Дакар-2022: дзясяты этап

Фота: dakar.com

Фініш сорак чацвёртага ралі Дакар усё бліжэй. Учора адбыўся яго дзясяты этап, удзельнікі перабраліся з Вадзі-ад-Давасіру ў Бішу. Але колькасць фаварытаў у некаторых катэгорыях паменшылася.

Пра некаторыя страты, што панёс учора караван удзельнікаў, я ўчора ж і расказваў. Катэгорыя матацыклаў фактычна засталася без дзейснага трыумфатара Кэвіна Бенавідэса. Аргенцінца падвёў рухавік яго завадскога KTM на сто трыццаць трэцім кіламетры спецучастку з трохсот сямідзесяці пяці. Фармальна ў гонцы ён застаўся, але без малога суткі адставання – гэта не тое, што можна адыграць за два этапы. У генеральнай класіфікацыі Кэвін цяпер сто дзясяты.

А першы ў ёй цяпер ізноў Адрыен ван Бэверэн, чый час складае 33 гадзіны 27 хвілін 6 секунд. Пры гэтым учора французскі гоншчык завадской Ямахі фінішаваў трэцім, 3 хвіліны 35 секунд саступіўшы пераможцу этапу і двухразоваму пераможцу Дакару Тобі Прайсу. Аўстраліец з завадскога калектыву KTM пераадолеў такія цяжкасці спецучастку, як пяскі, камяністыя плата з пад’ёмамі на вышыню да 1 700 метраў над узроўнем мора, за 3 гадзіны 5 хвілін 32 секунды. У агульным заліку ён шосты, і ў сваю чаргу адстае ад ван Бэверэна болей чым на дваццаць сем хвілін.

2 хвіліны 9 секунд Адрыену на дзясятым этапе саступіў, заняўшы другое месца, брат Кэвіна Бенавідэса Лусіана, які выступае за завадскую каманду Husqvarna. У генеральнай класіфікацыі ён, праўда, ні на што сур’ёзнае ўжо не прэтэндуе – займае трынаццатую пазіцыю і адстае ад ван Бэверэна болей чым на сорак дзевяць хвілін. Бліжэйшым жа пераследнікам француза пасля ўчарашняга этапу з’яўляўся завадскі гоншчык Хонды Пабла Кінтанілья. Чыліец пры гэтым фінішаваў толькі трынаццатым, прайграўшы пераможцу восем хвілін, але лідару абсалюту саступае толькі 5 хвілін 15 секунд.

Былы лідар Сэм Сандэрлэнд першую тройку турнірнай табліцы замыкае, саступаючы ван Бэверэну без адной секунды шэсць хвілін. Учора брытанскі гоншчык GasGas прыйшоў да фінішу толькі сямнаццатым, болей за адзінаццаць хвілін саступіўшы Тобі Прайсу. Аднак шанцы атрымаць выніковую перамогу на ўсім ралі Сандэрлэнд захоўвае. І ў двухколавай катэгорыі ўсё дакладна вырашаць два апошнія этапы.

Тады як у квадрацыклах, здаецца, усё вырашана ўжо. З дыстанцыі ўчора сышоў, таксама праз праблемы з рухавіком, адзіны рэальны супернік лідара Алескандра Жыру – Пабла Капэці. Таму француз, які дзесяць спецучасткаў пераадолеў за 42 гадзіны 21 хвіліну 1 секунду, нікуды не спяшаецца. Аргенцінец Франсіска Марэна, які цяпер займае другую пазіцыю, адстае ад яго на 2 гадзіны 43 хвіліны 31 секунду. На ўчарашнім этапе ён замкнуў першую тройку, адстаўшы ад пераможца на восем з паловай хвілін.

Хутчэй жа за ўсіх – за 4 гадзіны 11 хвілін 4 секунды – спецучастак пераадолеў бразілец Марчэла Медэйрас, які ў генеральнай класіфікацыі займае шостую пазіцыю, амаль на дваццаць дзве з паловай гадзіны адстаючы ад Жыру. Сам француз учора заняў другое месца, саступіўшы Медэйрасу 6 хвілін 44 секунды. Амаль на сямнаццаць з паловай хвілін ад яго адстаў паляк Каміль Вішнеўскі, які заняў чацвёртае месца, а ў агульным заліку замыкае першую тройку, саступаючы Жыру 2 гадзіны 51 хвіліну 46 секунд.

У катэгорыі легкавых пазадарожнікаў лідарства экіпажу Насэра Аль-Аціі і Мацьё Бамэля таксама дастаткова камфортнае, але не такое пераважнае, як у Жыру. Галоўныя пераследнікі прадстаўнікоў завадской Таёты з Bahrain Raid Xtreme – Себасцьен Лёб і Фабіан Луркен, учора скарацілі сваё адставанне ад іх да 32 хвілін 40 секунд. Пры гэтым ні тыя, ні тыя на дзясятым этапе не перамаглі. Французы занялі пятае месца, саступіўшы найхутчэйшаму экіпажу амаль чатыры з паловай хвіліны, а трохразовы пераможца Дакару фінішаваў толькі сёмым, адстаўшы ад лепшых амаль на шэсць хвілін.

