Tribuna/Футбол/Блоги/На вулiцы маёй/Не стала вядомага фаната мінскага “Тарпеда”. Ён дамапог выжыць клубу і шыў амуніцыю для Гуркова

Не стала вядомага фаната мінскага “Тарпеда”. Ён дамапог выжыць клубу і шыў амуніцыю для Гуркова

Шматгранная гісторыя Алега Радзюка.

21 июня 2019, 19:00
13
Не стала вядомага фаната мінскага “Тарпеда”. Ён дамапог выжыць клубу і шыў амуніцыю для Гуркова

 

Гісторыя Алега Радзюка.

У чацвер не стала Алега Радзюка – даволі вядомай асобы ў беларускамоўным спартыўным асяродку. Прадпрымальнік больш за 20 год вырабляў амуніцыю для тайскага і звычайнага боксу і рукапашнага бою. Сярод яго кліентаў былі шматразовыя чэмпіёны свету і Еўропы па муай тай Дзмітрый Варац, Юрый Булат і Віталь Гуркоў. Калі ў спартовай зале пабачыце на баксёрскай пальчатцы лагатып «ALEH.MENSK.BIELARUS», ведайце – гэта справа рук Радзюка. Ведалі Алега і ў футболе. У другой палове нулявых ён дапамог выжыць сталічнаму «Тарпеда», якое ў той час не мела грошай нават на ўнёсак, каб удзельнічаць у чэмпіянаце Мінска. Апошнiя гады Алег змагаўся з ракам скуры і ўсё роўна працягваў займацца сваёй справай. Але бязлітасная хвароба ўсё ж такі ўзяла верх.

У лістападзе 2017-га Андрэй Маслоўскі наведаў прадпрымальніка ў ягонай майстэрні і пагутарыў пра бізнес, заняткі каратэ ў юнацтве, бойкі на раёне, сутычкі з міліцыяй і каляфутбол.

***

Алегу Радзюку 54 гады. Яго майстэрня – гэта невялічкі пакой у трохпакаёвай кватэры на вуліцы Кірава. У памяшканні дзве швейныя машынкі, невялікі стол, каб краіць, і вялікая колькасць разнастайнай амуніцыі. На падлозе стаяць скрыні, запоўненыя баксёрскімі пальчаткамі, на сценах – стэлажы з «лапамі» і жылетамі., а яшчэ плакаты з прыгожымі дзяўчатамі.

Нягледзячы на тое, што вытворчасць знаходзіцца дома, у кватэры Радзюка даволі ўтульна. У інтэр’еры пераважае патрыятыячная тэматыка: на сценах –партрэты выдатных дзеячаў беларускай гісторыі і вялізарны гіпсавы герб “Пагоня”.

Пасля знаёмства гаспадар прапаноўвае гарбату і ветліва запрашае выбраць любое месца для гутаркі. Спыняюся на майстэрне. Там больш атмасферна. Алег выключае магнітафон, з дынамікаў якога гучаў беларускі рок, дае стул, а сам сядае на вялікую калоду.

– Не хвалюйся. У мяне чыста: пылу амаль няма. Я за гэтым сачу, – пачынае Алег. – З суседзямі таксама ніякіх праблем. Па-першае, я не шумна працую. Па-другое, на першым паверсе абутковая крама – там людзям пофіг. Па-трэццяе, суседзі насамрэч шыкоўныя. Выбралі мяне старэйшым па пад’ездзе. Так што я тут усіх ганяю :).

Колькі часу штодня праводзіце за швейнай машынкай?

– Ніколі не лічыў. Каб ты разумеў, самую простую пальчатку для велашпацыраў зраблю за паўгадзіны. Для бокса – за дзве.  Руку ўжо набіў. Таму і цяжкасцяў не ўзнікае.

