Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/І хай Аж’е пачакае! Заваяваць восьмы чэмпіёнскі тытул ужо ў Іспаніі ў Себасцьена не атрымалася

І хай Аж’е пачакае! Заваяваць восьмы чэмпіёнскі тытул ужо ў Іспаніі ў Себасцьена не атрымалася

Пакуль што сяміразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Аж’е ў Іспаніі саступіў не толькі свайму напарніку па камандзе Toyota Элфіну Эвансу, але і канкурэнтам з Hyundai. У тым ліку Цьеры Нэвілю, які і перамог на перадапошнім этапе сезону.

18 октября 2021, 18:26
І хай Аж’е пачакае! Заваяваць восьмы чэмпіёнскі тытул ужо ў Іспаніі ў Себасцьена не атрымалася

Фота: wrc.com

Пакуль што сяміразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Аж’е ў Іспаніі саступіў не толькі свайму напарніку па камандзе Toyota Элфіну Эвансу, але і канкурэнтам з Hyundai. У тым ліку Цьеры Нэвілю, які і перамог на перадапошнім этапе сезону.

Стаць васьміразовым чэмпіёнам WRC Аж’е мог ужо ў Іспаніі, прычым перамагаць яму для гэтага было не абавязкова. Французу дастаткова было набраць на сем ачкоў болей за Эванса, якога ён пасля папярэдняга ралі Фінляндыі апярэджваў на 24 ачкі. Аднак валіец, пры ўсёй павазе да свайго тытулаванага партнёра па Таёце, які з наступнага году будзе стартаваць толькі на асобных этапах, нічога яму не вінаваты, і на чэмпіёнства мае свае планы.

Дарэчы, усе тры галоўныя каманды сусветнага ралійнага першынства напярэдадні этапу ў Іспаніі пацвердзілі склады сваіх гоншчыкаў на наступны год. Так, тая ж Toyota развіталася з Такамота Катсутай, верагодна, незадаволеная яго шматлікімі памылкамі, якія ў яго былі і ў мінулы ўік-энд. Таму з наступнага сезону кампанію Элфіну Эвансу і Кале Раванпэры апроч Аж’е складзе Эсапека Лапі, з якім яны і будуць мяняцца трэцім і ўжо гібрыдным GR Yaris WRC Rally1 ад этапу да этапу.

У Фінляндыі Лапі ўжо стартаваў на цяперашнім, але «прыватным» Ярысе, і нават заняў чацвёртае месца. Ну а цяпер атрымае магчымасць прадэманстраваць свае здольнасці ізноў на завадской тэхніцы. Ён жа выступаў у складзе японскай каманды ў 2017 і 2018 гадах, пры гэтым ізноў жа ў Фінляндыі ў 2017 атрымаў сваю пакуль што адзіную перамогу.

Адбыліся змены і ў Hyundai. Цьеры Нэвіль з Отам Цянакам тут засталіся, як і Дані Сорда, які стартаваў і на хатнім ралі і працягне выступаць па скарочанай праграме ў 2022-м. Але ён будзе мяняцца новым i20 N WRC Rally1 ужо з Оліверам Сольбергам. Малады швед таксама знаёмы з цяперашняй тэхнікай Hyundai, і выступае ў малодшай камандзе 2C Competition, так што для яго гэта не будзе крокам у невядомае.

А вось для Крэйга Брына, які зараз з’яўляецца членам карэйскага калектыву, у наступным годзе адкрыецца новая старонка ў яго кар’еры – ірландзец пераходзіць у M-Sport Ford. Новы Ford Puma WRC Rally1 ён атрымае ў сваё карыстанне як мінімум на два гады. Хто складзе яму кампанію, пакуль невядома, але найбольш высокія шанцы, што свае месцы захаваюць Адрыен Фурмо і Гас Грынсміт. Брытанец, дарэчы, ўжо ў Монцы будзе выступаць з новым штурманам, бо яго цяперашні ко-драйвер Крыс Патэрсан вырашыў завяршыць сваю 25-гадовую кар’еру.

Завяршыў, трэба адзначыць, няблага – яны з Грынсмітам, негледзячы на непрыемнасці ў выглядзе праколу ў суботу, такі фінішавалі шостымі. Хоць, канечне, важнейшыя падзеі адбываліся вышэй. Ужо ў пятніцу, не адкладаючы справу, свой наступ распачаў быў Эванс. Нэвіль адразу ж кінуў выклік валійцу і паспрабаваў развязаць з ім дуэль, але на першых спецучастках у гарах Коста-Дарада пакутаваў ад недастатковай паварочвальнасці свайго Hyundai i20 Coupé WRC.

