Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Зноў нічыя! Akkodis ASP і Team WRT працягнулі спрэчку за лідарства ў серыі GT World Challenge Europe і ў Зандварце

Зноў нічыя! Akkodis ASP і Team WRT працягнулі спрэчку за лідарства ў серыі GT World Challenge Europe і ў Зандварце

Неяк так атрымліваецца, што французскі і бельгійскі калектывы скрыжоўваюць шпагі найперш на этапах фармату Sprint. Вось і ў Зандварце ў мінулыя выхадныя экіпажы кожнага з іх узялі па адной перамозе ў гонках.

Зноў нічыя! Akkodis ASP і Team WRT працягнулі спрэчку за лідарства ў серыі GT World Challenge Europe і ў Зандварце

Неяк так атрымліваецца, што французскі і бельгійскі калектывы скрыжоўваюць шпагі найперш на этапах фармату Sprint. Вось і ў Зандварце ў мінулыя выхадныя экіпажы кожнага з іх узялі па адной перамозе ў гонках.

Нічога больш важнага за вайну ва Украіне, якая працягваецца роўна чатыры месяцы, у свеце зараз не існуе. Чатыры месяцы рускі свет паказвае сваё сапраўднае аблічча, знішчаючы ўсё жывое ў суседняй краіне, якая абрала свабоду і незалежнасць. Чатыры месяцы агрэсар чыніць свае злачынствы, не саромеючыся іх.

Украінскі ж народ чатыры месяцы супрацьстаіць варожай навале ў надзвычай цяжкіх абставінах. Мужна і гераічна ён адбівае атакі рускіх фашыстаў, нажаль, цаною жыццяў лепшых сваіх прадстаўнікоў. Рускі свет не збіраецца спыняцца на Украіне, таму свет мусіць дапамагчы ёй уратавацца, і будзе ўратаваны сам.

Пакуль баязлівыя палітыкі заходніх краін спрабуюць ухіліцца ад сутыкнення з рускім светам, той адкрыта да такога сутыкнення рыхтуецца. У расійскага дыктатара ёсць паслугач у Беларусі, які гатовы будзе выканаць любы загад свайго гаспадара, дзякуючы якому ўтрымаўся на троне пасля таго, як прайграў прэзідэнцкія выбары.

Яшчэ не позна спыніць іх абодвух і вызваліць не толькі Украіну, але і Беларусь. Яе грамадзяне супраць вайны і за сяброўства з украінцамі, яны досыць нацярпеліся ад мясцовага калгаснага фашызму і таксама заслужылі волі і незалежнасці, у тым ліку сваёй абаронай украінскай зямлі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У сучасным свеце войны паміж суседзямі – самае мярзотнае, што толькі можа быць. Адзінымі прымальнымі спаборніцтвамі могуць быць толькі спартыўныя, як, напрыклад, серыя GT World Challenge Europe, дзе ўдзельнічаюць каманды з самых розных краін, часта з інтэрнацыянальнымі экіпажамі.

Дзейсныя чэмпіёны Шарль Віртс і Дрыс Вантор, якія выступаюць ў трыццаць другім экіпажы бельгійскай каманды Team WRT, абодва акурат бельгійцы, а вось італьянец Рафаэле Марчэла і расіянін Цімур Багуслаўскі абараняюць колеры французскага калектыву Akkodis ASP у какпіце восемдзесят дзявятага Mercedes-AMG GT3. Нібыта ў пацверджанне слушнасці такога выключна мірнага супрацьстаянне перамагаюць і тыя, і тыя.

Першая гонка этапу ў Зандварце прайшла ў суботу пад дыктоўку Віртса з Ванторам. Яны стартавалі з поўлу і не памыліліся падчас заезду. На старце Віртс адбіў атаку з боку Сімона Гашэ з адзінаццатага экіпажа Tresor by Car Collection, у якім таксама выступае Крыстафер Хаасэ, а на піт-стопе перадаў эстафету Вантору, які і давёў справу да перамогі.

Гашэ і Хаасэ саступілі яшчэ і Жулю Гунону і Джыму Пла – калегам Марчэла і Багуслаўскага па камандзе з яе восемдзесят восьмага экіпажа, якія і занялі другое месца. Тады як самім Рафаэле і Цімуру не пашанцавала, прычым яшчэ ў кваліфікацыі, у якой яны паказалі толькі чатырнаццаты вынік.

А на старце гонкі расіянін яшчэ і выціснуў у гравій трыццаць трэцюю Audi R8 LMS Evo II GT3 калег Віртса і Вантора Жана-Бапціста Сіменаўэра і Крыстафера Міса, за што пазней яны з Марчэла былі аштрафаваныя і фінішавалі дваццаць трэцімі і апошнімі. Пры гэтым Рафаэле за свой адрэзак паспеў быў прарвацца ў першую дзясятку.

Італьянец з расіянінам адыграліся ў нядзелю, калі выйгралі і кваліфікацыю, і гонку. Віртс і Вантор фінішавалі другімі, але ім прыйшлося за яе пабіцца. Стартавалі яны чацвёртымі, і калі шэсцьдзесят шостая Audi Петэра Шотхорста і Дэніса Маршала з каманды Attempto Racing даволі хутка апынулася ззаду, то сто дванаццаты McLaren 720S GT3 гоншчыкаў JP Motorsport Дэніса Лінда і Вінсэнта Абрыля быў крэпкім арэшкам (як і самі пілоты, канечне).

Трыццаць другому экіпажу дапамог досвед іх каманды, які адыграў сваю ролю на піт-стопе, на які Вантор заехаў на круг раней Абрыля і які быў праведзены выдатна. У выніку Віртс пасля хвалі прыпынкаў апынуўся на другой пазіцыі. Экіпаж Лінда і Абрыля ў выніку адкаціўся на пятую пазіцыю, хоць і яна стала нядрэнным вынікам для каманды. Чацвёртымі фінішавалі Гунон і Пла, а Шотхорст і Маршал утрымаліся на трэцяй пазіцыі.

Па выніках пяці этапаў залік гоншчыкаў узначальвае, па-ранейшаму аднаасобна, Марчэла, у якога 111 ачкоў. Віртс і Вантор з 100,5 бала другія, Багуслаўскі з 74 ачкамі застаўся трэцім, але ўсяго на палову бала апярэджвае Гунона. Akkodis ASP захавалі лідарства ў камандным заліку, дзе ў іх 133 балы, што на дзевяць з паловай болей, чым у Team WRT, якія застаюцца другімі. Tresor by Car Collection у сваю чаргу захоўваюць трэцюю пазіцыю, у іх 55 ачкоў.

Наступны этап серыі GT World Challenge Europe таксама пройдзе ў фармаце Sprint, і ўжо праз тыдзень, 1-3 ліпеня ў італьянскім Мізана.

Другие посты блога

Все посты