаму склаліся для лідараў дзвюх катэгорый чэмпіянату

Фота: mxgp.com

Чэмпіянат свету па мотакросе два этапы запар правёў у турэцкім Аф’ёнкарахісары, прычым з розніцай усяго ў пару дзён. Іх галоўнымі бенефіцыярамі сталі Максім Рэно і Джэфры Херлінгс.

Звычайна падзеі этапаў сусветнага мотакросу я разбіраю ў пачатку тыдня. Усё ж такі гэта адно з галоўных гоначных першынстваў планеты. Аднак арганізатары турэцкіх этапаў у Аф’ёнкарахісары правялі іх з розніцай не ў тыдзень, як бывае звычайна. Прывычна ў выхадныя прайшоў першы, а другі праходзіў у аўторак-сераду, так што ад першачатковыя планы публікацый прыйшлося карэктаваць.

Турцыя ў многіх асацыіруецца з адпачынкам, а вось удзельнікі MXGP прыехалі туды працаваць. Адпачывалі яны амаль месяц перад гэтым – у прамежку пасля этапу ў Латвіі. Хто проста адпачываў, хто далечваў траўмы, атрыманыя за два месяцы пасля старту сезону ў Расіі. Як, напрыклад, дамінатар гонак пад Туапсэ і дзейсны чэмпіён катэгорыі MX2 Том Віаль, які на трэніроўках у Матэрлі Байсіне пашкодзіў руку, прапусціўшы затым некалькі этапаў.

І вось вынік – на даволі патрабавальнай 1 725-метровай трасе ў Аф’ёнкарахісары па ходу першага з этапаў на ёй гоншчык Red Bull KTM Factory Racing быў адным з самых хуткіх. Першую нядзельную гонку француз пачаў хол-шотам, а скончыў упэўненай перамогай. Але пра дамінатарства ў дадзеным выпадку ці ледзь ішла гаворка. У пачатковай фазе заезду Віаль саступіў быў першую пазіцыю аднаму са сваіх партнёраў па камандзе – Рэнэ Хоферу.

Аднак хутка Віаль паспяхова контратакаваў аўстрыйца, які ў сваю чаргу не змог доўга падтрымліваць аднолькавы з Томавым тэмп і пачаў губляць пазіцыі, фінішаваўшы ў выніку пятым. Прапусціў ён апроч іншых ён на восьмым кругу прапусціў і аднаго са сваіх партнёраў – Маціа Гуаданьіні. Той некалькімі кругамі раней ужо паспеў разабрацца з канкурэнтам з Rockstar Energy Husqvarna Factory Racing Джэдам Бітанам і фінішаваў другім. Аўтраліец заняў трэцяе месца.

А што ж лідар сезону – суайчыннік Віаля Максім Рэно з Monster Energy Yamaha Factory Racing MX2. Для яго першая гонка ў нядзелю склалася не тое каб няўдала, але і не ідэальна. Пасля складанага старту Рэно апынуўся ў канцы першай дзясятцы, і мусіў быў прарывацца наверх. Рабіць гэта, зрэшты, Максім умее добра, таму да чацвёртага месца ён у выніку даехаў. Ну а ў другім заездзе правёў работу над памылкамі: і стартаваў з хол-шотам, і дыстанцыю пераадолеў беспамылкова. Віаль быў ужо ў ролі таго, хто даганяе, і, трэба адзначыць, даганяў Рэно ён даволі эфектыўна. На апошніх кругах Том нават ужо рыхтаваўся атакаваць суайчынніка, але ўпаў і адстаў ад яго.

Другую пазіцыю Віаль, аднак, захаваў, і за кругі, што засталіся нават паспеў наблізіцца да Рэно ізноў, але на абгон часу ўжо не хапіла, і дзейсны чэмпіён задаволіўся другім месцам. Затое па выніках этапу ён перамог, а Рэно стаў другім. Трэцім у другой гонцы ізноў фінішаваў Бітан, які гэтам разам стрымаў Гуаданьіні ззаду (Маціа заняў чацвёртае месца) і трэцяе ж месца заняў і на этапе.

У старэйшай катэгорыі MXGP ролю дамінатара на першым з этапаў у Аф’ёнкарахісары многія, напэўна, аддалі Хорхе Прада. Іспанец з завадскога калектыву KTM быў найхутчэйшым па выніку свабодных практык, з першай пазіцыі пачынаў гонку і ў абедзвюх стаў аўтарам хол-шотаў. Аднак канвертаваць сваю хуткасць у перамогу ў яго так аніводнага разу і не атрымалася.