А лепшымі крыху нечакана сталі Стэфан Петэрансэль і Эдуард Буланжэ. Экіпаж жывой легенды Дакару, яго васьміразовага трыумфатара на аўтамабілях і шасціразовага на матацыклах, пераадолеў спецучастак за 2 гадзіны 52 хвіліны 43 секунды. Другімі фінішавалі іх партнёры па завадской камандзе Audi Карлас Сайнс-старэйшы і Лукас Круз. Маціасу Экстрому і Эмілю Бергквісту на гэты раз пашанцавала не так, як на некалькіх папярэдніх этапах – яны занялі толькі трынаццатае месца, адстаўшы ад Петэрансэля на дзесяць хвілін з хвосцікам.

Тым не менш менавіта шведы па-ранейшаму з’яўляюцца лепшымі прадстаўнікамі сваёй каманды ў генеральнай класіфікацыі, дзе яны нарэшце падняліся ў першую дзясятку. Яе экіпаж двухразовага чэмпіёна DTM, чэмпіёна свету па ралі-кросе і дзейснага і першага чэмпіёна электрычнага Турынга замыкае, адстаючы ад лідараў болей чым на дзве з паловай гадзіны. Сайнс і Круз ужо пятнаццатыя, без малога ў чатырох гадзінах ад лідараў, а Петэрансэль болей чым на шэсцьдзесят восем гадзін адстае ад першай пазіцыі, займаючы шэсцьдзесят першую.

Партнёры Лёба і Луркена па камандзе Арланда Тэранова і Даніэль Алівэрас саступаюць Аль-Аціі і Бамэлю без малога паўтары гадзіны, займаючы ў абсалютным заліку чацвёртую пазіцыю. А ад Петэрансэля ўчора яны адсталі на 3 хвіліны 59 секунд, фінішаваўшы трэцімі. У генеральнай жа класіфікацыі трэція Язід Аль-Раджы і Майкл Ор, якія саступаюць лідарам 55 хвілін 48 секунд. На дзясятым этапе экіпаж Overdrive Toyota якраз дзясятае месца і заняў, адстаўшы ад пераможцаў амаль на восем хвілін.

Расіянцы Марыі Апарынай і беларусу Андрэю Рудніцкаму да лідараў катэгорыі лёгкіх прататыпаў, дзе яны займаюць трыццаць другую пазіцыю ў агульным заліку, пасля двух сходаў з дыстанцыі ўжо болей за семдзесят шэсць з паловай гадзін. Але экіпаж наважаны фінішаваць на Дакары, чаго мы і зычым ім. Учора Марыя і Андрэй фінішавалі дваццаць дзявятымі, саступіўшы пераможцам амаль дзве гадзіны.

Пераможцы тыя – Сэт Кінтэра і Дэніс Цэнц – самі адстаюць ад лідараў абсалюту многа, хоць і меней, чым Апарына з Рудніцкім – «усяго» амаль што пятнаццаць гадзін, займаючы дваццаць першую пазіцыю. Затое перамогі на этапах штампуюць адну за адной. Учарашнія баявыя кіламетры яны праехалі за 3 гадзіны 22 хвіліны 11 секунд, на 2 хвіліны 22 секунды апярэдзіўшы Крысціну Гуцьерэс і Франсуа Казале, якія занялі другое месца, а ў абсалюце ідуць чацвёртымі, адстаючы ад лідараў болей за чатыры гадзіны.

Себасцьян Эрыксан і Вутэр Росгаар на дзясятым этапе замкнулі першую тройку, саступіўшы Кінтэра і Цэнцу 9 хвілін 45 секунд. Але і ім да лідараў генеральнай класіфікацыі і сваіх партнёраў па камандзе EKS South Racing Франсіска Лопеса і Хуана-Пабла Латраха 55 хвілін 56 секунд. Агульны час Чалека складае 39 гадзін 43 хвіліны 3 секунды, а ўчора яго экіпаж прыйшоў да фінішу з дванаццатым вынікам, саступіўшы пераможцам болей чым паўгадзіны.

На трэцяй пазіцыі ў генеральнай класіфікацыі даволі нядрэнна спачуваюцца Фернанда Альварэс і Ксав’е Пансэры. Самі яны адстаюць ад Лопеса на 2 гадзіны 56 хвілін 28 секунд, але і бліжэйшых пераследнікаў – экіпаж Гуцьерэс – апярэджваюць амаль на паўтары гадзіны. Учора іспанец з французам фінішавалі сёмымі, саступіўшы пераможцам этапу без малога дваццаць чатыры хвіліны.

