Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Ізноў Toyota. Спрабуем успомніць хоць якія-небудзь цікавыя падзеі першага з этапаў WEC у Бахрэйне

Ізноў Toyota. Спрабуем успомніць хоць якія-небудзь цікавыя падзеі першага з этапаў WEC у Бахрэйне

Нажаль, чакаць нейкіх сенсацый ад гонкі 6 гадзін Бахрэйна, што прайшла ў мінулую суботу, не прыходзілася ад пачатку. Прынамсі, калі казаць пра старэйшую катэгорыю Hypercar. Добра хоць, што яна ў чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць не адзіная.

2 ноября 2021, 17:16
Ізноў Toyota. Спрабуем успомніць хоць якія-небудзь цікавыя падзеі першага з этапаў WEC у Бахрэйне

Фота: fiawec.com

Нажаль, чакаць нейкіх сенсацый ад гонкі 6 гадзін Бахрэйна, што прайшла ў мінулую суботу, не прыходзілася ад пачатку. Прынамсі, калі казаць пра старэйшую катэгорыю Hypercar. Добра хоць, што яна ў чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць не адзіная.

Наогул, гэта гонка мусіла спачатку адбыцца на трасе Фудзі ў Японіі, але свае этапы там ізноў адмянілі не толькі ў WEC, але і ў Формуле-1 і MotoGP. У чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць знайшлі выйсце, дадаўшы замест яго яшчэ адзін этап на Сахіры. Рашэнне, можа і не ідэальнае, але ці не адзінае, якое можна было прыняць: меней галаўнога болю і з лагістыкай, і з расходамі каманд, і з надворнымі ўмовамі (дажджы ў Бахрэйне малаверагодныя нават у канцы кастрычніка).

Каб 6 гадзін Бахрэйна неяк адрозніваліся ад традыцыйных васьмі, якія яшчэ наперадзе, іх правялі ў крыху іншым фармаце. Гонка пачалася раней і ўся прайшла ўдзень. Таму нейкія змены ва ўжо напрацаваныя налады інжынерам каманд усё ж прыйшлося. Хаця што тычыцца гіперкараў, то ўнось-не ўнось, а на вынік гэта мала ўплывала.

Там пакуль што ёсць Toyota і ўсе астатнія. Да таго ж у Бахрэйн з тых астатніх прыехалі толькі Alpine Elf Matmut. Каманда Glickenhaus Racing апошнія два этапы праігнаравала, бо блізкаўсходні рынак для кампаніі Джэймса Глікенхаўза прыярытэтным не з’яўляецца. Што дзіўна, на самой справе. Здаецца, дзе-дзе, а ў Бахрэйне пакупнікі на незвычайныя амерыканскія спорткары знойдуцца.

Так ці інакш, але ў катэгорыі гіперкараў на трасе Сахір у мінулы ўік-энд стартавала (і будуць стартаваць у бліжэйшы) усяго тры экіпажы. І ўся інтрыга там звялася да таго, якая з машын Таёты дабярэцца да фінішу першай – сёмая, на якой едуць дзейсныя віцэ-чэмпіёны, пераможцы мінулагодняга і срэбраныя прызёры сутачнага марафону ў Ле Мане гэтага году Себасцьен Буэмі, Казукі Накаджыма і Брэндан Хартлі або восьмая, якой кіруюць дзейсныя трыумфатары Ле Мана Майк Конвэй, Камуі Кабаяшы і Хосэ-Марыя Лопес.

Першыя стартавалі з поўлу, але па ходу заезду некалькі разоў па камандзе з боксаў мяняліся з партнёрамі пазіцыямі і ў выніку фінішавалі другімі. Калі б не спякота (тэмпература на Сахіры ў мінулую суботу даходзіла да 35 градусаў па Цэльсію), выступленне Таёты было б ідэальным. А так нават лідары пакутавалі ад павышанага зносу шын.

Ну а ў сёмага экіпажу ў другой палове гонкі яшчэ і адзін з піт-стопаў выйшаў павольным, а потым яму яшчэ перашкодзіў рэжым жоўтых сцягоў па ўсёй трасе, праз што Буэмі, Накаджыма і Хартлі ў пэўны момант падпусцілі блізка да сябе трыццаць шосты альпінаўскі экіпаж Андрэ Нэграна, Нікаля Лап’ера і Мацьё Ваксів’ера.

