Развітанне па-чэмпіёнску. Себасцьян Аж’е скончыў сваю кар’еру перамогай на ралі Монцы і ў чэмпіянаце свету

Фота: wrc.com

Ён гэта ўсё ж такі зрабіў: Себасцьян Аж’е сыходзіць з чэмпіянату свету па ралі непераможаным. Яго фінальны акорд выйшаў мажорным – француз перамог на апошнім этапе гэтага сезона, ралі Монцы.

Так, на асобных этапах у будучыні цяпер ужо васьміразовы чэмпіён свету па ралі выступаць будзе. Але тытул, што ён здабыў у мінулы ўік-энд ужо дакладна яго апошні. Наперадзе застаўся толькі цёзка і суайчыннік Аж’е па прозвішчу Лёб, у якога дзевяць тытулаў у сусветным ралі. Аднак малодшаму Сэбу ўсё роўна ёсць чым ганарыцца.

Хаця б тым, што чэмпіянаты Аж’е выйграваў у складзе трох розных каманд: Volkswagen Motorsport, M-Sport Ford WRC і Toyota Gazoo Racing WRT. Лёб жа ўсе свае тытулы здабыў у складзе Citroën Total WRT, у якім Аж’е двойчы станавіўся трэцім (у 2011 і 2019 гадах). Ну і змагацца дзейснаму чэмпіёну ў апошнія гады даводзілася з сапраўды моцнымі супернікамі, як От Цянак і Цьеры Нэвіль з Hyundai і адзін з яго партнёраў па Таёце Элфін Эванс.

Вось апошні і быў напярэдадні фіналу ў Монцы (як і год таму) адзіным апроч самога Себасцьена прэтэндэнтам на тытул па выніках сезону-2021. Праўда, гэтым разам шанцы яго былі значна меншымі, нават перамога на ралі не гарантавала яму перамогі ў чэмпіянаце, бо Аж’е пры гэтым было дастаткова фінішаваць у першай тройцы.

Мы, канечне, памятаем, якім чынам у той жа Монцы ўсё вырашылася ў мінулым годзе, калі Эванс прайграў бойку за чэмпіёнства, патрапіўшы ў аварыю. Але тады ўмяшалася прырода, якая шчодра прысыпала наваколлі Мілана, побач з якім Храм Хуткасці і знаходзіцца, снегам. Гэтым жа разам абышлося без ападкаў увогуле, і пра тое, што гэта канец восені, нагадвала толькі хмурае неба і апалае лісце.

Ускладніць жыццё Аж’е маглі хіба што канкурэнты з Hyundai, але іх колькасць была паменшаная – Цянак у Монцы не стартаваў праз асабістыя сямейныя абставіны. Так што заставаліся толькі Нэвіль і Дані Сорда, ды і ім бракавала тэмпу. Пры гэтым на i20 Coupé WRC бельгійца ў пятніцу ўзніклі праблемы са скрыняй перадач, і ў першай тройцы па выніках першага спаборніцкага дня ён ледзь утрымаўся.

Але не ўтрымаўся ў выніку, саступіўшы Сорда ніжнюю ступень подыуму. Суботу Цьеры пачаў з перамогі на восьмым спецучастку, а ўжо на наступным памыліўся і ўрэзаўся ў адбойнік, пашкодзіўшы пярэднюю частку свайго аўтамабіля і згубіўшы на гэтым амаль паўхвіліны. Гонку Нэвіль працягнуў, але вышэй чацвёртага месца ўжо не падняўся, адзначыўшыся толькі перамогай на фінальным суперспэшле ў нядзелю, якая прынесла яму пяць бонусных балаў.

Прычынай той суботняй памылкі Цьеры былі халодныя шыны, і ад іх выбару ў Монцы залежала шмат. Гоншчыкі спрабавалі розныя іх камбінацыі, ставілі на кола адной восі гуму розных тыпаў жорсткасці, і часам гэта давала плён. Напрыклад, Эванс дзякуючы ў тым ліку такім захадам па выніках пятніцы быў лідарам ралі.

Аж’е, праўда, крыху запаволілі невялікія праблемы з тармазамі яго Yaris WRC, аднак партнёры па завадской Таёце ўсё роўна былі блізкімі па хуткасці, і ў суботу яны працягнулі спаборнічаць адзін з адным і мяняцца пазіцыямі. І хоць другі дзень скончыўся на карысць Себасцьена, Элфін ад яго адставаў усяго на 0,5 секунды.

Менавіта такі гандыкап паміж імі захаваўся і па выніках першага з нядзельных і чатырнаццатага па ліку спецучастка. На якім Аж’е, дарэчы, мог бы страціць усё – на легендарным бэнкінгу Монцы, які ўжо не выкарыстоўваецца, ён правым пярэднім колам зачапіў абмежавальны бетонны бар’ер.

