Як згубіць тытул, камфортна лідзіруючы ў чэмпіянаце. Цімі Хансэн саступіў перамогу ў WRX Йохану Крыстоферсану

Фота: fiaworldrallycross.com

Злыя языкі доўга будуць казаць, што гэта не Крыстоферсан выйграў чэмпіянат свету па ралі-кросе ў 2021 годзе, а Цімі Хансэн яго прайграў. І ў гэтым будзе доля праўды. Але Хансэн на двух апошніх этапах на Нюрбургрынге сам ускладніў сабе жыццё.

У Германію Цімі Хансэн прыехаў, маючы перавагу над Крыстоферсанам у сямнаццаць ачкоў. Яму не было неабходнасці ні перамагаць, ні нават абавязкова фінішаваць перад Йоханам – дастаткова было проста не даць яму адыграць зашмат балаў, не нарабіўшы глупстваў. Але чамусьці менавіта іх старэйшы з братоў Хансэнаў рабіць і ўзяўся.

Магчыма, з каляіны яго крыху выбіў недахоп тэмпу на новай для ўсіх трасе. Сусветны ралі-крос мусіў быў наведаць Нюрбургрынг яшчэ ў мінулым годзе (раней свае нямецкія гонкі ён праводзіў у Бэкстэхудэ і Хокенхайме), але гэтаму перашкодзіла пандэмія – этап быў адменены. Хаця досведу ў Зялёным Пекле бракавала ўсім, а не толькі Цімі.

Ну, не ў самім Зялёным Пекле, канечне, а ў канцы восені ўжо нават і не ў зялёным. 1 029-метровая ралі-кросавая траса была зладжаная на кальцы GP, са стартам за паваротам Ford і першым паваротам, які адводзіў удзельнікаў у бок «эсцы» Міхаэля Шумахера (гоншчыкі фактычна пераадольвалі трасу ў зваротным накірунку адносна звычайнага), і джокер-пятлёй на гравіі за шпількай Dunlop.

Гравійныя секцыі ўвогуле былі пракладзеныя па зонам бяспекі і складалі каля 40 адсоткаў даўжыні трасы, і ўяўлялі сабой асаблівую складанасць. Праз моцную паводку, якая накрыла Германію мінулым летам, ралі-кросавы этап на Нюрбургрынге прыйшлося пераносіць на канец восені – на трасе былі разгорнутыя штаб для выратавальнікаў і шпіталь для пацярпелых. Ну а канец лістапада ў Германіі мала адрозніваецца ад такога ў Беларусі.

Тым больш што Нюрбургрынг знаходзіцца ў Айфелевых гарах, дзе  і ў цёплую пару года прадказаць надвор’е бывае складана. Таму мінусавыя тэмпературы і снег у мінулыя выхадныя не здзівілі нікога, але дадалі цяжкасцей камандзе Хансэнаў. У кваліфікацыі на Peugeot 208 Цімі ўзніклі праблемы з абмывальнікам лабавога шкла. Гоншчык падазраваў, што вадкасць проста замерзла, што было крытычна якраз на гравійных адрэзках.

Таму лепшым вынікам лідара чэмпіянату ў кваліфікацыях суботняга этапу стала трэцяе месца ў першым хіце. Не бліснуў ён і ў другім паўфінале, фінішаваўшы там толькі другім. А потым яшчэ і пяцісекундны штраф атрымаў за кантакт з напарнікам Крыстоферсана па камандзе KYB EKS JC Энца Ідэ, абмяняўшыся з ім і месцамі ў пратаколе (бельгіец якраз фізічна замкнуў першую тройку). Аднак у фінал Цімі ўсё ж патрапіў, у адрозненні ад свайго малодшага брата Кэвіна, які заглух на страце першага паўфінала і фінішаваў у ім толькі пятым.

Перамог тады, дарэчы, Крыстоферсан, Ніклас Гронхольм з каманды GRX-SET World RX Team фінішаваў другім, а яго напарнік Крышціан Саба стаў трэцім. У другім жа паўфінале сенсацыйную перамогу атрымаў новаспечаны чэмпіён Еўропы у катэгорыі RX3 Юрый Бялеўскі, якому каманда Volland Racing KFT адразу дала магчымасць паспрабаваць сябе за стырном поўнапрываднага Audi S1 старэйшай катэгорыі (у RX3 аўтамабілі не толькі меней магутныя і хуткія, але і з прывадам толькі на пярэднюю вось).

І гэта быў далёка не апошні поспех расіяніна на перадапошнім этапе! Ён і ў кваліфікацыях быў хуткім, і фінал, негледзячы на не самы просты старт, калі супернікі спачатку адцерлі яго назад, правёў выдатна, заняўшы выніковае трэцяе месца. А пасля дыскваліфікацыі за некарэктныя паводзіны на трасе Цімі Хансэна (тая ж доля спасцігла Ідэ, прычым суддзям прыйшлося аналізаваць онборд-запісы з машын шведа і бельгійца), які спачатку і падняўся на сярэднюю ступень подыуму, стаў увогуле другім. Трэцяе месца ў выніку дасталася Саба.

