Па-свойму цікавы Гран Пры Турцыі. Разбіраемся, ці мог ён быць цікавым па-сапраўднаму

Фота: formula1.com

Тым, хто не ведае ўсёй перадгісторыі, учора магло падацца, што дамінаванне каманды Mercedes у Формуле-1 працягваецца. Што, канечне, не так, і інтрыга ў чэмпіянаце, што ізноў толькі абвастрылася, таму сведчаннем. Вось толькі на гэтым турэцкім Гран Пры ізноў ледзь не ў адны вароты перамог пілот Срэбраных Стрэлаў.

Дзясятая перамога ў кар’еры Валтары Ботаса можа так і застацца адзіным яскравым успамінам, звязаным з учарашнім шэрым Гран Пры Турцыі. Хаця б таму, што можа аказацца апошняй для яго ў складзе каманды Mercedes, калі не апошняй увогуле (прынамсі, на бліжэйшыя гады, якія фін правядзе ў Alfa Romeo). Аднак, канечне, не толькі гэтым поспех Валтары звяртае на сябе ўвагу.

Калі камусьці не падабаецца, як выглядае нейкі чалавек, але не хочацца яго крыўдзіць, звычайна кажуць, што ён ці яна па-свойму прыгожы або прыгожая. Вось і ўчарашні Гран Пры Турцыі быў па-свойму цікавым. Шэрым, дарэчы, ён быў не толькі ў сэнсе адсутнасці адметных падзей за паўтары гадзіны гонкі, але і ў сувязі з надвор’ем, на якое ўсе ад пачатку і спадзяваліся.

Дажджоў аматары Формулы-1 пасля этапу ў Спа ў гэтым годзе цяпер пабойваюцца. Аднак мінулагоднюю гонку ў Стамбуле запамінальнай зрабіла ў значнай ступені надвор'е. І ў мінулы ўік-энд нябёсы маглі значна паўплываць на расстаноўку сіл ужо ў кваліфікацыі, але тут усё атрымалася як у старым пошлым анекдоце: «А яна не прыйшла!».

Трэцяя трэніроўка была акурат дажджавой, і прагноз FIA даваў стоадсоткавую верагоднасць ападкаў падчас кваліфікацыі. Моцны дождж чакаўся ўжо ў першым сегменце, таму з першых яго хвілін усе імкнуліся паказаць найлепшыя вынікі, каб прайсці далей. А дождж так і не пайшоў! І вынікі кваліфікацыі ў цэлым прыблізна адпавядалі палажэнню ў чэмпіянаце, хіба што Даніэль Рыкарда з McLaren непрыемна здзівіў, не прайшоўшы нават у другую частку.

Першы ж шэраг акупіравалі пілоты Mercedes. У камандзе Тота Вольфа перамагаць не стаміліся, і імкнуцца рабіць гэта і ў бягучым сезоне. Балід  W12 E Performance дапрацоўваецца ўвесь час, як шасі, так і сілавая ўстаноўка. І вось вынік – на Істанбул-Парку Льюіс Хэмілтан і Валтары Ботас былі відавочна хутчэйшымі за абодвух сваіх канкурэнтаў з Red Bull. Ненамнога, калі казаць пра фінал кваліфікацыі, але і гэтага хапіла, каб пакінуць ззаду і Макса Ферстапена, і ў асаблівасці Серхіа Перэса.

Толькі ў сяміразовага і дзейснага чэмпіёна Льюіса Хэмілтана, які перамог у Турцыі ў мінулым годзе і выйграў поўл у гэтым, на гэты раз была праблема. Як і Ферстапену ў Сочы, брытанцу прыйшлося пазапланава мяняць элементы сілавой устаноўкі. Дакладней, толькі адзін элемент – рухавік унутранага згарання, так што стартаваў Льюіс у выніку не апошнім, а дзясятым.

Што, аднак, ўсё роўна павышала шанцы нядзельнай гонкі стаць цікавай па-сапраўднаму. Ну а калі ўсе пабачылі, што ўсе баліды на стартавай рашотцы абутыя ў прамежкавыя шыны, прадчуванне неверагоднага калейдаскопу толькі ўзмацнілася. Спраўдзілася ж толькі невялікая частка гэтых чаканняў.

Сапраўды цікавай і непрадказальнай учарашняя турэцкая гонка была б, калі б надвор’е падчас яе мянялася. Калі траса хутка падсыхала б, трымаючы ўсіх у напружанні і прымушаючы рызыкаваць з выбарам моманту пераходу на слікі. Або калі б гонка пачыналася сухой, а дождж пачаўся б на сярэдзіне дыстанцыі ці, як у Сочы ізноў жа, на апошніх кругах. Замест гэтага ж надвор’е ўвесь час заставалася пахмурным, сырым і ветраным, што не давала трасе сохнуць. Нейкую траекторыю баліды быццам бы пракаталі хутка, але праз кругоў дваццаць дождж, хай і слабы, пачаўся зноў.

