У чаканні фіналу. Чэмпіён свету па Супербайку 2021 года на этапе ў Аргенціне не выявіўся

Фота: worldsbk.com

Джонатан Рэй і Топрак Разгатліоглу на этапе сусветнага Супербайка ў аргенцінскім Сан-Хуане працягнулі сваё напружанае супрацьстаянне. Аднак пераможца чэмпіянату так і не выявіўся, хоць гонкі зноў выйшлі цікавымі і падзейнымі.

Візіт у Аргенціну ў мінулыя выхадныя стаў не толькі першым за пандэмійныя часы не толькі для серыі WSBK, а ўвогуле для ўсіх сусветных гоначных чэмпіянатаў. Ну і ў Паўднёвую Амерыку вялікія гонкі прыехалі ўпершыню пасля таго, як у свеце запанаваў каронавірус (Паўночную два з паловай тыдні таму ужо наведаў чэмпіянат MotoGP, а Формула-1 робіць гэта акурат зараз).

Пры гэтым 4 276-метровая траса Сан-Хуан Вілікум сама па сабе для сусветнага Супербайка не новая – серыя ўпершыню правяла тут свае гонкі яшчэ ў 2018 годзе. У мінулым годзе праз агульнавядомую заразу ніякія чэмпіянаты на ёй не гасцявалі, ну а ў гэтым нарэшце да яе даехаў хаця б Супербайк.

Даехаў не без прыгод – правядзенне этапу было пацверджанае ў апошнія тыдні (аргенцінскі этап MotoGP, які мусіў быў прайсці на іншай трасе – Тэрмас дэ Рыа Онда ў Санцьяга, у гэтым годзе ізноў быў адменены), таму камандам прыйшлося вырашаць складаныя лагістычныя задачы. Дый проста набыць білеты персаналу за кароткі тэрмін аказалася складана. Але на дапамогу прыйшла кампанія Dorna, якая і арганізуе сусветны Супербайк і MotoGP, так што да Сан-Хуана паспяхова дабраліся ўсе.

Ляцець, праўда, многім нават тым, хто між сабой супернічае (і камандам, і гоншчыкам), прыйшлося аднымі і тымі ж рэйсамі. Джонатан Рэй з Топракам Разгатліоглу дык увогуле сядзелі ў самалёце побач, прадчуваючы наступнае рубілава адзін з адным на трасе. Аднак іх мары спраўдзіліся толькі часткова.

У суперпоўле ўпершыню ў сезоне першынстваваў гоншчык Aruba.it Racing-Ducati Скот Рэдзінг, які перад аргенцінскім этапам яшчэ сам захоўваў матэматычныя шанцы на тытул. Але развіць поспех і канвертаваць яго ў перамогу ў суботняй гонцы ў яго не атрымалася – ужо на старце брытанец упаў у першым павароце, разам адкаціўшыся назад.

На шчасце, найбольш у гэтай непрыемнасці пацярпеў камбінезон Скота, бо падзенне здарылася на малой хуткасці. Таму, падняўшыся, Рэдзінг хутка пачаў адыгрываць страчаныя пазіцыі, фінішаваўшы ў выніку дзявятым. Не такі ўжо і дрэнны вынік, але ачкоў усё роўна было згублена шмат, а магчымая перамога выслізнула з рук.

Хоць у той злапомны першы паварот завадскі гоншчык Ducati, які праводзіў за італьянскую каманду перадапошні этап (у наступным годзе Скот далучаецца да завадской жа BMW), уваходзіў усё роўна не лідарам. Першую пазіцыю ўжо на старце захапіў Разгатліоглу, які затым пралідзіраваў да самага фінішу і зрабіў сабе падарунак на дваццаць пяты дзень нараджэння, атрымаўшы перамогу.

Следам за райдэрам завадской каманды Pata Yamaha with Brixx WorldSB фінішаваў і яго галоўны супернік з Kawasaki Racing Team WorldSB Джонатан Рэй. Навязаць барацьбу турку ў яго не атрымалася – настолькі хуткім быў той. Хаця вынік у цэлым усё роўна нядрэнны, улічваючы старт з пятай пазіцыі. Замкнуў першую тройку Міхаэль Рубэн Рынальдзі – напарнік Рэдзінга па камандзе. Ну а ў нядзелю ўжо адвёў душу сам Скот.

Праўда, перамагчы ў ранішнім суперпоўл-спрынце ў яго таксама не атрымалася. На гэты раз абышлося без падзення, але Разгатліоглу ізноў захапіў лідарства ўжо на старце. Аднак Рэдзінг ад Топрака не адстаў, і дзейнічаў яму на нервы да самага фінішу, саступіўшы ўсяго 0,046 секунды. Рэй зноў моцна адстаў, фінішаваўшы ўжо трэцім і аддаўшы турэцкаму гоншчыку Ямахі яшчэ некалькі важных ачкоў.

Джонатану абавязкова трэба было адыгрывацца ў фінальным заездзе ўік-энду. І вось ён стаў сапраўдным упрыгожваннем усяго аргенцінскага этапу! Колькі разоў Разгатліоглу, Рэй і Рэдзінг мяняліся пазіцыямі на першых кругах, падлічыць цяжка. Кожны выконваў свае турнірныя задачы: Джонатан і Топрак біліся за чэмпіёнства, Рэдзінг на яго шанцы ўжо страціў, але другая пазіцыя па выніках сезону для яго пакуль што дасягальная.

Ды і хуткасць, якую Скот дэманстраваў у суботу, нікуды не дзелася. Таму на дзясятым кругу ён у сёмым павароце нарэшце абагнаў Разгатліоглу і адправіўся за сваёй заслужанай перамогай. Ну а турак працягнуў адбівацца ад Рэя, якога ў сваю чаргу падганяў малады гоншчык каманды Motocorsa Racing Аксэль Басані – аўтар адной з сенсацый вераснёвага каталонскага этапу.

Ад італьянца Рэй, зрэшты, адбіўся, прыняўшыся ізноў адчайна рубіцца з Разгатліоглу. Атакі брытанца і контратакі турка гэтаксама, як і на першых кругах, ішлі адна за адной цягам некалькіх кругоў, пакуль на шаснаццатым Джонатан не вырваў у Топрака другую пазіцыю, на якой у выніку і фінішаваў.

Разгатліоглу і трэцім месцам задаволіўся, бо ў чэмпіянаце ён усё роўна захаваў даволі камфортнае лідарства. Маючы 531 ачко, ён роўна на 30 апярэджвае Рэя, і гэта Джонатан мусіць будзе ірваць жылы на фінальным этапе. Ды і віцэ-чэмпіёнства яму не гарантаванае – Рэдзінг, у якога 465 ачкоў, таксама можа яго заваяваць. А ў заліку вытворцаў, дарэчы, Ducati яшчэ нават мае шанцы перамагчы – італьянская марка займае другую пазіцыю і мае 558 балаў, на шаснаццаць адстаючы ад Ямахі. Kawasaki з 520 ачкамі замыкае першую тройку.

Так што роўна праз месяц нас у адзін ўік-энд чакае адразу два суперфіналы – 19-21 лістапада пройдзе і ралі Монцы, і этап сусветнага Супербайка на абсалютна новай для ўсіх удзельнікаў і ні аднаму з іх не знаёмай гарадской трасе Мандаліка ў Інданэзіі. Гонкі на ёй абавязкова будуць цікавымі, падзейнымі и непрадказальными, як і ўвесь гэты сезон WSBK.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+17
Написать комментарий
Реклама 18+