Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2022: чацвёрты этап

Дакар-2022: чацвёрты этап

Першая палова сорак чацвёртага ралі Дакар пакрысе набліжаецца да завяршэння. Учора караван удзельнікаў пераадолеў 707-кіламетровы шлях з Аль-Кайсумаху ў Эр-Рыяд, сталіцу Саудаўскай Аравіі, дзе і затрымаецца да дня адпачынку. Пераадолеў, дарэчы, адносна шчасна.

6 января 2022, 16:14
Дакар-2022: чацвёрты этап

Фота: dakar.com

Першая палова сорак чацвёртага ралі Дакар пакрысе набліжаецца да завяршэння. Учора караван удзельнікаў пераадолеў 707-кіламетровы шлях з Аль-Кайсумаху ў Эр-Рыяд, сталіцу Саудаўскай Аравіі, дзе і затрымаецца да дня адпачынку. Пераадолеў, дарэчы, адносна шчасна.

Спецучастак чацвёртага этапу Дакара-2022 быў самым працяглым – 465-кіламетровым. Але гэтая дыстанцыя істотна становішча ў асноўных катэгорыях не змяніла. Ва ўсіх ужо больш ці менш вызначыліся лідары, якія зараз не ірвуць занадта жылы і проста стараюцца не дапускаць памылак, бо нават малая можа дорага каштаваць.

Вось і Сэм Сандэрлэнл, які ўзначальвае агульны залік у матацыклетнай катэгорыі з агульным часам пятнаццаць з паловай гадзін, учора паказаў толькі шосты вынік. Брытанец з завадской каманды GasGas пры гэтым 9 хвілін 15 секунд саступіў прадстаўніку таксама завадскога калектыву Monster Energy Honda Хоану Барэдзе Борту, які запісаў на сваё імя ўжо другую перамогу на цяперашнім ралі-марафоне, пераадолеўшы баявыя кіламетры за 4 гадзіны 7 хвілін 6 секунд. У генеральнай класіфікацыі іспанец займае восьмую пазіцыю, у сваю чаргу адстаючы ад Сандэрлэнда на 14 хвілін 12 секунд.

Другім учора фінішаваў яго чылійскі партнёр па камандзе Пабла Кінтанілья, які затраціў на мінанне спецучастку на 3 хвіліны 37 секунд болей. Ён у агульным заліку размяшчаецца акурат перад Хоанам, саступаючы лідару 11 хвілін 13 секунд. Ад якога болей чым у дзвюх гадзінах, займаючы трыццаць восьмую пазіцыю, знаходзіцца партугалец Руі Гансалвеш, які прадстаўляе каманду Sherco Factory. Затое ўчора ён дабіўся лакальнага поспеху, замкнуўшы тройку найхутчэйшых на этапе і саступіўшы Барэдзе Борту без адной секунды сем хвілін.

За права апярэдзіць Сандэрлэнда ў абсалюце працягваюць спрачацца француз Адрыен ван Бэверэн з завадской каманды Monster Energy Yamaha Rally і аўстрыйскі завадскі гоншчык Red Bull KTM Factory Racing Маціас Валькнэр. Атрымліваецца гэта ў іх з пераважным поспехам, і ўчора адставанне ван Бэверэна павялічылася з чатырох секунд да 4 хвілін 54 секунд. Адрыен страціў другую пазіцыю, прапусціўшы на яе Валькнэра і апусціўшыся на трэцюю.

Учора ван Бэверэн фінішаваў з адзінаццатым вынікам, прайграўшы 14 хвілін 5 секунд Барэдзе Борту, тады як Валькнэр адстаў ад іспанца на 10 хвілін 45 секунд, размясціўшыся на сёмым радку пратакола. Зрэшты, абодва ўсё роўна блізка ад Сандэрлэнда, той жа Валькнэр адстае ад брытанца роўна на тры хвіліны. Таму ў мотакатэгорыі асноўная барацьба яшчэ наперадзе.

