Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Ды што там свету – Еўропы! Андрэас Мікельсэн выйграў ралійны чэмпіянат Старога Свету, але не ралі Вугоршчыны

Ды што там свету – Еўропы! Андрэас Мікельсэн выйграў ралійны чэмпіянат Старога Свету, але не ралі Вугоршчыны

Да заваявання тытулу чэмпіёна Еўропы па ралі Андрэасу Мікельсэну заставалася зрабіць паўкроку, ён і зрабіў. Мог бы і болей, але для яго вугорскі этап выдаўся даволі складаны. Не для аднаго яго, зрэшты.

28 октября 2021, 23:25
Ды што там свету – Еўропы! Андрэас Мікельсэн выйграў ралійны чэмпіянат Старога Свету, але не ралі Вугоршчыны

Фота: fiaerc.com

Да заваявання тытулу чэмпіёна Еўропы па ралі Андрэасу Мікельсэну заставалася зрабіць паўкроку, ён і зрабіў. Мог бы і болей, але для яго вугорскі этап выдаўся даволі складаны. Не для аднаго яго, зрэшты.

Усяго тыднем раней Андрэас заваяваў тытул у катэгорыі WRC2 чэмпіянату свету па ралі, прычым нават не стартаваўшы на іспанскім этапе. У нарвежца і ў ERC перавага была такой, што браць удзел у вугорскім этапе вострай неабходнасці ў яго не было.

Але адзіны ў гісторыі двухразовы чэмпіён серыі IRC, якая праводзілася з 2009 па 2012 гады (у апошнія два Мікельсэн там і перамог), перш чым аб’яднацца з еўрапейскім першынством, вырашыў паставіць кропку ў важным для яго пытанні як мага раней.

Канкурэнты Андрэасу падабраліся моцныя. Хай сярод іх і не было ўжо былога чэмпіёна Аляксея Лук’янюка, затое былі яшчэ адзін расіянін Мікалай Гразін, які перамог у Латвіі, хуткі іспанец Эфрэн Ларэна, а таксама яго суайчыннік і канкурэнт па WRC Мадс Остберг.

Асфальтавае ралі Вугоршчыны з імі мусіла стаць цікавым, і стала такім, але па прычыне не майстэрства гоншчыкаў, а якраз іх памылак. Усё ж такі канец кастрычніка на двары, і надвор’е стабільнасцю не адрозніваецца, і ў суботу дарогі ў наваколлях Ньірэдзьхазы месцамі былі сырымі.

На што, у прыватнасці наракаў Остберг, які на трэцім спецучастку памыліўся ледзь не з’ехаўшы на сваім Citroën C3 Rally2 у кювет і разам адкаціўшыся з другой пазіцыі на адзінаццатую. Мікельсэн у сваю чаргу сутыкнуўся з праблемамі іншага характару – яго Škoda Fabia Rally2 Evo прыхварэла была на рухавік, які перастаў выдаваць усю сваю магутнасць.

А на сёмым спецучастку (апошнім з суботніх) будучы чэмпіён яшчэ і пярэднюю правую шыну пашкодзіў.І па выніках першага спаборніцкага дня Андрэас займаў толькі сёмую пазіцыю, тады як Мадс вярнуўся ў першую тройку. Саступаў ён толькі мясцоваму гоншчыку Норберту Херцыгу і Гразіну, які захапіў лідарства.

Пры гэтым 22-гадовы расіянін (выступае ён, праўда, па-ранейшаму пад латвійскай ліцэнзіяй) таксама правёў суботу не ідэальна – на шостым спецучастку ён вымушаны быў спыніцца і замяніць кола на сваім Volkswagen Polo GTI R5. І ўсё роўна Херцыга Мікалай апярэджваў амаль на 29 секунд. Па іроніі лёсу, менавіта Херцыг пазней і стаў нявольным вінаватым у тым, што Гразін застаўся без другой у сезоне перамогі.

На першым жа нядзельным допе Erdőbénye 1 на апошнім кіламетры з трынаццаці з паловай Херцыг патрапіў у аварыю, і даволі сур’ёзную. Яго штурман Рамон Ферэнц зламаў некалькі рэбраў, а сам Норберт пашкодзіў шыю, і нават пару разоў страчваў прытомнасць. А Гразін, праязджаючы міма яго разбітай Шкоды, не спыніўся, за што ўжо пасля цырымоніі ўзнагароджвання, дзе ён атрымаў пераможны кубак, быў пакараны дадатковымі пятнаццаццю хвілінамі да свайго выніку на фінішы, перамясціўшыся ў пратаколе на дваццаць чацвёртае месца.

Таму перамога на ралі Вугоршчыны адышла да Остберга. Ён спачатку пабароўся тады яшчэ за другую пазіцыю з яшчэ адным мясцовым гоншчыкам Андрасам Хадзікам, які выступае на Ford Fiesta R5 MkII. Мадс яго абагнаў на дзясятым спецучастку, а на фінальным чатырнаццатым вугорца пакінуў ззаду паляк Міка Марчык на Шкодзе. Ён спачатку і замкнуў першую тройку, а пасля штрафу Гразіна падняўся на пазіцыю ўверх. Так што Хадзік усё ж замкнуў першую тройку на хатнім ралі.

А Остберг, дарэчы, ледзь не патрапіў у аварыю ў тым жа месцы, дзе і Херцыг. Нешчаслівым яно аказалася і для Мікельсэна, які зачапіў там узбочыну і пашкодзіў левыя заднія рычаг падвескі і амартызатар. Так што астатнія спецучасткі Андрэса мусіў быў пераадольваць асцярожней, і ў выніку прапусціў наперад Эфрэна Ларэну, а таксама італьянца Сімонэ Кампедэлі (абодва таксама выступаюць на Шкодах).

Аднак і выніковага сёмага, а пасля пакарання Гразіна нават шостага месца Мікельсэну хапіла, каб стаць новым чэмпіёнам Еўропы па ралі. Пасля сямі этапаў у яго 191 ачко супраць 135 у Марчыка, якому яшчэ трэба будзе абараняцца ад Ларэны. Іспанец замыкае першую тройку, саступаючы Міка чатырнаццаць балаў.

У камандным заліку з 411 ачкамі лідзіруюць Toksport WRT, Rallye Team Spain, у якіх 338 балаў, займаюць другую пазіцыю. Маючы 150 ачкоў, Orlen Team знаходзяцца на трэцяй, але могуць саступіць яе калектыву Porvoon Autopalvelu, які адстае ўсяго на тры ачкі.

Як бачыце, яшчэ не ўсё ў еўрапейскім ралійным чэмпіянаце вырашана. І магчыма, што нават Мікельсэн яшчэ вырашыць адправіцца на фінальнае і таксама асфальтавае ралі Канарскіх выспаў, якое пройдзе 18-20 лістапада.

Другие посты блога

Все посты