Падобныя праблемы былі і ў Ота Цянака. На допе Vilaplana яго разварочвала двойчы, прычым у другі раз, калі ён быў чацвёртым спецучасткам, усё скончылася зламанай аб дрэва задняй падвескай і сходам з дыстанцыі ў Дзень Нараджэння гоншчыка. Першы спецучастак стаў апошнім і для Такамота Катсуты, толькі ён, памыліўшыся ў павароце, моцна пашкодзіў аб адбойнік пярэднюю частку свайго Yaris WRC. Як і Цянак, японец стартаваў у суботу па сістэме Rally2, але на высокія пазіцыі, зразумела, не прэтэндаваў. Наўрад ці ў Таёце расчараваныя развітаннем з ім.

Пасля таго, як Цянак выбыў з барацьбы, гонар каманды адстойваць прыйшлося Нэвілю з Сорда. За тытул у асабістым заліку чэмпіянату ні бельгіец, ні тым больш іспанец не змагаюцца, а вось Hyundai яшчэ захоўвае хай збольшага і матэматычныя шанцы перамагчы ў заліку камандным. У якім ізноў жа ўжо ў Іспаніі магла перамагчы Таёта, і Эванс з Аж’е рабілі для гэтага ўсё ад іх залежнае. Толькі пасля дзённага пятнічнага сэрвісу, калі ў калектыве Андрэа Адама падправілі налады i20 Coupé WRC, што засталіся ў ладзе, Цьеры з Дані нанеслі зваротны ўдар.

Больш эфектыўна гэта зрабіў Нэвіль. Ён і раніцай яшчэ на другім допе La Granadella 1 стаў хутчэйшым, а ад чацвёртага пачаў выйграваць адзін за адным, скончыўшы першы спаборніцкі дзень лідарам. Эванс, праўда, па выніках пятніцы адставаў усяго на 0,7 секунды, аднак яго канкурэнт з Hyundai працягнуў адрывацца і на ранішняй секцыі ў суботу. І толькі на адзінаццатым і дванаццатым допах найхутчэйшым стаў Аж’е, у якога было сваё супрацьстаянне з Сорда за трэцюю пазіцыю.

Француз увесь час быў крыху хутчэйшы за іспанца, але дапусціў сімвалічную памылку на трынаццатым 2,15-кіламетровым допе, які быў збудаваны на вуліцах горада Салоў і які быў апошнім з суботніх. На ім Сэб заглушыў матор свайго Ярыса, страціўшы на гэтым некалькі секунд і ўшчыльную падпусціўшы Сорда. Трэцюю пазіцыю ў гонцы ён, праўда, захаваў, але саступіў яе ўжо ў нядзелю раніцай, калі ўжо на сырой пасля дажджу трасе (якая, зрэшты, паступова сохла) Дані пачаў атакаваць, выйграўшы ўсе чатыры допы.

Нэвіль жа наадварот, у апошні спаборніцкі тэмп крыху запаволіўся, каб пазбегнуць дурных памылак на роўным месцы. І быў потым крыху незадаволены тым, што не ідэальна праехаў фінальны 16,3-кіламетровы суперспэшл Riudecanyes 2, праз што зарабіў толькі чатыры бонусныя балы а не пяць, як Сорда (Цьеры паказаў там другі вынік). Аднак выніковая перамога ў ралі ўсё роўна засталася за ім, ды і Дані, заняўшы трэцяе месца, прынёс камандзе шмат ачкоў, як мінімум адклаўшы каранаванне Таёты да фіналу ў Монцы.

Адклалася і восьмая каранацыя Аж’е, які заняў чацвёртае месца – Эванс-та фінішаваў другім, дый на Riudecanyes 2 паказаў вынік лепшы, чым у партнёра па камандзе (трэці супраць чацвёртага ў Себасцьена). І шанцы Элфіна на чэмпіёнства не такія ўжо і малыя. Так, ён на 17 балаў адстае ад Аж’е, які лідзіруе з 204 ачкамі, і нават калі набярэ максімальныя 30 балаў у Монцы, Аж’е хопіць і трэцяга месца – з 219 ачкамі і перавагай у два ён стане чэмпіёнам, нават бонусныя ачкі не спатрэбяцца.

