Tribuna/Футбол/Блоги/Свои/Куды знікаюць блогеры і як глядзець футбол на каранціне. Адказвае аўтар блога «Праз ружовыя акуляры»

Куды знікаюць блогеры і як глядзець футбол на каранціне. Адказвае аўтар блога «Праз ружовыя акуляры»

Mara_kamara пра жаночы футбол, творчы крызіс і як перажыць каранцін

Блог — Свои
Автор — Бэзавы Кіт
26 апреля 2020, 11:04
13
Куды знікаюць блогеры і як глядзець футбол на каранціне. Адказвае аўтар блога «Праз ружовыя акуляры»

Калі вы пільна і даўно сочыце за двіжухай на «Трыбуне», дык 100% памятаеце блогера, які вылучаўся тонкім падыходам да напісання пастоў і звяртаў увагу нават не на саму гульню, а на нешта большае. Зможаце дагадацца хто гэта, толькі па назве допісу?

Так, гэта тая самая mara_kamara! Мы вырашылі пагутарыць з аўтарам аднаго з самых адметных блогаў на «Трыбуне» Праз ружовыя акуляры, і распытаць, куды сыходзяць блогеры і што рабіць з «Трыбунай», ці змяняецца жыццё і футбол на каранціне, пра стаўленне да жаночага футболу і шмат-шмат іншага. Сядайце зручней – мы пачынаем!

– Першае пытанне, якое цікавіць многіх нашых чытачоў. Куды знікаюць блогеры «Трыбуны»?

– Пра ўсіх блогераў мне цяжка казаць, але што тычыцца мяне – гэта ідэя скончылася. Нейкі час мне было цікава тусавацца, былі людзі якія адгукаліся, адбывалася нейкая камунікацыя, была рэакцыя. З часам рэакцыі станавілася ўсё менш і менш: есць дзве прычыны, па якіх гэта адбылося. Той кантэнт, што я выкладала стаў людзям нецікавы, надакучыў. Альбо насамрэч, стала менш людзей на сайце. Я гэта заўважыла па сваёй стужцы: амаль зніклі статусы тых людзей, на якіх я была падпісана. Раней меркаванняў было шмат, напрыклад, пад час чэмпіянату Еўропы-2016 – стужка віравала і кіпела, а зараз ёсць толькі допісы ў блогі і ўсё. Мне не хапае чалавечых знос.

– А чым ты займаешся зараз?

– Перакладчык нямецкай і англійскай мовы ў прыватнай канторы. Займаюся як пісьмовымі перакладамі, так і камунікацыямі.

– Сярод спартыўных заўзятараў не так многа людзей, якія вядуць блог і размаўляюць на беларускай мове?

– У паўсядзённым жыцці я не на 100% карыстаюся беларускай мовай. Гэта звычайная беларуская з’ява, калі з пэўным колам людзей ты размаўляеш па-беларуску, але на працы – усюды дачыняешся па-руску. А вось у інтэрнет-прасторы наадварот – шмат лягчэй весці сацыяльныя сеткі і блогі. Мне па-беларуску нават лягчэй выказваць свае думкі, ёсць шмат асаблівасцей, шмат цікавых славечак, якія робяць мову каларытнай. Усё гэта дапамагае весці блог у тым стылі, які я абрала: нейкі сцёбны, крыху пафасны.

– Можаш параіць рэсурсы пра спорт на мове, якія ты чытаеш?

– На жаль, такіх рэсурсаў на мове ў мяне няма. І не ведаю, ці ёсць яны ўвогуле. Здаецца «Наша Ніва» піша пра спорт, але не карыстаюся гэтым рэсурсам увогуле і не магу ведаць, наколькі добра яны асвятляюць спартыўныя падзеі. З большага, карыстаюся замежнымі крыніцамі, нямецкамоўнымі – «Kicker.de», часам чытаю расійскі «Чемпионат».

Ці часта зараз чытаеш «Трыбуну» ?

