Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2022: дзявяты этап

Дакар-2022: дзявяты этап

Учора ўдзельнікі ралі Дакар зрабілі 491-кіламетровае падарожжа ў наваколлях Вадзі-ад-Давасіру. У некаторых з катэгорый сітуацыя пасля яго зноў змянілася.

12 января 2022, 17:16
Дакар-2022: дзявяты этап

Фота: dakar.com

Учора ўдзельнікі ралі Дакар зрабілі 491-кіламетровае падарожжа ў наваколлях Вадзі-ад-Давасіру. У некаторых з катэгорый сітуацыя пасля яго зноў змянілася.

Але больш істотна яна змянілася ўжо сёння, на дзясятым этапе ралі-марафона. У мотакатэгорыі з дыстанцыі праз механічныя праблемы сышоў дзейсны пераможца Кэвін Бенавідэс. У агульным заліку аргенцінец з завадской каманды KTM напярэдадні замыкаў першую пяцёрку і прайграваў лідару не так і многа – усяго 10 хвілін 22 секунды. Учарашні ж спецучастак, які быў адным з самых кароткіх – 287-кіламетровым, ён пераадолеў з другім вынікам, адстаўшы ад пераможца на 1 хвіліну 26 секунд.

Лепшым жа ўжо ў другі раз на Дакары-2022 стаў чыліец Хасэ Ігнасіа Карнэха. Завадскі гоншчык Хонды справіўся з допам з яго складанымі навігацыяй і рэльефам (пяскі, дзюны, камяні, перапады вышынь ад 800 да 1 200 метраў над узроўнем мора) за 2 гадзіны 29 хвілін 30 секунд. Замкнуў першую тройку яго амерыканскі партнёр па камандзе Рыкі Брабэк, які адстаў ад яго на 1 хвіліну 47 секунд. У генеральнай класіфікацыі Карнэха сёмы, ад лідара ён адстае ўжо болей чым на паўгадзіны, а Брабэк замыкае першую дзясятку, прайграючы лідару амаль трыццаць шэсць хвілін.

Лідар, дарэчы, як я ўчора і прадказваў, памяняўся. Лепшы час па суме дзевяці этапаў – 30 гадзін 12 хвілін 30 секунд – у Маціаса Валькнэра, партнёра Кэвіна Бенавідэса па камандзе. Учора аўстрыец паказаў чацвёрты вынік, саступіўшы пераможцу этапу 2 хвіліны 6 секунд. І ацаніце шчыльнасць у групе лідараў – Сэм Сандэрлэнд фінішаваў толькі трынаццатым, адстаўшы ад Карнэха на 8 хвілін, а ў агульным заліку згубіў толькі адну пазіцыю. Брытанскі гоншчык GasGas цяпер другі, яго адставанне ад Валькнэра складае ўсяго 2 хвіліны 12 секунд.

Трэцюю пазіцыю займае Адрыен ван Бэверэн, які адстае ад лідара на 3 хвіліны 56 секунд. На дзявятым этапе француз з каманды Monster Energy Yamaha пры гэтым фінішаваў якраз дзявятым, адстаўшы ад пераможца на пяць хвілін. Так што ў матацыклістаў барацьба будзе ісці, відаць, да самага пятнічнага фіналу.

А вось у квадрацыклах, здаецца, усё вырашылася таксама сёння. У самым пачатку дзясятага спецучастку праз механічныя праблемы, як і Кэвін Бенавідэс, сышоў Пабла Капэці, які дагэтуль быў адзіным рэальным канкурэнтам лідара Александра Жыру. Пры гэтым учарашні этап амерыканец выйграў, пераадолеўшы доп за 3 гадзіны 18 хвілін 58 секунд і на 3 хвіліны 13 секунд абагнаўшы ўсё таго ж Жыру. Разрыў паміж імі ў абсалюце быў скараціўся да 27 хвілін 34 секунд, але ўжо зразумела, што па выніках сённяшняга этапу ён вырасце катастрафічна для Капэці.

Агульны час Жыру па выніках дзесяці этапаў складаў 38 гадзін 3 хвіліны 13 секунд, і толькі Пабла быў хаця б адносна блізкі да яго. Паляк Каміль Вішнеўскі, які замыкаў першую тройку, адставаў ад француза ўжо на 2 гадзіны 45 хвілін 5 секунд. Яму ў сваю чаргу усяго сорак хвілін саступаў аргенцінец Франсіска Медэйрас, які ўчора заняў трэцяе месца, саступіўшы Капэці 9 хвілін 5 секунд. Вішнеўскі ж адстаў ад амерыканца болей чым на паўгадзіны, фінішаваўшы шостым.