Вось Пабла Капэці ў катэгорыі квадрацыклаў лідзіруе адносна камфортна – з агульным часам 19 гадзін 26 хвілін 41 секунду і перавагай перад Александрам Жыру ў 13 хвілін 20 секунд. Хаця ўчора сам амерыканец фінішаваў толькі чацвёртым, 3 хвіліны 25 секунд саступіўшы пераможцу этапу, якім стаў мінулагодні пераможца ўсяго ралі Мануэль Андухар. Аргенцінец справіўся са спецучасткам за 5 гадзін 12 хвілін 20 секунд, на 1 хвіліну 16 секунд абагнаўшы Жыру, які заняў другое месца.

Замкнуў першую тройку расіянін Аляксандр Максімаў, які саступіў Андухару 2 хвіліны 8 секунд. Па-ранейшаму трэці ён і ў генеральнай класіфікацыі, дзе адстае ад Капэці на 27 хвілін 55 секунд. А Андухар усё так жа чацвёрты, яго ад лідара аддзяляе 28 хвілін 8 секунд. Хаця і яго шанцы на паўтарэнне мінулагодняга поспеху не такія ўжо і прывідныя – наперадзе яшчэ больш за палову гонкі.

Таму і Насэр Аль-Ація і Мацьё Бамэль дакладна не спяшаюцца ўжо зараз крыкнуць «гоп!». Так, у катэгорыі легкавых пазадарожнікаў лідзіруюць яны даволі камфортна – Себасцьен Лёб і Фабіан Луркен, якія ідуць на другой пазіцыі, адстаюць на 38 хвілін 5 секунд. Але і такое адставанне адыграць яшчэ магчыма, да таго ж, не забываемся пра ўмоўную дыскваліфікацыю катарска-французскага экіпажа завадской Таёты.

Учорашні этап, зрэшты, склаўся для яго удала – 3 гадзіны 54 хвіліны 40 секунд сталі лепшым часам на чацвёртым спецучастку. Агульны час Аль-Аціі і Бамэля складае цяпер 13 гадзін 26 хвілін 2 секунды. Адрыў ад экіпажа Лёба пры гэтым павялічыўся на 25 секунд – менавіта столькі дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі саступіў учора Насэру, заняўшы другое месца.

Карлас Сайнс-старэйшы з Лукасам Крузам працягваюць развіваць поспех уласны і каманды Audi. Учора іспанцы фінішавалі з трэцім вынікам, адстаўшы ад Аль-Аціі ўсяго на 52 секунды, і цяпер менавіта яны з’яўляюцца лепшымі прадстаўнікамі Чатырох Кольцаў – займаюць сямнаццатую пазіцыю. Іх адставанне ад лідара перавышае дзве гадзіны, а адставанне Стэфана Петэрансэля і Эдуарда Буланжэ – ужо болей шасцідзесяці з паловай.

Учора экіпажу шматразовага пераможцы Дакара ў розных катэгорыях не пашанцавала яшчэ раз. Ізноў, як і на першым этапе, не вытрывала задняя падвеска іх гібрыднага прататыпу RS Q e-tron. Пасля жорсткага прызямлення на дзевяноста восьмым кіламетры яна зламалася, пашкодзіўшы рычагамі і амартызатарам унутраныя вузлы машыны. Французы сышлі з дыстанцыі ў другі раз, а іх штраф складае ўжо 46 гадзін. У абсалюце яны васьмідзясятыя.

У экіпажа Маціаса Экстрома і Эміля Бергквіста справы значна лепей – яны адстаюць ад лідараў на дзве з паловай гадзіны, займаючы дваццаць першую пазіцыю. Але ўчарашні дзень для іх склаўся не так удала, як папярэдні – толькі трыццаць першы вынік на спецучастку, на трыццаць дзевяць хвілін горшы, чым у пераможцаў.

Першую ж тройку агульнага заліку замыкае цяпер мясцовы гоншчык Язід Аль-Раджы, якому ў складзе каманды Overdrive Toyota асісціруе брытанскі штурман Майкл Ор. Яны і самі б маглі перамагчы на ўчарашнім этапе, але атрымалі штраф, саступіўшы ў выніку Аль-Аціі амаль дзве хвіліны і апусціўшыся на пяты радок пратакола. У абсалюце ж іх экіпаж адстае ад лідараў на 49 хвілін 15 секунд.