Але на горкім мінулагоднім прыкладзе ўжо якраз Эванса мы ведаем, што адбыцца ў Храме Хуткасці можа што заўгодна, асабліва калі надвор’е зноў будзе складаным. Так што пытанне аб чэмпіёне свету па ралі 2021 году па-ранейшаму адкрытае. А Нэвіль, які замыкае першую тройку і мае 159 ачкоў, яшчэ можа дапамагчы Hyundai выйграць у заліку вытворцаў. Хоць гэта, паклаўшы руку на сэрца, уявіць сабе цяжка – Toyota ўпэўнена лідзіруе, маючы 474 ачкі супраць 427 у карэйцаў. M-Sport Ford усё так жа размяшчаецца на трэцяй пазіцыі і мае 185 балаў.

Цікавая сітуацыя ў Іспаніі склалася і ў малодшых класах. У WRC2 лідарам чэмпіянату напярэдадні этапу з’яўляўся Андрэас Мікельсэн, які на ралі прысутнічаў толькі ў якасці гледача. Аднак і стартаваць нарвежцу не спатрэбілася, таму што яго галоўны канкурэнт і суайчыннік Мадс Остберг заняў толькі чацвёртае месца, аддаўшы тытул Мікельсэну. Мадсу не пашанцавала ў пятніцу на другім спецучастку, калі на яго Citroën C3 Rally2 пракалолася кола.

Лідарства пасля гэтага перайшло да Эрыка Камілі, які таксама выступае на Сітраэне. Ён у выніку і перамог, негледзячы на некалькі вострых момантаў на мокрай трасе ў нядзелю раніцай. Другое месца заняў Цеему Сунінен, які ўпершыню стартаваў на Hyundai i20 N Rally2, а замкнуў першую тройку чэх Эрык Чайс на Ford Fiesta Rally2, таксама вядомы нам па еўрапейскім чэмпіянаце, на змаганні за чэмпіёнства ў якім цяпер можа сканцэнтравацца Мікельсэн. Наступны этап ERC пройдзе ўжо ў бліжэйшыя выхадныя ў Вугоршчыне.

У WRC3 чыстую перамогу, захапіўшы лідарства яшчэ на першым допе, атрымаў фін Эміль Ліндхольм на Škoda Fabia Rally2. Угнацца за ім не атрымалася ні ў паляка Каетана Каетанавіча, які выступае на такім жа аўтамабілі і які фінішаваў другім, ні ў ірландца Джоша МакЭрліна на Hyundai i20 R5, які ў Іспаніі заваяваў свой першы подыум, падняўшыся на яго ніжнюю ступень.

Таксама ў Іспанію прыязджалі ўдзельнікі моладзевага чэмпіянату. Усе яны знаходзяцца ў роўных умовах і выступаюць на аднолькавых пярэднепрывадных Ford Fiesta Rally4. Тут перамог і стаў чэмпіёнам фін Самі Паяры, які нават па мерках юніораў усталяваў рэкорд па маладосці, выйграўшы тытул ва ўзросце 19 гадоў і 325 дзён.

Адзін з яго галоўных канкурэнтаў Джон Армстранг быць канкурэнтам перастаў у суботу, спачатку страціўшы пяць хвілін пасля памылкі на тармажэнні на першым допе, а яшчэ трыма пазней сышоў з дыстанцыі праз паломку стырнавога кіравання пасля візіту за межы трасы. Латвіец Марціньшс Сэскс у той жа дзень на спецучастку Querol-Les Pobles патрапіў у аварыю, і таксама перастаў уяўляць сабой пагрозу Паяры.

Затое Самі прымусіў панервавацца яго суайчыннік Лаўры Ёона, які заняў другое месца з адставаннем меней чым у шаснаццаць секунд. Ды і эстонец Роберт Вірвэс на перамогу прэтэндаваў, але страціў амаль хвіліну праз пракол у суботу.

Фінал чэмпіянату свету па ралі ў італьянскай Монцы, што неаднаразова згадваўся не толькі ў гэтым артыкуле, пройдзе роўна праз месяц – 19-21 лістапада. А напярэдадні ралі Іспаніі была апублікаваная папярэдняя версія календара чэмпіянату на наступны год.

Гібрыдная эра пачнецца традыцыйным ралі Монтэ-Карла ў Манака 20 студзеня. Сезон складзецца з трынаццаці этапаў, сярод якіх ёсць ралі Новай Зеландыі, якое мае прайсці 30 верасня – 2 кастрычніка. Апошнім этапам стане ралі Японіі, якое запланаванае на 10-13 лістапада. Месца правядзення дзявятага этапу, які мусіць адбыцца 18-21 жніўня, пакуль што не абвешчана.

Другие посты блога

Все посты