За трэцяе як за першае. На Гран Пры Іспаніі перамог Франчэска Баньяя, але не гэта было самым цікавым

Фота: motogp.com

Італьянец з завадской каманды Ducati здолеў нарэшце дацягнуцца да сваёй першай у гэтым сезоне MotoGP перамогі. Гэта навіна была б сенсацыяй, калі б за яго спінай не зладзілі шоў яго напарнік Джэк Мілер разам з Алешам Эспаргара і Маркам Маркесам.

Не мотагонкамі, вядома, найперш заняты ўвесь свет ужо трэці месяц. Фашысцкая навала забівае мірных і ні ў чым не вінаватых украінцаў, руйнуе іх гарады і разбурае іх жыццё. На ўкраінскую зямлю прыйшло сапраўднае зло, якое нават адзначыла сябе новай свастыкай. Рэчаіснасцю для Украіны апынулася тое, што яшчэ зусім нядаўна не прыходзіла нават у начныя кашмары.

Толькі мужнасць і нязломнасць украінцаў спыніла агрэсара, які разявіў сваю пашчу на ўсе землі вакол. Іх натхняе зусім не прэзідэнт, хаця ў крытычны момант ён стаў сапраўдным лідарам нацыі, а простая павага да сябе і сапраўдная любоў да сваёй радзімы – усё тое, што невядомае ворагу, які ўмее толькі падпарадкоўвацца загадам.

Таму Украіне абавязкова трэба дапамагаць усім, чым магчыма. На шчасце, свет гэта разумее, і праграма лэнд-лізу развіваецца. На баку агрэсара засталіся толькі нешматлікія прадажныя еўрапейскія палітыкі, якіх, я спадзяюся, на наступных выбарах пагоняць паганымі венікамі выбаршчыкі. Украінцы ж прагоняць ворага за сваёй зямлі, каб адбудаваць усё разбуранае. Выканаць абедзве задачы ім дапамогуць і беларусы, якія зараз змагаюцца і за нашу свабоду. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Іспанія таксама сярод тых, хто дапамагае Украіне. А яшчэ ў яе багатыя гоначныя традыцыі, і чэмпіянат MotoGP, у якім выступае багата іспанцаў, кожны сезон завітвае туды некалькі разоў. Ён у гэтым годзе непрадказальны і напружаны, як сапраўдны трылер, але Гран Пры Іспаніі, што ў мінулы ўік-энд адбыўся на трасе імя Анхеля Ніета ў Херэсе, калі казаць шчыра, да трылера не дацягваў.

Не, сенсацыі на ім былі, і аўтарам галоўнай з іх стаў Франчэска Баньяя. У італьянца нарэшце стала ўсё атрымлівацца: ён ехаў стабільна хутка, не памыляўся, не падаў, а ў суботу выйграў поўл, першы ў гэтым сезоне. І хоць кожны раз я адзначаю, што першая стартавыя пазіцыі маюць ў мотагонках невялікае значэнне, гэтым разам многае вырашылі менавіта яны.

Тым і можна было б скончыць, бо на старце гонкі Пэка захаваў лідарства і ўтрымаў яго да самага фінішу. Так, дзейсны чэмпіён Фабіа Куартарара з Monster Energy Yamaha MotoGP увесь час быў блізка і толькі і чакаў памылкі італьянца з Ducati Lenovo Team. А памыляўся ён, у тым ліку лідзіруючы ў гонках, у мінулым неаднаразова.

Аднак гэтым разам у Баньяі атрымалася ўсё, і ён папоўніў сваю скарбонку 25 пераможнымі ачкамі. Куартарара ж цалкам задаволіўся і другім месцам. Другім Эль Д’ябла і стартаваў, а гоншчык Aprilia Racing Алеш Эспаргара стартаваў і фінішаваў трэцім. Карацей, чым заўгодна, але не трылерам была ўчарашняя гонка прэм’ер-катэгорыі MotoGP. Хоць вось якраз за трэцяе месца барацьба ішла шчыльная і прынцыповая.

Алеша спачатку адцерлі назад шасціразовы чэмпіён Марк Маркес з завадской каманды Repsol Honda Team і напарнік Баньяі Джэк Мілер. Менавіта на карысць аўстралійца сітуацыя доўгі час і складалася, хаця траса ў Херэсе не самая хуткая ( баліды MotoGP на ёй не перавышаюць нават 300 км/г), і магутнасць рухавікоў Desmcosedici GP22 асаблівай перавагі не дае. Праўда, і Маркес, які быў самым хуткім на першых кругах, пазней ужо не мог выкарыстаць увесь патэнцыял шасі сваёй Honda RC213V.

Так яны і ішлі блізка адзін ад аднаго, пакуль за пяць кругоў да фінішу іспанец не прасунуўся наперад у пятым павароце. Але ў апошнім павароце Марк памыліўся, праехаў шырока, уратаваўшыся ад падзення толькі сваім фірменным «сэйвам». Толькі Эспаргара ў гэты момант усё роўна абагнаў і Мілера, і яго, а ўжо на галоўнай прамой на тармажэнні перад першым паваротам Маркеса абагнаў і Джэк. Іспанец, зрэшты, не здаўся, і на апошнім кругу ўсё ж адабраў у аўстралійца чацвёртае месца.

Глабальна ж гонка ў Херэсе нічога не змяніла, хіба што Баньяя ў чэмпіянаце падняўся на пятую пазіцыю, апярэдзіўшы Хоана Міра з Team Suzuki Ecstar, які ўчора фінішаваў шостым. У іх роўная колькасць балаў, па 56. Для напарніка Міра Алекса Рынса іспанскі этап склаўся дрэнна, стартаваўшы чатырнаццатым, фінішаваў ён увогуле дзевятнаццатым, у асабістым заліку апусціўшыся на чацвёртую пазіцыю. І ён цяпер мае тыя ж 69 балаў, што і Энеа Басціаніні з Gresini Racing MotoGP.

Пакуль што адзіны ў гэтым сезоне двухразовы пераможца ў Херэсе скончыў гонку восьмым, затое ў чэмпіянаце падняўся на трэцюю пазіцыю. Эспаргара ў сваю чаргу падняўся на другую, і мае 82 ачкі. Ну а Куартарара, у адрозненні ад Басціаніні, хоць і мае ў сваім актыве пакуль што толькі адну перамогу, стаў першым, хто хоць неяк замацаваў сваё лідарства ў асабістым заліку – у яго 89 балаў. Зрэшты, адрыў ад Алеша ўсё роўна нязначны.

Team Suzuki Ecstar са 125 ачкамі працягвае лідзіраваць сярод каманд. Aprilia Racing захавала другую пазіцыю і мае 109 ачкоў, на два апярэджваючы Monster Energy Yamaha MotoGP, якая засталася другой.

Сезон MotoGP праз два тыдні працягне Гран Пры Францыі, які пройдзе на трасе ў Ле Мане.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
+2
Написать комментарий