Я ніколі не планую, колькі зрабіць за суткі. Гэта не маё. Працую проста: ёсць жаданне – шыю, няма – займаюся іншымі рэчамі. Прыбіраюся, напрыклад. Нейкая праца ёсць заўсёды. Ды і ад машынкі патрэбна адпачываць. Неяк шыў цэлую ноч, каб выканаць заказ. Рукі пасля «гудзелі» так, што спаць не мог. А рукі – мой галоўны скарб. Яго трэба берагчы :).

- Дзе вучыліся шыць?

– Нідзе! У гэтым нічога складанага няма. Вырабы аднолькавыя, лякала – таксама. Асартымент з гадамі не мяняецца. Матэрыялы, з якіх робіцца амуніцыя, цалкам беларускія. Скуру вырабляе завод у Гатаве, паралон – фірма ў Лунінцы. Дастаць усё вельмі проста. Зараз, калі ёсць грошы, табе наўпрост у рукі суюць тое, што патрэбна.

Шыю я з сумленнем. Ганаруся, калі заходжу ў залю і бачу свае «лапы», якім ужо гадоў 10. Гэта вельмі добры паказчык. Шыю якасна. Таму на нейкія вырабы даю пажыццёвую гарантыю. Людзі, мабыць, і жадаюць новае набыць, але старое не рвецца і ўсё тут :). Сябры смяюцца: «Што ты робіш так якасна?! Рабі, каб кожны год рвалося». Але я так не магу. У сучасным свеце і так шмат часовага. Нават адносіны. Гэта не для мяне. У мяне проста, але надзейна.

Старажытныя грэкі лічылі, што лепш узброіць цэлы фланг, чым спусціць тыя ж грошы на адзін меч. Цалкам з імі згодны. У параўнанні з вядомымі брэндамі мая прадукцыя вельмі сціплая, але вельмі якасная. Безумоўна, можна ўзяць даражэйшую скуру, патраціць больш часу і зрабіць больш дарагую рэч. Кліенты знойдуцца, але я пайшоў іншым шляхам. Вырабляю сціплыя рэчы для звычайных людзей.

- Пры гэтым у вас ёсць знакамітыя кліенты.

– Так. Нягледзячы на тое, што для прафесіяналаў ёсць шыкоўныя вырабы, мае рэчы набываюць чэмпіёны свету і Еўропы Юра Булат, Віталік Гуркоў і Дзмітрый Варац. Гэта не значыць, што яны выступаюць у маім, але час ад часу трэніруюцца.

Ведаюць мяне ў Расіі, Прыбалтыцы і Польшчы. Ха, нават, у ЗША! Знаёмы прыехаў з Амерыкі на пабыўку і зайшоў за «лапамі». Я спытаў, навошта яму. Кажа: «Там дорага, а твае – сціплыя і служаць доўга». Цяпер яны недзе ў Лас-Вегасе.

- Ці былі падзякі і падарункі ад Булата ці Гуркова?

– Недзе быў аўтограф Булата. Вось яшчэ медаль падарылі. Грамата вісціць. Але галоўнае не гэта, а тое, каб рэчы доўга служылі.

- Атрымліваецца гэтым зарабіць на жыццё?

– Цана на тавары невялічкая, а накрутка малюсенькая. Напрыклад, пара пальчатак пацягне ад 50 да 80 рублёў. Колькі выходзіць чыстымі ў месяц, не лічу, але ты бачыш, як жыву.

- Бачу. Кватэра ў цэнтры Мінску.

– І на гэтым усё :). Былі розныя перыяды: і добрыя, і вельмі цяжкія. Але я ніколі не думаў аб тым, каб спыніцца і пачаць займацца нечым іншым. Трэба клапаціцца пра асноўнае – пра сям’ю, якую трэба забяспечваць. Мая справа дазваляе гэта рабіць. Вядома, гэта не вытворчасць хакейнай амуніцыі, але я працую на сябе :). Галоўнае, каб ніхто не шкодзіў. Хаця, прызнаюся, часам думаў, што трэба на хакей перайсці. Заказаў было б больш. Сто адсоткаў. Але ў маім асяроддзі неяк не прынята займацца хакеем :).

