Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Як «Дакар» стартаваў без МАЗа: адной інтрыгай у ралі дакладна паменела

Як «Дакар» стартаваў без МАЗа: адной інтрыгай у ралі дакладна паменела

У першы дзень 2022 года ў Джыдзе пачалося сорак другое ў гісторыі ралі Дакар. А ўчора адбыўся яго першы паўнавартасны этап, на якім адразу пачаліся прыгода амаль ва ўсіх удзельнікаў.

4 января 2022, 09:46
Як «Дакар» стартаваў без МАЗа: адной інтрыгай у ралі дакладна паменела

Фота: dakar.com

У першы дзень 2022 года ў Джыдзе пачалося сорак другое ў гісторыі ралі Дакар. А ўчора адбыўся яго першы паўнавартасны этап, на якім адразу пачаліся прыгода амаль ва ўсіх удзельнікаў. Прайшоў гэты этап без завадской каманды МАЗ – яе не дапусцілі праз міжнародныя санкцыі ў дачыненні да прадпрыемства.

Другі год запар легендарны ралі-марафон праводзіцца ў Саудаўскай Аравіі. Але ўпершыню ён з’яўляецца не асобным спаборніцтвам, а часткай новага чэмпіянату свету – па ралі-рэйдах (як сутачная гонка ў Ле Мане ёсць часткай чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць). Таму праходзіць Дакар па крыху новым фармаце, з якім мы паступова будзем разбірацца цягам наступных двух тыдняў.

Сутнасць жа яго засталася той, якой і была раней – гэта складаная гонка, дзе ты мусіш быць не толькі хуткім, але і ўважлівым. І, натуральна, павінен умець карыстацца дарожнай кнігай, каб не заблукаць у пустыні. А гэта задача складаная часам нават для суперпрафесіяналаў. Гэта кароткі суботні 19-кіламетровы пралог, па ходу якога ўдзельнікі перабраліся з Джыды ў Хаіль, не патрабаваў многага, а вось учора пачаліся сапраўдныя прыгоды.

Учарашні этап быў закальцаваны, са стартам і фінішам у Хаіле, і яго 333 кіламетры ўключалі ў сябе амаль усё, што бывае на Дакары: пяскі, камяні і дзюны. Навігацыя грала ледзь не вырашальную ролю, і на ёй спатыкнуліся многія. Як, напрыклад, пераможца мінулага году ў заліку матацыклаў Кэвін Бенавідэс.

Аргентынскі гоншчык каманды Red Bull KTM Factory Team, які пасля пралогу быў у групе лідараў, учора адкаціўся на чатырнаццатую пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі. Да фінішу ўчарашняга спецучастка ён дабраўся з чатырнаццатым жа вынікам, саступіўшы пераможцу 36 хвілін 22 секунды. Столькі ж ён саступае лідару генеральнай класіфікацыі, бо вынікі пралога і першага этапу (яны атрымалі нумары, адпаведна 1A і 1B) сумаваліся.

Лідарам жа пакуль што з’яўляецца аўстралійскі гоншчык завадской каманды GasGas Даніэль Сандэрс, для якога гэты Дакар усяго толькі другі. Зрэшты, ён і ў мінулым годзе выступіў выдатна, з ходу заняўшы чацвёртае месца і стаўшы лепшым навічком. Ну а цяпер з новымі сіламі адразу вырашыў узяць быка за рогі і першынстваваў і на пралогу, і на першым этапе. Яго час складае 4 гадзіны 38 хвілін 40 секунд.

Другую пазіцыю, саступаючы яму 3 хвіліны 7 секунд, займае чыліец Пабла Кінтанілья з завадской каманды Monster Energy Honda Team. Ён учора разам з Сандэрсам пазбег сур’ёзных навігацыйных промахаў, другім жа і прыйшоўшы да фінішу. А вось дасведчанаму аўстрыйскаму прадстаўніку завадскога калектыву KTM Маціасу Валькнэру прыйшлося цяжэй – ён пасля першага этапу саступае Сандэрсу 11 хвілін 6 секунд, замыкаючы першую тройку і ўзначальваючы шчыльную групу пераследнікаў двух лідараў.

Не меней цяжка на першым этапе прыйшлося і квадрацыклістам. Пасля пралогу лідараства захапіў быў мінулагодні пераможца Мануэль Андухар, але ўчора аргенцінец на сваёй Yamaha YFM 700 R ледзь замкнуў першую дзясятку, адстаўшы ад лідара амаль на 42 хвіліны!

