MotoGP: усё не безнадзейна! Успамінаючы мінулы сезон галоўнага мотачэмпіянату, заглядваем у надыходзячы

Фота: motogp.com

Новы сезон MotoGP фактычна ўжо стартаваў – уік-энд Гран Пры Катара пачаўся акурат сёння. Самы час прабегчыся ўспамінамі па мінулым і паспрабаваць зразумець, што чакае нас у гэтым годзе.

Пакуль пішуцца гэтыя радкі, расійскія акупанты працягваюць катаваць Украіну. Абстрэлам падвяргаюцца такія вайсковыя аб’екты, як дзіцячыя садкі, школы, бальніцы, жылыя кварталы і тэлевізійныя цэнтры. Крамлёўскі дыктатар вырашыў пайсці ва-банк, вызверыўшыся на народ, які абраў свабоду і незалежнасць.

З’явіліся звесткі, што саўдзельнікамі злачынстваў сталі і беларускія вайскоўцы. Дыктатар, які ў 2020 годзе прайграў выбары і гвалтоўна захапіў уладу, больш імі не камандуе. Як і Беларуссю, якую аддаў ва ўладаранне закамплексаванаму ратавальніку мёртвай імперыі. Мне ад гэтага балюча і сорамна перад украінскім народам, у якога я прашу прабачэння і якім выражаю павагу і захапленне.

Украінцы! Нашыя браты і сябры! Зараз вы ратуеце не толькі сваю прыгожую краіну, а ўвесь свет. Вашыя мужнасць і з’яднанасць не маюць меж, яны і ёсць ваша галоўная зброя. Украіна стане косткай, якой крыважэрны карлік падавіцца насмерць. Адстаяўшы Украіну, вы і наш народ вызваліце ад шматгадовага гвалту. Слава Україні! Героям слава! Жыве Беларусь!

Чэмпіянат MotoGP ў Расію не збіраўся, а калі б нават збіраўся, этап там быў бы адменены, як ужо адмененыя расійскія этапы аўта- і мотагоначных серый, запланаваныя на гэты год. Не ведаю, ці вернуцца гоначныя чэмпіянаты калі-небудзь у Расію. Затое шчыра спадзяюся, што яны прыедуць у адноўленую пасля вайны Украіну, а таксама і ў Беларусь пасля яе вызвалення. У тым ліку MotoGP, пра які гэты артыкул.

Я гэтым разам не стану асобна засяроджвацца не нейкіх падзеях і тэндэнцыях, што мелі месца ў MotoGP у мінулым годзе. Сезон прайшоў роўна ў тым сэнсе, што, у адрозненні ад Формулы 1, абышлося без скандалаў, спрэчнага судзейства і разборак па-за трасамі. Ніякай тэхнічнай рэвалюцыі таксама не адбылося, рэгламент не змяніўся.

Але цікавыя моманты з удзелам тых, ад каго мы гэта не чакалі, былі. І іх мы ўспомнім у наступнай частцы – прадстаўленні каманд і складаў іх гоншчыкаў. Тут жа спрагназую, што такія моманты мы пабачым і ў гэтым годзе. Цікавай будзе і першая гонка ў Катары, і наступныя, якія пройдуць у зусім іншых умовах на зусім іншых трасах і выявяць іншых герояў. А калі шасціразовы чэмпіён Марк Маркес паспяхова залячыў траўмы, што збіраў цягам апошніх двух гадоў, нас чакае ўжо па-сапраўднаму цікавы і непрадказальны сезон.

Як і ў 2021-м, нестандартныя ўмовы дазволяць бліснуць і тым, хто апынецца ў эшалонах ніжэй першага, што ўласціва далёка не толькі чэмпіянату MotoGP, але часцей адбываецца менавіта ў ім. Таму давайце разбірацца, хто кім ёсць.