- Вы адзіны ў Мінску, хто займаецца падобнай вытворчасцю?

– Ёсць яшчэ мой былы кампаньён. Імя не назаву. Ён пра мяне не гаворыць, і я пра яго не буду :). Але ён добры хлопец.

***

- Як вы ўвогуле прыйшлі да гэтай справы?

– Пачалося ўсё з дзіцячага захаплення каратэ. У СССР гэта было модна. Хлопцы глядзелі фільмы з Брусам Лі і стараліся пераймаць прыёмчыкі і паводзіны актораў. А яшчэ ў маім раёне, а я жыў недалёка ад старога Чэрвеньскага рынку, трэба было быць моцным. Гэта было месца, дзе можна было трапіць ў непрыемнасці. І ўсе суседнія раёны – Аўтазавод, Камвольны, Чыжоўка, Серабранка – былі такія ж. На вуліцах збіраліся кампаніі, міма якіх так проста не пройдзеш. Абавязкова пыталіся: “Хто ты і адкуль?”

З сябрамі вельмі любілі ездзіць у кінатэатры. Прычым не ў цэнтр, а ў нашы пралетарскія раёны. Выязджалі ў Чыжоўку. Альбо на «Шарыкі».

– А гэта дзе?

– Так называлі кінатэатар «Камсамолец». Там можна было выдатна павесяліцца. Выйсці з дому з грашыма і даехаць з імі да пункту прызначэння – вялікая справа :).

Памятаю, адпачывалі на плаціне побач з Чэрвеньскім рынкам. Прыбег хлопец, кажа, што пацаны з Серабранкі пабілі нашых. Сарваліся помсціць. Паварочваем за вугал, а на нас бяжыць «ўзброены» натоўп. Хлопцы былі з ланцугамі, а некаторыя з сапраўднымі рапірамі! Не жартую! Зразумела, што нас пагналі. А аднаму сябру рапірай распаролі адзене. Прычым зрабілі, як ў фільме «Зора», – «намалявалі» літару Z. Хлопцу пашанцавала: кашуля не прыліпла да цела і парэзаў на скуры не было. На наступны дзень мы сабралі войска і пайшлі шукаць крыўдзіцеляў. Іх не знайшлі, але наткнуліся на іншую кампанію –з Серабранкі – і адпомсцілі ім. А потым яны шукалі нас. Такія паходы ніколі не завяршаліся.

Вось таму і трэба было быць мужным. У школе запісаліся з сябрамі ў секцыю каратэ. Трэнер быў не вельмі дасведчаны. Паказваў усяго некалькі ўдараў з прыёмамі, але мы аддана паўтаралі. Нам падавалася, што станем вялікімі каратыстамі.

Больш прафесійна пачаў займацца ў Палітэхнічным інстытуце, куды паступіў на пачатку 80-х. Трэніраваў мяне Яўген Крапіўны: добры настаўнік і цікавы чалавек. Займаліся ў зале на Плошчы Перамогі. Калісьці там была кацельня, якую мы дапамагалі перабудоўваць пад залу. Завод «Гарызонт», ад якога была секцыя, наняў прафесійных будаўнікоў, а мы дапамагалі: разбівалі сцены, цягалі цэглу, выносілі смецце і нават рэзалі катлы. Адзін хлопец меў досвед зваршчыка. Ён рэзаў, а мы падчышчалі. Зала атрымалася выдатнай! Займаліся там шмат гадоў. Нават забарону каратэ з боку савецкай улады перажылі.

- Чаму каратэ забаранялі?

