Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Талент і ўдача Себасцьена Аж’е і цікавая будучыня чэмпіянату свету па ралі

Талент і ўдача Себасцьена Аж’е і цікавая будучыня чэмпіянату свету па ралі

Спрабуем зразумець, што дапамагло Аж’е выйграць свой восьмы тытул у мінулым сезоне WRC, і робім прагнозы на наступны, які пачынаецца ўжо зараз. Хоць прадказваць штосьці цяжка, бо сусветнае ралі перажывае чарговую тэхнічную рэвалюцыю.

20 января 2022, 16:13
Талент і ўдача Себасцьена Аж’е і цікавая будучыня чэмпіянату свету па ралі

Фота: wrc.com

Спрабуем зразумець, што дапамагло Аж’е выйграць свой восьмы тытул у мінулым сезоне WRC, і робім прагнозы на наступны, які пачынаецца ўжо зараз. Хоць прадказваць штосьці цяжка, бо сусветнае ралі перажывае чарговую тэхнічную рэвалюцыю.

У надыходзячым сезоне чэмпіянат свету па ралі пераходзіць на новы тэхнічны рэгламент і распачынае гібрыдную эру. 1,6-літровыя турбіраваныя маторы застаюцца ранейшымі і па-ранейшаму жа развіваюць прыкладна 380 конскіх сіл. Аднак на аўтамабілях новай топавай катэгорыі, названай Rally 1, з’явяцца і электрычныя матор-генератары.

Апошнія будуць аднолькавымі для ўсіх каманд. Гібрыдны блок пастаўляе кампанія Compact Dynamics, якая пастаўляе элементы сілавых установак камандам Формулы-1, Формулы Е і чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць, важыць 84 кілаграмы і аб’ядноўвае ў сабе уласна матор-генератар, кіруючую электроніку і акумулятар ад кампаніі Kreisel Electric ёмістасцю 3,9 кілават-гадзіны. Дарэчы, на некаторых участках дарожных секцый паміж баявымі допамі карыстацца можна будзе выклічна электрычнай цягай.

Гібрыдны складнік дадае 100 кВт (136 к.с.). Такім чынам, сукупная магутнасць машын класу Rally 1 складзе прыкладна 516 «коней», як у часы групы B, якую многія ўспамінаюць з любоўю і настальгіяй. Хоць самымі найхутчэйшымі ў гісторыі сусветнага ралі (найперш дзякуючы прагрэсу ў падвесках, тармазах, шынах і аэрадынаміцы) былі цяпер ужо папярэднія аўтамабілі WRC. Новыя ж дакладна стануць павольнейшымі, бо, па-першае, яны цяжэйшыя прыкладна на 70 кілаграмаў, а па-другое, атрымаўшы больш складаную сілавую ўстаноўку, тэхнічна спрасціліся ва ўсім астатнім.

Ход падвесак паменшыўся, меней выдасканаленымі сталі аэрадынаміка і тармазная сістэма, ізноў забароненыя цэнтральныя (міжвосевыя) дыферэнцыялы. Скрыні перадач сталі не шасці-, а пяціступенчатымі, прычым мяняць перадачы цяпер можна толькі рычагом – падстырнавыя пялёсткі таксама забароненыя. А яшчэ усе каманды цяпер выкарыстоўваюць уніфікаваныя каркасы бяспекі, а фактычна – адзіныя для ўсіх прасторавыя рамы, на якія кожны вытворца навешвае арыгінальныя кузаўныя элементы.

Я пералічыў толькі найбольш істотныя змены, хапае і больш дробных. Усе яны, па задумцы іх аўтараў, павінны абмежаваць выдаткі багатых завадскіх каманд і іх здольнасці. Але ці не пойдзе гісторыя проста па новым кругу?

Тыя ж межвосевыя дыферэнцыялы ў чэмпіянаце свету па ралі ўжо некалі забараняліся. У выніку камандам прыйшлося распрацоўваць гідраўлічную сістэму адключэння задняй восі, бо паколькі абедзве восі механічна жорстка звязаныя адна з адной (паміж імі, калі казаць спрошчана, усталяваная простая раздатачная скрыня з парай шасцерняў), то пры карыстанні ручным тормазам можна было б заглушыць матор. І вось гэтая гідраўлічная сістэма аказалася даражэйшай за міжвосевы дыферэнцыял (у Hyundai кажуць пра суму каля 40 тысяч фунтаў стэрлінгаў).

