Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2022: сёмы этап

Дакар-2022: сёмы этап

Першы пасля дня адпачынку і сёмы па ліку этап ралі Дакар яшчэ раз пацвердзіў, што амаль нідзе амаль нічога яшчэ не вырашана. А прыгоды для некаторых удзельнікаў пачаліся нават перад стартам 402-кіламетровага спецучастку паміж Эр-Рыядам і Аль-Давадзімі.

10 января 2022, 17:52
Дакар-2022: сёмы этап

Фота: dakar.com

Першы пасля дня адпачынку і сёмы па ліку этап ралі Дакар яшчэ раз пацвердзіў, што амаль нідзе амаль нічога яшчэ не вырашана. А прыгоды для некаторых удзельнікаў пачаліся нават перад стартам 402-кіламетровага спецучастку паміж Эр-Рыядам і Аль-Давадзімі.

Так, адзін з фаварытаў катэгорыі матацыклаў Даніэль Сандэрс з завадской каманды GasGas патрапіў у непрыемнасці яшчэ на ліазоне. Аўстраліец мусіў быў першым сысці на спецучастак, але ўпаў на дарожнай секцыі, траўміраваў левую руку і быў дастаўлены ў бальніцу. У выніку пераможца першага і шостага этапаў у восьмым удзел так і не ўзяў, для яго гонка, па ўсяму відаць скончаная.

Яго брытанскаму напарніку па камандзе Сэму Сандэрлэнду таксама не пашанцавала, але не так фатальна – ён проста заблытаўся ў навігацыі, згубіўшы праз гэта час. Фінішаваў ён учора ажно дваццаць восьмым, амаль дваццаць шэсць хвілін саступіўшы пераможцу этапу – Хасэ Ігнасіа Карнэха.

Чылійскі гоншчык завадской каманды Monster Energy Honda пераадолеў спецучастак за 3 гадзіны 28 хвілін 46 секунд, усяго на сорак чатыры секунды апярэдзіўшы аргенцінца Кэвіна Бенавідэса з завадскога калектыву KTM. Сам Хасэ Ігнасіа ў агульным заліку зараз дзявяты, у болей чым дваццаці шасці хвілінах ад лідара, а вось Бенавідэс там цяпер замыкае першую тройку агульнага заліку, адстаючы на 5 хвілін 23 секунды ад уладальніка першай пазіцыі.

Якім Сандэрлэнд ужо не з’яўляецца. Сэм сам пятнаццаць секунд саступае Бенавідэсу, ідучы чацвёртым. А першы цяпер Адрыен ван Бэверэн. Пры гэтым на сёмым этапе французскі гоншчык каманды Monster Energy Yamaha сам замкнуў першую дзясятку, болей за дванаццаць з паловай хвілін саступіўшы Карнэха.

Але завадскі гоншчык KTM Маціас Валькнэр, напрыклад, адстаў ад Хасэ Ігнасіа ўжо амаль на дваццаць тры хвіліны, фінішаваўшы дваццаць чацвёртым. Таму ў абсалюце аўстрыец па-ранейшаму другі, ван Бэверэну, чый агульны час складае 23 гадзіны 45 хвілін 2 секунды, ён саступае 5 хвілін 12 секунд. Інакш кажучы, у двухколавай катэгорыі ўся барацьба яшчэ наперадзе.

Як мінімум за лідарства яна працягваецца і ў катэгорыі квадрацыклаў, дзе з агульным часам 29 гадзін 38 хвілін 54 секунды першым ідзе француз Александр Жыру. Хаця ён учора сваю перавагу перад галоўным пераследнікам – амерыканцам Пабла Капэці – павялічыў да 18 хвілін 21 секунды. Пры гэтым Александр на сёмым этапе задаволіўся і другім вынікам, 3 хвіліны 7 секунд саступіўшы пераможцу Марчэла Медэйрасу. Бразілец справіўся са спецучасткам за 4 гадзіны 17 хвілін 18 секунд, але ў генеральнай класіфікацыі, дзе ён дзявяты, яму да Жыру амаль дваццаць дзве з паловай гадзіны.

Капэці ўчора саступіў яму 16 хвілін 36 секунд, замкнуўшы першую тройку. А ў абсалюце гэта пакуль што робіць расіянін Аляксандр Максімаў, але ён адстае ад лідара ўжо на 1 гадзіну 10 хвілін 39 секунд. Учора ён паказаў толькі шосты вынік, саступіўшы пераможцу этапу трыццаць сем з паловай хвілін.

У катэгорыі легкавых пазадарожнікаў вялікіх сенсацый не адбылося, хіба што Себасцьен Лёб з Фабіанам Луркенам на 5 хвілін 26 секунд скарацілі сваё адставанне ад Насэра Аль-Аціі і Мацьё Бамэля ў агульным заліку, вярнуўшыся ў ім на другую пазіцыю. Учора французскі экіпаж каманды Bahrain Raid Xtreme перамог, на ўказаны час апярэдзіўшы канкурэнтаў з завадской Таёты, якія фінішавалі другімі. У генеральнай жа класіфікацыі, дзе іх час складае 23 гадзіны 52 хвіліны 22 секунды, яны апярэджваюць экіпаж Лёба на 44 хвіліны 59 секунд.

