Ці ўсё страчана для Лук’янюка? Трэцяя запар няўдача пазбавіла Аляксея шанцаў абараніць тытул

Фота: fiaerc.com

Адыграцца на Азорскіх выспах у двухразовага і дзейснага чэмпіёна Еўропы па ралі Аляксея Лук’янюка не проста не атрымалася. Сход з дыстанцыі амаль пазбавіў яго магчымасці ўтрымаць тытул. Затое Андрэас Мікельсэн рухаецца да перамогі ў гэтым сезоне ERC упэўнена.

Чарада няўдач, што пачалася ў Лук’янюка яшчэ ў Італіі, моцна ўскладніла яго турнірныя задачы на гэты сезон еўрапейскага ралійнага першынства. Дапамагчы расіяніну магла б перамога на ралі Азорскіх выспаў, што прайшло ў мінулыя выхадныя, але на ім Аляксей запісаў на сваё імя яшчэ адзін сход з дыстанцыі.

Праблемы пачаліся з першага ж спецучастку ў пятніцу, на якім Лукас злавіў пракол. Далей – болей. На трэцім допе Аляксей трапляе ў аварыю, але працягвае гонку, каб канчаткова сысці ўжо на першым з суботніх допаў і сёмым па ліку праз павольныя праколы абедзвюх задніх шын. Запаска ж на борце яго з Аляксеем Арнаутавым Citroën C3 Rally2 была толькі адна…

Так што перамогу на Азорскіх выспах паміж сабой разыгрывалі іншыя ўдзельнікі. У тым ліку Андрэас Мікельсэн, які ў першы спаборніцкі дзень супрацьстаяў адразу чатыром супернікам: мясцовай зорцы Рыкарда Моўры на такой жа як у нарвежца Škoda Fabia Rally2 Evo, чэху Эрыку Чайсу на Ford Fiesta R5 MkII, і двум іспанцам – Эфрэну Ларэне на Шкодзе і госцю з чэмпіянату свету Дані Сорда на Hyundai i20 R5.

Аднак ужо да вечара пятніцы наперадзе Мікельсэна толькі Сорда і застаўся. І ў суботу паміж імі развярнулася сапраўдная дуэль – Андрэас і Дані двойчы мяняліся пазіцыямі, аднак апошні абмен быў на карысць нарвежскага гоншчыка. Сорда фінішаваў другім, а Ларэна на фінальным маляўнічым 24-кіламетровым допе Sete Cidades, што пралягае па беражку кратару вулкана, які патух, вырваў у Моўры трэцяе месца.

Гэта перамога на ралі Азорскіх выспаў стала для Мікельсэна другой у яго кар’еры – ён таксама падымаўся там на вяршыню подыуму яшчэ ў 2012 годзе. Галоўнае ж, што цяпер Андрэас камфортна лідзіруе ў чэмпіянаце, дзе ў яго 136 ачкоў супраць 102 у Ларэны, які падняўся на другую пазіцыю. Паляк Міка Марчык, які на Азорах фінішаваў пятым, у чэмпіянаце апусціўся на трэці радок, у яго 95 балаў.

Ну а ў Лук’янюка іх толькі 67, як і ў вугорца Норберта Херцыга. Застацца перад ім на чацвёртай пазіцыі расіянін здолеў толькі дзякуючы таму, што і яго апанент да фінішу на Азорскіх выспах не дабраўся. Херцыг двойчы трапляў у аварыі. Першы раз на першым жа допе ў пятніцу, калі яго Škoda Škoda Fabia Rally2 Evo захрасла ў гравіі. А другі, па іроніі лёсу, на першым жа з суботніх, дзе Норберт стартаваў па сістэме Rally2. На гэты раз ён канчаткова сышоў з дыстанцыі – на машыне была пашкоджаная падвеска.

Зрэшты, матэматычныя шанцы на абарону тытулу Аляксей Лук’янюк яшчэ мае, хіба што дапамагчы яму цяпер можа толькі цуд. Што да каманднага заліку чэмпіянату Еўропы па ралі, то тут лідзіруюць Toksport WRT, у якіх 297 ачкоў. Аднак калектыў Rallye Team Spain, які з 235 ачкамі займае другую пазіцыю, яшчэ мае шанцы паспрачацца за перамогу. Каманды Porvoon Autopalvelu і Orlen Team фактычна абедзве замыкаюць першую тройку – у іх па 107 балаў.

Да канца сезону ERC застаецца тры этапы, і наступны пройдзе таксама на тэрыторыі Партугаліі, толькі ўжо на яе мацерыковай частцы, ужо ў наступны ўік-энд. Гэта будзе зноў жа гравійнае ралі Фафэ.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+20
Написать комментарий
Реклама 18+