Ducati Lenovo Team

Першае месца ў камандным заліку ў 2021 годзе (433 ачкі)

Склад: Джэк Мілер (Аўстралія, стартавы нумар 43), чацвёртае месца ў 2021 годзе (181 ачко), Франчэска Баньяя (Італія, стартавы нумар 63), другое месца ў 2021 годзе (252 ачкі).

Кіраўнік Давідэ Тардоцы

Яны хаця б паспрабавалі! Чэмпіёнскі тытул не выйгралі, але сталі першымі сярод каманд, ды і залік вытворцаў Ducati таксама ўзначаліла. Таму ў цэлым задача на новы сезон ясная і зразумелая, але ці атрымаецца яе выканаць гэтым разам.

Найперш Франчэска Баньяі, з якім італьянскі калектыў нядаўна працягнуў кантракт да 2024 года, трэба паменей памыляцца. Колькі разоў мы бачылі ў 2021-м, як ён выбываў з барацьбы, лідзіруючы. Хоць пераможны патэнцыял быў і ў яго, і ў яго напарніка Джэка Мілера: аўстраліец падымаўся на вяршыню подыуму ў Херэсе і Ле Мане, італьянец у Арагоне, Мізана, Альгарвэ (на Гран Пры Парцімана) і Валенсіі. Але стабільнасць была моцным бокам не іх, а Фабіа Куартарара, што моцна яму дапамагло.

Так што калі Баньяя і Мілер эфектыўна папрацавалі у міжсезонні над сабой, а ў Ducati над шасі сваіх Desmosedici GP22 (з рухавікамі ў каманды з Борга-Панігале праблем не было ніколі), то «чырвоныя» стануць як мінімум адным з фаварытаў, калі не галоўнымі канкурэнтамі завадской Ямахі і Куартарара.

Хаця кола прэтэндэнтаў на перамогу ў чэмпіянаце можа аказацца і шырэйшым.

Monster Energy Yamaha MotoGP

Другое месца ў камандным заліку ў 2021 годзе (380 ачкоў)

Склад: Фабіа Куартарара (Францыя, стартавы нумар 20), чэмпіён 2021 года (278 ачкоў), Франка Марбідэлі (Італія, стартавы нумар 21), сямнаццатае месца ў 2021 годзе (47 ачкоў)*.

* У складзе Petronas Yamaha SRT (зараз WithU Yamaha RNF MotoGP Team)

Кіраўнік Масіма Мерэгалі

Вось з каго мусяць браць прыклад у Ducati! Калі ў 2020-м завадскі калектыў Ямахі выступіў бледна, а Франка Марбідэлі стаў віцэ-чэмпіёнам у складзе Petronas Yamaha SRT, дзе правёў і мінулы сезон побач з Валянціна Росі, то ў мінулым сезоне субардынацыя была выканана. Шасі YZR-M1 было ўдала дапрацавана, а Фабіа Куартарара дапрацаваў сам сябе, што і дала вынік – чэмпіёнскі тытул Эль Д’ябла.

Яго цяпер ужо мінулы напарнік Маверык Віньялес, з якім каманда са скандалам развіталася пасярэдзіне сезону і які перайшоў у новаствораны завадскі калектыў Aprilia, ачкоў не дабіраў, хоць і пачаў з перамогі ў Катары. Так што завадская Yamaha сярод каманд другая, аднак тытул у асабістым заліку там дакладна наважваюцца абараніць.

Для гэтага ёсць усё. Куартарара дасведчаны і ведае завадскі байк, Марбідэлі таксама здольны перамагаць, і мінулагодні правал не мусіць уводзіць у зман. Паміж сабой француз і італьянец сябруюць, і канкурэнцыя калі і ўзнікне, то будзе здаровай, як і было ў 2020 годзе, калі абодва былі ў Petronas Yamaha SRT. Малаверагодна, што інжынеры каманды перад новым сезонам сапсавалі матацыкл, таму зброю Фабіа і Франка атрымаюць годную.