– У 1981 годзе ў Польшчы прайшлі хваляванні супраць СССР і «пад шумок» каратэ у нас забаранілі. Для таталітарнай улады вельмі небяспечна, калі людзі здаровыя і моцныя. Яны павінны ўжываць алкаголь і паліць, каб быць больш зручнымі. Але з народам так проста не зладзіць. Шматлікія секцыі проста змянілі назвы. Сталі фізкультурнымі гурткамі, але напаўненне было тое ж самае. Ды і, як звычайна ў нас, забараніць забаранілі, але за гэтым пільна не сачылі. Міліцыянеры на нас аблавы не ладзілі. Займаліся, як і раней. Але ў 1990-я нашу залу прыбрала да сябе Наталля Наважылава і адкрыла там «Багіру».

- У свой час вы працавалі электрыкам на «Камунарцы».

– Так. Падчас вучобы трошкі рабіў. Памятаю, сябры па каратэ прасілі зладзіць экскурсію на фабрыку. Вельмі хацелася ім паглядзець на працэс вырабу цукерак і шакаладак. Паразмаўляў з кіраўніцтвам прадпрыемства і атрымаў дазвол у абмен на паказальны выступ перад супрацоўнікамі. Выступілі прыгожа: дошкі паламалі, пабіліся. Класіка жанру.

Праз колькі дзён хлопцы пайшлі на фабрыку. На наступную трэніроўку ніхто з іх не прыйшоў. Праз дзень нікога таксама не было. Пачалі прыходзіць толькі на трэцюю трэніроўку. Атрымалася, што спачатку хлопцаў завялі ў карамельны цэх, дзе яны наеліся. Затым павялі ў цукеркавы, дзе іх таксама ад душы пачаставалі. А напрыканцы – у шакаладны. Хлопцы казалі, што ўжо ў іх не лезла, але ўсё роўна елі! У выніку некалькі дзён ім было вельмі дрэнна. Доўгі час яны на салодкае не маглі глядзець.

Пасля «Камунаркі» працаваў у «Мантажналадцы». Шмат паездзіў па Саюзе, але пасля развалу краіны мне гэтае абрыдла, я звольніўся і пайшоў да хлопцаў шыць амуніцыю.

- Чаму спыніліся на гэтай справе?

– Колькі памятаю, нам заўсёды не хапала пальчатак, лапаў і другіх рэчаў. Вось хлопцы і вырашылі шыць іх самастойна. Яны даўно мяне клікалі да сябе. І я вырашыўся.

Навыку шыць не было. Ды і не быў ён асабліва патрэбны. Палова Кітая шые, а я што, горшы :)? Месяц прамучыўся з іголкай і навучыўся. Першая рэч, якую зрабіў – бандаж на пах. Пасля былі пальчаткі, маскі, лапы, мех і іншае.

Таксама памятаю першыя накладкі на ногі з лямцу. Выдатная рэч, якая дапамагала і ў звычайным жыцці. Надзяваў іх пад джынсы, калі хадзіў на вулічныя акцыі ў першай палове 90-х. У міліцыянераў тады былі востраносыя боты, якімі яны білі па нагах. Накладкі ратавалі. Атрымлівалася пацешна: мы іх білі зверху, яны нас знізу.

На акцыі я пачаў хадзіць у 1989-м. Гэты год навогул знакавы ў маім жыці. Спачатку пачуў пра разгон людзей у Курапатах. Пачаў цікавіцца, і аказалася, што мой праздзед памёр на Калыме. Стаў пытаць бабулю з дзядуляй. Яны распавялі, што гэта праўда, а мне не расказвалі, бо баяліся. Я неяк абурыўся, узняўся, стаў цікавіцца гісторыяй, мовай і ўсім беларускім.

Другі момант – народзіны сына. У той жа дзень, як сын нарадзіўся, я вырашыў перайсці на беларускую мову. Нібыта нейкае прасвятленне адбылося. Сказаў сабе: “Хачу і магу!” Праз пару месяцаў размаўляў ужо даволі лёгка. Ніколі не сароміўся ўжываць мову ні ў крамах, ні ў адносінах з людзьмі. Саромяцца звычайна слабыя, а я не такі. Калі нехта і крывіўся, то толькі за спінай.