Аднак Цімі Хансэн усё роўна захаваў значную перавагу перад Крыстоферсанам, які без асаблівых праблем і перамог у фінальным заездзе і, адпаведна, на восьмым этапе, болей чым у дзесяць ачкоў. І на апошнім этапе яму па-ранейшаму дастаткова было не нарабіць глупстваў. Але тое, як ён на старце ізноў жа другога паўфіналу развярнуў Гронхольма, іначай як глупствам не назавеш. За такія паводзіны старэйшы Хансэн атрымаў яшчэ адзін пяцісекундны штраф, саступіўшы першую пазіцыю Кэвіну і апусціўшыся на трэцюю.

Напэўна з такім судзейскім рашэннем быў згодны і Гронхольм, але ён і сам выдатна рэабілітаваўся. На першым жа кругу сын двухразовага чэмпіёна свету па ралі наведаў джокер-пятлю, атрымаў перад сабой чыстую трасу і даехаў да трэцяй пазіцыі, якая пасля пакарання Цімі пераўтварылася ў другую.

Вось Бялеўскаму ўчора пашанцавала не так, як днём раней. Юрый ізноў прайшоў у першы паўфінал, але там хуткасці ў яго было ўжо меней, а пракол левага пярэдняга кола пад канец заезду не дазволіў яму нават фінішаваць разам з усімі. Затое Крыстоферсан зноў перамог, а яго напарнік Энца Ідэ фінішаваў другім.

Трэцім жа стаў, таксама прайшоўшы ў фінал, вядомы французскі гоншчык Герлен Шышэры, які прапусціў амаль увесь сезон, але на фінальны этап заявіўся ў складзе сваёй уласнай каманды Unkorrupted і выступіў на Renault Mégane RS. У апошнім заездзе, стартаваўшы разам з Цімі Хансэнам з апошняга шэрагу, ён, праўда, не бліснуў, і апярэдзіў толькі Ідэ, якога развярнула ўжо на старце.

Цімі, дарэчы, стартаваў добра, пакінуўшы першы паварот трэцім і распачаўшы барацьбу з Крыстоферсанам. Яны разам на першым жа кругу наведалі джокер-пятлю, і сканцэнтраваліся адзін на адным. А заадно далі шлях Гронхольму, які спачатку апынуўся чацвёртым, затое цяпер атрымаў магчымасць наблізіцца да Кэвіна Хансэна. І нават апярэдзіў яго, калі той на другім кругу таксама заехаў на джокер.

Далейшае было ўжо справай тэхнікі – Hyundai i20 Гронхольма – і майстэрства самога фіна. Ён на джокер-пятлю адправіўся толькі на апошнім кругу, затое, зрабіўшы за папярэднія кругі вялікі адрыў, на асноўную трасу вярнуўся лідарам і атрымаў трэцюю ў сезоне перамогу. Малодшы Хансэн заняў другое месца, а трэцяе разам з чэмпіёнскім тытулам – ужо чацвёртым у яго кар’еры – дасталася Крыстоферсану.

Йохан стрымаў ззаду Цімі Хансэна, які фінішаваў чацвёртым, і сезон шведы скончылі з роўнай колькасцю ачкоў, па 217 у кожнага і нават роўнай колькасцю перамог – па дзве ў таго і ў таго! Таму перамога ў чэмпіянаце Крыстоферсану дасталася па звышдадатковых паказчыках – ён на абодвух этапах на Нюрбургрынге набраў ачкоў болей за свайго канкурэнта. Трэцім, саступіўшы ім абодвум дваццаць балаў, стаў Гронхольм, які таксама на шэсць апярэдзіў Кэвіна Хансэна.

У камандным заліку, набраўшы 408 ачкоў, перамаглі Hansen World RX Team, што крыху падсаладзіла горкі яблык братоў Хансэнаў і іх бацькі. Калектыў GRX-SET World RX Team з 359 баламі заняў другое месца, KYB EKS JC, які набраў 342 ачкі, стаў трэцім.

Акрамя галоўнай катэгорыі Нюрбургрынг наведала таксама малодшая электрычная RX2e, якая, у адрозненні ад галоўнай, праводзіла толькі адзін этап з фіналам у нядзелю. Там, зрэшты, усё фактычна вырашылася ўжо даўно, і Гіёму дэ Рыдэру гэтаксама як і Цімі Хансэну трэба было не нарабіць памылак. Бельгіец, у адрозненні ад чэмпіёна свету 2019 года, іх і не нарабіў, быў хуткім увесь уік-энд і амаль у адны вароты выйграў фінал.

Фін Джэсі Каліа эфектна выправіў стартавую памылку, калі яго амаль развярнула ў першым павароце, але ён утрымаў машыну (дапамагла канструкцыя машыны і вялізарны круцільны момант рухавіка на пярэдняй восі), на другім кругу з’ездзіў на джокер і здолеў фінішаваць другім, стаўшы заадно і віцэ-чэмпіёнам. Іспанец Пабла Суарэс і фінальную гонку, і чэмпіянат завяршыў на трэцім месцы.

Тут самы час успомніць, што з наступнага года электрычнай стане і галоўная катэгорыя чэмпіянату свету па ралі-кросе, таму ўчора мы бачылі апошнюю гонку яго аўтамабіляў з бензінавымі рухавікамі. Іх эпоха скончылася перамогай Йохана Крыстоферсана, які цяпер напэўна паспрабуе стаць і першым чэмпіёнам электрычнай эры. Пачнецца яна, калі ізноў не перашкодзіць пандэмія, у красавіку, толькі пакуль невядома, дзе менавіта.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+19
Написать комментарий
Реклама 18+