Адзіным, хто рызыкнуў перайсці на слікі (і, дарэчы, адзіным, хто зрабіў гэта ў дзвюх апошніх гонках на Істанбул-Парку) стаў на трыццаць восьмым кругу чатырохразовы чэмпіён Себасцьян Фетэль. Эксперымент пілота Aston Martin выйшаў, мякка кажучы, праваленым – Себасцьен ледзь спраўляўся з кіраваннем сваёй машынай, на наступны жа кругу заехаў ў боксы і вярнуўся на шыны Intermediate, а фінішаваў толькі васямнаццатым.

Інтрыга была ў іншым: ці рызыкне хто-небудзь пераадолець усю дыстанцыю гонкі без піт-стопу. Абавязковы піт-стоп трэба рабіць толькі калі вы едзеце на сліках, каб выкарыстаць два іх тыпы (у Турцыю кампанія Pirelli, дарэчы, прывезла сярэднюю тройку саставаў C2, C3 і C4). Ну а калі хаця б адзін круг у гонцы пераадолены на дажджавой або прамежкавай гуме, гэтае правіла не дзейнічае.

Найбольшыя дывідэнды такі крок мог бы прынесці Хэмілтану. Ён чакана не сустрэў значнага супраціву з боку супернікаў у пачатковай фазе заезду (хіба што Юкі Цунода з AlphaTauri кароткі час стрымліваў брытанца), а вось Перэс, які быў чацвёртым на момант, калі Льюіс да яго падабраўся, станавіцца лёгкай ахвярай пілота Mercedes не жадаў, і, выконваючы ў тым ліку стратэгічныя камандныя задачы, на трыццаць пятым кругу рашуча адбіў яго атаку.

Наперад Хэмілтан выйшаў толькі калі мексіканец праз некалькі кругоў здзейсніў піт-стоп. Гоначны інжынер Льюіса Пітэр Бонінгтан некалькі разоў прапаноўваў свайму падапечнаму зрабіць тое ж, аднак сяміразовы чэмпіён адмаўляўся. Здаўся ён толькі на пяцьдзесят першым кругу, прапусціўшы Перэса наперад ізноў.

Вярнуўшыся на трасу, брытанец не здолеў хутка прагрэць шыны, і не толькі не апярэдзіў гоншчыка Ferari Шарля Леклера, якога на пяцьдзясят другім кругу пакінуў ззаду Перэс, а сам апынуўся пад уціскам з боку П’ера Гаслі. Ды і француза Льюіс прапусціў бы, калі б не пяцісекундны штраф, што пілот AlphaTauri атрымаў за сутыкненне з Фернанда Алонса на першым кругу, у выніку якога двухразовы чэмпіён страціў шмат пазіцый.

Дарэчы, напарнік іспанца па Alpine Эстэбан Акон, які фінішаваў дзясятым, як раз і стаў тым адзіным пілотам, хто боксы па ходу ўчарашняй гонкі так і не наведаў. Пераможца Гран Пры Вугоршчыны гэтага году стаў першым такім гоншчыкам з Гран Пры Манака 1997 году, калі тое ж удалася зрабіць Міке Сала.

Хэмілтан жа быў моцна незадаволены рашэннем Бонігтона і сваім выніковым пятым месцам. Яго напарнік Валтары Ботас, які, здаецца, стаў адзіным, хто пазбег праблем па ходу ўчарашняй гонкі, атрымаў не толькі перамогу, але і зарабіў бонуснае ачко за найхутчэйшы круг. Магчымае для брытанца трэцяе месца дасталася Перэсу, а Ферстапену – не толькі другое месца ў гонцы, але і лідарства ў чэмпіянаце.

Пасля турэцкага Гран Пры Мак мае 262,5 ачкі, на чатыры апярэджваючы Хэмілтана. Ботас дзякуючы сваёй дзясятай у кар’еры і першай у гэтым сезоне перамозе замацаваўся на трэцяй пазіцыі, у яго 177 ачкоў. А Mercedes дзякуючы ў першую чаргу намаганням фіна ў Кубку канструктараў яшчэ на тры ачкі павялічыў адрыў ад Red Bull, дзе ў яго 433,5 балы супраць 397,5 у канкурэнтаў. Каманда McLaren з 240 ачкамі засталася трэцяй, але моцна падпусціла да сябе Ferrari, у якой цяпер 232,5 балы. За гэта Скудэрыя мусіць дзякаваць і Карласу Сайнсу, які праз замену ўсёй сілавой устаноўцы стартаваў учора дзевятнаццатым, а фінішаваў восьмым.

Этап Формулы-1 у Турцыі быў апошнім у гэтым годзе еўрапейскім (або ўмоўна еўрапейскім). Наступны стане для яе першым за апошнія два гады на амерыканскім кантыненце – гэта будзе Гран Пры США, які 22-24 кастрычніка прыме траса ў Осціне, на якім на пазамінулым тыдні прайшоў і этап MotoGP. Толькі, ў адрозненні ад галоўных мотагонак планеты, лідар ў чэмпіянаце Каралевы аўтаспорту там у чарговы раз змяніцца ўсё ж такі можа.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+19
Написать комментарий
Реклама 18+