***

- Як у вашым жыцці з’явіўся футбол і мінскага «Тарпеда»?

– Да мяне часта прыходзяць фанаты розных клубаў. Звычайна я з імі размаўляю, цікаўлюся справамі. Ну і неяк зайшлі два хлопца-тарпедаўцы. Распавялі, што ў іх клуба цяжкасці. Мяне гэта зацікавіла. Мне заўжды было блізка тое, што яны – першыя фанаты краіны, якія рабілі ўсё па-беларуску. Ну і вырашыў дапамагчы. Я не стаў ратавальнікам. Я проста ўвайшоў у супольную справу. Дапамагаў штогод: пералічваў грошы, каб клуб мог наскрэбсці на заяўку ў чэмпіянат Мінска. Таксама даваў свае вырабы ў якасці ўзнагароды, калі хлопцы праводзілі нейкія турніры.

- Былі на фан-сектары?

– Так. Фанацкі сектар – гэта крута! Калі апынуўся там упершыню, ашалеў. Там віруе сапраўднае жыццё! Натуральныя жывыя эмоцыі! Мне вельмі спадабалася. Нават стала трошкі крыўдна, што так позна да гэтага прыйшоў. Я ўжо не памятаю, які быў матч, але дакладна ведаю, што гулялі ў манежы. Мы нават не перамаглі, але я атрымаў незабывальныя эмоцыі. Жонка смяецца. Кажа, што на футболе я нейкі іншы. Так і ёсць. Я зараджаюся там, нібы акумулятар. Калі б улады не перашкаджалі фанацкаму руху, было б шыкоўна. Фанаты – вельмі добрыя хлопцы. У іх супольнасці сапраўдныя чалавечыя адносіны. Там братэрства.

Напрыклад, мы разам дапамагаем дзецям. Хтосьці ў дзіцячыя дамы прывозіць мячы, а я – пальчаткі, лапы, мех. Звычайна хлопцы з сектара тэлефануюць: «Дзядзька Алег, паедзем». Збіраю «скарб» – еду. Памятаю, неяк у дзіцячым доме ў мікрараёне «Захад» каталі пацаноў на матацыклах. Не на вялікай хуткасці, вядома, але павесялілі крыху. У дадатак пачаставалі цукеркамі. Весела было!

Матацыкл набыў у «сытыя» гады, калі былі грошы ад бізнесу. Набыццё і размытнёўка абышліся ў 5 тысячаў долараў. У мяне гарадская «Хонда». На куртку апранаю цішотку з «Пагоняй» і палохаю даішнікаў. Езджу не вельмі хутка – у нас не разгонішся. Ды і абароны ад ветру няма. Калі гнаць больш за 120, няўтульна. Памятаю, як мяне падрэзаў адзін дзяцел. Выляцеў на скрыжаванне і рэзка змяніў накірунак руху. Каб не быць вінаватым у ДТЗ, прыйшлося валіцца на бок. Разадараў нагу, але жывым застаўся.

«Тарпеда» – гэта сапраўдная сям’я. Калі ў мяне знайшлі рак скуры, фанаты і заўзятары дапамагалі грашыма. Вялікі дзякуй усім хлопцам. Іх дапамога мне была больш значнай за тую, якую я аказаў «Тарпеда». Мне было вельмі прыемна адчуць іх падтрымку. Разумееш, гэта тое, дзеля чаго жывеш. Колькі год я падтрымоўваў іх, а зараз – яны мяне. Гэта самае лепшае ў жыцці.

Пра сваю хваробу Алег Радзюк распавядае неахвотна. Хутчэй намагаецца “перавесці стрэлкі” і зладзіць экскурсію па кватэры. А тут ячшэ і кліент завітаў. Майстар хутка пераключаецца і ўважліва слухае новы заказ. Праца працягваецца.

Фота: аўтара, nn.by

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты