Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Не ўсё адназначна. Перамога Ферстапена ў Канадзе – яшчэ не перамога ў чэмпіянаце

Не ўсё адназначна. Перамога Ферстапена ў Канадзе – яшчэ не перамога ў чэмпіянаце

Калі проста паглядзець на вынікі доўгачаканага Гран Пры Канады, можна запасці ледзь не ў роспач: Макс Ферстапен перамог, Шарль Леклер толькі пяты, Карлас Сайнс хоць і другі, але не цягне… Толькі шанцаванне дзейснага чэмпіёна Формулы 1 і лідара гэтага сезона таксама можа скончыцца ў любы момант.

2
Не ўсё адназначна. Перамога Ферстапена ў Канадзе – яшчэ не перамога ў чэмпіянаце

Фота: formula1.com

Калі проста паглядзець на вынікі доўгачаканага Гран Пры Канады, можна запасці ледзь не ў роспач: Макс Ферстапен перамог, Шарль Леклер толькі пяты, Карлас Сайнс хоць і другі, але не цягне… Толькі шанцаванне дзейснага чэмпіёна Формулы 1 і лідара гэтага сезона таксама можа скончыцца ў любы момант.

Што дакладна можа скончыцца ў любы момант – гэта вайна ва Украіне. Яна патрэбная толькі аднаму зайздросліваму, мсціваму, неадукаванаму і закамплексаванаму расійскаму дыктатару, які свой народ нацкаваў на суседні. У гэтай агрэсіі няма ніякай мэты апроч самой агрэсіі, таму што нават захоп тэрыторый мала што агрэсару дае.

Адзінае што памерам тэрыторый закамплексаваная асоба можа кампенсаваць уласныя хібы і малыя памеры асобных частак свайго цела. І калі такая асоба атрымлівае ўладу ў ядзернай дзяржаве і атачае сябе ліслівымі баязліўцамі, раней ці пазней адбываецца катастрофа, якая пачалася 24 лютага і цягнецца ўжо чатыры месяцы.

За гэтыя чатыры месяцы ўвесь свет даведаўся пра гераізм і мужнасць украінцаў, якія нават са старой і недасканалай зброяй эфектыўна супрацьстаяць варожай навале і, дзе магчыма, вызваляюць сваю зямлю ад расійска-фашысцкіх захопнікаў. Якія зусім не супраць рушыць і далей на захад, што вялікі Захад ужо ўсвядоміў.

Максімальна магчымая і безумоўная ваенная перамога Украіне – гэта лепшае, што Захад зараз мусіць рабіць. Усяму свету неабходна, каб украінцы перамаглі ворага і вызвалілі ад яго сваю зямлю. Таму што гэта можа прывесці і да вызвалення Расіі ад фашызму, а таксама дакладна дапаможа беларусам пазбавіцца тутэйшага. Для гэтага шмат робяць і самі беларусы, якія ваююць на Украіне не толькі за яе. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У мяне ўжо стала добрай традыцыяй ацэньваць ролю той ці іншай краіны, якая прымае якія-небудзь гонкі, у дапамозе ўкраінскаму народу. Прыемна адзначыць, што ў Канады гэта роля значная, таму ўдвая прыемней было, што Формула 1 туды нарэшце вярнулася пасля паўзы ў два гады, прычынай якой была пандэмія каронавіруса (памятаеце, была такая).

Толькі вярнулася яна туды ў стане… Неадназначным. Быццам бы новы тэхнічны рэгламент мусіў быў зрабіць чэмпіянат свету цікавейшым, але замест гэтага проста ў чарговы раз змяніўся дамінатар – замест каманды Mercedes і Льюіса Хэмілтана гэта ізноў Red Bull, але ўжо з Максам Ферстапенам.

Так, ёсць яшчэ Ferrari з Шарлем Леклерам, толькі ж мы памятаем, што ў Бахрэйне перамагчы ім дапамаглі праблемы з надзейнасцю ў Чырвоных Быкоў і канкрэтна ў іх нідэрландскага пілота. Потым гісторыя ў Аўстраліі, а вось у Саудаўскай Аравіі перад гэтым Ферстапен перамог па чыстай хуткасці. Хаця паядынкі паміж ім і манэгаскам былі на заглядзенне, тут і казаць няма пра што.