Толькі потым сёмая Toyota GR010 Hybrid усё роўна ад’ехала ад Alpine A480 пераследнікаў, забяспечыўшы японскаму вытворцу разам з Конвэем, Кабаяшы і Лопесам, якія перамаглі, не толькі дубль, але і тытул у камандным заліку чэмпіянату. Нэгран, Лап’ер і Ваксів’ер у сваю чаргу без праблем фінішавалі трэцімі.

На гэтым размову пра гіперкары можна і скончыць, але я дадам толькі, што цяперашняя машына Alpine, якая, па сутнасці, ёсць прататыпам катэгорыі LM P1, што ўжо скончыла сваё існаванне, будзе дапушчаная на старт і ў наступным сезоне WEC. Паглядзім, наколькі канкурэнтаздольнай старая тэхніка будзе ў параўнанні з найновай ад той жа Peugeot, якая ў наступным годзе вяртаецца ў гонкі на цягавітасць.

Па традыцыі, нашмат цікавей было сачыць за падзеямі ў малодшай прататыпаўскай катэгорыі LM P2. Тут гоншчыкам ў чэмпіянаце свету прыходзіцца няпроста, бо выступаюць яны на машынах з ле манаўскім аэрадынамічным пакетам з нізкай прыціскной сілай. Прататыпы болей слізгаюць, і перамагаюць на іх сапраўды лепшыя.

У Бахрэйне гэта атрымалася ў пераможцаў 24 гадзін Ле Мана Робіна Фрайнса, Фердзінанда Габсбурга і Шарля Мілесі з трыццаць першага экіпажа Team WRT. Стартавалі яны толькі сёмымі, але дзякуючы найперш пісьменнай стратэгіі піт-стопаў апынуліся наперадзе, па выніках ужо першай траціны дыстанцыі.

Тады як у поўл-сітараў Шона Гелаэля, Стофеля Вандорна і Тома Бломквіста з дваццаць восьмага экіпажа каманды Jota 6 гадзін Бахрэйна пачыналіся цяжка – разварот каштаваў ім некалькіх пазіцый. Аднак затым тэмп дазволіў ім адыграць амаль усё страчанае і фінішаваць другімі. А замкнулі тройку мацнейшых іх партнёры з трыццаць восьмага экіпажа Рабэрта Гансалес, Антоніу Фелікс да Кошта і Энтані Дэвідсан.

Дваццаць другому экіпажу United Autosports USA, у якім разам з Фабіа Шэрэрам і Філіпэ Альбукерке выступае пераможца нядаўняга фіналу ELMS у Парцімане Філ Хансан і які стартаваў другім, у першай тройцы ўтрымацца не ўдалася – ён прыйшоў да фінішу на чацвёртай пазіцыі. Што, зрэшты, ёсць ледзь не перамогай на фоне дзявятага месца трыццаць чацвёртага экіпажа Inter Europol Competition.

Якуб Смехоўскі, Рэнгер ван дэр Зандэ і Алекс Брандл стартавалі з даволі высокай пятай пазіцыі, потым былі дабраліся і да першай і прэтэндавалі на подыум. Але і развароту ў выніку кантакту з супернікамі не пазбеглі, і праблему з левымі дзвярамі, што не жадалі закрывацца, вымушаныя былі вырашаць на лішнім піт-стопе, а пад канец гонкі атрымалі штраф стоп-энд-гоў ажно ў чатыры хвіліны (!) за тое, што выкарысталі дваццаць шын замест дазволеных васямнаццаці.

У кузаўной катэгорыі LM GTE Pro ў Бахрэйне было нават меней шматлюдна, чым у гіперкарах, прытым што стартавалі там чатыры экіпажы, па два ад Porsche GT Team і AF Corse (Ferrari). Проста ў кожным было па два гоншчыкі, а не па тры.

