Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Тэрарыстычная пагроза, жудасная аварыя Шумахера і другі раунд дуэлі Леклера і Ферстапена на Гран Пры Саудаўскай Аравіі

Тэрарыстычная пагроза, жудасная аварыя Шумахера і другі раунд дуэлі Леклера і Ферстапена на Гран Пры Саудаўскай Аравіі

Чаго толькі на другім этапе новага сезону Формулы 1 у Джыдзе не было! З таго ж, што было, галоўнае – гэта цікавая гонка і абвастрэнне барацьбы за чэмпіёнскую карону. Хіба што склад удзельнікаў у параўнанні з мінулым годам змяніўся.

29 марта 2022, 01:31
2
Тэрарыстычная пагроза, жудасная аварыя Шумахера і другі раунд дуэлі Леклера і Ферстапена на Гран Пры Саудаўскай Аравіі

Чаго толькі на другім этапе новага сезону Формулы 1 у Джыдзе не было! З таго ж, што было, галоўнае – гэта цікавая гонка і абвастрэнне барацьбы за чэмпіёнскую карону. Хіба што склад удзельнікаў у параўнанні з мінулым годам змяніўся.

Што не змянілася з апошняй публікацыі ў гэтым блогу ў пятніцу, дык гэта становішча ва Украіне. Нашы дарагія сябры і суседзі ўжо другі месяц цяжка пакутуюць ад расійскай агрэсіі. У невыносна цяжкім становішчы апынуліся жыхары і абаронцы Марыупаля, які амаль знішчаны, як і Харкаў. Моцна пацярпелі Чарнігаў, Сумы, Херсон. Дастаецца Львову.

Але ўкраінцы даюць годны адпор акупантам і не дазваляюць зрабіць сябе рабамі, як марыў расійскі дыктатар. І калгасны, які зрабіў нашу Беларусь саўдзельніцай злачынства, цяжка ёй здрадзіўшы. Абодва, па ўсяму відаць, рыхтаваліся да нападу на Украіну даўно, абодва і панясуць заслужанае пакаранне. Тыя зверствы, што яны на пару робяць з 24 лютага, дараваць нельга.

У такі трагічны час прыемна думаць, што частка беларусаў абараняе Украіну разам з украінцамі на іх зямлі, частка перашкаджае дыктатарам рабіць злачынствы, знаходзячыся ў Беларусі, частка дапамагае ўкраінцам, якія знайшлі прытулак у Польшчы і іншых суседніх краінах. Гэта дае надзею, што ў будучыні раны, якія былі нанесеныя Украіне з беларускай зямлі, загояцца хутчэй.

А што яны загояцца, сумнявацца не даводзіцца. Украіна ўжо перамагла. Яна абароніць сваю свабоду, адбудуецца і будзе моцнай, прыгожай і незалежнай. Яе вольны народ, які аб’яднаўся перад агульнай пагрозай і паспяхова абломвае агрэсару рогі і іклы, скарыць немагчыма, асабліва арміі рабоў. Перакананы, што вызваліўшы сваю зямлю, украінцы вызваляць і нашу. Слава Україні! Героям Слава! Жыве Беларусь!

Ракетныя абстрэлы з выбухамі на мінулым тыдні мелі месца і далёка ад Украіны. Нафтасховішча Aramco, дзяржаўнай кампаніі Саудаўскай Аравіі, знаходзіцца недалёка ад гарадской трасы ў Джыдзе, на якой і праходзіў другі этап новага сезону Формулы 1. І яно ў пятніцу было абстралянае еменскімі хусітамі, якія спрабуюць падпарадкаваць сабе рэгіён.

На шчасце, наступствам удару быў толькі пажар на нафтасховішчы, з людзей жа ніхто не пацярпеў. Але правядзенне Гран Пры было пастаўленае пад пытанне. Увесь вечар пятніцы яго арганізатары разам з кіраўніцтвам Формулы 1 і яе каманд, а таксама з гоншчыкамі, частка якіх, справядліва баючыся за ўласнае жыццё, заклікала ад адмены гонкі, шукалі рашэнне.