Галоўныя прэтэндэнты на чэмпіёнства ў сезоне-2022? Так, але шмат будзе залежыць і ад стану канкурэнтаў. А іх можа быць і некалькі.

Team Suzuki Ecstar

Трэцяе месца ў камандным заліку ў 2021 годзе (307 ачкоў)

Склад: Хоан Мір (Іспанія, стартавы нумар 36), трэцяе месца ў 2021 годзе (208 ачкоў), Алекс Рынс (Іспанія, стартавы нумар 42), трынаццатае месца ў 2021 годзе (99 ачкоў).

Кіраўнік Лівіа Супа

Можа быць, Suzuki таксама вернецца на чэмпіёнскія вышыні? Стабільнасць вынікаў Хоана Міра, збалансаванасць матацыклаў GSX-RR і пісьменнае кіраўніцтва Давідэ Брывіа у 2020 годзе дапамаглі іспанцу стаць чэмпіёнам з усяго адзінай перамогай за сезон, а камандзе стаць першай у сваім заліку.

Але ў 2021-м Брывіа сышоў у Формулу 1, у каманду Alpine, каб потым і яе пакінуць, канкурэнты зрабілі крокі наперад, Suzuki прыйшлося ў экстранным парадку праводзіць рэарганізацыю кіруючай іерархіі, і ў выніку «бірузовыя» сталі моцнымі сераднякамі. Яшчэ і ў гоншчыкаў праблемы пачаліся: калі Мір яшчэ ачкі набіраў рэгулярна, то Алекс Рынс, на рахунку якога ў 2020 годзе было нават тры перамогі, пачаў гэтак жа рэгулярна памыляцца.

Удвая цікавей будзе паглядзець, наколькі і ў які бок сітуацыя зменіцца з новым босам – Лівіа Супа. Чалавек гэта дасведчаны: калі ў 2007 годзе Кейсі Стоўнэр выйграў свой тытул у складзе Ducati, кіраваў італьянскай камандай акурат ён. Ды і ў завадской Хондзе ім былі задаволеныя, выйграўшы пяць тытулаў.

Спадчыну яму папярэднікі пакінулі багатую, і цяпер галоўным будзе слушна ёю распарадзіцца. Але нейкіх цудаў ад Suzuki ўжо ў гэтым годзе я б не чакаў. Што, ізноў жа, не азначае, што іх і не будзе. Выбудоўванне працы патрабуе часу, а Супа заступіў на сваю пасаду ўсяго дзевяць дзён таму.

Хутчэй за ўсё, у надыходзячым сезоне Suzuki так і застанецца моцным серадняком, Мір і Рынс будуць дабірацца да подыумаў, магчыма, пару разоў і да іх вяршынь даедуць. Хоць памыліцца і пабачыць іх дужымі і канкурэнтаздольнымі будзе вельмі прыемна.

Pramac Racing

Чацвёртае месца ў камандным заліку ў 2021 годзе (288 ачкоў) 

Склад: Жоан Зарко (Францыя, стартавы нумар 5), пятае месца ў 2021 годзе (173 ачкі), Хорхе Марцін (Іспанія, стартавы нумар 89), дзявятае месца ў 2021 годзе (111 ачкоў).

Кіраўнікі Паўла Кампіноці і Клаўдзіа Калабрэзі

Яшчэ адно адкрыццё мінулага сезону і патэнцыйныя аўтары сенсацый у новым. Не, сам калектыў Pramac даўно вядома, як і Жоан Зарко, які прыйшоў туды ў 2021 годзе разам з Хорхе Марцінам. І вось іспанец здзівіў па-сапраўднаму, прычым не толькі перамогай на Гран Пры Штырыі, хоць і такі поспех для дэбютанта дарагога каштуе.

Прапусціўшы некалькі этапаў праз траўму, на астатніх гоншчык з Маёркі выступаў без правалаў, і напэўна заняў бы месца вышэй за дзявятае, калі б быў у сядле ўвесь сезон. Сведчаннем таму і яго подыумы на Гран Пры Дохі і Аўстрыі. Асноўная ж нагрузка лягла на Жоана Зарко, і француз таксама не падвёў, некалькі разоў падняўшыся на подыум.

І калі ў Ducati Desmosedici GP22 будуць хаця б не горай за мінулагоднюю тэхніку, варта будзе чакаць і новых сенсацый ў выкананні гоншчыкаў Pramac. Матываваць абодвух будзе магчымасць патрапіць у завадскую каманду, калі яна ў пэўны момант вырашыць абнавіць свой склад. Пра працяг кантракту з Мілерам, напрыклад, адтуль чуваць не было, таму ўсё магчымае.

Карацей, працягваем уважліва назіраць за камандай-сатэлітам Ducati – яна дакладна вартая таго.

Repsol Honda Team

Пятае месца ў камандным заліку ў 2021 годзе (250 ачкоў)

Склад: Марк Маркес (Іспанія, стартавы нумар 93), сёмае месца ў 2021 годзе (142 ачкі), Пол Эспаргара (Іспанія, стартавы нумар 44), дванаццатае месца ў 2021 годзе (100 ачкоў).

Кіраўнік Альберта Пуч

Вось каго яшчэ чакаюць на вяршыні. Ну не скараецца так матацыкл RC213V больш нікому, як Марку Маркесу. Ламаны і пераламаны цягам апошніх двух гадоў шасціразовы чэмпіён нават у далёкіх ад ідэальных кандыцыях перамог у мінулым годзе ажно тройчы: на сваім улюблёным Заксэнрынгу, у Осціне і Мізана. Пры гэтым нельга сказаць, што іспанцу проста пашанцавала – ён на тых гонках проста быў хуткім.

Ці будзе хуткім цяпер – пытанне адкрытае. Фінальны ў мінулым сезоне Гран Пры Валенсіі Маркес прапусціў праз траўму галавы, пасля якой у яго пачаліся праблемы са зрокам. Гэта адкрыла пытанне аб працягу кар’еры іспанца ў прынцыпе, але да перадсезонных тэстаў ён усё ж быў дапушчаны. І цяпер наважваецца зраўняцца з Росі.

Чаму б і не?! Калі здароўе дазволіць, Марк у гэтым годзе за тытул пазмагаецца. Прынамсі, вельмі хочацца ў гэта верыць, і не толькі яго фанатам. Думаю, і Куартарара не супраць таго, каб паспаборнічаць з такім моцным канкурэнтам. Не выключана, што і Пол Эспаргара, прывыкнуўшы да завадскога байка, збярэ ў гэтым годзе багацейшы ўраджай ачкоў ці нават пераможа на нейкім Гран Пры.

Так ці інакш, стан завадской Хонды і асабіста Марка Маркеса будзе адной з галоўных інтрыг як мінімум на пачатку сезону. Яго цікавасць у многім вызначаецца менавіта гэтым фактарам.

Red Bull KTM Factory Racing

Шостае месца ў камандным заліку ў 2021 годзе (245 ачкоў)

Склад: Брэд Біндэр (ПАР, стартавы нумар 33), шостае месца ў 2021 годзе (151 ачко), Мігель Алівейра (Партугалія, стартавы нумар 88), чатырнаццатае месца ў 2021 годзе (94 ачкі).

Кіраўнік Піт Байрэр

Развіць поспех 2020 года, калі завадская каманда KTM стала трэцяй, не атрымалася. Але і мінулы сезон быў не такім ужо і дрэнным. Па адным разе перамаглі і Мігель Алівейра, і Брэд Біндэр. У абодвух гэта атрымалася крыху выпадкова, асабіста на ўтрапёным Гран Пры Аўстрыі пашанцавала паўднёваафрыканцу. Якому, трэба адзначыць, болей шанцавала і па ходу сезона ў цэлым.

