Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Першыя двухразовыя. На французскім этапе WTCR другія перамогі ў сезоне атрымалі Фрэдэрык Вервіш і Жан-Карл Вернэ

Першыя двухразовыя. На французскім этапе WTCR другія перамогі ў сезоне атрымалі Фрэдэрык Вервіш і Жан-Карл Вернэ

Звышцікавымі гонкі Кубку свету па аўтагонках у класе Турынг на трасе По-Арно, паклаўшы руку на сэрца, не былі. Затое яны цікавым чынам змянілі становішча ў чэмпіянаце.

22 октября 2021, 16:17
Першыя двухразовыя. На французскім этапе WTCR другія перамогі ў сезоне атрымалі Фрэдэрык Вервіш і Жан-Карл Вернэ

Фота: fiawtcr.com

Звышцікавымі гонкі Кубку свету па аўтагонках у класе Турынг на трасе По-Арно, паклаўшы руку на сэрца, не былі. Затое яны цікавым чынам змянілі становішча ў чэмпіянаце.

У французскі По сусветны Турынг шмат разоў бываў раней. Толькі раней, яшчэ ў часы, калі ён насіў статус чэмпіянату свету, яго этапы праходзілі на гарадской трасе. Гэтым жа разам ужо ў рангу Кубку свету турынговыя гонкі наведалі стацыянарны аўтадром По-Арно, што ў 20 кіламетрах на захад ад горада. Гэтая 3 030-метровая траса вялікія спаборніцтвы раней не прымала, яна на іх ад пачатку проста не была разлічаная. Аднак змены ў календары, што былі выкліканыя працягам пандэміі, прымусілі арганізатараў WTCR разглядаць і вось такія вось альтэрнатыўныя варыянты.

Дзеля справядлівасці, зрэшты, По-Арно – яўна не горшы варыянт для сусветнага Турынгу. Канфігурацыя тут цікавая – чаго вартая хаця б звязка першага і другога паваротаў, перад якой гоншчыкі амаль не тармозяць і праходзяць якую газ у падлогу. І ў мінулы ўік-энд у гонках сусветнага турынговага першынства ўсё ж было на што паглядзець.

Верагодна, французскія гоншчыкі, якіх у WTCR на сёння тры, з По-Арно знаёмыя нядрэнна. Хаця поўл-пазіцыя ў другой гонцы, якая дзякуючы перамозе ў кваліфікацыі дасталася Івану Мюлеру, тлумачыцца проста велізарным досведам ветэрана і чатырохразовага чэмпіёна яшчэ WTCC. Хоць і яго напарнік па камандзе Cyan Racing Lynk & Co і пляменнік Ян Эрлаше таксама кваліфікаваўся нядрэнна – пятым. Дый Жан-Карл Вернэ з Engstler Hyundai N Liqui Moly Racing Team у гразь тварам не ўдарыў – ён раздзяліў з Мюлерам першы стартавы шэраг у другім заездзе. Але да яго яшчэ трэба было дажыць і праехаць першы, у якім першая дзясятка стартуе ў перавернутым парадку.

Такім чынам, першым раніцай стартаваў бельгіец Фрэдэрык Вершіш з каманды Comtoyou Team Audi Sport, які і стаў першым, хто ў гэтым сезоне атрымаў другую перамогу. Дзіўна, што нават у дзейснага чэмпіёна і лідара асабістага заліку Эрлашэ яна пакуль што адна (у першай гонцы партугальскага этапу). Ян, дарэчы, стаў і нявольным вінаватым у выездзе аўтамабіля бяспекі на першым жа кругу – на выхадзе з той самай першай «эсцы» пасля амаль незаўважнага кантакту з яго Lynk & Co 03 TCR зляцела з трасы і сустрэлася з адбойнікам Honda Civic TCR Цьягу Мантэйру. На шчасце, партугальскі экс-пілот Формулы-1 з ALL-INKL.DE Münnich траўм у гэтым інцыдэнце не атрымаў.

Суддзі разабралі абставіны сутыкнення Цьягу і Яна, але парушэнняў ні за кім з іх не заўважылі, таму Эрлашэ так і застаўся ў фінішным пратаколе восьмым. Дзве пазіцыі адносна шостай стартавай ён саступіў супернікам сам. З іншых заўважных перастановак у пелатоне па ходу першага заезду можна вызначыць хіба што размен пазіцыямі паміж аргенцінскімі пілотамі ALL-INKL.COM Münnich Motorsport Нэстарам Жыраламі і Эстэбанам Гер’еры, якія, стартаваўшы чацвёртым і пятым адпаведна, фінішавалі ў зваротным парадку.