Як гэта часта бывае ў Вялікіх Прызах, розным камандам больш пасуюць розныя трасы, і ў Іспаніі мы бачылі, што хуткія і Ferrari. Але тут праблемы з надзейнасцю пачаліся ўжо ў іх. І калі тады гэта казалася мясцовым нешанцаваннем, то фіаска ў Баку тыднёвай даўніны стала сведчаннем таго, што ў Маранэла сапраўдная бяда.

Бос калектыву Маціа Бінота, канечне, бадзёра заяўляў, што лепей ён будзе паляпшаць надзейнасць хуткай машыны, чым рабіць хуткай ненадзейную (гоначны закон кажа, што гэта на самой справе прасцей). Толькі добра, калі б нейкія агрэгаты, хай і такія важныя, як сілавыя, выходзілі з ладу. Элементы ж сілавых установак часам даводзіцца мяняць цалкам, а іх колькасць на сезон абмежаваная.

Леклер у Канаду прыбыў з цалкам новай, але спачатку быў у межах ліміту і пакарання быццам бы мусіў пазбегнуць. Але яшчэ ў пятніцу стала вядома, што памяняць на яго балідзе давялося і блок кіруючай электронікі рухавіка, і таму адразу губляў дзесяць пазіцый на стартавай рашотцы. Здавалася б, тады трэба максімальна выкладацца ў кваліфікацыі, але ў Ferrari з Шарлем вырашылі не ісці далей другога сегмента.

Калі ў пятніцу над выспай Ротэрдам, на якой і знаходзіцца Аўтадром імя Жыля Вільнёва, проста хадзілі хмары, то ў суботу з іх шчодра паліло. Таму ў кваліфікацыі нечаканасці пачаліся з самага пачатку, і на першыя пазіцыі хто толькі не ўзбіраўся. Ну, Леклер, здаецца, якраз і не ўзбіраўся, а ў другім сегменце проста не выязджаў на трасу, каб у складаных умовах не патрапіць у аварыю і дадаткова не ўскладніць сваё і без таго няпростае становішча.

Што памыліцца і патрапіць у непрыемнасці лёгка, у тым жа другім сегменце даказаў напарнік Ферстапена па Рэд Булу Серхіа Перэс. Яго аварыя прывяла нават да чырвоных сцягоў, а стартаваць яму прыйшлося толькі трынаццатым. Хаця такая пазіцыя была адназначна лепей, чым у Леклера, які пачынаў гонку перадапошнім (пасля яго за замену РУЗ пакаралі яшчэ пілота AlphaTauri Юкі Цуноду). Але, натуральна, значна горш першай, якую здабыў Ферстапен.

Пры гэтым героем кваліфікацыі стаў не Макс, і не Льюіс Хэмілтан, які заскочыў на чацвёртую пазіцыю. У прынцыпе, не надта дзівіла і пятая Кэвіна Магнусэна, хаця шостая яго напарніка па Haas Міка Шумахера ўжо цягнула на лакальную сенсацыю. Найбольшы ж ажыятаж выклікала другая Фернанда Алонса.

Даўно двухразовы чэмпіён, які зараз выступае за Alpine, не стартаваў так высока. Менавіта з ім усе звязвалі свае надзеі і ў гонцы, але асабіста я, прызнаюся, зычыў поспеху Шумахеру хаця б па прычыне павагі да яго бацькі. Хоць і сам Мік дастаткова хуткі і даўно мусіў бы адкрыць ачковы рахунак, ды ўсё нешта яму перашкаджала, у тым ліку яго аварыі.

І спачатку ўсё ішло да таго, што ў немца на гэты раз атрымаецца, але на дзевятнаццатым кругу выйшаў з ладу кінетычны матор-генератар сілавой устаноўкі на яго балідзе. Ад гэтага персанальна мне было больш крыўдна, чым ад праблем са скрыняй перадач у Перэса, праз якія ён скончыў барацьбу нават раней – на восьмым кругу. Хоць вось гэта мае нашмат большае значэнне.