Дамінавалі практычна ад старту да фінішу Кэвін Эстрэ і Ніл Яні з дзевяноста другога экіпажа нямецкай каманды. Яны ж і перамаглі, а іх партнёры Джанмарыя Бруні і Рыхард Літц, якія кіравалі дзевяноста першым 911 RSR-19 занялі другое месца. Размен пазіцыямі адбыўся толькі паміж завадскімі Ferrari 488 GTE Evo. Алесандра П’ер Гуідзі і Джэймс Калада з пяцьдзесят першага экіпажа апярэдзілі пяцьдзесят другі ў складзе Даніэля Сэры і Мігеля Маліны і занялі трэцяе месца.

Ізноў жа ў малодшай і ўмоўна аматарскай катэгорыі LM GTE Am было больш і удзельнікаў, і падзей. І перамога тут дасталася гоншчыкам, якія пачыналі гонку з шостай пазіцыі – Бэну Кіцінгу, Дзілану Перэйры і Фэліпэ Фраге з трыццаць трэцяга экіпажа TF Sport. Канечне, не ў апошнюю чаргу ім дапамагла надзейнасць іх Aston Martin Vantage AMR. Напрыклад, адны з фаварытаў чэмпіянату Рына Мастранардзі, Андрэа Пічыні і Матэа Крэсоні з шасцідзесятага экіпажа Iron Lynx, якія стартавалі з поўлу, сышлі з дыстанцыі праз паломку скрыні перадач.

Тым не менш Кіцінг, Перэйра і Фрага выдатна правялі гонку, апярэдзіўшы моцных канкурэнтаў. У тым ліку семдзесят сёмы экіпаж Dempsey Proton у складзе Крысціана Рыда, Джэксана Эванса і Мэта Кэмпбэла, якія занялі другое месца, а таксама бронзавых прызёраў катэгорыі Эдзіджыа Перфэці, Матэа Кайролі і Рыкарда Перу з пяцьдзесят шостага экіпажа Team Project 1 (і тыя, і тыя выступаюць на Porsche).

Напярэдадні фінальнага этапу чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць уладальнікі тытулу ў ім пакуль не вызначаныя. Лідзіруюць у заліку гоншчыкаў катэгорыі Hypercar Лопес, Кабаяшы і Конвэй, у якіх 145 ачкоў, але толькі пятнаццаць ім саступаюць Хартлі, Накаджыма і Буэмі. Вось іх Нэгран, Ваксів’ер і Лап’ер, якія са 105 баламі замыкаюць першую тройку, наўрад ці дагоняць. Як і Alpine ужо не дагоніць Таёту ў заліку вытворцаў – у японцаў 167 ачкоў супраць тых жа 105 у французаў. Ніхто не адбярэ і трэцюю пазіцыю ў Glickenhaus, у якога 37 балаў.

Па-сапраўднаму спякотна ва ўсіх сэнсах будзе ў трафеі гоншчыкаў LM P2, дзе лідарства захапілі Мілесі, Габсбург і Фрайнс, у якіх 113 ачкоў. Але гэта ўсяго на пяць болей, чым у былых лідараў Гелаэля, Вандорна і Бломквіста, якія цяпер другія. Дый Дэвідсан, да Кошта і Гансалес, якія з 96 ачкамі займаюць трэцюю пазіцыю, не так і далёка. Аднак шанцы на двайны поспех у каманды WRT, якая раней перамагла ў ELMS, усё роўна вялікія.

Вялікая бойка мае адбыцца і паміж лідарамі трафею гоншчыкаў GT. П’ер Гуідзі з Калада, лідзіруючы са 139 ачкамі, усяго на адно апярэджваюць Эстрэ з Яні. Толькі Бруні з Літцам, у якіх 93 балы, практычна гарантавалі сабе трэцяе месца. Не меней непрадказальна ўсё і ў заліку вытворцаў катэгорыі GT, дзе паміж Porsche і Ferrari таксама ўсяго адзін бал (231 і 230 адпаведна).

Так што глядзець суботні фінал WEC усё роўна будзе варта, асабіста калі доўгія гонкі вам падабаюцца. А надыходзячая будзе вельмі доўгай – васьмігадзіннай, таму скончыцца ўжо ў цемры. Спадзяемся, і адметных падзей у ёй, улічваючы становішча ў чэмпіянаце, будзе болей.

Другие посты блога

Все посты