– Галоўную старонку прабягаю вачыма, адкрываю некаторыя допісы, але каб шмат чытаць – не. Заходжу ў канкрэтныя блогі, асабліва, калі я знаёмая, хаця б віртуальна, з аўтарам. Ужо ведаю, што будзе якасны кантэнт і я іду паглядзець, ці не з’явілася там нешта новае.

– А што ты шукаеш? Дзеля чаго ты заходзіш?

– Карыстаюся пошукам, калі хачу паглядзець гісторыю ці статыстыку каманды, як яна згуляла ў нейкім сезоне, ці інфармацыю пра гульцоў. Для мяне “Трыбуна” гэта больш крыніца па белфутболе. Гляджу расклад матчаў. Ці так проста, адкрываю галоўную старонку і гартаю цікавае, што ёсць у блогах, ці навіны – проста стужку гляджу. Вось нядаўна калегі арганізаваліся ў беларускую fantasy-лігу. Нас там няшмат, але цікава, таму сачу за аднаўленнямі, у каго што здарылася. Поспехі? Я трымаюся ў сярэдзіне нашага карпаратыўнага рэйтынгу. Думала, што будзе горш, я не скарджуся :)  

– З боку чытача альбо блогера – можаш адказаць на пытанне, што зараз не так з «Трыбунай»? 

– Я капну крыху глыбей. Некалькі год таму змянілася ўласная стужка навін. Памятаю, што ў той момант было шмат негатыўных коментаў ад карыстальнікаў. Яны пісалі: «стужка стала адстой», «я пайшоў», «мне стала нязручна і нецікава». Мне гэта навіна таксама не спадабалася, але пэўны час была нейкая шчыліна, каб перайсці на стары выгляд стужкі, і я гэтым карысталася. Зараз «Трыбуна» змянілася тым, што дадаўся раздзел пра каранавірус – гэта непазбежна, але стараюся ігнараваць тэму амаль на ўсіх сайтах, дзе ён з’яўляецца.

Як было шмат не пра спорт – так і застаецца шмат не пра спорт. Я не разглядаю «Трыбуну» як крыніцу менавіта спартыўных навін акрамя белфутболу. Астатнюю інфармацыю пра замежны футбол можна знайсці на іншых рэсурсах, яна з’яўляецца там раней. І гэта зразумела, калі немцы пішуць пра свой футбол, то гэтыя навіны з’явяцца там хутчэй за ўсё.

Яшчэ шмат інфармацыі пра сацсеткі: хто, дзе, з кім, колькі разоў. І чым больш зараз гэта развіваюцца, асабліва цяпер, калі ўсё ізаляваныя і сышлі ў той жа TikTok і Інстаграм, тым больш з’яўляецца не спартыўных навін, а менавіта ў каго што больш, лепш, прыгажэй, хто з кім ажаніўся, хто з кім развёўся. Нейкая свецкая хроніка. Лічу гэта мінусам, гэта не інфармацыя.

Здаецца, што сталі менш актыўнымі блогі, нават не ўлічваючы сітуацыю ў свеце. Магчыма, гэта звязана і не з «Трыбунай», а з агульнымі тэндэнцыямі, што зараз людзі перамяшчаюцца ў тыя сацсеткі, дзе не патрэбны тэкст. Бо тэкст займае час, каб яго напісаць, каб яго прачытаць – гэта пэўная мазгавая актыўнасць. Варушыць мозгам – лянота. Таму ўсё пераходзяць у фармат нейкіх выяў: інфаграфіка, фотачка, лічбы, два словы. Гэта максімум, які выкладаецца і ў такім фармаце складана існаваць блогам – бо гэта тэкст які трэба прачытаць, неяк успрыняць і зрэагаваць эмоцыямі. Гэта ўжо больш дарослы фармат, для тых, каму за 30 – пакаленне ЖЖ, якое трымалася ў блогах на «Трыбуне». А маладзейшых ужо менш цягне да такога.

– Можаш скласці топ 3 лепшых блогераў на дадзены момант?