Гэта была класічная сітуацыя з разраду караць нельга памілаваць. Або правесці нельга адмяніць. У выніку ж пілоты і кіраўнікі каманд атрымалі нейкія гарантыі бяспекі, і этап працягнуўся. Але далейшая будучыня Вялікага прызу Саудаўскай Аравіі таксама пад пытаннем. Гонкі – справа небяспечная сама па сабе, а тут цябе яшчэ і тэрарысты могуць забіць. Нажаль, грошы ў Формуле 1 пакуль што вырашаюць зашмат, і гатовыя атрымліваць штогод па 65 мільёнаў долараў ад уладаў Саудаўскай Аравіі, негледзячы ні на што.

Крытыцы падвяргаецца і сама траса. Яна вельмі хуткасная для гарадской, а баліды, пабудаваныя па новым тэхнічнымі рэгламенце, сталі яшчэ і меней стабільнымі на высокіх хуткасцях. І вось у кваліфікацыі ў цяжкую аварыю патрапіў Мік Шумахер. Пілот Haas проста няўдала наехаў на парэбрык у хуткасным дзясятым павароце, у выніку чаго яго машыну развярнула, адкінула спачатку ў левы бетонны адбойнік, а потым у правы.

Машына літаральна развалілася на часткі, а самога сына Міхаэля нават даставілі верталётам у бальніцу. Ізноў жа на шчасце, ніякіх траўм юны немец не атрымаў. Арганізатары Формулы 1 яшчэ адзначылі, што новыя баліды сталі значна больш трывалымі, бо канструктараў многаму навучыла аварыя Рамэна Гражана на Гран Пры Бахрэйна 2020 года.

На старт гонкі Мік у выніку не выйшаў, бо аператыўны рамонт яго машыны быў немагчымы. Шкада, бо вельмі хацелася б паглядзець на яго на канкурэнтаздольнай тэхніцы ізноў, а яе канкурэнтаздольнасць яшчэ раз пацвердзіў яго новы і нечаканы напарнік Кэвін Магнусэн, які кваліфікаваўся дзясятым, а ў гонцы заняў дзявятае месца, апярэдзіўшы самога…

Калі б вам год таму, ды нават у лістападзе яшчэ, калі Льюіс Хэмілтан перамог на самым першым у гісторыі Гран Пры Саудаўскай Аравіі, сказалі, што ў наступны раз ён нават не выйдзе з першага сегмента кваліфікацыі, ці паверылі б вы? А вось менавіта гэта з ім упершыню з Гран Пры Бразіліі 2017 года і адбылося. Толькі тады сяміразовы (на той момант яшчэ чатырохразовы) чэмпіён патрапіў у аварыю, а ў гэты яму проста не хапіла хуткасці.

Вось хто здзівіў па-сапраўднаму. Быццам бы і рэгламент змяніўся не тое, каб кардынальна, але васьміразовыя ўладальнікі Кубку канструктараў ініцыятыву саступілі. Шасі W13 моцна пакутуе ад так званага «казлення» або «дэльфінавання» – з’явы, вядомай яшчэ з 80-х гадоў, калі ў Формуле 1 быў дазволены граунд-эфект, які вярнуўся і ў гэтым годзе.

Паколькі значная частка прыціскной сілы цяпер ствараецца не антыкрыламі, а днішчам і заднім дыфузарам, нават нязначныя змены дарожнага прасвету (напрыклад, калі машына вагаецца на няроўнасцях) прыводзяць да нестабільнасці і вертыкальных хістанняў на высокіх хуткасцях.

На перадсезонных тэстах у Барселоне і Бахрэйне з гэтай праблемай сутыкнуліся многія, але да першых гонак амаль усе неяк з ёй разабраліся. А вось Mercedes тут апынуўся сярод тых, хто адстае. Што горай, новы матор у немцаў таксама атрымаўся невыбітным, па магутнасці ён саступае, здаецца, нават Alpine, не кажучы ўжо пра Red Bull (чытай, Honda) і Ferrari. І гэта, калі яно так, ёсць зусім дрэннай навіной, бо рэгламент на сілавыя ўстаноўкі замарожаны да самага 2025 года.