Што атрымаецца ў надыходзячым сезоне, сказаць цяжка. Год таму я абодвух гоншчыкаў KTM ледзь не ў прэтэндэнты на тытул запісаў. Цяпер ад такіх аптымістычных прагнозаў я, бадай што, устрымаюся. Хутчэй, мае сэнс чакаць барацьбы аўстрыйскага калектыву з Suzuki за месцы бліжэй да подыумаў, а часам і на іх.

Галоўнае, каб гэта дазваляў матацыкл RC16, таму што Біндэр з Алівейрай перамагаць здольныя зусім не эпізадычна. Мігель дык увогуле першыя два сваіх трыумфы адсвяткаваў у камандзе-сатэліце Tech3 KTM Factory Racing. Даць яму з Брэдам канкурэнтаздольную тэхніку неабходна проста па справядлівасці.

А калі ўжо яны яе атрымаюць, то дакладна прыемна здзівяць нас неаднаразова.

LCR Honda

Сёмае месца ў камандным заліку ў 2021 годзе (146 ачкоў)

Склад: Такаакі Накагамі (Японія, стартавы нумар 30), пятнаццатае месца ў 2021 годзе (76 ачкоў), Алекс Маркес (Іспанія, стартавы нумар 73), шаснаццатае месца ў 2021 годзе (70 ачкоў). 

Кіраўнік Лічыа Чэкінэла

Ад сераднякоў ніхто цудаў не чакае, а задачу падрыхтоўкі маладых гоншчыкаў калектыў Лучыа Чэкінэла выконвае (пры гэтым Алекс Маркес у 2020 годзе паспеў пабыць напарнікам свайго старэйшага брата ў завадскім калектыве Honda). Мінулы сезон паказаў, што па-ранейшаму ёсць чаму вучыцца і малодшаму Маркесу, і Такаакі Накагамі.

Хуткасць матацыкла быццам бы і дазваляла бароцца і за подыумы, але фінішаваць у абодвух часцей атрымлівалася ўнізе ачковай зоны. У 2022 годзе ад іспанца і японца напэўна чакаюць большага, і старацца прыйдзецца абодвум гоншчыкам. Зрэшты, камандзе патрэбныя не толькі спартыўныя вынікі, але і спонсарскія грошы.

Тым не менш даказваць свае здольнасці Алекс і Такаакі мусяць і калектывам вышэйшага дывізіёну. Абодва не будуць супраць апынуцца ў завадской Хондзе, адкуль сачыць за імі будуць асабліва ўважліва. Дый у іншых дзверы могуць адчыніцца. Таму з выпускаць райдэраў LCR Honda з віду не будзем і мы. 

Mooney VR46 Racing Team

Восьмае месца ў камандным заліку ў 2021 годзе (143 ачкі)* 

* Пад назвай Sky VR46 Avintia Team/Esponsorama Racing

Склад: Лука Марыні (Італія, стартавы нумар 10), дзевятнаццатае месца ў 2021 годзе (41 ачко), Марка Бецэкі (Італія, стартавы нумар 72), дэбютант.

Кіраўнік Пабла Ніета

Сваю мотагоначную кар’еру Валянціна Росі скончыў, але працягне ганяцца на чатырох колах у серыі GT World Challenge Europe. А яшчэ будзе гадаваць сваю прыгажуню-дачушку Джульету, якая нарадзілася акурат сёння, з чым мы мульцічэмпіёна MotoGP і віншуем! Ну і з роднай дысцыплінай Вале не парваў, але звязаны з ёй цяпер будзе праз сваю ўласную каманду.