Маленькую радасць нам учора падарыў экіпаж расіянкі Марыі Апарынай і нашага суайчынніка і майго сябра Андрэя Рудніцкага, якія выступаюць у класе лёгкіх прататыпаў. Іх вынік на фінішы спецучастку быў толькі трыццаць шостым, пераможцам яны саступілі болей трох гадзін, але ў абсалюце падняліся на пазіцыю вышэй, і цяпер займаюць дваццаць дзявятую. І хай да лідараў амаль дзевяць з паловай гадзін, падняцца яшчэ вышэй шанцы ў іх ёсць, чаго мы ім і зычым.

Наперадзе ж працягваюць адыгрывацца за няўдачу на другім этапе Сэт Кінтэра і Дэніс Цэнц. Яны ўчора перамаглі ізноў, пераадолеўшы баявыя кіламетры за 4 гадзіны 25 хвілін 13 секунд. 7 хвілін 50 секунд, заняўшы другое месца, ім саступілі іх партнёры па камандзе Red Bull Off-Road Team USA Гіём дэ Мэвіус і Кэлан Уолч. Хоць і яны ў абсалюце даўно далёка па-за спісам прэтэндэнтаў на перамогу – на трыццаць трэцяй пазіцыі і болей чым у дваццаці гадзінах ад лідараў. У тым ліку праз паломку задняга дыферэнцыяла іх OT3 04 і сходу з дыстанцыі днём раней.

Экіпаж Кінтэра, зрэшты, апярэджвае іх усяго на адну пазіцыю, саступаючы лідарам – Франсіска Лопесу і Хуану-Пабла Латраху – шаснаццаць з паловай гадзін. Чылійцы ўчора замкнулі першую тройку, адпусціўшы Кінтэра з Цэнцам на 15 хвілін 26 секунд. І паступілі слушна, бо ім-та спяшацца дакладна няма куды. Іх агульны час па суме чатырох этапаў складае 16 гадзін 8 хвілін 33 секунды, што на 20 хвілін 59 секунд меней, чым у іх партнёраў па камандзе EKS South Racing Себасцьяна Эрыксана і Вутэра Росгаара, якія займаюць другую пазіцыю. Учора швед і нідэрландзец фінішавалі пятымі, саступіўшы пераможцам 27 хвілін 16 секунд.

Каму ўчора не пашанцавала, дык гэта расіянам Паўлу Лебедзеву і Кірылу Шубіну, якія праваліліся з трэцяй пазіцыі абсалюту на дзясятую. Іх Can-Am Maverick зарыўся заднімі коламі на вяршыні адной з дзюн, на чым экіпаж згубіў без малога чатыры гадзіны, дабраўшыся да фінішу трыццаць восьмым. У генеральнай класіфікацыі Павел з Кірылам цяпер замыкаюць першую дзясятку, якраз чатыры гадзіны лідарам і прайграваючы.

На трэцюю ж пазіцыю падняліся французы Філіп Піншэдэ і Томас Гайдэла, якія выступаюць на Can-Am T3RR. На чацвёртым этапе яны занялі сёмае месца, прайграўшы пераможцам сорак дзве з паловай хвіліны, а ад лідараў абсалюту адстаюць на 1 гадзіну 46 хвілін 9 секунд.

Лёгкія прататыпы класу T3 канструкцыйна мала адрозніваюцца ад тэхніцы класу T4, якая на Дакары цяпер выдзеленая ў асобную катэгорыю SSV. Хіба што апошняя дапрацаваная не так глыбока, і таму бліжэй да серыйнай прадукцыі. Затое барацьба паміж экіпажамі на ёй шчыльнейшая, а яе лідараў – Осціна Джонса і Густава Гужэльміна – канкурэнты далёка не адпускаюць. Наадварот, учора іх адрыў ад бліжэйшых пераследнікаў крыху скараціўся.

Амерыканец і бразілец фінішавалі ўчора з трэцім вынікам, прайграўшы 5 хвілін 21 секунду экіпажу палякаў Міхала Гочала і Жымона Гаспадарчыка, якія перамаглі, справіўшыся са спецучасткам за 4 гадзіны 44 хвіліны 54 секунды. Бразільцы Радрыга Лупі дэ Алівэйра і Майкель Жуста былі павольней за іх на 4 хвіліны 11 секунд, заняўшы другое месца. Па-ранейшаму другія яны і ў генеральнай класіфікацыі, але ад экіпажа Джонса і Гужэльміна, чый агульны час складае 16 гадзін 44 хвіліны 8 секунд, адстаюць цяпер на 4 хвіліны 13 секунд.