Карацей, як мінімум на першых этапах новага сезону шмат чаго ад Mercedes чакаць не прыходзіцца. Пры гэтым новае шасі яшчэ і наладзіць цяжка. На кваліфікацыі Гран Пры Саудаўскай Аравіі налады на машынах Хэмілтана і Джорджа Расэла адрозніваліся нязначна, але старэйшы брытанец паказаў шаснаццаты вынік (стартаваў, праўда, чатырнаццатым праз сход Шумахера і японскага пілота AlphaTauri Юкі Цуноды, на чыім балідзе перад самым стартам адмовіў рухавік), а маладзейшы прабіўся ў фінал і заняў шостую пазіцыю на старце.

За поўл жа спрачаліся зноў, як і тыднем раней у Бахрэйне, прадстаўнікі Red Bull і Ferrari. Здаецца, менавіта іх барацьбу мы ў гэтым годзе ў асноўным назіраць і будзем, што зусім нядрэнна, зрэшты. Тым больш што патэнцыял свой выразна абазначылі абодва гоншчыкі ў кожнай з каманд. Так, у кваліфікацыі ў Джыдзе перамог Серхіа Перэс, які праехаў найхутчэйшы круг за 1:28,200, што меней чым на секунду павольней за мінулагодні вынік Хэмілтана (1:27,511).

Ферстапену гэтым разам не пашанцавала, ён у вырашальнай спробе не прымусіў гуму працаваць так, як трэба, і кваліфікаваўся толькі чацвёртым, прапусціўшы наперад абодвух прадстаўнікоў Ferrari. Непасродна перад ім размясціўся Карлас Сайнс, а Шарль Леклер апынуўся на першым шэрагу, побач з Перэсам.

Натуральна, галоўным пытаннем было, ці канвертуе мексіканец свой першы поўл, здабыты ажно ў дзвесце пятнаццатым Гран Пры, у трэцюю ў яго кар’еры перамогу. Патэнцыял для гэтага быў, і на старце Чэка захаваў першую пазіцыю і неўзабаве адарваўся ад Леклера дастаткова, каб той не мог атакаваць пры дапамозе DRS.

Толькі на шаснаццатым кругу пелатон узначаліў аўтамабіль бяспекі, бо свой балід аб бетонную агароджу разбіў пілот Williams Нікалас Лаціфі. Перэс незадоўга да гэтага на тым жа кругу паспеў пераабуцца з Medium у Soft, але непасродна пасля аварыі Лаціфі дырэкцыя гонкі на кароткі час абмежавалася віртуальным аўтамабілем бяспекі.

У выніку Леклер, які перахапіў лідарства і быў блізка ад заезду на піт-лэйн, атрымаў перавагу – Серхіа дагнаць яго не мог. І манэгаск правёў практычна бясплатны піт-стоп, лідарам вярнуўшыся на трасу. А Перэс, выязджаючы с піт-лэйна разам з Сайнсам, яшчэ і абагнаў іспанца, і на рэстарце вымушаны быў вярнуць яму пазіцыю.

Але гэта быў зусім не канец казачцы, бо на другую пазіцыю выйшаў Ферстапен. Першыя кругі пасля рэстарту на дваццатым ён не тое каб моцна набліжаўся да Леклера. То адзін, то другі паказвалі лепшыя кругі, да рэальных атак справа спачатку не даходзіла. Максу, відаць, дапамог яшчэ адзін віртуальны аўтамабіль бяспекі ў канцы трыццаць сёмага круга. На ім сышлі з дыстанцыі адразу тры гоншчыкі: Валтары Ботас, які праводзіў яшчэ адну моцную гонку ў складзе Alfa Romeo і ішоў на ачкі, Фернанда Алонса і Даніэль Рыкарда.