Да таго ж, такое ўскладненне канструкцыі ускладняе кіраванне аўтамабілем, робіць яго паводзіны больш нервовымі. Ды і, за выключэннем гібрыднай сілавой устаноўкі, канструкцыйна машыны катэгорыі Rally 1 набліжаюцца да тэхніцы катэгорыі R5, якая выкарыстоўваецца ў серыях, ніжэй рангам за сусветны чэмпіянат – тым жа еўрапейскім. Таму, натуральна, задаволеныя пераменамі не ўсе ўдзельнікі сусветнага ралі.

І Hyundai Motorsport, і M-Sport Ford, і Toyota Gazoo Racing на мінулым тыдні прадставілі свае новыя машыны і абноўленыя склады гоншчыкаў. Да іх і іх перспектыў у сезоне-2022 мы яшчэ вернемся. Спачатку ж разбяромся, як Себасцьен Аж’е, які цяпер будзе стартаваць толькі на асобных ралі, стаў васьміразовым чэмпіёнам свету.

Наогул, што французу найперш дапамагло ў мінулым годзе – яго талент ці шанцаванне? А можа, шанцаванне якраз і стала следствам таленту і разумнага падыходу да гонак? Глядзіце самі: сход за ўвесь сезон у яго быў толькі адзін – на Арктычным ралі Фінляндыі, калі Сэб, спрабуючы ўгнацца за Отам Цянакам, зляцеў з трасы на восьмым спецучастку і на цэлых дваццаць хвілін захрас у снезе. На ўсіх жа астатніх этапах Аж’е фінішаваў, і не ніжэй за пятае месца.

Канечне, сваю ролю адыграла і тэхніка. Але не чыстая хуткасць! Усім аўтааматарам вядома, што няма машыны, надзейнейшай за Таёту. Вось і Yaris WRC ў мінулым годзе па гэтаму паказчыку аказаліся лепей за Hyundai i20 Coupe WRC. Пры гэтым апошнія часта былі хутчэйшымі за «японцаў». І на тым жа лютаўскім фінскім этапе Цянак па тэмпе абыгрываў Аж’е, атрымаўшы тады адзіную ў сезоне-2021 перамогу (хай нават Себасцьен і працаваў бульдозерам як лідар чэмпіянату). Хуткім чэмпіён 2019 года быў і на некаторых іншых ралі, напрыклад, Партугаліі і Сардыніі. Вось толькі падвескі, асабіста заднія, на карэйскіх машынах аказаліся слабымі.

Праз іх паломкі Цянак застаўся без перамог на згаданых партугальскім і італьянскім этапах, таксама сышоў з дыстанцыі, але ўжо праз пракол і аварыю адпаведна, на хатнім эстонскім і іспанскім ралі. Паломка задняй падвескі пакінула без перамогі на доўгачаканым ралі Сафары ў Кеніі і бельгійскага партнёра Ота па камандзе Цьеры Нэвіля, якога ў кастрычніку на галоўным ралі Фінляндыі падвёў яшчэ і радыятар яго i20 Coupe WRC.

Да гонару Ота і Цьеры, змагаліся яны абодва да апошняга, сведчаннем чаму былі перамогі Нэвіля на першым у гісторыі чэмпіянату свету і хатнім для яго ралі Іпру ў Бельгіі, а таксама ў Іспаніі. Толькі пад канец сезону для абодвух усё роўна было страчана ўжо зашмат, і па выніках сезону Цянак заняў толькі пятае месца, а Нэвіль замкнуў першую тройку.

Так што на фінальным этапе, што, як і ў 2020-м, ізноў прымала Монца, рэальным супернікам Аж’е быў толькі яго партнёр па Таёце Элфін Эванс. Храму Хуткасці не прывыкаць быць сцэнай для драмы – дастаткова прыгадаць Гран Пры Формулы-1 у тым жа 2020-м і ў мінулым годзе. Лагічна, што і ад ралі на італьянскай трасе ўсе чакалі ліха закручанага сюжэту.

Праўда, Эвансу, які ў мінулым годзе быў мацнейшым на ралі Партугаліі і Фінляндыі, было мала фінішаваць першым на ралі Монцы – трэба было, каб і Аж’е заняў месца дзе-небудзь за межамі першай тройкі. А ён свой фінальны акорд сыграў мажорна, атрымаўшы перамогу. Элфін жа праз памылку і разварот у нядзелю заняў другое месца ў ралі і ў чэмпіянаце, атрымаўшы другое запар званне віцэ-чэмпіёна.

Себасцьен жа акрамя Монцы перамог на ралі Монтэ-Карла, Харватыі, Сардыніі і Кеніі – агулам пяць раз, больш за ўсіх. У Партугаліі і Грэцыі Аж’е фінішаваў трэцім, а ва ўсіх астатніх выпадках мінімізаваў страты, наколькі гэта было магчыма. Канечне, часам француз дзейнічаў асцярожна, але ці не гэта паказчык таленту, які выражаецца і ў такім вось разумным падыходзе?

