Змена не лідара. Выбіўшы ў Маньі-Куры Баўцісту, Рэй сам сабе ўскладніў становішча ў сусветным Супербайке

Фота: worldsbk.com

Наўрад ці манеўр гоншчыка Kawasaki Racing Team WorldSBK Джонатана Рэя, праз які яго канкурэнт з Aruba.it Racing-Ducati Альвара Баўціста скончыў гонку ў гравіі, быў наўмысны. Брытанец нават пазней выбачаўся перад іспанцам і, напэўна, злаваўся сам на сябе, бо ў чэмпіянаце цяпер саступае яшчэ і дзейснаму чэмпіёну Тропаку Разгатліоглу з Pata Yamaha with Brixx WorldSBK.

Важней за лёсы чэмпіёнскіх тытулаў гоначных чэмпіянатаў лёс усяго свету, які зараз вырашаецца ва Украіне. Мінулыя паўгода агрэсар катаваў яе і адбіраў у яе зямлю, а цяпер Украіна вяртае сваё. Звар’яцелы расійскі дыктатар планаваў пабудаваць сваё шчасце на чужых землях і чужым горы, але сам атрымлівае смерць, боль, слёзы і ганьбу.

Атрымаўшы па пысе ад украінцаў, яму непазбежна прыйдзецца адчапіцца і ад беларусаў. Акупіраваць нашу зямлю яму дазволіў яго мясцовы паслугач, здраднік свайго народа і ўзурпатар. Дні яго будуць злічаныя, калі доля Гітлера насцігне яго гаспадара, што непазбежна здарыцца адразу пасля яго ваеннай паразы. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Украінцы зараз адстойваюць права ўсяго свету ў тым ліку забаўляцца, у тым ліку гонкамі. Смяротныя трагедыі здараюцца і там, асабліва ў матацыклетных спаборніцтвах, але гэта рэдкія і выключныя выпадкі, у адрозненні ад жахлівай вайны, якая штодзённа забірае сотні жыццяў. І драмы, якія здараюцца ў гонках часцей за ўсё, перажыць дакладна можна.

Таму перажыве і Альвара Баўціста сваю лакальную няўдачу на этапе ў французскім Маньі-Куры, куды сусветны Супербайк завітаў у мінулы ўік-энд. Тым больш што зусім ужо з «абаранкам» іспанец гэты этап не скончыў. У суботняй гонцы ён дык наогул перамог, чаму паспрыялі Джонатан Рэй і Топрак Разгатліоглу.

У кваліфікацыі брытанец і турак паказалі аднолькавы вынік – 1:36,124. А пападалі ў першай гонцы з розніцай усяго ў адзін круг. З поўлу стартаваў гоншчык Kawasaki, ён жа першым і паваліўся на другім кругу, на выхадзе з сямнаццатага павароту. На трэцім кругу ў трынаццатым павароце такая ж непрыемнасць здарылася з дзейсным чэмпіёнам з Ямахі.

Абодва гонку працягнулі, а Разгатліоглу нават набраў ачкі за адзінаццатае месца. Рэй жа фінішаваў апошнім, дваццаць чацвёртым, бо пасля свайго падзення заязджаў у боксы. Пры гэтым пасля таго, як абодва яго канкурэнты выбылі, Баўціста аўтаматычна лідарам не стаў, бо ў кваліфікацыі ён саступіў яшчэ і Скоту Рэдзінгу, якога і замяніў у Ducati і які перайшоў у BMW Motorrad WorldSBK Team.

Менавіта у яго Баўцісце прыйшлося адваёўваць першую пазіцыю, што ён, зрэшты, паспяхова і зрабіў на сёмым кругу перад шыканай Nurburgring. Брытанец застаўся побач з лідарам чэмпіянату, але атакаваць яго шанцаў не прадставілася, і Скот задаволіўся другім месцам. Трэцяе заняў гоншчык каманды Motocorsa Racing Аксэль Басані.

Нядзельны ранішні суперпоўл-спрынт выйграў ужо Разгатліоглу. Баўціста ж выканаў галоўную задачу, апярэдзіўшы Рэя. Зрабіў ён гэта на чацвёртым кругу ў павароце 180 Degree, хутка пасля таго, як пакінуў ззаду Рэдзінга. А на шостым кругу ў трынаццатым павароце паспяхова атакаваў і Разгатліоглу, аднак Топрак вярнуў сабе лідарства на перадапошнім кругу кантактным абгонам. У выніку другім месцам задаволіўся ўжо Баўціста, а Рэй фінішаваў трэцім.

Ну а фінальная гонка ўік-энда скончылася для Альвара ўжо на другім кругу, калі ўсё ў тым жа трынаццатым павароце яго падбіў Рэй. Баўціста затым абвінаваціў яго ў наўмыснасці манеўру і наогул выказаў неразуменне дзеяннямі шасціразовага чэмпіёна. Яго віну прызналі і суддзі, якія прызначылі яму пакаранне ў выглядзе праезду па штрафной зоне трасы – так званы Long Lap Penalty. Фінішаваў Рэй у выніку пятым.

Разгатліоглу разборкі брытанца і іспанца палегчылі жыццё толькі часткова. Хуткі Басані быў тут як тут, і адабраў у дзейснага чэмпіёна першую пазіцыю ўжо на трэцім кругу ў адзінаццатым павароце. Праўда, там жа пяццю кругамі пазней яго самога атакаваў напарнік Баўцісты па завадской Ducati Міхаэль Рубэн Рынальдзі.

Басані пры гэтым прапусціў і Разгатліоглу, які ў сваю чаргу на чатырнаццатым павароце абышоў Рынальдзі ў пятым кругу, больш лідарства не ўпускаў і атрымаў чарговую перамогу. Рынальдзі заняў другое месца, Басані трэцяе.

Удалае выступленне ў Маньі-Куры дазволіла Топраку апярэдзіць Рэя ў чэмпіянаце і падняцца на другую пазіцыю. У Разгатліоглу 302 ачкі, роўна на трыццаць меней, чым у Баўцісты, які застаўся лідарам. Рэй з 285 баламі цяпер трэці. Ducati лідзіруе ў заліку вытворцаў, маючы 363 ачкі, Yamaha на другой пазіцыі з 338 баламі, Kawasaki на трэцяй з 313.

Наступны этап сусветнага Супербайка пройдзе праз тыдзень, 23-25 верасня ў Барселоне.

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
+18
Написать комментарий