Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Хэт-трык не атрымаўся. На партугальскім этапе сусветнага ралі-кросу Йохан Крыстоферсан нават на подыум не патрапіў

Хэт-трык не атрымаўся. На партугальскім этапе сусветнага ралі-кросу Йохан Крыстоферсан нават на подыум не патрапіў

Супернікі, тактычныя памылкі і штраф не дазволілі трохразоваму чэмпіёну свету па ралі-кросе Йохану Крыстоферсану атрымаць трэцюю запар перамогу. У Партугаліі ён увогуле застаўся без подыуму, на вяршыню якога другі раз у сезоне падняўся Ніклас Гронхольм.

20 октября 2021, 15:20
Хэт-трык не атрымаўся. На партугальскім этапе сусветнага ралі-кросу Йохан Крыстоферсан нават на подыум не патрапіў

Супернікі, тактычныя памылкі і штраф не дазволілі трохразоваму чэмпіёну свету па ралі-кросе Йохану Крыстоферсану атрымаць трэцюю запар перамогу. У Партугаліі ён увогуле застаўся без подыуму, на вяршыню якога другі раз у сезоне падняўся Ніклас Гронхольм.

Шматлікія абгоны яўна не з’яўляюцца адметнай рысай чэмпіянату свету па ралі-кросе. Барацьба тут бывае шчыльнай і кантактнай, аднак вырашае ўсё ў асноўным тактыка. Ад выбару моманту абавязковага наведвання джокер-пятлі часта залежыць больш, чым ад сапраўднага абгону.

Асабліва гэта тычыцца трасы ў партугальскім Монталегрэ, якую серыя WRX наведала ў мінулыя выхадныя. Джокер-пятля тут знаходзіцца адразу ж за першым паваротам, што дае шырокія тактычныя магчымасці. На яе можна заехаць на першым жа кругу, а можна і на апошнім. Абодва варыянты могуць выявіцца як выйгрышнымі, так і няўдалымі, што ўдзельнікі прадэманстравалі і ў фінале, і ў абодвух паўфіналах.

Праўда, паўфінальныя заезды гэтым разам мала што вырашалі. У старэйшай катэгорыі стартавалі ўсяго сем гоншчыкаў, так што ў фінал не праходзіў толькі адзін з іх. Не пашанцавала ў выніку яўнаму аўтсайдэру – Оліверу О’Донавану, які адсеяўся ў першым паўфінале. Апроч яго там стартавалі Цімі і Кэвін Хансэны, а таксама Крысціан Саба.

Кэвін разам з О’Донаванам якраз і вырашыў заехаць на джокер-пятлю адразу ж пасля старту. І калі з ірландцам усё было зразумела (хуткасці, каб бароцца за вышэйшыя пазіцыі, няма ні ў яго самога, ні ў яго Ford Fiesta), то швед мог і перамагчы, атрымаўшы перад сабой свабодную трасу. Праўда, з гледзішча камандных інтарэсаў, малодшы брат, відаць, крыху запаволіўся, каб старэйшы, які лідзіруе ў чэмпіянаце, на апошнім кругу мог вярнуцца на асноўную трасу лідарам.

Так у выніку і адбылося – Цімі перамог, Кэвін фінішаваў другім, Саба трэцім. У другім жа паўфінальным заездзе, дзе стартавалі толькі Йохан Крыстоферсан, Ніклас Гронхольм і Энца Ідэ, кожны быў сам за сябе. Ну, амаль, таму што Крыстоферсан з Ідэ ўсё ж такі абодва выступаюць за каманду KYB EKS JC.

Бельгіец, зрэшты, паехаў на джокер-пятлю на першым жа кругу, пакінуўшы шведа з фінам спаборнічаць паміж сабой. Зрэшты, і яны з наведваннем джокер-пятлі вырашылі не цягнуць, і Крыстоферсан праехаў па ёй на другім кругу, а Гронхольм на трэцім. Тут усё вырашыла чыстая хуткасць, якой больш было ў Нікласа і яго Hyundai i20 – выехаў ён акурат перад Audi S1 Йохана. Які вырашыў не мірыцца з такім становішчам, пачаў атакаваць свайго канкурэнта з каманды GRX-SET World RX Team, і правёў кантактны абгон у апошніх паваротах апошняга круга, забяспечыўшы сабе болей выгодную стартавую пазіцыю ў фінале.

