Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Выпадак або тэндэнцыя? Франчэска Баньяя перамог на Гран Пры Вялікабрытаніі

Выпадак або тэндэнцыя? Франчэска Баньяя перамог на Гран Пры Вялікабрытаніі

Формула 1 сышла на летні адпачынак, а чэмпіянат MotoGP з яго вярнуўся! І гонка на трасе Сільверстоўн дала надзею на тое, што астатняя частка сезона пройдзе не пад дыктоўку дзейснага чэмпіёна Фабіа Куартарара, як фактычна прайшла папярэдняя. Канечне Франчэска Баньяя для таго мусіць моцна пастарацца, аднак учора ён даказаў, што будзе старацца.

8 августа 2022, 18:28
Выпадак або тэндэнцыя? Франчэска Баньяя перамог на Гран Пры Вялікабрытаніі

Фота: motogp.com

Формула 1 сышла на летні адпачынак, а чэмпіянат MotoGP з яго вярнуўся! І гонка на трасе Сільверстоўн дала надзею на тое, што астатняя частка сезона пройдзе не пад дыктоўку дзейснага чэмпіёна Фабіа Куартарара, як фактычна прайшла папярэдняя. Канечне Франчэска Баньяя для таго мусіць моцна пастарацца, аднак учора ён даказаў, што будзе старацца.

Усяму свету зараз належыць старацца дапамагаць Украіне, якая адна супрацьстаіць расійскай агрэсіі. Катаваннем толькі яе справа не абмяжуецца, што фашысты дэманструюць штодзённа, не грэбуючы ядзерным шантажом і абяцаннямі забіваць еўрапейцаў у прамых эфірах прапагандысцкіх медыя.

Чым хутчэй Украіна атрымае ваенную перамогу над расійска-фашысцкімі захопнікамі, тым хутчэй на Зямлі стане спакайней. Украіне патрэбныя сучасныя артылерыйскія і ракетныя сістэмы, авіяцыя і бранетанкавая тэхніка, каб ачысціць сябе і абараніць мір ва ўсім свеце.

Любыя разважанні наконт таго, што ёй варта даваць, а што не варта, зараз такія ж лішнія, якімі былі б падчас лэнд-лізу ў гады Другой сусветнай вайны. А забароны наносіць зваротныя ўдары па аб’ектах на тэрыторыі ворага супярэчаць здароваму сэнсу і мэтам краін Захаду, і мусяць быць знятыя.

Перамога ўкраінцаў патрэбная не толькі ім самім, але і беларусам. Нашы душы таксама баляць за нашых суседзяў і сяброў, як балелі два гады таму за нас саміх, калі калгасны дыктатар прайграў выбары і ўзурпаваў уладу. Зараз ён зрабіў нашу мірную краіну саўдзельніцай злачынства, за што панясе адказнасць разам са сваім гаспадаром, якога ў лепшым для яго выпадку чакае цяпер лёс Гітлера. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

На шчасце, практычна ўсяму цывілізаванаму свету ўжо зразумела, ад чаго яго бароніць Украіна. Гэта даўно было зразумела краінам Балтыі, Польшчы, Чэхіі, а таксама Вялікабрытаніі. Апошняя з іх акурат з’яўляецца радзімай матацыклетных гонак, і галоўныя з іх – чэмпіянат MotoGP – пасля летняй паўзы якраз туды і завіталі.

Папярэдняя частка сезона, нажаль, не стала такой цікавай, якой магла б быць. Быццам бы і гоншчыкаў таленавітых дастаткова, і перамагае не нехта адзін, але дзейсны чэмпіён з завадской каманды Monster Energy Yamaha MotoGP лідзіруе настолькі ўпэўнена, што на адным з этапаў можа наогул не стартаваць, і ўсё роўна не страціць першую пазіцыю ў турнірнай табліцы. Многія перад пачаткам сезона спадзяваліся на яго канкурэнта з Ducati Lenovo Team Франчэска Баньяю, але той занадта часта памыляўся і сканчаў гонкі датэрмінова праз падзенні.

Тым не менш, Пэка усё ж такі здолеў выйграць Гран Пры Іспаніі, Італіі і Нідэрландаў. У апошнім выпадку, дарэчы, памыліўся ўжо Куартарара, сутыкнуўшыся з гоншчыкам Aprilia Racing Алешам Эспаргара, за што атрымаў адкладзенае на Гран Пры Вялікабратаніі пакаранне – праезд па штрафной зоне падчас гонкі. Поспех жа Баньяі ў Асэне я назваў псіхалагічным і, зыходзячы з вынікаў першага этапу пасля паўзы, меў рацыю, па ўсяму відаць.