– Цяжка. Ці можна назваць «Bulba-Ball» толькі трыбунаўскім блогам, таму што ён выйшаў за межы ўсяго магчымага? Бульбабол адназначна ў топе. Ведаю, што Саша Івулін вядзе відэаблог, чую пра яго добрыя водгукі, ён заўсёды з’яўляецца на галоўнай старонцы. Але мне не хочацца глядзець, хаця да Сашы я стаўлюся вельмі добра, проста не цягне. Магу яшчэ назваць топ людзей, якіх я чытала. Скай Волк – у яго можна чытаць, што заўгодна. Падпісана на яго тэлеграм-канал і далёка хадзіць не трэба – так Скай забраў да сябе аўдыторыю «Трыбуны», вось такі злодзей. Той жа St. Martin – нажаль, зараз амаль не піша. Заўсёды было цікава пачытаць пра яго вандроўкі, як ён цягаўся заўзець за зборную, ці так куды. Але зараз ён нават і ў Інстаграм не выкладае гэтыя прыгоды.

***

– Ці бачыла ты чэлендж, які мы рабілі з трыбунаўскімі граўндхоперамі? Колькі матчаў глядзела на стадыёнах у мінулым сезоне?

– Я не настолькі апантаны заўзятар, таму лічбы мізэрныя. Адышла ад чэмпіяната ў гэтым годзе і не хадзіла на футбол, складана сказаць чаму. Калі я жыла ў Мазыры, вельмі часта хадзіла на матчы «Славіі», але маё сэрца каманда не заваявала. Пэўны час я наведвала гульні «Крумкачоў» у Мінску, але з часам (гэта не звязана з тым, што сышлі з вышкі альбо пытанне прэстыжу) мне перастала падабацца атмасфера на заўзятарскай трыбуне. Неяк хутка адбылася ратацыя ў камандзе, з’явілася шмат новых людзей. Таму і ў мінулым годзе схадзіла на адзін матч “Крумкачоў” супраць “Баранавічаў” і на гэтым усё скончылася. Новы год быў прысвечаны прафесійным і асабістым справам, а футбол сышоў у рэжым тэлевізійных трансляцый.

– А што менавіта не так у атмасферы «Крумак»?

– Раней было вельмі душэўна, калі гэта мела даволі стыхійны характар, спантанна, чыстыя эмоцыі. Калі людзі проста прыходзілі і кайфавалі ад таго, што знаходзіліся сярод заўзятараў на сектары. Калі трапіла на першы матч у 2016 годзе, мяне захапіла гэта атмасфера, наколькі было ўсё нязмушана і шчыра. З цягам часу пачаліся нейкія дзіўныя змены. Вельмі расстроіла, калі мне пачалі пісаць укантакце людзі з «крумка»-сектара і спрабавалі мяне выхоўваць, як трэба заўзець, як мушу падтрымліваць каманду, што раблю не так і гэтак далей. Паваліліся нейкія прэтэнзіі ў мой бок, здавалася б, я такі ж наведнік матча, як любы іншы чалавек. Спадзяюся, што такая ідэалагічная выхаваўчая праца праводзілася не сярод усіх, хто туды ходзіць.

Але я бачу, што ёсць шмат людзей, якім гэта цікава і яны прыходзяць з дзецьмі – і гэта файна. Яны там бавяць вольны час, і дзеці бачаць, што ёсць шмат цікавых заняткаў у жыцці, але мяне адвярнула з-за такіх выпадкаў, я перастала там адчуваць сябе вольна і нязмушана.

– Клуб вярнуў сабе былую назву, стартавала першая ліга – можа з гэтай нагоды ёсць жаданне наведаць гульню «Крумкачоў» каб праверыць, што змянілася?