Першым жа да фінішу спецучастка, узначаліўшы заадно і генеральную класіфікацыю, прыйшоў гоншчык з Літвы Лайсвідас Канчыус, які таксама едзе на квадрацыкле Yamaha. Яго агульны час складае 6 гадзін 15 хвілін 37 секунд. Галоўныя пераследнікі літоўца – мінулагоднія фаварыты Джавані Энрыка з Чылі і Пабла Капэці з ЗША (абодва выступаюць на Yamaha Raptor). Іх адставанне ад Канчыуса складае 6 хвілін 10 секунд і 9 хвілін 36 секунд адпаведна.

Зрэшты, гэта толькі самы пачатак Дакара, і сітуацыя яшчэ можа змяніцца ў любы бок ва ўсіх заліках. Таму трохразовы пераможца ралі-марафону Насэр Аль-Ація, які працягвае выступаць у складзе каманды Toyota Gazoo Racing у пары са штурманам Мацьё Бамэлем і лідзіруе пасля першага этапу з часам 3 гадзіны 30 хвілін 53 секунды, з гэтай нагоды моцна не радуецца. Моцных супернікаў у яго багаты – чаго варты хаця б адзін Себасцьен Лёб, які разам з Фабіанам Луркенам выступае на поўнапрывадным, як і пікап Toyota HiLux Аль-Аціі, прататыпе Prodrive BRX Hunter.

У гэтым годзе, дарэчы, тэхнічны рэгламент стаў болей добразычлівы да машын з усімі вядучымі коламі. Цяпер у іх і колы гэтыя павялічыліся – іх дыяметр узрос з 16 да 17 цаляў (дюймов, каму на рускай больш зразумела), а дыяметр шын – з 32 да 37 цаляў. Самі аўтамабілі сталі на 300 мм шырэй (максімальная шырыня складае 2 300 мм), на 70 мм (да 350 мм) павялічыўся ход падвескі. Відаць, з гэтай прычыны катэгорыя цяпер называецца T1+. Не дабавілася хіба што цэнтралізаваная падпампоўка шын з кіраваннем з какпіту, якая засталася прэрагатывай заднепрывадных багі.

Дзевяціразовы ж чэмпіён свету па ралі, калі вярнуцца непасродна да яго, пасля першага этапу займае другую пазіцыю, адстаючы ад Аль-Аціі на 12 хвілін 44 секунды. Таксама вядомы па класічным ралі чэх Марцін Пракоп, які на гэтым Дакары выступае за стырном прататыпу Ford Raptor RS Cross Country (яго штурман – Віктар Чытка), замыкае першую тройку агульнага заліку, але адстае ад лідара ўжо на 22 хвіліны 39 секунд.

Чатырнаццаціразовы і дзейсны пераможца Дакара Стэфан Петэрансэль учора, на вялікі жаль, патрапіў у аварыю. Таму караван пазбавіўся аднаго з трох самых цікавых з тэхнічнага гледзішча аўтамабіляў – Audi RS Q e-tron. Гэта паслядоўны гібрыд, з двума электрычнымі рухавікамі спераду і ззаду і рухавіком унутранага згарання (турбіраванай «чацвёркі» 2.0 TFSI ад старога баліду DTM), які механічна з коламі не звязаны, а толькі круціць генератар. Электрарухавікі ж ўзятыя ад машын Формулы Е і агулам здольныя развіваць да 500 кВт (680 к.с.).

Гонка гэтага году, зрэшты, у любым выпадку стала такім баявым тэстам новай тэхнікі. Зорны ж склад каманды Audi Sport – а гэта апроч самога Ліса Пустыні яшчэ і Карлас Сайн-старэйшы і Маціас Экстром – мусіць навучыць машыну ехаць. Атрымліваецца гэта пакуль што з пераважным поспехам. Экстром і яго штурман Эміль Бергквіст зараз знаходзяцца на трыццаць сёмай пазіцыі агульнага заліку, адстаючы ад лідараў на 1 гадзіну 45 хвілін 50 секунд, Сайнс і Лукас Крус сорак восьмыя, у 2 гадзінах 22 хвілінах 47 секундах ад Аль-Аціі і Бамэля.

