Сардынская электраспякота. Успамінаем, хто і як перамагаў на другім і трэцім этапах серыі Extreme E

Фота: Extreme E

Відаць, удзельнікі гонак на электрычных пазадарожніках настолькі па іх засумавалі, што на выспе Сардынія, дзе два тыдні таму адбыліся адразу два этапы, вырашылі не адмаўляць сабе ні ў чым. Вынікам сталі не толькі насычаныя падзеямі заезды, але і судзейскія рашэнні і штрафы.

Вынікам агрэсіі расійскага дыктатара супраць Украіны, па яго задумцы, мусіла стаць знішчэнне Украіны. Але гэты план, які трымаўся толькі на комплексах і самаўпэўненасці, праваліўся, і замест знішчэння суседняй дзяржавы вар’ят папросту можа дабіцца знішчэння сваёй краіны. Прычым заходзіць на яе тэрыторыю Узброеным сілам Украіны для гэтага будзе не абавязкова.

Украінскім ваенным дастаткова будзе абараніць і вызваліць сваю зямлю. Нацкаваныя на суседзяў расіяне ніколі не даруюць свайму цару ваеннай паразы і зладзяць чарговы бессэнсоўны і бязлітасны рускі бунт. Шкада толькі, што ўкраінцам даводзіцца плаціць за гэта вельмі высокую цану і несці вялікія чалавечыя страты, што не спыніцца заўтра ж.

Іх пакуты адгукаюцца ў сэрцах сумленных беларусаў, якія хто як можа спрабуюць дапамагчы сваім суседзям. Лепшыя з нас зараз змагаюцца за Украіну са зброяй у руках, каб нарэшце вызваліць і нашу зямлю. Знішчэнне рускага фашызму для атрымання свабоды з’яўляецца неабходнай умовай, і застаецца толькі пажадаць украінцам поспеху ў гэтай справе. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Вызваленай Украіне прыйдзецца доўга ліквідаваць наступствы вайны, у тым ліку экалагічныя. Сусветны аўтаспорт мог бы ёй у гэтым дапамагчы, хаця б прыцягнуўшы ўвагу да праблем, як ён робіць гэта з дапамогай серыі Extreme E. Яе спаборніцтвы Island X Prix, якія і праходзілі на Сардыніі з 6 па 10 ліпеня, былі скіраваныя на барацьбу з ляснымі пажарамі, што стала ледзь не другой пасля вайны ва Украіне бядой Еўропы гэтым летам.

Бядой арганізатараў гонак на электрычных пазадарожніках сталі разнастайныя якраз арганізацыйныя цяжкасці, праз якія другі этап быў перанесены на два месяцы (першапачаткова ён меў адбыцца ў пачатку мая). Затое на Сардыніі правялі адразу два, з розніцаю ў пару дзён – 6-7 і 9-10 ліпеня. Ну а бядой «Гоначнай псіхапатыі» ёсць насычаны гоначны каляндар і напружаны жыццёвы графік яе аўтара, праз што да Extreme E чарга дайшла толькі зараз.

Пад стандартным сцэнарыям маецца на ўвазе дамінаванне экіпажа каманды чэмпіёна Формулы 1 2016 года Ніка Росберга Rosberg X Racing – Йохана Крыстоферсана і Мікаэлы Алін-Катулінскі. Яны пяршынствавалі па выніках кваліфікацыі, а потым без асабістых праблем выйгралі першы паўфінал, абагнаўшы Тамару Малінара і Ціма Шайдэра з XITE Energy Racing і Каці Манінгс і Цімі Хансэна з Genesys Andretti United Extreme E.

Пераможцамі другога паўфінала сталі брат Цімі Хансэна Кэвін і нарвежка Хэда Хосас, якія абараняюць колеры калектыву яшчэ аднаго чэмпіёна каралеўскіх аўтагонак, толькі 2009 года, Джэнсана Батана JBXE. Кэвін стартаваў не надта ўдала, але пазней здолеў дагнаць і абагнаць Лаю Санц, напарніцу Карласа Сайнса-старэйшага па Acciona Sainz XE. І сваёй напарніцы малады швед перадаваў стырно іх Odyssey 21, маючы камфортную перавагу.

Сайнс і Санц фінішавалі другімі, а Себасцьен Лёб з Крысцінай Гуцьерэс з каманды X44 (маёмасць сяміразовага чэмпіёна Формулы 1 Льюіса Хэмілтана) занялі трэцяе месца, пазбавіўшыся магчымасці патрапіць у фінал наўпрост. Пры гэтым дзевяціразовы чэмпіён свету па раллі здолеў здабыць другую пазіцыю ў спрэчцы з Лаяй на трасе, але ў зоне змены пілотаў хутчэй адпрацавалі ў Acciona Sainz XE.

Тыя экіпажы, якія не патрапілі нават у паўфіналы, на фінал шанцы ўсё ж маюць. Каб пазмагацца за выніковую перамогу на этапе, аднаму з іх трэба перамагчы ў заездзе Crazy Race, які на другім этапе быў натуральна Crazy. Пачаўся ён з аварыі Эмы Гілмар, напарніцы Танэра Фаўста па NEOM McLaren Extreme E, а працягнуўся памылкай напарніцы Кайла ЛеДзюка па GMC Hummer EV Chip Ganassi Racing Сары Прайс.