Але для яго ўсё абышлося касметычнымі пашкоджаннямі кола, тады як падобная памылка ў выкананні іншага яго партнёра па камандзе Такамота Катсуты, які ўдарыўся аб бар’ер левым пярэднім колам, прывяла да сур’ёзнага пашкоджання падвескі. Пры гэтым з дыстанцыі японец не сышоў – яго Yaris WRC механікам удалася адрамантаваць. І ў наступным годзе ён усё ж застанецца ў складзе завадской Таёты!

Разам з Аж’е, Эвансам, Кале Раванпэрай і Эсапекай Лапі Такамота месяц таму не аб’явілі, бо не было зразумела, хто будзе яго штурманам. Дэн Барыт, які раней працаваў з Катсутай (а яшчэ раней з Эвансам), сваю кар’еру завяршыў. У Бельгіі яго замяняў Кітан Уільямс, але яму працягнуць сумесную працу з Такамота перашкодзілі сямейныя абставіны, і ўжо ў Грэцыі у правым крэсле Ярыса Катсуты апынуўся былы ко-драйвер Олівера Сольберга Ааран Джонстан, які застанецца разам з японцам і ў наступным годзе. Спадзяюся, ён дапаможа Такамота памыляцца радзей.

Хаця памыляліся на ралі Монцы ў мінулы ўік-энд многія, у тым ліку Эванс. Валійца развярнула на пятнаццатым і перадапошнім спецучастку, што каштавала яму каля дзесяці секунд. Аж’е пры гэтым хоць і ехаў асцярожна, але ўсё роўна застаўся наперадзе, атрымаўшы перамогу з перавагай у 7,3 секунды. Ну і заадно выйграўшы свой восьмы і апошні тытул чэмпіёна свету па ралі.

Па выніках сезону Себасцьен набраў 230 ачкоў. Эванс зарабіў 207 і зноў стаў віцэ-чэмпіёнам. Нэвіль са 176 баламі замкнуў першую тройку асабістага заліку. У камандным жа перамагла Toyota – 520 ачкоў супраць 462 у Hyundai.

Першую тройку замкнуў калектыў M-Sport Ford, у якога 199 балаў. Яго лепшым прадстаўніком на ралі Монцы стаў Гас Грынсміт, які заняў восьмае месца і які застанецца ў камандзе ў наступным годзе. Яго французскі партнёр Адрыен Фурмо выбыў з барацьбы за ачкі яшчэ ў пятніцу, зляцеўшы з трасы пасля памылкі.

У суботу заўчасна за межамі трасы скончыў гонку і балівіец Марка Буласія, які на сваёй Škoda Fabia Rally2 лідзіраваў у катэгорыі WRC2. Таму ралі Монцы стала бенефісам Яры Хутунена. Паколькі на Ford Fiesta Rally2 фін выступаў упершыню, то спачатку ён ехаў асцярожна, але ўсё роўна на 47 секунд апярэдзіў чэмпіёна катэгорыі (а таксама новага чэмпіёна Еўропы па ралі) Андрэаса Мікельсэна, які заняў другое месца. Замкнуў першую тройку эстонец Георг Лінамяэ на Volkswagen Polo GTI R5.

У WRC3 у Монцы барацьба была значна шчыльнейшай, і на перамогу прэтэндавалі адразу тры гоншчыкі. Дасталася яна ў выніку мясцоваму любімцу Андрэа Круньёле. На сваім Hyundai i20 N Rally2 ён апярэдзіў Йохана Расэля на Citroën C3 Rally2, які заняў другое месца, усяго на чатыры секунды!

Француз, праўда, болей быў заклапочаны барацьбой за чэмпіянат з Каетанам Каетанавічам. Паляк на Škoda Fabia Rally2 таксама быў хуткі ўвесь ўік-энд і супернікам саступіў, заняўшы трэцяе месца, няшмат – 7,1 секунды Круньёле і 3,1 секунды Расэлю, якому ў выніку і дастаўся тытул у WRC3.

Напрыканцы варта вярнуцца і да галоўнай катэгорыі WRC, таму што ралі Монцы стала для яе апошнім у яго цяперашнім выглядзе. З наступнага года чэмпіянат свету пераходзіць на новую тэхніку і гібрыдныя сілавыя ўстаноўкі. Хто з вытворцаў-удзельнікаў лепей справіўся з задачай пабудаваць канкурэнтаздольны аўтамабіль, мы пабачым даволі скора – ралі Монтэ-Карла адкрые новы сезон усяго праз два месяцы.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+18
Написать комментарий
Реклама 18+