Што мы рабілі б без спрынту, ці страцілі ініцыятыву ў Ferrari і іншыя пытанні пасля Гран Пры Эміліі-Раманьі

Фота: formula1.com

Першы ў новым сезоне еўрапейскі этап Формулы 1 стаў і першым са спрынтам. Збольшага дзякуючы яму ў Імале былі цікавымі і падзеі на трасе. Хаця паварот, які чэмпіянат свету прыняў на Аўтадроме імя Энца і Дзіна Ферары, цікавы сам па сабе.

Гэты артыкул прысвячаецца дзяўчынцы Кіры, якая ў мінулую суботу напярэдадні Вялікадня загінула ў Адэсе разам з матуляй і бабуляй ад ракеты, якую рускія акупанты запусцілі са свайго карабля. Жах вайны ва Украіне працягваецца ўжо трэці месяц. Трэці месяц украінцы ўсіх узростаў пакутуюць і гінуць. Трэці месяц руская фашысцкая армія чыніць свае злачынствы.

І трэці ж месяц украінскі народ супрацьстаіць агрэсіі. Другое пасля рабавання і гвалтавання, што, як выявілася, умее руская армія, гэта тупая і бессэнсоўная смерць немаведама за што. Рабы паспрабавалі вызваліць і так свабодных людзей і прыпёрліся да іх са зброяй. Толькі ў іх не аказалася самай галоўнай і моцнай зброі, якая ёсць у ўкраінцаў – чалавечай годнасці і сапраўднай любові да радзімы і свайго народа.

Менавіта гэта дапамагае ўкраінцам найбольш, хоць і дапамогу з боку ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Польшчы і іншых краін немагчыма пераацаніць. Прыемна, што дапамагаюць украінцам і беларусы, якія і ваююць побач з імі, якія дапамагаюць бежанцам у Еўропе і якія, па інфармацыі The Washington Post, сарвалі наступ ворага на Кіеў дыверсіямі на беларускай чыгунцы.

Вораг у нас адзіны, і ён будзе знішчаны, а свабода прыйдзе і да нас таксама. А забойцы дзяўчынкі Кіры хай разам са сваім караблём накіроўваюцца ўслед за тым, які туды ўжо пайшоў. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Формула 1, дарэчы, Украіну падтрымлівае, як у цэлым, так і яе асобныя пілоты, як Себасцьян Фетэль, напрыклад. Ён учора нарэшце зарабіў свае першыя ў сезоне ачкі, што важна, але на адзінае гэта важна. Галоўнае ж тое, што адназначнага лідара, як магло падацца пасля перамогі ў дамінуючым стылі гоншчыка Ferrari Шарля Леклера ў Аўстраліі, на самой справе няма.

Балід F1-75 нават у Red Bull хвалілі за універсальнасць, якая дазваляе яму быць хуткім на любых шынах. Не ведаю, ці мадэлявалі інжынеры ў Маранэла падчас яго распрацоўкі дажджавыя ўмовы, але з імі рана ці позна яны мелі сутыкнуцца. І сутыкнуліся на першым жа хатнім этапе! Спачатку здавалася, зрэшты, што ўсё нядрэнна, і ў пятніцу па выніках першай сесіі свабодных заездаў, якая прайшла на мокрай трасе, той жа Леклер аказаўся мацнейшым.

Але асаблівасць уік-эндаў са спрынтамі ў тым, што ў пятніцу ж адбываецца і кваліфікацыя. Менавіта яна цяпер кваліфікацыяй і лічыцца, і афіцыйны поўл заваёўваецца ў ёй, а не ў спрынце. Які таксама дапрацаваны – ачкі цяпер там атрымлівае не першая тройка, а першая васьмёрка. Пераможцу дастаецца восем балаў, таму, хто заняў восьмае месца, адзін. Засталося цяпер толькі зразумець, навошта пілотам і камандам суботняя сесія свабодных заездаў, у якой мяняць налады балідаў перад тым самым спрынтам забараняецца.

Дык а што ж было ў кваліфікацыі ў Імале? Ох, прасцей пералічыць, чаго там не было! Чырвонымі сцягамі яна перарывалася пяць разоў. Адным з вінаватых у іх у другім сегменце стаў напарнік Леклера Карлас Сайнс, з якім каманда напярэдадні працягнула кантракт да 2024 года. Ён у васямнаццатым павароце вылецеў з трасы і пашкодзіў сваю машыну ў самы нязручны момант, калі многія яшчэ не паспелі праехаць хоць колькі-небудзь хуткія кругі. А потым гэтага рабіць і сэнсу не было, бо траса намокла яшчэ больш.