Прычым амерыканка, вяртаючыся на трасу пасля памылкі, ледзь не выбіла Лэнса Вулрыджа. Паўднёваафрыканцу з Veloce Racing, дзе ён выступае разам з Крысцінай Джампаолі Зонка, прыйшлося адрульваць і збіваць рэкламны шчыт і абмежавальныя сцяжкі, за што экіпаж атрымаў штраф у 10 секунд.

Насэр Аль-Ація сваю справу зрабіў выдатна – удала стартаваў і адарваўся на камфортную адлегласць ад пераследнікаў. Але яго напарніца па ABT Cupra XE Юта Кляйншідт пасля змены гоншчыкаў стартавала занадта рана, за што і экіпаж легенд ралі Дакар таксама быў пакараны дзесяццю секундамі. У выніку барацьба ЛеДзюка і Джампаолі Зонка за другую пазіцыю стала фактычна барацьбой за перамогу. Тут пераможцам выйшаў амерыканец, які спачатку абагнаў іспанку, а потым адарваўся ад яе з дапамогай «бусту» – рэжыму Hyperdrive. У фінал прайшлі менавіта яны з Прайс.

У нейкім сэнсе Crazy Race быў і фінал другога этапу, таму што з аварыі пачаўся і ён. Сайнс ужо захапіў быў лідарства, але Крыстоферсан, які ішоў па альтэрнатыўнай траекторыі, на вялікай хуткасці сутыкнуўся з чатырохразовым чэмпіёнам свету па ралі. Машына іспанца перакулілася, а самога гоншчыка пазней адвезлі ў шпіталь. На шчасце, ніякіх траўм ён не атрымаў, але з дыстанцыі яны з Санц сышлі.

Машына Крыстоферсана таксама была пашкоджаная, але не так, як у канкурэнтаў – яна ўсяго толькі страціла пярэдні абвес і рух працягнула, аднак заезд быў спынены чырвонымі сцягамі. На карысць Крыстоферсану было тое, што рэстарт быў дадзены не агульны – гоншчыкаў адпускалі на трасу з інтэрвалам, які быў паміж імі на момант спынення гонкі.

Таму чатырохразовы чэмпіён свету па ралі-кросе ізноў апынуўся на першай пазіцыі і меў самавітую перавагу, якая захавалася і пасля таго, як у какпіце апынулася Алін-Катулінскі. Яна і перасекла лінію фінішу першай, аднак пазней іх з Крыстоферсанам экіпаж за майстэрствы Йохана былі налічаныя штрафныя 30 секунд, што адкінула іх на трэцяе месца. Другое дасталася Малінара і Шайдэру, а Прайс з ЛеДзюкам атрымалі першую ў іх кар’еры у Extreme E перамогу.

Падзейным выдаўся і трэці этап пазадарожных электрычных гонак, на якім Крыстоферсан і Алін-Катулінскі ізноў былі хутчэйшымі за ўсіх ад пачатку. І першы паўфінал яны выйгралі без асабістых цяжкасцей – Мікаэла здолела адарвацца ад Санц і Прайс, пакуль тыя разбіраліся паміж сабой. Вынікам іх разборак стаў кантакт і вылет з трасы амерыканкі, якая праз гэта сышла з дыстанцыі.

У другім паўфінале пасля няўдачы на папярэднім этапе рэабілітаваліся Лёб і Гуцьерэс. Тут таксама ўсё збольшага высветлілася на старце, які лепей правяла Крысціна. Ну а Себасцьен затым давёў справу да фінішы на першай пазіцыі. Аль-Ація і Кляйншідт фінішавалі другімі, упершыню прабіўшыся ў фінал.

Crazy Race скончылася перамогай Манінгс і Цімі Хансэна. Каці ў заездзе стартавала і жорстка адбівалася ад Вулрыджа, якога пасля другога кантакту развярнула. Гонку яны з Джампаолі Зонкай працягнулі, але фінішавалі толькі трэцімі.

Старт у фінале лепей за ўсіх правёў Аль-Ація, які апынуўся на першай пазіцыі акурат перад Крыстоферсанам.  Гоншчык з Катара паступова адрываўся, але ўсё зноў сапсавалася ў момант перадачы стырна Кляйншідт. Узніклі праблемы з рамянямі бяспекі, якія адмаўляліся зашпільвацца. Каб не губляць часу, немка адправілася на трасу з незашпіленым, за што пасля фінішу экіпаж быў дыскваліфікаваны.

Хіба што крыўдна было не так, бо пазбавіўся экіпаж не перамогі, а другога месца – Юту на трасе абагнала Алін-Катулінскі. Другое ж месца ў выніку дасталася Лёбу і Гуцьерэс, Манінгс і Хансэн занялі трэцяе. Сайнс і Санц фармальна сталі чацвёртымі, але да фінішу не дабраліся – Карлас, які пачынаў заезд, праз тэхнічныя праблемы не даехаў нават да зоны змены пілотаў.

У чэмпіянаце пасля трох этапаў з 80 ачкамі лідзіруюць Крыстоферсан і Алін-Катулінскі і Rosberg X Racing. На другую пазіцыю падняліся ЛеДзюк, Прайс і Chip Ganassi Racing, у якіх 43 ачкі. Яны ўсяго на два апярэджваюць Гуцьерэс, Лёба і X44 і на тры Сайнса, Санц і Acciona Sainz XE.

Чацвёрты этап серыі Extreme E, калі нічога ізноў не зменіцца, пройдзе 23-24 верасня ў Чылі.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
+16
Написать комментарий