Канечне, гэта не азначае, што ў Куартарара пачалася нейкая паласа няўдач. Зусім не – на Сільверстоўне Эль Д’ябла быў хуткім увесь уік-энд і кваліфікаваўся чацвёртым. Поўл, дарэчы, заваяваў яго суайчыннік з Prima Pramac Racing Жоан Зарко, і, шчыра кажучы, менавіта за яго я ўчора заўзеў найбольш. Ён як Ніка Хюлькенберг у Формуле 1 – здатны, але няўдачлівы, і перамог на сваім рахунку дагэтуль не мае.

Учора ж здавалася, што першая ў яго ўжо ў руках. Стартаваў Жоан добра, пераследнікаў, галоўным з якіх адразу стаў Куартарара, да чацвёртага круга на адлегласць атакі не падпускаў. Але на пятым упаў і сышоў з дыстанцыі. Паколькі Куартарара на той момант ужо адбыў сваё пакаранне, лідарства перайшло да напарніка Баньяі Джэка Мілера, які пачынаў гонку трэцім і на старце апярэдзіў канкурэнта з Апрыліі Маверыка Віньялеса, бойка з якім яшчэ мелася адбыцца наперадзе.

На першых жа кругах аўстралійцу, як і Баньяі, які на старце прарваўся з пятай пазіцыі на трэцюю, прыйшлося адбівацца ад гоншчыка Team Suzuki Ecstar Алекса Рынса. Стартаваў іспанец выдатна, прарваўшыся з адзінаццатай пазіцыі на пятую, а на трэцім кругу адваяваў у Баньяі чацвёртую, якая стала трэцяй пасля візіту Куартарара на штрафную зону і другой пасля падзення Зарко. З Мілерам Алексу прыйшлося павазіцца падолей, але і аўстралійца ён на шостым кругу пакінуў ззаду.

Джэк кругам пазней прапусціў наперад Франчэска, які мог адыграць багата ачкоў у Куартарара, улічваючы, што той пасля адбыцця штрафу не адыгрываўся, захрасшы за канкурэнтамі. Пэка ж на дванаццатым кругу сам узначаліў гонку, абагнаўшы Рынса ў павароце Stowe. Праз два кругі ў Village іспанца паспяхова атакаваў і Мілер, праўда, сам затрымаўся на другой пазіцыі толькі на чатыры кругі. Віньялес, які на старце адкаціўся быў назад, на другой палове гонкі імкліва прарываўся, і на васямнаццатым кругу ў тым жа Village абагнаў аўстралійца і ўшчыльную наблізіўся да Баньяі.

Дуэль іспанца і італьянца на апошніх кругах упрыгожыла гонку. Баньяя ў выніку перасек фінішную лінію ўсяго на 0,426 секунды раней за Топ Гана. Дый Мілер, які замкнуў першую тройку, адстаў на 0,614 секунды ад напарніка. А вось Куартарара быў далёка, і адмашку клецістым сцягам атрымаў толькі восьмым. На апошніх кругах ён ізноў сустрэўся на трасе з Алешам Эспаргара, але гэтым разам абышлося без сутыкненняў і падзенняў, а гоншчык Апрыліі застаўся ззаду, на дзявятым месцы.

Зрэшты, Эль Д’ябла ўсё роўна застаўся адназначным лідарам чэмпіянату. У яго 180 ачкоў, і свой адрыў ад усё таго ж Эспаргара, які застаўся на другой пазіцыі, француз павялічыў на адзін бал – да дваццаці двух. Праўда, адзін зыход Фабіа пры перамозе Алеша (а перамагаць ён можа) памяняе іх месцамі. Баньяя пакуль што далёка – у яго 131 ачко, на сорак дзевяць меней, чым у Куартарара, аднак Пэка цяпер замыкае першую тройку. Aprilia Racing з 240 ачкамі лідзіруе ў камандным заліку, але Ducati Lenovo Team адстае цяпер усяго на два. Monster Energy Yamaha MotoGP апусцілася на трэці радок і мае 206 ачкоў.

Сезон MotoGP працягнецца праз два тыдні – 19-21 жніўня на трасе Рэд Бул Рынг у Шпільбергу пройдзе Гран Пры Аўстрыі. Там і пабачым, наколькі перамогі Баньяі ёсць тэндэнцыямі.

Другие посты блога

Все посты