– Пакуль што – не планую. Хутчэй хацела б наведаць матч чэмпіянату Беларусі, ці нават проста схадзіць на стадыён «Дынама». Гэта класная арэна, была там некалькі разоў і мне хочацца яшчэ. Але зараз, зразумела – атмасфера ўжо не тая, нейкая напружаная абстаноўка. Ці можна зараз у грамадскім месцы, дзе збіраюцца людзі, атрымаць задавальненне ад падзеі. Усе перапалоханыя, у людзей у вачах страх, і я не думаю, што можна атрымліваць нейкі кайф ад футбольнага матча, і тут справа нават не ў «Крумках», а ў прынцыпе. Я нават адпісалася ад сацсетак “воранаў” бо ў клубе змянілася шмат людзей і змянілася падача падзей, рэакцыя на нейкія каменты. Усё гэта перастала быць блізкім да мяне. 

***

– У цябе ёсць даволі частая рубрыка парадаў у блогу. Ці можаш ты зараз нешта параіць усім тым заўзятарам беларускага футбола, якія хочуць глядзець футбол, але ім страшна хадзіць на стадыёны?

– Да такога пытання трэба рыхтавацца. Я звычайна бяру нататнічак, чарую над ім хвілін 30, з асадкай у руках, усё так кансерватыўна, і проста накідваю нейкіх ідэй. Потым аб’ядноўваю і выстаўляю ў пэўным парадку. Таму мне складана проста ўзяць і выдаць «як не баяцца хадзіць на стадыён», гэта будзе выглядаць як памятка ад мінздрава.

І я нікога не заклікаю не хадзіць на стадыёны, але сітуацыя сама па сабе такая, што тут цяжка жартаваць. Вось усе гэтыя парады, што ў мяне ў блогу, носяць характар «не рабіце гэта», «не трэба так», то бок гэта жарт і перабольшванне, а тут я не лічу, што гэта тэма, калі можна выдаць спіс несур’ёзных парад, як уберагчыся ад раптоўнай смерці. Не тая тэма.

– У Германіі да 31 жніўня забаранілі масавыя мерапрыемствы, але гульцы «Баварыі», за якую ты заўзееш, ужо пачалі трэніравацца па 3-4 чалавекі. Як ставішся да каранціну і неабходнасці самаізаляцыі?

– Відавочна, што галоўная прычына, чым кіруюцца босы клубаў і кіраўніцтва ліг – неяк трэба адбіць грошы за рэкламу, калі не выканаць гэтыя дамоўленасці – атрымаецца велізарны мінус на сотні мільёнаў долараў. Футбалісты хвалююцца за тое, што яны могуць згубіць форму, невядомая сітуацыя з кантрактамі. Шмат пытанняў, на якія няма адказаў. Тут можна скласці вельмі вялікі спіс і ў кожнага ёсць свае прычыны.

Шмат існуе тэорый на конт распаўсюджвання віруса, што ён можа мадыфікавацца нават тэрытарыяльна: у Баварыі свая версія, а ў суседняй нямецкай зямлі – іншая, і гэтак далей. Калі ўсе людзі перамяшаюцца, тады пачнецца новая мутацыя – і ўсім хана. Калі кіравацца толькі гэтай логікай, то гэта не настолькі небяспечна, спрабаваць трэніравацца невялікімі групамі, неяк ізалявана, але гэта ўсе пацягне шмат сіл, як фізічных так і маральных. Але што будзе калі каманды сыдуцца на полі? У АПЛ разглядаюць сцэнар, каб ізаляваць усе каманды і клубы, разам з персаналам, з тэлевізіёншчыкамі, каб дагуляць чэмпіянат на нейкіх трэніровачных палях. І мне здаецца, што гэта не блага, хаця футбалістам будзе цяжка гуляць у такой атмасферы, гэта пэўны маральны ціск, яны будуць абмежаваны, яны не будуць бачыцца з сям’ёй. У іх будзе мінімум падтрымкі звонку, бо і гледачоў не будзе.