Першая ж чацвёрка адмашку клецістым сцягам атрымала ў тым жа выглядзе, у якім была на старце. Следам з Вервішам да фінішу прыйшоў шведскі гоншчык калектыву Cyan Performance Lynk & Co Тэд Б’ёрк, трэцяе месца заняў італьянскі суперветэран з каманды BRC Hyundai N LUKOIL Squadra Corse Габрыэле Тарквіні.

Другая гонка была больш жывой, і перастаноўкі ў ёй пачаліся ўжо на старце, калі Вернэ абагнаў Мюлера, ўзначаліўшы пелатон, а пазней папоўніўшы сваю скарбонку перамог у гэтым сезоне другой. Больш цікавыя падзеі разварочваліся за спінамі французаў, праўда, спярша прыйшлося дачакацца другой паловы дыстанцыі.

Напарнік Тарквіні і пераможца другой гонкі папярэдняга этапу ў Чэхіі Норберт Міхеліс яшчэ на старце вырваўся на трэцюю пазіцыю, але затым пачаў жаліцца на вібрацыі, згубіў тэмп і патрапіў пад уціск з боку напарніка Б’ёрка Санцьяга Уруціі. Вугорац гераічна трымаўся да васямнаццатага круга, на якім яго ўсё ж такі апярэдзіў не толькі уругваец, але і Вервіш. А на самым апошнім кругу на выхадзе на прамую старт-фініш Норберта апярэдзіў і Эрлашэ.

Яну ўвогуле пашанцавала, што Міхеліс сабраў за сабой гэткі паравознік з самога лідара чэмпіянату і дзейснага чэмпіёна, які быў апошнім вагонам, а таксама Вервіша і Гер’еры. І на сямнаццатым кругу ў звязцы адзінаццатага і дванаццатага паваротаў бельгіец, параўняўшыся з аргенцінцам, заняў вонкавы радыус на ўваходзе ў першую шыкану, а перад другой той паддзеў падчапіў яго Audi RS3 LMS. У выніку занесла і яе, і Хонду Гер’еры, але пацярпеў найбольш якраз Эстэбан – ён прапусціў Эрлашэ, тады як Вервіш пазіцыю захаваў.

А праз два кругі, калі Вервіш ужо абагнаў Міхеліса, і ў вугорца ўпёрся Эрлаше, ў той жа звязцы адзінаццатага і дванаццатага паваротаў кантакт адбыўся ўжо паміж французам і Гер’еры. Эстэбан пры гэтым прымусіў Яна зрэзаць другую шыкану, а сам знёс абмежавальную звязку старых пакрышак, што стаяла у першай, праз што на трасу выехаў аўтамабіль бяспекі.

Далейшае было ўжо справай тэхнікі і майстэрства Эрлашэ, які пасля рэстарту на апошнім кругу да самага канца ціснуў на Міхеліса, за што і быў узнагароджаны пятым месцам пасля згаданага вышэй абгону перад самым фінішам. Яго дзядзя Іван Мюлер так і фінішаваў другім следам за Вернэ, а Уруція замкнуў першую тройку.

Яну і гэтага пятага месца хапіла, каб захаваць лідарства ў асабістым заліку, дзе ў яго 160 балаў. Аднак Вернэ і Вервіш, атрымаўшы па другой у сезоне перамозе, моцна да яго наблізіліся. Жан-Карл, у якога 144 балы, дык увогуле падняўся на другую пазіцыю. Гер’еры апусціўся на трэці радок і мае 138 ачкоў, усяго на сем апярэджваючы Вервіша, які цяпер чацвёрты.

У першай тройцы каманднага заліку перастановак не адбылося, а толькі змянілася колькасць балаў: цяпер ужо з 288 лідзіруюць Cyan Racing Lynk & Co, ALL-INKL.COM Muennich Motorsport другія і маюць 244 ачкі, трэція Cyan Performance Lynk & Co, у якіх 238 балаў.

Наступны і перадапошні этап WTCR пройдзе ў італьянскай Адрыі 6-7 лістапада.

Другие посты блога

Все посты