Прычым калі фін аформіў сход у боксах, то сілавыя ўстаноўкі ў іспанца і аўстралійца выйшлі з ладу на трасе, і спыніліся абодва амаль што на ўездзе на піт-лэйн, праз што апошні нават на некаторы час закрылі. Што было цікава, бо Хэмілтан так шпарыў на камплекце Hard, на якім і стартаваў, ды яшчэ і ўжываным днём раней. Таму рызыкоўная стратэгія не спрацавала, і пасля таго, як брытанец боксы наведаў, на трасу ён вярнуўся дванаццатым, а фінішаваў дзясятым, акурат за спінай у Магнусэна.

Ну а Ферстапен пасля рэстарту на сорак першым кругу разагнаўся і моцна наблізіўся да Леклера. І вось тут на апошніх кругах паміж імі пайшла сапраўдная барацьба, якая ўпрыгожыла ўсю гонку. Хаця варта адзначыць, што не меней прыгожа ў яе пачатку Алонса біўся са сваім напарнікам па Alpine Эстэбанам Аконам.

Але тое была барацьба за пазіцыі ў другой палове першай дзясятцы, а тут вырашаўся лёс першага месца. На сорак другім кругу Леклер наўмысна прапусціў Ферстапена наперад, каб атрымаць права карыстання DRS, і з яе дапамогай паспяхова контратакаваў на галоўнай прамой. Макс не здаўся і працягнуў насядаць, але крыху перагрэў тармазы і на кароткі час адступіў.

Вырашальную ж і паспяховую атаку нідэрландзец правёў на сорак сёмым кругу. Шарлю ўдалася ўтрымацца блізка ад яго, але хуткасці для аператыўнай контратакі не хапала, а на перадапошнім сорак дзявятым кругу Алекс Албан яшчэ і пазбавіў яго DRS на галоўнай прамой, бо спыніўся ў першым павароце ў выніку праколу пасля кантакту з пілотам Aston Martin Лэнсам Стролам.

Тым не менш барацьба за перамогу ўсё роўна выйшла прыгожай і напружанай. І, што, можа, нават галоўнае, карэктнай і паважлівай. Так, Ферстапен звяртаў увагу на некаторыя агрэхі Шарля, але пасля фінішу яны паводзілі сябе вельмі па-джэнтльмэнску. І наўрад ці пілот Ferrari быў моцна расстроены другім месцам, як і Сайнс сваім трэцім.

Перэс фінішаваў чацвёртым, Расэл ізноў пятым, з другой спробы перайграўшы свайго тытулаванага напарніка. Акон заняў шостае месца, а сёмае дасталася Норысу, які зарабіў першыя ў сезоне ачкі для сябе і для McLaren. Як мінімум часткова брытанскі калектыў свае праблемы вырашыў. Восьмым фінішаваў П’ер Гаслі з AlphaTauri.

У чэмпіянаце Леклер захаваў упэўненае лідарства і мае 45 ачкоў, бо ізноў зарабіў бонуснае за лепшы круг. Сайнс застаўся другім, у яго 33 балы. Перамога Ферстапена, у якога цяпер, адпаведна, 25 ачкоў, разам узняла яго на трэцюю пазіцыю. Гэтак жа і Red Bull узняўся на трэцюю ў Кубку канструктараў, дзе ў яго 37 балаў, усяго на адзін меней, чым у Mercedes, які пакуль што захаваў другую пазіцыю. Ну а лідзіруе з саліднай перавагай Ferrari, у якой 78 ачкоў.

Пасля Саудаўскай Аравіі Формула 1 бярэ двухтыднёвы адпачынак. Працягне свой сезон яна 8-10 красавіка ў аўстралійскім Мельбурне, які звычайна адкрываў каляндар. Траса Альберт Парк якраз перажыла моцнае абнаўленне, змянілася і яе канфігурацыя, таму назіраць за гонкай там праз два тыдні будзе ўдвая цікавей.

Другие посты блога

Все посты