У катэгорыі SSV абвастрылася дуэль (ці як яшчэ назваць спаборніцтва экіпажаў з двума членамі ў кожным?) паміж Осціна Джонса і Густава Гужэльміна з Жэрарам Фарэсам і Дыега Артэгай. Агульны час амерыканца і бразільца, якія лідзіруюць, пасля дзесяці этапаў складае 40 гадзін 55 хвілін 24 секунды, а іспанцы саступаюць ім 11 хвілін 54 секунды, займаючы другую пазіцыю. Учора яны выступілі лепей, заняўшы трэцяе месца і саступіўшы пераможцам этапу 2 хвіліны 8 секунд. Джонс з Гужельмінам фінішавалі чацвёртымі, на чатыры хвіліны адстаўшы ад лепшага экіпажа.

А ім сталі дэбютант Дакару і ўдзельнік чэмпіянату свету па ралі-кросе з Літвы Рокас Бацюшка і іспанец Арыоль Мена. Выступаюць яны, трэба адзначыць, вельмі моцна і стабільна – ад самага першага этапу не апускаліся ніжэй за сёмае месца, прычым і ў абсалюце таксама. І вось цяпер перамаглі, справіўшыся са спецучасткам за 3 гадзіны 36 хвілін 55 секунд. У агульным заліку яны цяпер чацвёртыя, і экіпажу Джонса саступаюць параўнаўча нямнога – крыху болей за паўгадзіны.

На 1 хвіліну 58 секунд ад Бацюшкі на дзясятым этапе адсталі палякі Арон Дамжала і Мацэй Мартон, якія занялі другое месца. Праўда, у генеральнай класіфікацыі яны толькі дванаццатыя, а ад лідараў адстаюць болей чым на шэсць з паловай гадзін. Значна лепей справы ідуць у іх суайчыннікаў Міхала Гочала і Жымона Гаспадарчыка, якія замыкаюць першую тройку абсалюту, саступаючы лідарам 15 хвілін 38 секунд. Яны ўчора фінішавалі чацвёртымі, адстаўшы ад пераможцаў на 3 хвіліны 12 секунд.

У катэгорыі грузавікоў ізноў уся першая чацвёрка акупіраваная экіпажамі каманды КамАЗ-Мастер. Лідзіруюць з агульным часам 35 гадзін 58 хвілін 8 секунд Дзмітрый Сотнікаў, Ільгіз Ахметзянаў і Руслан Ахмадзееў. Свой адрыў ад Эдуарда Нікалаева, Яўгенія Якаўлева і Ўладзіміра Рыбакова яны на дзясятым этапе павялічылі да 10 хвілін 18 секунд, на 1 хвіліну 27 секунд. Менавіта на столькі дзейсныя пераможцы Дакару ўчора апярэдзілі сваіх калег, які фінішавалі другімі. Адпаведна, Сотнікаў перамог, пераадолеўшы баявую дыстанцыю за 3 гадзіны 14 хвілін 15 секунд.

Экіпаж Андрэя Каргінава, Андрэя Макеева і Івана Малькова ўчора быў павольнейшым за Сотнікава на 1 хвіліну 49 секунд, а ў генеральнай класіфікацыі ён цяпер чацвёрты, амаль у дзвюх гадзінах ад Дзмітрыя. Трэцюю ж пазіцыю, адстаючы ад яго на 44 хвіліны 27 секунд, займаюць  Антон Шыбалаў, Дзмітый Нікіцін і Іван Татарынаў, якія на дзясятым этапе фінішавалі пятымі, саступіўшы таму ж Сотнікаву крыху болей за тры хвіліны.

У стройны шэраг КамАЗа ўчора ўціснуўся экіпаж каманды Tatra Buggyra ZM Racing у складзе Ігнасіа Касале, Альвара Леонэ і Томаша Сіколы. Яны занялі чацвёртае месца, адстаўшы ад экіпажа Сотнікава на 2 хвіліны 35 секунд, а ў абсалютным заліку прайграюць яму болей за семдзесят чатыры гадзіны, ідучы дваццаць дзявятымі. Лепшымі ж астатніх у генеральнай класіфікацыі цяпер з’яўляюцца прадстаўнікі Petronas Team De Rooy IVECO – Янус ван Кастэрэн, Марсэль Снійдэрс і Дарэк Родэвальд. Яны адстаюць ад лідараў болей чым на дзве з паловай гадзіны, замыкаючы першую пяцёрку, а ўчора фінішавалі сёмымі, пяць з паловай хвілін саступіўшы пераможцам.

Экіпаж InstaForex Loprais Praga ў складзе Алеша Лапрайса, Петра Пакоры і Яраслава Вальтра ўчора скончыў спецучастак датэрмінова праз паломку стырнавой калонкі. У абсалюце чэхі ў выніку адкаціліся на дваццаць трэцюю пазіцыю, і цяпер адстаюць ад лідараў болей чым на трыццаць чатыры гадзіны.

Акурат зараз удзельнікі Дакару завяршаюць 346-кіламетровы спецучастак 501-кіламетровага адзінаццатага этапу ў наваколлях Бішы, у якой затрымаюцца яшчэ на адзін дзень перад фінальным кідком у Джыду, адкуль два тыдні таму і стартавалі. Фініш ужо блізка, і хутка мы будзем ведаць імёны пераможцаў сорак чацвёртага ралі-марафону.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя
+19
Написать комментарий
Реклама 18+