Сярод тых, каму не пашанцавала, былі абодва гоншчыкі Mercedes. Упершыню з Гран Пры Японіі 2012 года яны поўным складам не прайшлі ў фінал кваліфікацыі. Скажаце, не дзіўна, улічваючы ўсе цяперашнія праблемы Срэбраных Стрэлаў? Але ж вы памятаеце, што Джордж Расэл-та ў Мельбурне да подыуму даехаў. Вось і ў Імале малады брытанец выглядаў па-сапраўднаму хуткім, і яму натуральна не пашанцавала, і сябе вінаваціць яму няма ў чым.

Сайнс, дарэчы, на момант свайго вылету знаходзіўся на другой пазіцыі, і ён у фінал кваліфікацыі патрапіў. Удзелу ў ім іспанец, праўда, ужо не ўзяў, і стартаваў у спрынце дзясятым. Затое ў трэцім сегменце ўдзельнічаў Валтары Ботас, які праз механічныя праблемы спыніўся на трасе на апошніх хвілінах, выклікаўшы пятыя чырвоныя сцягі, якімі кваліфікацыя і завяршылася.

Фаварыты чэмпіянату – згаданы ўжо Леклер і дзейсны чэмпіён Макс Ферстапен – у фінал прайшлі без праблем. І там нідэрландзец быў ужо хутчэйшым за манэгаска, дзякуючы чаму і заваяваў чатырнаццаты ў сваёй кар’еры поўл. Нельга пры гэтым было сказаць, што Шарль саступаў яму заўважна. Ён размясціўся на першым шэрагу з Максам, і было зразумела, што гэтыя двое і будуць спрачацца за перамогу ў спрынце.

Так яно і было. На старце пілот Ferrari абагнаў канкурэнта з Red Bull і, здавалася, захапіў упэўненае лідарства. Толькі пад фініш мяккія шыны на балідзе Шарля (такія ж, зрэшты, былі і ў амаль усіх астатніх, у тым ліку ў Макса) пачалі гранулявацца, і на перадапошнім дваццатым кругу Ферстапен абагнаў Леклера, вярнуў сабе першую пазіцыю і паклаў у сваю скарбонку восем ачкоў за перамогу. Лідар чэмпіянату задаволіўся другім месцам і наважваўся адыграцца ў нядзелю.

Толькі ў нядзелю быў гатовы забяспечыць Максу тыл яго напарнік па камандзе Серхіа Перэс. Ён стартаваў толькі сёмым, але за дваццаць кругоў прарваўся на трэцяе месца, якое і заняў па выніках спрынту. Яшчэ круг, і Чэка апярэдзіў бы і Леклера, але наперадзе якраз была гонка. Канечне, яго самога мог абагнаць той жа Сайнс. Карлас гераічна прарваўся на чацвёртае месца, але…

Пілот McLaren Ланда Норыс у спрынце стартаваў трэцім, а фінішаваў пятым, а яго напарнік Даніэль Рыкарда і стартаваў, і фінішаваў шостым. І ў нядзелю аўстраліец пачынаў гонку акурат за спінай у Сайнса. Вось з ім ён і не падзяліў трасу ў звязцы Tamburello, падтараніўшы яго ззаду і адправіўшы ў гравій, дзе Карлас і захрас. Дэн там апынуўся таксама, але здолеў адтуль выбрацца і гонку працягнуў, хоць і фінішаваў васямнаццатым і апошнім.

Таму Леклер застаўся адзін. З абгонамі на Аўтадроме імя Энца і Дзіна Ферары заўсёды было цяжка, тут болей вырашае стратэгія. Не, абгоны магчымыя, і яны ў нядзелю былі. Толькі для іх табе спачатку трэба быць хаця б хутчэй за канкурэнта. А Шарль не мог угнацца за… Не, не за Максам. Яшчэ на старце ён прапусціў Перэса і Норыса, а пазней абагнаў толькі брытанца. Ну, потым на піт-стопе выйшаў быў наперад адносна і мексіканца, але на трасе той хутка аднавіў статус-кво.