Паспешных высноў рабіць не будзем – з механічнымі праблемамі, аварыямі і штрафамі яшчэ можа сутыкнуцца любы ўдзельнік гонкі. Але зразумела, што Жыру зараз будзе ехаць максімальна асцярожна. Тым не менш вынікі дзясятага этапу мы ўсё ж такі падвядзём заўтра, калі будуць вядомыя ўсе падрабязнасці і акалічнасці.

У катэгорыі легкавых пазадарожнікаў учора быў дзень завадской каманды Toyota Gazoo Racing. Прычым галоўнымі героямі сталі не Насэр Аль-Ація і Мацьё Бамэль, якія лідзіруюць з агульным часам 30 гадзін 15 хвілін 4 секунды, а Жыньель дэ Вільерс і Дэніс Мёрфі. Паўднёваафрыканцы пераадолелі спецучастак за 2 гадзіны 23 хвіліны 8 секунд, на 1 хвіліну 4 секунды апярэдзіўшы экіпаж Аль-Аціі, які фінішаваў трэцім. А паміж імі, саступіўшы дэ Вільерсу і Мёрфі ўсяго 9 секунд, размясціліся іх суайчыннікі Хэнк Латэган і Брэт Камінгс.

У агульным заліку лепшым з’яўляецца экіпаж дэ Вільерса, які замыкае першую пяцёрку, але ад Аль-Аціі ён адстае болей чым на паўтары гадзіны. Латэган увогуле трыццаць першы, болей чым у дзесяці гадзінах ад лідара. Бліжэйшымі жа пераследнікамі Аль-Аціі і Бамэля па-ранейшаму з’яўляюцца Себасцьен Лёб і Фабіан Луркен.

Французскі экіпаж каманды Bahrain Raid Xtreme учора фінішаваў толькі пятым, саступіўшы пераможцам 2 хвіліны 11 секунд. Аднак у агульным заліку яны да Аль-Аціі наблізіліся! Справа ў тым, што Насэр атрымаў пяціхвілінны штраф за тое, што пасля замены кола амаль дзве хвіліны ехаў не прышпілены рамянямі бяспекі. Лёгка адрабіўся – пасля парушэння на трэцім этапе, калі на яго пікапе HiLux электронны рэгістратар FIA не быў злучаны з сістэмай збору дадзеных, суддзі гразіліся зняць экіпаж трохразовага пераможца Дакару з дыстанцыі нават за самую малую правіну.

А так Аль-Ація проста крыху падпусціў Лёба да сябе – пасля дзявятага этапу паміж імі было 34 хвіліны 5 секунд. Язід Аль-Раджы і Майкл Ор захавалі трэцюю пазіцыю і саступаюць Насэру 53 хвіліны 44 секунды. Пры гэтым учора экіпаж Overdrive Toyota фінішаваў толькі чатырнаццатым, саступіўшы пераможцам болей за шэсць з паловай хвілін.

На дзявятым этапе ізноў парадавалі экіпажы Audi, лепшымі з якіх у чарговы раз сталі Маціас Экстром і Эміль Бергквіст, якія занялі чацвёртае месца, саступіўшы лепшаму часу 2 хвіліны 7 секунд. У абсалюце яны па-ранейшаму адзінаццатыя, болей чым у дзвюх з паловай гадзінах ад лідараў. Карлас Сайнс-старэйшы і Лукас Круз ад першай пазіцыі адстаюць амаль на чатыры гадзіны, а самі займаюць сямнаццатую. Учора яны занялі шостае месца, саступіўшы пераможцам 2 хвіліны 48 секунд. Адставанне Стэфана Петэрансэля і Эдуарда Буланжэ, якія фінішавалі восьмымі, склала 3 хвіліны 45 секунд. Ад лідараў абсалюту ж, дзе яны шсэцьдзесят другія, іх аддзяляе амаль шсэцьдзесят восем з паловай гадзін.

Расіянка Марыя Апарына і беларус Андрэй Рудніцкі таксама многа – болей за семдзесят пяць гадзін – саступаюць лідару катэгорыі лёгкіх прататыпаў, у генеральнай класіфікацыі якой яны пасля двух сходаў з дыстанцыі трыццаць трэція. Але пры гэтым нават не апошнія, і Дакар для іх працягваецца, што прыемна і нам. Учора яны занялі трыццаць трэцяе ж месца, адстаўшы ад пераможцаў болей чым на паўтары гадзіны.

Пераможцамі жа сталі – хто б мог падумаць! – Сэт Кінтэра і Дэніс Цэнц. Са спецучасткам яны справіліся за 2 гадзіны 50 хвілін 4 секунды, на 2 хвіліны 20 секунд апярэдзіўшы Крысціну Гуцьерэс і Франсуа Казале. Але тыя гэтаксама як і амерыканец з немцам на перамогу не прэтэндуюць праз паломку днём раней – ад лідараў агульнага заліку экіпаж першай віцэ-чэмпіёнкі электрычнай пазадарожнай серыі Extreme E адстае амаль на пяць гадзін, займаючы чацвёртае месца.