Створаная яна на базе калектыву, раней вядомага пад дзвюма назвамі – Sky VR46 Avintia Team і Esponsorama Racing. Адпаведна, тэхніка засталася той жа, што і была – гэта Ducati Desmosedici, толькі без удакладнення, у якой спецыфікацыі. Што, насамрэч, не так і важна, таму што ў Mooney VR46 Racing Team будуць рыхтаваць маладыя таленты.

Лука Марыні працягне тут набірацца досведу, а яго напарнікам стане адзін з дэбютантаў Марка Бецэкі. Зразумела, ні ад каго з іх не будуць патрабаваць цудаў, хоць стрэліць у нестандартных умовах можа атрымацца ў кожнага з іх. Як мінімум набіраць ачкі мажліва і тут, што Марыні ў мінулым годзе даказаў на ўласным прыкладзе.

Aprilia Racing і Gresini Racing MotoGP

Дзявятае месца ў камандным заліку ў 2021 годзе (135 ачкоў)* 

* Аб’яднаная каманда Aprilia Racing Team Gresini

Склад Aprilia Racing: Маверык Віньялес (Іспанія, стартавы нумар 12), дзясятае месца ў 2021 годзе (106 ачкоў)**, Алеш Эспаргара (Іспанія, стартавы нумар 41), восьмае месца ў 2021 годзе (120 ачкоў).

** У складзе Monster Energy Yamaha MotoGP і Aprilia Racing Team Gresini

Кіраўнік Масіма Рывола

Склад Gresini Racing MotoGP: Энэа Басціаніні (Італія, стартавы нумар 23), адзінаццатае месца ў 2021 годзе (102 ачкі)***, Фабіа дзі Джанантоніа (Італія, стартавы нумар 49), дэбютант.

*** У складзе Sky VR46 Avintia Team/Esponsorama Racing

Кіраўнік Надзя Падавані

Каманды некалькі сезонаў выступалі як адзіная, а цяпер раздзяліліся на завадскую Апрылію і прыватную Gresini Racing. Аднак тут я іх аб’яднаў, бо інакш было б незразумела, якую ставіць вышэй. Будзем разбірацца па парадку.

Aprilia Racing прадстаўляе большую цікавасць, бо гэта цяпер сапраўдная і паўнавартасная завадская каманда. Адпаведна, чакаеш ад яе апрыёры больш. Тым больш што і гоншчыкі ў яе зусім не апошнія. Маверык Віньялес у мінулым годзе хоць і расстаўся з завадской Ямахай са скандалам (іспанец спрабаваў вывесці з ладу рухавік матацыкла на Гран Пры Штырыі), але праводзіў яркія гонкі і ў яе складзе. Алеш Эспаргара, старэйшы брат Пола Эспаргара, у мінулым годзе на не самай дасканалай тэхніцы заехаў на подыум на Сільверстоўне.

Наўрад ці адразу хтосьці з іспанцаў паб’ецца за чэмпіянат. А вось подыумы ў выкананні кожнага з іх лічу магчымымі. Як мінімум ачкі павінны рэгулярна збіраць абодва. Не выключаю, аднак, і варыянт, што інжынеры Aprilia з першай спробы пабудавалі хуткі матацыкл.

У Gresini Racing самі байкі не рыхтуюць, а будуць карыстацца прадукцыяй Ducati – мінулагоднімі Desmosedici GP21. Не самыя дрэнныя матацыклы, трэба адзначыць. На такім Басціаніні будзе прасцей дабірацца да подыумаў, а ў 2021-м ён сенсацыйна зрабіў гэта двойчы – на Гран Пры Сан-Марына ў Рыміні і Эмільі-Раманьі ў Мізана. Павышаюцца шанцы паказаць сябе з лепшага боку і ў дэбютанта Фабіа дзі Джанантоніа.

Карацей, была адна нядрэнная каманда, а стала дзве патэнцыйна нават вельмі нядрэнных. Час пакажа, што будзе, але на вынікі вышэй за сярэднія мы ад гоншчыкаў кожнай разлічваць у праве.

