Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дождж, абгоны, чырвоныя сцягі і працяг супрацьстаяння Рэя і Разгітліоглу. Чым яшчэ запомніўся этап WSBK у Барселоне?

Дождж, абгоны, чырвоныя сцягі і працяг супрацьстаяння Рэя і Разгітліоглу. Чым яшчэ запомніўся этап WSBK у Барселоне?

Падзей у гонках сусветнага Супербайка ў іспанскай Барселоне хапала. Але ў цэнтры ўсеагульнай увагі, зразумела, было спаборніцтва Джонатана Рэя і Топрака Разгітліоглу за перамогу ў чэмпіянаце.

22 сентября 2021, 23:01
Дождж, абгоны, чырвоныя сцягі і працяг супрацьстаяння Рэя і Разгітліоглу. Чым яшчэ запомніўся этап WSBK у Барселоне?

Фота: worldsbk.com

Падзей у гонках сусветнага Супербайка ў іспанскай Барселоне хапала. Але ў цэнтры ўсеагульнай увагі, зразумела, было спаборніцтва Джонатана Рэя і Топрака Разгітліоглу за перамогу ў чэмпіянаце.

Візіт WSBK на трасу Каталунья Монтмела нібыта адлюстраваў увесь бягучы сезон серыі. Адбыцца можа што заўгодна. Хто заўгодна можа перамагчы, але гэта яму абсалютна нічога не гарантуе. А паколькі гэта мотагонкі, то тут нічога не гарантуе і поўл. У суботу, напрыклад, яго выйграў Том Сайкс, але наўрад ці чэмпіён 2013 году з каманды BMW Motorrad WorldSBK Team (з якой ён, нагадаю, расстаецца па сканчэнні гэтага сезону, саступаючы месца Скоту Рэдзінгу) быў гэтым натхнёны звыш меры.

Дый нават калі б і быў, яго запал пагасіў бы дождж, што пачаўся перад першай гонкай уік-энду ў тую ж суботу. Стартаваў брытанец у выніку няўдала, страціў шмат пазіцый і фінішаваў восьмым. Зрэшты, і для Рэя старт быў цяжкім – шасціразовы і дзейсны чэмпіён з Kawasaki Racing Team WorldSBK спачатку быў адкаціўся на дзясятую пазіцыю, аднак затым стаў хутка адыгрывацца.

А ў канцы першага круга Рэй увогуле ўзначаліў пелатон, абагнаўшы свайго галоўнага канкурэнта з Pata Yamaha with Brixx WorldSBK Топрака Разгітліоглу, які ўдала стартаваў другім. Брытанец і турак крыху пабадаліся спачатку, але Топрак хутка пачаў пакрысе адставаць, прапусціў Аксэля Басані з каманды Motocorsa Racing, які нечакана для ўсіх і для самога сябе апынуўся ў групе лідараў. Аднак бліжэй да канца гонкі Разгітліоглу аднавіў статус-кво, абышоўшы і Басані, і Рэя (пры гэтым Басані ў сваю чаргу абагнаў дзейснага чэмпіёна).

Толькі на пятнаццатым кругу (за шэсць да фінішу) Разгітліоглу раптам запаволіўся і сышоў з дыстанцыі праз механічныя праблемы. Не дапамагла яму нават святочная афарбоўка яго YZF R1 з нагоды 60-гадовага юбілею кампаніі Yamaha… Рэй у сваю чаргу быў не ў стане не толькі дагнаць Басані, але і стрымаць ззаду прадстаўніка завадской каманды Aruba.it Racing-Ducati Міхаэля Рубэна Рынальдзі.

Траса падсыхала, і ў такіх умовах нечакана знайшоўся тэмп у гоншчыкаў на Panigale V4 R, на якім выступае і Басані. Аднак па-сапраўднаму усіх здзівіў не Аксель і не яго суайчыннік Рынальдзі, а напарнік апошняга Скот Рэдзінг. Стартаваў ён, як і многія, дрэнна, адкаціўшыся з чацвёртай пазіцыі ўніз першай дзясятцы. А ў нейкі момант і за яе межамі апынуўся. Але на апошніх кругах Рэдзінг быў найхутчэйшым у пелатоне і ляцеў скрозь яго нібы рэактыўны снарад. Толькі кіраваны і разумны, таму што абганяў Скот аднаго суперніка за адным, не дапускаючы памылак. А за тры кругі да фінішу апярэдзіў і Басані, захапіўшы лідарства.