Гочал і Гаспадарчык саступаюць лідарам 10 хвілін 33 секунды, аднак яны падняліся на трэцюю пазіцыю абсалютнага заліку, адцясніўшы на чацвёртую Жэрара Фарэса і Дыега Артэгу, якіх учора абагналі на 7 хвілін 26 секунд – тыя фінішавалі сёмымі. Іх адставанне ад лідараў абсалюту складае цяпер 16 хвілін 9 секунд.

У катэгорыі грузавікоў такой інтрыгі не назіраецца, хоць нельга сказаць, што яе няма ўвогуле. Я не ведаю нічога пра камандную тактыку КамАЗ-Мастера, але, здаецца, яго экіпажам дазволена акуратна бароцца за перамогу паміж сабой. Таму што 7 хвілін 10 секунд, на якія ў агульным заліку Эдуард Нікалаеў, Яўгеній Якаўлеў і Ўладзімір Рыбакоў адстаюць ад Дзмітрыя Сотнікава, Ільгіза Ахметзянава і Руслана Ахмадзеева – нішто па мерках Дакару.

І менавіта экіпаж Нікалаева – чатырохразовага пераможцы ралі-марафона як гоншчыка (у 2010 годзе Эдуард быў у складзе экіпажа Уладзіміра Чагіна, які і адсвяткаваў тады трыумф) – учора прынёс КамАЗу яго сто сямідзясятую перамогу на дакараўскіх спецучастках. Другімі за адставаннем у 1 хвіліну 35 секунд фінішавалі Антон Шыбалаў, Дзмітрый Нікіцін і Іван Татарынаў, а замкнулі першую тройку… не, не камазаўцы, а, як і на папярэднім этапе, экіпаж каманды Petronas team de Rooy IVECO у складзе Януса ван Кастэрэна, Марсэля Снійдэрса і Дарэка Родэвальда, якія саступілі Нікалаеву 3 хвіліны 44 секунды.

Экіпаж Сотнікава ж учора ненадоўга спыняўся для замены кола, таму да фінішу прыйшоў чацвёртым, не так, зрэшты, і многа прайграўшы Нікалаеву – усяго 4 хвіліны 35 секунд. А вось у Андрэя Каргінава, Андрэя Макеева і Івана Малькова ўзніклі праблемы пасур’ёзней – з ладу выйшла скрыня перадач. Праз гэта экіпаж фінішаваў толькі васямнаццатым, адстаўшы ад партнёрскага, які перамог, амаль на паўтары гадзіны. І заадно апусціўся на сёмую пазіцыю ў агульным заліку, дзе цяпер адстае ад Сотнікава на 1 гадзіну 40 хвілін 37 секунд.

Але ўся першая тройка па-ранейшаму акупіраваная КамАЗам. Замыкае яе экіпаж Шыбалава, які на 24 хвіліны 5 секунд адстае ад экіпажа Сотнікава, чый агульны час складае 15 гадзін 3 хвіліны 53 секунды. Чацвёртую ж пазіцыю цяпер займае ван Кастэрэн, які прайграе лідару 47 хвілін 54 секунды. Аднак сур’ёзную пагрозу расіянам нідэрландзец, зразумела, не ўяўляе.

Сённяшні і заўтрашні этапы Дакара кальцавыя, іх маршруты пракладзеныя ў наваколлях Эр-Рыяду. Менавіта маршруты, таму што спецучасткі для матацыклістаў і квадрацыклістаў і астатніх катэгорый прыгатаваныя розныя.

Экіпажы на легкавых машынах, грузавіках, лёгкіх прататыпах і SSV ганяюцца на болей чым 400-кіламетровым спецучастку апоўначы сталіцы Саудаўскай Аравіі, а матацыклісты з квадрацыклістамі – на ўсходзе ад яе. Іх баявы маршрут складае 350 кіламетраў. Камяні з дзюнамі, зрэшты, абяцаныя і там, і там.

Другие посты блога

Все посты