WithU Yamaha RNF MotoGP Team

Дзясятае месца ў камандным заліку ў 2021 годзе (96 ачкоў)*

* Пад назвай Petronas Yamaha SRT

Склад: Андрэа Давіцыоза (Італія, стартавы нумар 4), дваццаць чацвёртае месца ў 2021 годзе (12 ачкоў), Дарын Біндэр (ПАР, стартавы нумар 40), дэбютант.

Кіраўнік Разлан Разалі

Пасля амаль што трыумфу ў 2020 годзе, каманда праваліла сезон-2021. Трэцяе месца Франка Марбідэлі на Гран Пры Іспаніі ў Херэсе так і засталося адзінай яркай плямай на агульным шэрым фоне. Не дадае аптымізму і расставанне з тытульным спонсарам – кампаніяй Petronas.

Як пойдуць справы ў новым сезоне, пакуль што сказаць цяжка. Yamaha YZR-M1 калектыў Разлана Разальі будзе атрымліваць яўна не ў найновай спецыфікацыі. Затое былы завадскі гоншчык Ducati Андрэа Давіцыоза, якога ўсе сваталі ў завадскую ж Апрылію, атрымаў-такі працоўнае месца. Верагодна, часовае, бо італьянец справядліва заслугоўвае большага.

У WithU Yamaha RNF MotoGP Team зоркі з неба Дові зрываць дакладна не будзе, але зарабляць ачкі мусіць рэгулярна. Што ўжо будзе нядрэнна і дапаможа быць заўважным для патэнцыйных працадаўцаў у камандах вышэйшага ўзроўню. У дэбютанта Дарына Біндэра, малодшага брата Брэда Біндэра, задача значна прасцей: набірацца досведу. Хоць і ён пры добрым раскладзе можа даць прычыну прыглядзецца да яго ўважлівей.

Так ці інакш, паўтарэння цуду-2020 гэтым разам дакладна чакаць не варта. Хоць не выключана, што каманда будзе прагрэсіраваць цягам сезону. 

Tech3 KTM Factory Racing

Адзінаццатае месца ў камандным заліку ў 2021 годзе (76 ачкоў)

Склад: Рауль Фернандэс (Іспанія, стартавы нумар 25), дэбютант, Рэмі Гарднэр (Аўстралія, стартавы нумар 87), дэбютант.

Кіраўнік: Эрвэ Поншараль

Яшчэ адзін прыклад каманды, якая моцна здала пазіцыі ў параўнанні з папярэднім сезонам. Нагадаю, у 2020 годзе калектыў Эрвэ Поншараля заняў сёмае месца. Здавалася, што атрымаецца развіць поспех у новым сезоне з абноўленым складам гоншчыкаў.

Толькі атрымалася так, што ні Ікеру Лекуоне, ні Даніла Петручы ўвесь год не ехалася. Нейкія ачкі яны зарабілі, але ў асабістым заліку апынуліся на дваццатым і дваццаць першым месцах адпаведна. Вынікі Петрукса былі абумоўленыя аб’ектыўным фактарам – яго высокім ростам, праз які яму было проста няўтульна на кампактных матацыклах MotoGP.

Так што ў новы сезон Tech3 KTM Factory Racing уваходзіць з двума новымі гоншчыкамі. Абодва дэбютанты, абодва добра зарэкамендавалі сябе ў катэгорыі Moto2. Аўстраліец Рэмі Гарднэр дык у ёй увогуле выйграў у мінулым годзе тытул.

Гэты сезон у любым выпадку стане і для яго, і для Рауля Фернандэса прыстрэлачным. Але ад кожнага можна чакаць рэгулярнага набору ачкоў. Хаця Мігель Алівейра яшчэ ў 2020-м даказаў, што на матацыклах каманды-сэталіту KTM магчыма і выйграваць гонкі.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
+20
Написать комментарий