У Ferrari на пяцідзясятым кругу рызыкнулі, перавёўшы Леклера на Soft. Амаль адразу на мяккія шыны, зрэшты, перайшлі і абодва пілоты Red Bull, каб не даць канкурэнтам перахапіць лепшы круг. Затое Шарль наблізіўся да Перэса, але на пяцьдзесят трэцім кругу памыліўся на парэбрыку і вылецеў з трасы. Хуткасць, на яго шчасце, была малой, і хоць да бар’еру са старых шын манэгаск даляцеў, але машыну не пашкодзіў.

Гонку, праўда, усё роўна сапсаваў, таму што прыйшлося яшчэ раз заязджаць на піт-стоп для замены шын, якія таксама сапсаваліся. Праз гэта Шарль адкаціўся на дзявятае месца, але потым абагнаў некалькіх супернікаў і фінішаваў шостым. Ачкоў, канечне, не дабраў, але магло быць і горш.

Ну а Ферстапен.. Ён, зразумела, захаваў лідарства на старце. Пасля рэстарту, што быў дадзены пасля аўтамабіля бяспекі, які выехаў на трасу пасля інцыдэнту Сайнса і Рыкарда, хутка ад’ехаў на бяспечную адлегласць ад пераследнікаў, галоўным з якіх быў Перэс, які, натуральна, атакаваць і не думаў, кантраляваў увесь час адрыў, пралідзіраваў ад старту да фінішу, паказаў лепшы круг, перамог і сам прымерыў Вялікі шлем.

Трэцяе месца заняў Ланда Норыс, але здзівіў не ён – у яго здольнасцях мы ніколі і так не сумняваліся, ды і ў McLaren раней ці пазней са сваімі праблемамі, што ўзнікалі на першых этапах, разабраліся б. А здзівіў Джордж Расэл! Глава Mercedes Тота Вольф пасля фінішу па радыё падтрымаў Льюіса Хэмілтана, які фінішаваў трынаццатым. Маўляў, машына была некіраваная. Толькі на такой жа некіраванай машыне Расэл прыехаў з адзінаццатага месца на чацвёртае. Вось табе і праблемны W13!

Таму васьміразовыя і дзейсныя ўладальнікі Кубку канструктараў сябе ў гэтым годзе яшчэ пакажуць. Толькі высілкамі не сяміразовага чэмпіёна, а яго новага напарніка. Які на апошніх кругах выстаяў пад уціскам з боку папярэдняга напарніка Льюіса – Валтары Ботас фінішаваў пятым, таксама правёўшы выдатную гонку.

Выдатна праехалі і японскі гоншчык AlphaTauri Юкі Цунода, які стартаваў дванаццатым, а фінішаваў сёмым, і згаданы ў пачатку Фетэль, які фінішаваў следам, стартаваўшы пры гэтым трынаццатым, і яго напарнік па Aston Martin Лэнс Строл, які замкнуў першую дзясятку, і пілот Haas Кэвін Магнусэн, які ўсунуўся паміж імі, зноў набраўшы ачкі. Іх цяпер, дарэчы, маюць усе дзесяць каманд-удзельніц чэмпіянату.

Лідзіруе па-ранейшаму Ferrari, у якой 124 ачкі, але Red Bull, узняўшыся на другую пазіцыю, адстае цяпер толькі на адзінаццаць балаў. Mercedes апусціўся на трэці радок, у яго 77 ачкоў. Сярод гоншчыкаў Леклер лідарства захаваў таксама, і мае цяпер 86 ачкоў. Але Ферстапен у сваю чаргу моцна наблізіўся да яго – у Макса 59 балаў і ён у чэмпіянаце цяпер другі. Перэс на пяць ачкоў ад яго адстае, замыкаючы цяпер першую тройку.

Так што чым скончыцца цяперашні сезон Формулы 1, не ведае ніхто. Ініцыятыва пастаянна мяняе ўладальніка, і залежыць гэта ад мноства фактараў. У іх лік можа ўваходзіць і фактар новай і невядомай нікому трасы, і менавіта ён будзе граць ці не найважнейшую ролю на наступным этапе – першым у гісторыі Гран Пры Маямі, які пройдзе праз два тыдні. Пабачым, якія сюрпрызы прынясе першая ў сезоне амерыканская гонка.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
+19
Написать комментарий