Франсіска Лопес і Хуан-Пабла Латрах, якія і лідзіруюць з агульным часам 35 гадзін 47 хвілін 12 секунд, учора спакойна фінішавалі трэцімі. Усё роўна іх галоўныя пераследнікі і іх жа партнёры па камандзе EKS South Racing Себасцьян Эрыксан і Вутэр Росгаар адстаюць ад іх на 1 гадзіну 19 хвілін і 51 секунду. На дзявятым этапе швед і нідэрландзец занялі чацвёртае месца, саступіўшы экіпажу Кінтэра 6 хвілін 19 секунд. Першую ж тройку генеральнай класіфікацыі замыкаюць Фернанда Альварэс і Ксав’е Пансэры. Ад экіпажа Лопеса яны адстаюць на 3 гадзіны 6 хвілін 21 секунду, а ўчарашнім пераможцам саступілі 16 хвілін 20 секунд, фінішаваўшы восьмымі.

У катэгорыі SSV лідары таксама не змяніліся, але тут у першай тройцы значна шчыльней. Першую пазіцыю з агульным часам 37 гадзін 14 хвілін 28 секунд займаюць Осцін Джонс і Густава Гужэльмін, а Жэрар Фарэс і Дыега Артэга, якія ідуць другімі, адстаюць ад іх усяго на 13 хвілін 47 секунд. Хаця ўчора яны фінішавалі толькі восьмымі, 8 хвілін 7 секунд саступіўшы пераможцам – Марэку Гочалу і Лукашу Ласкаўцу.

Палякі пераадолелі спецучастак за 3 гадзіны 52 секунды, на 58 секунд абагнаўшы экіпаж Кінтэра, які заняў другое месца. Міхал Гочал з Жымонам Гаспадарчыкам братэрска-партнёрскаму экіпажу саступілі 2 хвіліны 36 секунд, замкнуўшы першую тройку. Замыкаюць яны яе і ў абсалюце, дзе адстаюць ад Джонса і Гужэльміна на 16 хвілін 27 секунд. Экіпаж Марэка ідзе следам, але прайграе лідарам ужо болей за паўгадзіны.

У катэгорыі грузавікоў да сваёй другой перамогі паступова рухаюцца пераможцы дзейсныя – Дзмітрый Сотнікаў, Ільгіз Ахметзянаў і Руслан Ахмадзееў, якія лідзіруюць, маючы агульныя 32 гадзіны 43 хвіліны 53 секунды. Другую пазіцыю займаюць іх партнёры па КамАЗе Эдуард Нікалаеў, Яўгеній Якаўлеў і Ўладзімір Рыбакоў. На дзявятым этапе яны таксама занялі першыя дзве пазіцыі, але ў зваротным парадку – экіпаж Нікалаева перамог, прайшоўшы баявую дыстанцыю за 2 гадзіны 38 хвілін 43 секунды, а Сотнікаў саступіў яму 2 хвіліны 34 секунды.

Першую тройку абсалюту па-ранейшаму замыкаюць Антон Шыбалаў, Дзмітый Нікіцін і Іван Татарынаў, якія адстаюць ад лідараў на 41 хвіліну 18 секунд, а на дзявятым этапе яны фінішавалі чацвёртымі, саступіўшы пераможцам амаль тры з паловай хвіліны. Трэцяе месца ўчора занялі чэхі Марцін Мацык, Францішэк Тамашэк і Давід Сванда, якія выступаюць за каманду Big Shok Racing на аўтамабілі IVECO Powerstar. Яны саступілі Нікалаеву 2 хвіліны 37 секунд, а Сотнікаву ў абсалюце прайграюць амаль чатыры з паловай гадзіны, займаючы восьмую пазіцыю.

Іх суайчыннікі з InstaForex Loprais Praga Алеш Лапрайс, Петр Пакора і Яраслаў Вальтр па-ранейшаму лепшыя з тых, хто выступае не за КамАЗ. Яны займаюць чацвёртую пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі, адстаючы ад Сотнікава болей чым на паўтары гадзіны. Экіпажу Нікалаева на дзявятым этапе яны саступілі шэсць хвілін, фінішаваўшы шостымі.

Сёння ўдзельнікі ралі Дакар развіталіся з Вадзі-ад-Давасірам і зараз прыбываюць у Бішу. Шлях туды агулам складае 759 кіламетраў, але спецучастак зноў не рэкордны па даўжыні – 375-кіламетровы. Часткова вынікі дзясятага этапу нам ужо вядомыя, але змены ў фінішных пратаколах яшчэ магчымыя.

Другие посты блога

Все посты