Петэрансэль, які па-ранейшаму выступае ў пары з Эдуардам Буланжэ, вярнуўся ў гонку з 16-гідзінным штрафам (правіламі гэта цяпер дазваляецца, як і ў класічным ралі). Зараз француз шэсцьдзесят дзявяты, ад першай пазіцыі яго аддзяляе 23 гадзіны 31 хвіліна 15 секунд. Зычым поспеху яму і яго камандзе.

Таксама зычым гэтага і экіпажу нумар 323 катэгорыі лёгкіх прататыпаў. У ім расіянка Марыя Апарына на ўсюдыходзе Can-Am Maverick X3 едзе разам з нашым суайчыннікам і маім сябрам Андрэем Рудніцкім. Пасля першага этапу яны трыццаць чацвёртыя, а лідарам саступаюць 4 гадзіны 15 хвілін 30 секунд. Але гонку працягваюць, а гэта галоўнае.

Лідзіруюць жа тут амерыканец Сэт Кінтэра і немец Дэніс Цэнц на машынцы OT3 02. Учора яны фінішавалі з вынікам 4 гадзіны 21 хвіліна 35 секунд. Дзейсныя пераможцы Франсіска Лопес і Хуан-Пабла Латрах на Can-Am XRS саступілі ім 1 хвіліну 58 секунд, размясціўшыся на другой пазіцыі. Трэцімі да фінішу першага спецучастка прыйшлі швед Себасцьян Эрыксан і нідэрландзец Вутэр Росгаар на Can-Am Maverick X3, чыё адставанне ад лідараў склала 6 хвілін 52 секунды.

SSV у гэтым годзе сталі асобным класам, са сваім асобным залікам. Тут пасля першага этапу лідзіруюць палякі Арон Дамжала і Мацэй Мартон. Учарашні спецучастак яны пераадолелі за 4 гадзіны 37 хвілін 26 секунд. Дуэт амерыканца Осціна Джонса і бразільца Густава Гужэльміна саступіў ім 1 хвіліну 58 секунд, заняўшы другую пазіцыю. Трэцімі сталі бразільцы Радрыга Лупі дэ Алівэйра і Майкель Жуста, якія адсталі на 4 хвіліны 2 секунды. Усе тры экіпажы выступаюць на Can-Am Maverick XRS.

Катэгорыя грузавікоў, асабіста ў адсутнасць МАЗа, канчаткова стала тэрыторыяй каманды КамАЗ-Мастер. Таму ўся інтрыга тут пакуль што зводзіцца да таго, хто менавіта з экіпажаў з Набярэжных Чалны пераможа. Што пераможа нехта з іх, зараз мала хто сумняваецца. Вось і мінулагоднія пераможцы Дзмітрый Сотнікаў, Ільгіз Ахметзянаў і Руслан Ахмадееў пачалі Дакар-2022 з перамогі. Спецучастак яны праехалі за 4 гадзіны 6 хвілін 22 секунды, усяго на 31 секунду апярэдзіўшы сваіх сукаманднікаў Эдуарда Нікалаева, Яўгенія Якаўлева і Уладзіміра Рыбакова.

Увогуле, камазаўцы акупіравалі ўсю першую чацвёрку агульнага заліку ў сваім класе. Хіба што Антон Шыбалаў, Дзмітрый Нікіцін і Іван Татарынаў, заняўшы трэцюю пазіцыю, саступілі экіпажу Сотнікава 18 хвілін 56 секунд, а Андрэй Каргінаў, Андрэй Макееў і Іван Малькоў – на 19 хвілін 12 секунд. Лепшымі з астатніх сталі Алеш Лапрайс, Петр Пакора і Яраслаў Вальтр на Празе, якія замкнулі першую тройку, адстаўшы ад лідараў на 24 хвіліны 58 секунд.

Другі і трэці этапы Дакара-2022 мусілі былі стаць марафонскімі – удзельнікам належала правесці іх без тэхнічнай падтрымкі. Але месца іх бівуака паміж этапамі было затопленае паводкай (так, у пустынях Саудаўскай Аравіі бывае і такое), таму гоншчыкі застануцца з механікамі. Сёння яны пераадольвалі 338-кіламетровы спецучастак Хаіль – Аль-Кайсумах з усімі яго пяскамі і дзюнамі. Яго вынікі мы падсумуем заўтра.

Другие посты блога

Все посты