Нехта скажа, што, як і ў выпадку з Люісам Хэмілтанам, Аж’е частку сваіх тытулаў выйграў лёгка. На самой справе, першыя чатыры разы яшчэ ў складзе Volkswagen Себасцьен стаў чэмпіёнам, выйграўшы пераважную большасць этапаў з 2013 па 2016 год. Аднак затым два гады запар ён бліскаў і ў нашмат меней моцнай камандзе M-Sport Ford, сустрэўшы ўжо сур’ёзны супраціў з боку супернікаў. Які не паменеў і ў апошнія два гады, якія Аж’е правёў у завадской Таёце. Прычым годныя і моцныя супернікі ў яго былі і ў сваёй камандзе, і па-за ёй.

Таму французскі гоншчык цалкам заслугоўвае таго, што яго імя прысутнічае ў спісе лепшых ралістаў у гісторыі. Нават усе рэкорды біць не спатрэбілася – па колькасці тытулаў наперадзе застаўся суайчыннік і цёзка Аж’е па прозвішчы Лёб, дзевяціразовы чэмпіён. Прыемна, дарэчы, што абодва Себасцьены працягваюць свае выступленні ў сусветным ралі, хай толькі і на асобных этапах.

Лёб пры гэтым у чарговы раз змяніў каманду, далучыўся да M-Sport Ford і ў міжсезонні акрамя падрыхтоўкі да Дакару, на якім ён заняў другое месца, быў заняты тэстамі новай Puma Hybrid Rally1. Наколькі праца эльзасца была плённай, пакажа самая бліжэйшая будучыня – сезон-2022 фактычна пачаўся ўжо сёння. Але на мой асабісты погляд, глабальна сітуацыя не зменіцца, і асноўная барацьба працягнецца паміж камандамі Toyota і Hyundai. Хоць, зразумела, і нечаканасці магчымыя. Пра іх верагоднасць цяпер і пагаворым.

Toyota Gazoo Racing World Rally Team

Першае месца ў камандным заліку ў 2021 годзе (520 ачкоў)

Склад: Себасцьен Аж’е (Францыя), чэмпіён 2021 года (230 ачкоў) /Бенжамін Вэйла (Францыя), дэбютант, Элфін Эванс (Вялікабрытанія)/Скот Марцін (Вялікабрытанія), другое месца ў 2021 годзе (207 ачкоў), Кале Раванпэра (Фінляндыя)/Йонэ Халтунен (Фінляндыя), чацвёртае месца ў 2021 годзе (142 ачкі), Эсапека Лапі (Фінляндыя)/Янэ Ферм (Фінляндыя), трынаццатае месца ў 2021 годзе (22 ачкі)*.

* У складзе прыватнай каманды

Кіраўнік – Яры-Маці Латвала

Трыумф у мінулым годзе адсвяткаваў не толькі Себасцьен Аж’е, які працягне выступаць у складзе Таёты і ў гэтым годзе, толькі па скарочанай праграме і ўжо з новым штурманам Бенжамінам Вэйла, але і для кіраўніка каманды Яры-Маці Латвалы. Як кіраваць ралійным аўтамабілем чэмпіянату свету, фін ведае добра – сам рабіў з 2007 па 2019 год, тройчы станавіўся віцэ-чэмпіёнам і двойчы займаў трэцяе месца. Кіраванне камандай – справа іншая, але і з ёй Яры-Маці справіўся выдатна.

Канечне, багатую спадчыну пакінуў суайчыннік Латвалы і былы глава Томі Мякінен, які таксама ўмее кіраваць машынамі, сведчаннем чаму яго чатыры тытулы ў WRC. Але ён якраз даказаў, што гоншчык можа быць і пісьменным мэнэджэрам, а Яры-Маці гэта пацвердзіў, не толькі не разваліўшы справу, але і вывеўшы Таёту на першае месца ў камандным заліку (годам раней, нагадаю, яна саступіла там першынство Hyundai).

Таму ў новы сезон і новую тэхналагічную эру японскі (або японска-фінскі) калектыў уваходзіць неверагодна моцным і матываваным. Працэс кіравання наладжаны і працуе выдатна, гоншчыкі амаль усе маладыя і таленавітыя: што Элфін Эванс, двухразовы віцэ-чэмпіён, што Кале Раванпэра, які ў мінулым годзе, як я і прадказваў, атрымаў першыя дзве перамогі (у Эстоніі і Грэцыі), што Эсапека Лапі, у якога хоць і была пэўная паўза, але хуткасці ён не разгубіў. Ну і Аж’е, вядома.