На першых кругах першага заезду ў Топ-5 увогуле было горача – там нават усім месца не хапала. Добра стартаваў не толькі Прада, але і Глэн Колдэнхоф з Monster Energy Yamaha Factory MXGP, і гоншчык Monster Energy Kawasaki Racing Team Рамэн Фэвр, і нават Паўльс Йонас з Standing Construct GasGas Factory Racing – усе яны апынуліся ў групе лідараў.

Адзін з партнёраў Прада па камандзе Джэфры Херлінгс разам з дзейсным чэмпіёнам Цімам Гайсэрам з завадской Хонды спачатку захраслі ззаду. Пры гэтым на іх саміх ціснуў яшчэ адзін катээмавец Антоніа Кайролі. Так што славенцу з нідэрландцам прыйшлося спяшацца. З Йонасам абодва справіліся хутка, а вось Колдэнхофа гэтак жа аператыўна абагнаць атрымалася толькі ў Херлінгса, тады як Гайсэр на дзесяць кругоў затрымаўся ў яго за спінай і пад уціскам з боку Кайролі.

Аб будучай перамозе Херлігса, аднак, таксама нічога не нагадвала – на трэцяй пазіцыі ён правёў даволі шмат часу. Паскорыўся Джэфры толькі бліжэй да канца гонкі, калі дагнаў і без асаблівых цяжкасцей абышоў спачатку Фэвра, а крыху пазней і Прада. Херлінгс у выніку перамог, Прада фінішаваў другім, а вось Фэвру ўтрымацца ў першай тройцы не ўдалася. Памыліўшыся за два кругі да фінішу, француз прапусціў Йонаса, які і замкнуў першую тройку.

Гайсэр у першым заездзе фінішаваў толькі шостым, аднак у другім адыграўся, атрымаўшы ў ім перамогу. Стартаваў ён значна лепей, адразу апынуўшыся ў першай тройцы, хутка апярэдзіў Фэвра ў спрэчцы за другую пазіцыю. Прада супраціўляўся даўжэй, але і ён у выніку саступіў Ціму лідарства, якое той выкарыстаў для перамогі ў гонцы.

Для Херлінгса другі заезд выдаўся складанейшым за першы, але нідэрландзец здолеў мінімізаваць страты. Стартаваў ён не дужа ўдала, апынуўшыся на сёмай пазіцыі, аднак затым пачаў імкліва прарывацца. Да першай тройкі Джэфры дабраўся хутка і зноў па чарзе абагнаў Фэвра і Прада, фінішаваўшы другім. А па выніках этапу атрымаў перамогу. Прада, які ў другой гонцы заняў трэцяе месца, падняўся на другую ступень подыуму, а ніжняя дасталася Гайсэру.

Першы этап на Аф’ёнкарахісары называўся Гран Пры Турцыі, а другі, што праходзіў у аўторак і сераду, Гран Пры Аф’ёну. Вынікі абодвух раўндаў аказаліся вельмі падобнымі, што, зрэшты, не павінна здзіўляць – свае лепшыя бакі на ўжо вядомай трасе праз пару дзён прадэманстраваць было яшчэ лягчэй.

Былі, канечне, і адрозненні. Напрыклад, у MX2 Рэно перамог у першай гонцы, а Віаль у другой. Пры гэтым спачатку Том фінішаваў другім, а потым Максім. Гоншчык KTM пачаў першы заезд хол-шотам, але суайчыннік з Ямахі абагнаў яго ў канцы трэцяга круга. А потым моцна ад яго ад’ехаў, фінішаваўшы з адрывам болей чым у сямнаццаць секунд. Трэцяе месца заняў Гуаданьіні, але яму прыйшлося пазмагацца з Бітанам, а таксама з гоншчыкам F&H Kawasaki Racing Мацісам Байрамам.

Француза італьянец бліжэй да канца гонкі абагнаў чыста (але не ў момант, калі Маціс упаў), а вось з аўстралійцам прыблізна на сярэдзіне дыстанцыі яго барацьба была кантактнай. У выніку яе сам Маціа ледзь не ўпаў, а вось Джэд апынуўся такі на грунце і страціў шмат пазіцый, фінішаваўшы толькі дванаццатым. На адну пазіцыю пры гэтым абагнаўшы Байрама, якому, відавочна, збіла тэмп тое самае падзенне, на момант якога ён ішоў чацвёртым.

Бітан, зрэшты, адказаў Гуаданьіні ў другой гонцы, фінішаваўшы ў ёй трэцім, тады як Маціа адмашку клецістым сцягам атрымаў толькі на шостай пазіцыі. Толькі што двум лідарам навязаць барацьбу Джэд не змог, амаль на паўхвіліны адстаўшы ад Віаля, які перамог. Том, дарэчы, ізноў стартаваў з хол-шотам, аднак у другім заездзе ужо не дазволіў Рэно сябе апярэдзіць, і да фінішу ад’ехаў ад яго на пяць з паловай секунд.