Язід Аль-Раджы і Майкл Ор у абсалюце апусціўся на трэці радок, ад Аль-Аціі і Бамэля яны адстаюць на 53 хвіліны 31 секунду. Учора экіпаж каманды Overdrive Toyota замкнуў першую пяцёрку, адстаўшы ад Лёба на дзесяць хвілін з хвосцікам.

А аўтарамі маленькай сенсацыі ізноў сталі экіпажы Audi. Лепшым з іх сталі Карлас Сайнс і Лукас Круз, якія фінішавалі трэцімі, у 7 хвілінах 43 секундах ад Лёба. Стэфан Петэрансэль з Эдуардам Буланжэ саступілі экіпажу дзевяціразовага чэмпіёна свету па ралі 9 хвілін 40 секунд, заняўшы чацвёртае месца. Маціас Экстром з Эмілем Бергквістам прыйшлі да фінішу з восьмым вынікам і адставаннем ад пераможцаў у 14 хвілін 42 секунды.

Шведы ж па-ранейшаму з’яўляюцца лепшымі прадстаўнікамі Чатырох Кольцаў у агульным заліку, дзе яны займаюць трынаццатую пазіцыю, адстаючы ад лідараў амаль на тры гадзіны. Сайнс з Крузам ад экіпажа Аль-Аціі амаль у чатырох гадзінах і на дваццаць першай пазіцыі, а экіпаж Петэрансэля, якому да лідараў болей за шэсцьдзесят восем з паловай гадзін, па іранічнаму супадзенню шэсцьдзесят восьмы жа.

Марыя Апарына і Андрэй Рудніцкі, якія выступаюць у катэгорыі лёгкіх прататыпаў, займаюць у яе абсалютным заліку трыццаць пятую пазіцыю і адстаюць ад лідараў болей чым на пяцьдзесят гадзін. Але, негледзячы на сход на пятым этапе, працягваюць змагацца. Учора расіянка і беларус прайгралі пераможцу этапу без малога дзве з паловай гадзіны, заняўшы трыццаць першае месца. Працягваем заўзець за іх і жадаем ім поспеху.

Ну а перамаглі – вось дык нечаканасць! – Сэт Кінтэра і Дэніс Цэнц. Калі згублена ўсё, можна рызыкаваць напоўніцу, чым амерыканец з немцам і займаюцца. Спецучастак сёмага этапу яны пераадолелі за 3 гадзіны 45 хвілін 20 секунд, на 7 хвілін 11 секунд абагнаўшы экіпаж першай віцэ-чэмпіёнкі электрычнай пазадарожнай гоначнай серыі Extreme E Крысціны Гуцьерэс і Франсуа Казале.

Іспанка з французам нават ледзь не перамаглі – перашкодзіў пракол бліжэй да фінішу. Аднак другое месца дапамагло ім утрымацца ў першай тройцы, якую яны замыкаюць, адстаючы ад Франсіска Лопеса і Хуана-Пабла Латраха на 2 гадзіны 14 хвілін 40 секунд.

Чылійцы, чый агульны час складае 28 гадзін 17 хвілін 24 секунды, цяпер на допах могуць спыняцца і рабіць сэлфі на фоне краявідаў Саудаўскай Аравіі, бо нават іх бліжэйшыя пераследнікі і партнёры па камандзе EKS South Racing Себасцьян Эрыксан і Вутэр Росгаар адстаюць ужо на 1 гадзіну 24 хвіліны 5 секунд. Учора швед з нідэрландцам і ў навігацыі памылак нарабілі, і з праколамі сутыкнуліся, фінішаваўшы толькі пятнаццатымі і саступіўшы пераможцам болей адной гадзіны.

Затое трэцім вынікам адзначыліся расіяне Павел Лебедзеў і Кірыл Шубін, якія адсталі ад Кінтэра і Цэнца на 11 хвілін 51 секунду. У генеральнай класіфікацыі яны, зрэшты, на шостай пазіцыі і амаль у пяці гадзінах ад лідараў – аукаецца няўдача на чацвёртым этапе, калі яны захраслі на вяршыні дзюны.

А ўчора не пашанцавала іх суайчыннікам з катэгорыі SSV Сяргею Каракіну і Антону Уласюку – з імі на хуткасці за 100 км/г сутыкнуўся экіпаж італьянцаў Марка Карары і Энрыка Гаспары, якія, заблукаўшы, рухаліся ў зваротным кірунку. У выніку Сяргей і Антон атрымалі дробныя траўмы, а ў аднаго з італьянцаў падазраюць пералом пазваночніку. Зычым усім здароўя.