Дарэчы, на ралі Монтэ-Карла, што акурат сёння пачынаецца, Сэб заяўлены. Таму не будзе дзіўным, калі ён атрымае яшчэ адну перамогу ў адной з самых прэстыжных ралійных гонак. Прынамсі, менавіта ён узначальвае пратакол па выніках шэйкдаўна. Што ж да надыходзячага сезону ў цэлым, то галоўным забойшчыкам цяпер будзе Эванс. Верагодна, каманда нават будзе адкрыта працаваць у першую чаргу менавіта на брытанца як на самага дасведчанага і хуткага. Хаця і той жа Раванпэра дакладна стане мацней, хутчэй і стабільней, а з Лапі яны дакладна будуць падганяць адзін аднаго.

Хаця, улічваючы новы тэхнічны рэгламент, аступіцца могуць і ў Таёце. А канкурэнты, наадварот, могуць зарыентавацца ў новых умовах лепей, таму я, бадай, устрымаюся ад спекуляцый. Варта пабачыць першыя некалькі этапаў, толькі яны дадуць адказ на пытанне аб лідары – старым, новым або старым новым. Аднак гэта якраз азначае наяўнасць інтрыгі, якую мы ўсе так любім.

Hyundai Shell Mobis World Rally Team

Другое месца ў камандным заліку ў 2021 годзе (462 ачкі)

Склад: Цьеры Нэвіль (Бельгія)/Марцін Відагэ (Бельгія), трэцяе месца ў 2021 годзе (176 ачкоў), От Цянак (Эстонія)/Марцін Ярвэоя (Эстонія), пятае месца ў 2021 годзе (128 ачкоў), Дані Сорда (Іспанія), шостае месца ў 2021 годзе (81 ачко)/Кандзіда Карэра (Іспанія), дзявятае месца ў 2021 годзе, 50 ачкоў), Олівер Сольберг (Швецыя), трынаццатае месца ў 2021 годзе (22 ачкі)*/Эліат Эдмандсан (Вялікабрытанія), чатырнаццатае месца ў 2021 годзе (18 ачкоў).

* У складзе Hyundai 2C Competition

Кіраўнік – Скот Нох

Хай вас не здзіўляе, што гоншчык і штурман у адным экіпажы набралі розную колькасць балаў і занялі розныя месцы па выніках сезону – ко-драйверы па ходу сезону могуць мяняцца, і гэта ў прынцыпе нармальна. А вось змена кіраўніка каманды – рэч важная і ўплывовая, і якраз яна ў мінулым годзе адбылася ў Hyundai.

Андрэа Адама, які некалькі апошніх гадоў кіраваў не толькі завадской ралійнай камандай карэйскай кампаніі, а ўсім яе гоначным падраздзяленнем, сышоў са сваёй пасады па сканчэнні мінулага сезону. Афіцыйна агучаная прычына – асабістыя абставіны. Прыйдзецца паверыць, бо падрабязнасцей мы не ведаем. Ды і наўрад ці працай Андрэа нехта быў незадаволены. Так, сезон-2021 для Hyundai быў няпросты, але гэта ўсё роўна фаварыты чэмпіянату, і яны яшчэ як могуць стрэліць у гэтым годзе.

А могуць і не стрэліць, канечне. Шмат будзе залежыць ад новага кіраўніка – Скота Ноха. Карэец апошнія дваццаць пяць гадоў займаў розныя пасады ў структуры Hyundai па ўсім свеце (у роднай Карэі, ЗША, Аўстраліі), але спецыяльнага гоначнага досведу ў яго няма. Застаецца ізноў жа разлічваць на спадчыну, што пакінуў яму яго папярэднік. Тым больш што новы аўтамабіль рыхтаваўся пад кіраўніцтвам Адама.

Што сумневаў не выклікае, дык гэта склад гоншчыкаў. Цьеры Нэвіль і От Цянак дакладна матываваныя і гатовыя біцца за тытул. Абы машыны не ламаліся, як гэта часта было ў мінулым годзе. Дані Сорда будзе стартаваць толькі на асобных этапах, і да кола фаварытаў не належыць, але калі-нікалі можа і перамагчы.

Малады Олівер Сольберг – сын чэмпіёна свету па ралі 2003 года Петэра Сольберга – у гэтым годзе далучыўся да асноўнай каманды, набраўшыся досведу ў складзе малодшага калектыву Hyundai 2C Competition. Але яму цяпер на хаду трэба будзе перавучвацца і прыстасоўвацца да новай тэхнікі, таму па ходу сезону швед будзе сутыкацца з пэўнымі цяжкасцямі.