Віаль жа адсвяткаваў выніковую перамогу на Гран Пры Аф’ёну. Рэно ізноў заняў другое месца, а замкнуў першую тройку на гэты раз Гуаданьіні. Наўрад ці, аднак, Максім быў засмучаны, таму што ў чэмпіянаце лідарства не толькі захаваў, але і з 34 да 49 ачкоў павялічыў перавагу перад Гуаданьіні – у іх 361 і 312 ачкоў адпаведна.

Яго бельгійскі напарнік Яга Гіртс, лепшым дасягненнем якога ў Турцыі стала чацвёртае месца ў першай гонцы ў сераду, захоўвае трэцюю пазіцыю і мае 290 ачкоў. Yamaha, маючы 402 ачкі, працягвае лідзіраваць у заліку вытворцаў у MX2. KTM другі з 386 баламі, Husqvarna з вялікім адставаннем – у яе 300 ачкоў – замыкае першую тройку.

У катэгорыі MXGP другі турэцкі этап, калі весці гаворку пра пераможцаў, скончыўся гэтак жа як і першы: Херлінгс перамог у першай гонцы, Гайсэр у другой. Пры гэтым у другой, як і ў нядзелю, другім фінішаваў Джэфры. Ну і каб было зусім смешна – абодва заезды ізноў хол-шотамі пачаў Прада. У першым за ім адразу ўвязаўся Фэвр, за якім у сваю чаргу прыстроіўся Херлінгс.

Барацьба француза і нідэрландца хутка стала барацьбой за перамогу, бо Прада перажыў непрыемнае падзенне і толькі высілкам волі працягнуў барацьбу, фінішаваўшы дваццаць першым. Гайсэр, які адразу пасля старту апынуўся на восьмай пазіцыі, да моманту, калі з Хорхе здарылася непрыемнасць, прабіўся ў групу лідараў і падганяў Херлінгса. Той у сваю чаргу ціснуў на Фэвра, аднак доўга не мог абысці яго.

Рамэн эфектыўна абараняўся, але ён не быў бы сабой, калі б хаця б адзін раз за этап не памыліўся і не ўпаў. У першай гонцы такая непрыемнасць здарылася з ім на самым апошнім кругу. Прапусціў ён у выніку не толькі Херлінгса, але і Гайсэра з Кайролі, якія бароліся паміж сабой. У іх спрэчцы перамог італьянскі ветэран і шматразовы чэмпіён, які абагнаў чэмпіёна дзейснага і фінішаваў другім.

Гайсэр задаволіўся трэцім месцам, аднак адыграўся ў другой гонцы. Узначаліў ён яе на шостым кругу, абагнаўшы спачатку Херлінгса, а затым і Прада. Пазней іспанца апярэдзіў Херлінгс, але шанцаў дагнаць Гайсэра ў яго не было – той хутка ад’ехаў на некалькі секунд. Кайролі ізноў быў адным з самых хуткіх, здзейсніў некалькі абгонаў, у тым ліку абышоў Прада, і фінішаваў трэцім.

Трэцяе месца Антоніа заняў і па выніках Гран Пры Аф’ёну, Гайсэр стаў другім, а перамога ізноў дасталася Херлінгсу. Так што гімны Нідэрландаў і Аўстрыі ў нядзелю адыгралі двойчы (акрамя Аф’ёнхісара яшчэ і ў Зандварце), а ў сераду яшчэ раз. Херлінгсу, відавочна, летні перапынак таксама пайшоў на карысць. Наступствы пералому пляча пасля прызямлення на яго Мантычэлі на яго хатнім этапе ў Осе пераадоленыя, і па выніках візіту ў Турцыю Джэфры падняўся на чацвёртую пазіцыю.

У Херлінгса 321 ачко, і да Кайролі і Фэвра, якія займаюць трэцюю і другую пазіцыі адпаведна, яму цяпер рукой падаць – італьянец апярэджвае яго на пяць ачкоў, а француз на шэсць. Ды і Гайсэр, які пакуль што захоўвае лідарства і мае 355 ачкоў, стаў бліжэй. KTM па-ранейшаму ўзначальвае залік вытворцаў, дзе ў яго 423 балы. Honda з 356 ачкамі пакуль што другая, Kawasaki, у якой 332 ачкі, замыкае першую тройку.

Наступны этап чэмпіянату свету па мотакросе пройдзе 18-19 верасня ў Рыола Сарда, што на выспе Сардынія.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+18
Написать комментарий
Реклама 18+