Can-Am Maverick расіян, па папярэдніх дадзеных, адрамантаваны, і гонку яны працягваюць, але, натуральна, ні на што сур’ёзнае ўжо не прэтэндуюць. Фінішавалі яны ўчора сорак пятымі і перадапошнімі, са штрафам у дваццаць тры з паловай гадзіны і адставаннем ад пераможцаў болей чым у трыццаць адну гадзіну, а лідарам абсалюту саступаюць ужо болей за трыццаць тры гадзіны, займаючы саракавую пазіцыю.

На першую жа па выніках сёмага этапу вярнуліся Осцін Джонс і Густава Гужэльмін. Іх агульны час складае 29 гадзін 28 хвілін 14 секунд, і гэта на 6 хвілін 33 секунды меней, чым у Жэрара Фарэса і Дыега Артэгі, якія займаюць другую пазіцыю. Пры гэтым менавіта іспанцы ўчора былі найхутчэйшымі, пераадолеўшы спецучастак за 4 гадзіны 1 хвіліну 38 секунд. Акрамя іх у першай тройцы апынуліся два польскіх экіпажы – Арона Дамжалы і Мацэя Мартона, якія саступілі ім 1 хвіліну 18 секунд, заняўшы другое месца, і Марэка Гочала і Лукаша Ласкаўца, якія фінішавалі трэцімі, адстаўшы на 2 хвіліны 57 секунд.

Пры гэтым першыя з іх у генеральнай класіфікацыі размясціліся на васямнаццатай пазіцыі, і адстаюць ад лідараў на шэсць з паловай гадзін, а другія, саступаючы лепшаму паказчыку амаль сорак адну з паловай хвіліну, ідуць шостымі. Родны брат Марэка Міхал разам з Жымонам Гаспадарчыкам замыкае першую тройку – ад лідара яго аддзяляе 20 хвілін 11 секунд. Яны ўчора фінішавалі восьмымі, 14 хвілін 40 секунд саступіўшы пераможцам і на адну пазіцыю абагнаўшы якраз Джонса з Гужэльмінам, якія адсталі ад экіпажа Фарэса яшчэ амаль на хвіліну.

А дзе ж былыя лідары – дэбютанты з Бразіліі Радрыга Лупі дэ Алівэйра і Майкель Жуста? А яны, як і многія іншыя, нарабілі навігацыйных памылак, адстаўшы ад пераможцаў этапу амаль што на адну гадзіну. І разам апусціліся на пятую пазіцыю ў абсалютным заліку. Хаця Джонсу з Гужэльмінам яны саступаюць параўнаўча нямнога – крыху болей за трыццаць шэсць з паловай хвілін.

Спыніць КамАЗ у катэгорыі грузавікоў, здаецца, можа толькі нейкая глабальная катастрофа. Экіпажы расіян і не думаюць спыняць наступ, мяняючыся толькі на першых радках фінішных пратаколаў этапаў. Учарашні ўзначалілі Антон Шыбалаў, Дзмітый Нікіцін і Іван Татарынаў, якія пераадолелі баявыя кіламетры за 3 гадзіны 33 хвіліны 17 секунд.

1 хвіліну 37 секунд ім саступілі Эдуард Нікалаеў, Яўгеній Якаўлеў і Ўладзімір Рыбакоў, якія фінішавалі другімі. Другія яны і ў абсалюце, дзе саступаюць 5 хвілін 14 секунд Дзмітрыю Сотнікаву, Ільгізу Ахметзянаву і Руслану Ахмадзееву, чый агульны час складае 26 гадзін 5 хвілін 54 секунды. Учора яны фінішавалі пятымі, адстаўшы ад экіпажа Шыбалава амаль на сем хвілін. Сам Антон замыкае першую тройку генеральнай класіфікацыі, у сваю чаргу адстаючы ад Сотнікава на 31 хвіліну 25 секунд.

На сёмым этапе трэцімі фінішавалі Марцін ван дэн Брынк, Петэр Вілемсэн і Бернард дэр Кіндэрэн – экіпаж каманды Mammoet Rallysport Team De Rooy. Яны саступілі Шыбалаву 4 хвіліны 25 секунд, а Сотнікаву ў абсалютным заліку прайграюць амаль дзве гадзіны, займаючы сёмую пазіцыю.

Экіпаж InstaForex Loprais Praga ў складзе Алеша Лапрайса, Петра Пакоры і Яраслава Вальтра ізноў з’яўляецца лепшым некамазаўскім – чэхі вярнулі сабе чацвёртую пазіцыю. Ад Сотнікава, праўда, яны адстаюць ужо болей чым на гадзіну, а на ўчарашнім спецучастку паказалі сёмы вынік, амаль восем хвілін саступіўшы Шыбалаву.

Сёння ўдзельнікі ралі Дакар прарабляюць агулам 830-кіламетровы шлях з Аль-Давадзімі ў Вадзі-ад-Давасір. Дыстанцыя спецучастку, праўда, складае 395 кіламетраў, але і яны могуць сур’ёзна пераштурхнуць турнірныя табліцы ў любой з катэгорый.

Другие посты блога

Все посты