Тым не менш можна дастаткова смела прагназаваць, што ў гэтым годзе хлопцы з Hyundai будуць галоўнымі супернікамі хлапцам з Таёты. Хаця бойка іх чакае няпростая і цяжкая, перамога зусім не гарантаваная. Тым больш што не варта спісваць з рахунку і трэцюю каманду чэмпіянату.

M-Sport Ford World Rally Team

Трэцяе месца ў камандным заліку ў 2021 годзе (199 ачкоў)

Склад: Крэйг Брын (Ірландыя)/Пол Нэгл (Ірландыя), восьмае месца ў 2021 годзе (76 ачкоў)*, Гас Грынсміт (Вялікабрытанія), дзявятае месца ў 2021 годзе (64 ачкі)/Йонас Андэрсан (Швецыя), трыццатае месца ў 2021 годзе (4 ачкі), Адрыен Фурмо (Францыя), дзясятае месца ў 2021 годзе (42 ачкі)/Александр Карыа (Францыя), пятнаццатае месца ў 2021 годзе (18 ачкоў), Себасцьен Лёб (Францыя)/Ізабэль Гальміш (Францыя), не выступалі ў 2021 годзе.

* У складзе Hyundai

Кіраўнік – Рычард Міленэр

Фактычна прыватная каманда M-Sport карыстаецца завадской падтрымкай кампаніі Ford, але за барацьбой Таёты і Hyundai апошнія гады назірае з вялікай адлегласці. Ці не зменіцца ўсё ў сезоне-2021? У пратаколе шэйкдаўну ралі Монтэ-Карла (вынікаў пасля першых двух баявых спецучасткаў на момант напісання гэтых радкоў яшчэ не было) следам за васьміразовым чэмпіёнам Аж’е размясціўся дзевяціразовы – Лёб. А я даўно казаў, што каб быць паспяховым у ралі, вам трэба быць французам і каб вас звалі Себасцьенам!

Жарты жартамі, а аўтсайдэрская тэндэнцыя M-Sport можа быць зламаная, і дапаможа ў гэтым камандзе ізноў жа змена рэгламенту. Склад гоншчыкаў таксама дастаткова моцны і стабільны. А з гэтага году ўзмоцнены Крэйгам Брынам, які лёгка можа ўзяць на сябе ролю лідара, калі гэта не атрымаецца ў Гаса Грынсміта і Адрыена Фурмо, чые магчымасці, зрэшты, дагэтуль былі абмежаваныя аб’ектыўнымі тэхнічнымі прычынамі. Ну і Себасцьен Лёб выступае хай сабе і не на поўным раскладзе, але ж вось вам – душою ветэран не старэе!

Хоць, натуральна, тут трэба паназіраць за тэндэнцыямі хаця б на некалькіх першых этапах. Зараз яшчэ нават самы першы толкам не пачаўся, і ўсякае можа здарыцца і на ім. Аднак сам факт таго, што прадстаўнікі M-Sport у фаварытах хаця б умоўна, дае пэўную надзею, што брытанскі калектыў як мінімум падцягнецца да японскага і карэйскага. Зычым яму ў гэтым поспеху – ён таго заслугоўвае!

Toyota Gazoo Racing World Rally Team NG

Склад: Такамота Катсута (Японія), сёмае месца ў 2021 годзе (78 ачкоў)/Ааран Джонстан (Ірландыя), сямнаццатае месца ў 2021 годзе (12 ачкоў).

 Кіраўнік – Яры-Маці Латвала

Раней малодшая каманда была ў Hyundai, цяпер яна ёсць у Таёты. Чаму ў ёй апынуўся менавіта Такамота Катсута, зразумела. У сезоне-2021 японец хоць і заехаў на подыум у Кеніі, аднак у асноўным фінішаваў бліжэй да сярэдзіны першай дзясятцы, а часта і не фінішаваў, дапускаючы памылкі і трапляючы ў аварыі.

Але, відаць, па іміджавых і маркентынгавых прычынах, захаваць яго ў сваёй структуры для японскай каманды важна. Таму Катсута атрымаў другі шанец, і цяпер яго будучыня цалкам у яго руках. Палепшыць свае вынікі – атрымае магчымасць вярнуцца ў асноўны склад, калі там вызваліцца месца. У адваротным выпадку ў Таёце, думаю, знойдуць і іншых маладых і перспектыўных гоншчыкаў, хай і не з Японіі.

Другие посты блога

Все посты