Але гэта трохразоваму чэмпіёну ў выніку не дапамагло. Так, стартаваў ён з першага шэрагу, разам з Цімі Хансэнам, а Гронхольм дзяліў другі з Кэвінам. Аднак фін адразу вырашыў адпусціць трох шведаў разбірацца паміж сабой, адправіўшыся на джокер-пятлю адразу пасля старту. І пакуль Хансэны высвятлялі адносіны з Крыстоферсанам, які ўклініўся паміж іх двума Peugeot 208, Гронхольм, карыстаючыся тым, што ўсе трое вымушаныя былі ехаць не па аптымальным траекторыям, наблізіўся да іх дастаткова, каб выйсці наперад, калі кожны з іх таксама заедзе на джокер-пятлю.

Дзіўна, але шведы вырашылі з гэтым адцягнуць да апошняга круга, калі Гронхольм саступаў Цімі, які лідзіраваў, крыху болей за дзве з паловай секунды. Вядома, сын двухразовага чэмпіёна свету па ралі сам узначаліў гонку, калі яго шведскія супернікі праехалі па «джокеру», і атрымаў перамогу. Старэйшы Хансэн фінішаваў другім, але не быў гэтым засмучаны, таму што Крыстоферсан, па-першае, заняў трэцяе месца, а па-другое, і яго быў пазбаўлены.

Яшчэ на трэцім кругу, атакуючы Цімі, Крыстоферсан сам ледзь не прапусціў Кэвіна, праз якога вымушаны быў зрэзаць перадапошні паварот, за што і атрымаў пяцісекундны штраф, апусціўшыся на шостае месца. Трэцяе ж заняў Кэвін Хансэн, які і ў чэмпіянаце наблізіўся да Крыстоферсана – маючы 159 ачкоў, ён толькі два саступае трохразоваму чэмпіёну. Праўда, ад яго ў сваю чаргу не так і моцна – на дзесяць балаў – адстае Гронхольм. Цімі Хансэн жа лідзіруе са 178 ачкамі, да шаснаццаці павялічыўшы адрыў ад Крыстоферсана.

Акрамя старэйшай катэгорыі ў Монталегрэ таксама была прадстаўленая еўрапейская RX3, якая правяла свой фінал. Там практычна ў адны вароты выйграў расіянін Юрый Бялеўскі, які выступае пад швейцарскай ліцэнзіяй за каманду Volland Racing KFT разам са сваімі суайчыннікамі Маратам Князевым і Цімурам Шыгабуддзінавым, а таксама бельгійцам Кобэ Паўэльсам.

Бялеўскі толькі ў другой кваліфікацыі апусціўся на чацвёртую пазіцыю, а ва ўсіх астатніх дамінаваў, як і ў сваім першым паўфінале. Фінал ён таксама правёў пад сваю дыктоўку, атрымаўшы перамогу на этапе. Князеў заняў другое месца, Паўэльс трэцяе, а вось Шыгабуддзінаву не пашанцавала – ён ужо на старце разбіў свой Audi A1 (дарэчы, на такіх машынах выступалі ўсе шасцёра ўдзельнікаў фіналу) пасля кантакту з мясцовым гоншчыкам Нуна Араужа. Затое Бялеўскі і ў гонцы перамог, і чэмпіёнам Еўропы у катэгорыі RX3 стаў!

Сезон жа ў галоўнай і электрычнай катэгорыях чэмпіянату свету па ралі-кросе скончыцца болей чым праз месяц на нямецкім Нюрбургрынгу. Два апошнія этапы пройдуць у апошнія ж выхадныя восені – 27 і 28 лістапада. І нешта падказвае, што бойка паміж Цімі Хансэнам і Йоханам Крыстоферсанам нас чакае звышвідовішчная.

Другие посты блога

Все посты