Надзейнасць падвесці можа нават лідараў чэмпіянату, і Ферстапену ў пэўнай ступені ўчора пашанцавала. Не падумайце, я не стаўлю пад сумнеў яго здольнасці. Ён выдатны і таленавіты пілот, сапраўдны чэмпіён, тытула свайго варты, нягледзячы на акалічнасці фінальнага мінулагодняга Гран Пры Абу-Дабі. І ў Манрэалі нідэрландзец усё зрабіў правільна і перамог заслужана. Але ці можна гарантаваць, што ў наступны раз на яго машыне праблемы ўзнікнуць пасур’ёзней, чым з DRS?

Тым больш што Ferrari-та хуткія. І гэта ў Канадзе даказаў не толькі Леклер, які выканаў сваю задачу і дабраўся да пятага месца, хай у пэўны момант і падзахрас за напарнікам Алонса Эстэбанам Аконам у перыяд, калі француз быў на свяжэйшых шынах. Тэмп нарэшце быў і ў Карласа Сайнса, які стартаваў трэцім, але свайго суайчынніка з Alpine апярэдзіў хутка.

Ферстапену іспанец саступаў, але не катастрафічна. А калі на сорак дзявятым кругу, вярнуўшыся на трасу пасля піт-стопа, Цунода патрапіў у аварыю, хутка пасля якой на трасу выехаў аўтамабіль бяспекі, у Сайнса з’явіўся шанец і на перамогу. Зараз можна разважаць, ці напоўніцу ён ім скарыстаўся, бо на момант рэстарту на пяцьдзесят чацвёртым кругу шыны ў яго былі навейшыя, што быццам бы давала яму перавагу. І да самага фінішу Карлас так і вісеў на хвасце ў Ферстапена, аднак рэальна яго атакаваць так і не здолеў, задаволіўшыся другім месцам.

Трэцяе заняў Хэмілтан, якога, як прызнаўся ён сам, вядомая праблема вертыкальнай раскачкі на высокіх хуткасцях мучыла не так жорстка, як у Баку. Хоць наогул праблема застаецца, і напярэдадні Гран Пры Канады FIA нават выпусціла тэхнічную дырэктыву аб барацьбе з гэтай з’явай. Якую многія, у тым ліку начальнік Льюіса Хэмілтана Тота Вольф, называюць пагрозай бяспецы і здароўю гоншчыкаў.

Дырэктыва тая павінна абмяжоўваць паказчыкі вертыкальных хістанняў, а тыя, хто не зможа ўпісацца ў дазволеныя межы вымярэнняў, нават будуць адхіляцца ад гонак (хаця такую драконаўскую меру ў Канадзе вырашылі не прымяняць). Сярод каманд пачаўся невялічкі скандал, бо ў Ferrari гэтая праблема не стаіць востра, а пілоты Red Bull на яе наогул не жаліліся.

Маціа Бінота і Крысціан Хорнэр у адзін голас казалі, што гэта праблема Mercedes, Тота Вольф у адказ абвінаваціў іх у крывадушнасці і маніпуляцыях з мэтай захавання канкурэнтнай перавагі. Іншымі словамі, нічога новага – звычайная Формула 1! За гэтай жа сітуацыяй паназіраць будзе цікава, як і за тым, як інжынеры каманд будуць нейтралізоўваць вядомую яшчэ з 80-х гадоў аэрадынамічную з’яву – спадарожнік граўнд-эфекту.

Ну і натуральна цікава будзе паглядзець, як у Ferrari зробяць (калі зробяць) надзейнымі свае хуткія баліды. Ад Red Bull у Кубку канструктараў яны адсталі моцна, і маюць 228 ачкоў супраць 304, але засталіся другімі і нават крыху прыблізіліся пасля Канады. У выпадку ж, калі праблемы і штрафы на стартавых рашотках у іх працягнуцца, другім можа стаць і Mercedes, які зараз трэці са 188 баламі.

Ферстапен жа пакуль што ўпэўнена абараняе свой тытул і лідзіруе, маючы 175 ачкоў. Перэс, у якога іх па-ранейшаму 129, застаўся на другой пазіцыі, але да яго моцна наблізіўся Леклер, у якога ўсяго на тры балы меней. Таму як мінімум пакінуць ззаду мексіканца ў Шарля шанцы ёсць.

Не варта забывацца і пра фактар канкрэтных трас. І хто будзе наймацнейшым на Сільверстоўне, які праз два тыдні прыме Гран Пры Вялікабрытаніі, мы толькі праз два тыдні і даведаемся.

Другие посты блога

Все посты