Менавіта Рэдзінг і атрымаў заслужаную перамогу ў першай гонцы. Басані здолеў стрымаць ззаду Рынальдзі, і хоць у завадской каманды дубля і не атрымалася, брэнд Ducati дабіўся гістарычнага дасягнення ў сусветным Супербаке – увесь подыум акупіравалі гоншчыкі на матацыклах з Борга-Панігале.

Нажаль для пераможца суботняй гонкі, ранішні нядзельны спрынт-суперпоўл склаўся для яго няпроста – у ім Рэдзінг заняў толькі пятнаццатае месца. Часткова яму зламала тэмп здарэнне на чацвёртым кругу, калі ў адзінаццатым павароце ў аварыю патрапілі Лука Маяс з Kawasaki Puccetti Racing і Чаз Дэвіс з Team GoEleven. Прычым для брытанца гэта скончылася струсам мозгу і пераломам двух рэбраў.

Заезд пасля гэтага інцыдэнту быў прыпынены чырвонымі сцягамі. А на рэстарце, паспрабаваўшы ўключыцца ў барацьбу за лідарства, Рэдзінг і памыліўся, страціўшы шмат пазіцый. Гонка пры гэтым працягвалася толькі пяць кругоў, скараціўшыся, такім чынам, на адзін. Рэй абагнаў Разгітліоглу на першым жа кругу, і потым кантраляваў адрыў. Тады як турку потым прыйшлося разбірацца з Альвара Баўцістай з завадской Хонды (з якой ён у наступным годзе вернецца ў завадскую ж Ducati), а ў яго ззаду ў аварыю патрапіў яго напарнік па камандзе Андрэа Лакатэлі.

Рэй у выніку перамог, Разгітліоглу фінішаваў другім, Баўціста замкнуў першую тройку. Добра хоць, што гэтым разам усё вырашылася на трасе, а не ў судзейскім пакоі, як на папярэднім этапе ў Маньі-Куры. Тады турак пазбавіўся перамогі ў суперпоўл-спрынце, прычым ужо пасля фінішу фінальнай гонкі ўік-энду. А на парушэнне ім меж трасы звярнуў увагу як раз Рэй, які і сказаў аб гэтым сваёй камандзе, а яе прадстаўнікі ўжо давялі пра сітуацыю да арганізатараў сусветнага Супербайка. Быццам бы ўсё атрымалася і ў адпаведнасці з правіламі, але асадачак, як кажуць, застаўся.

Апошні заезд уік-энду, дарэчы, таксама прыпыняўся чырвонымі сцягамі. Прычым удзельнікам інцыдэнту ў першым павароце на другім кругу ізноў стаў Лука Маяс. Толькі гэтым разам ён не падзяліў трасу з Томам Сайксам, які ў ранішнім спрынце сутыкнуўся са сваім напарнікам BMW Міхаэлем ван дэр Маркам. Брытанец атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму і, як і Чаз Дэвіс, верагодна, прапусціць наступны этап у бліжэйшы ўік-энд.

Пасля старту Рынальдзі распачаў свой прарыў, і ў пачатку другога круга абагнаў Разгітліоглу, адабраўшы ў яго першую пазіцыю. І, хоць на апошніх кругах Топрак падабраўся блізка да яго, італьянец змог утрымаць лідарства і прынёс чарговую перамогу сваёй камандзе. Разгітліоглу заняў другое месца, а ў Рэя і яго Kawasaki ZX-10RR кудысьці раптам прапаў тэмп. Ды і памылкі Джонатан пачаў дапускаць. У выніку ён прапусціў трох супернікаў і фінішаваў шостым.

Адным з тых, хто яго абагнаў, стаў і Рэдзінг, які на фоне ранішняга правалу выступіў выдатна, заняўшы трэцяе месца. Такую ж пазіцыю Скот, маючы 339 ачкоў, па-ранейшаму займае і ў чэмпіянаце. Лідары – Разгітліоглу і Рэй – далёка, затое яны ўвайшлі адзін з адным у клінч. Турак лідзіруе з 399 ачкамі, а брытанец яму саступае толькі адно!

На наступных этапах дакладна будзе горача. Бліжэйшы, як было адзначана вышэй, адбудзецца ўжо ў гэтыя выхадныя, таксама ў Іспаніі, але ўжо ў Херэсе, на трасе імя Анхеля Ніета, якая ў маі прыняла этап MotoGP. І калі тая гонка скончылася нечаканым чынам, то і ад супербайкаўскіх чакаць можна ўсяго.

Другие посты блога

Все посты