Здавалася б, што гэта файна для клубаў, гэта добра для заўзятараў, бо можна будзе паглядзець матчы хаця б па тэлевізары, будзе чым заняцца – усе насумаваліся па футболе. Але ўвесь гэты план будзе працаваць да першага выпадку ў гэтай ізаляванай зоне. Цяжка прагназаваць, бо на ўсе гэтыя пытанні ніхто адказаў даць не можа, ні кітайцы, ні амерыканцы. Беларуская мадэль – яна свая, да нас усё гэта пачало дахадзіць пазней. Таму пакуль у краіне было 100-200 выпадкаў, я не бачыла праблемы, каб людзі прыходзілі на футбол, дзе яны сядзяць на свежым паветры, не ў закрытым памяшканні, якое не праветрываецца. Рызыка менш, хаця яна і ёсць.

У Еўропе больш насельніцтва і на матчы ходзіць значна больш людзей. Таму ёсць сэнс не праводзіць адкрытыя матчы. Хаця не вядома, што будзе ў нас заўтра, не выключаю таго, што і наш чэмпіянат сыдзе на нейкую паўзу. Мы жывём у такі вясёлы час, калі мы не ведаем, што адбудзецца заўтра. Але ўсё адно – памром. Памром заўтра, памром паслязаўтра, ці праз дзесяць гадоў. Хочацца каб футбол быў, каб можна было яго глядзець, былі эмоцыі, адрэналін, нават седзячы дома на канапе, таму што зараз у гэтай сітуацыі, калі людзі абмежаваныя і сядзяць дома – у некаторых зрывае дах. Калі магчыма арганізаваць, чаму б і не, дагуляць Лігу чэмпіёнаў і ўсё астатняе, але ў такіх жорсткіх умовах, калі большая частка людзей не будзе кантактаваць міжсобку.

Зараз усе сядзяць дома, нават і спартсмены. Напрыклад, Левандоўскі танчыць у ТikTok і збірае мільёны праглядаў. А чым на самаізаляцыі займаешся ты?

– Наш офіс сышоў на хатнюю працу ўжо два тыдні таму. Мы не спяшаліся бегчы на самаізаляцыю, калі гэта пачалі рабіць першыя IT-кампаніі, таму што невядома калі гэта ўсе скончыцца. Я ведаю, што былі такія фірмы, дзе сыходзілі на каранцін, а праз два тыдні зноў выходзілі. Няхай.

А зараз мы два тыдні ўжо працуем з дому, у мяне нармальны працоўны дзень – пачынаецца а дзявятай раніцы і ёсць справы, якія неабходна вырашаць штодня, ёсць людзі, з якімі штодня дачыняюся праз працоўныя чаты, таму не магу сказаць, што з’явілася шмат вольнага часу, які неабходна займаць. Для мяне нічога не змянілася, хіба я радзей выходжу на двор пагуляць з сабакам, смецце вынесці. Зараз вынесці смецце – за шчасце: дарога ад пад’езда да кантэйнера – гэта хвіліна славы, калі ты можаш падыхаць паветрам, паслухаць птушках, паглядзець на лісцікі. Усе дамашнія справы як былі, так і засталіся: кнігі, рукадзелле, проста нейкія бытавыя рэчы. Я не адчуваю ціску, што сяджу дома, проста не трэба ездзіць у офіс.

– У такім рэжыме хапае часу, каб паглядзець некалькі гульняў апошняга еўрапейскага чэмпіянату?

– На гэтых выходных я не дабралася да футболу, былі іншыя справы, але я паглядзела матч «Слуцк» – «Славія», з гэтым неверагодным наборам пенальці – сапраўдны зарад эмоцый. Таксама сачу як  феерыць «Славія» і вельмі чакаю, што ж будзе далей. Я нават ужо прыкідвала, што адбудзецца, калі каманда выйграе Кубак Беларусі? Трапяць яны ў еўракубкі, ага – на нашым стадыёне ім не дазволяць гуляць, бо ён не дацягне па пэўных стандартах. І ўжо нейкія сцэнарыі прайгравала, што ж будзе далей, калі прыйдзецца гуляць у Гомелі, дзе клёвы стадыён. Я стараюся бачыць ва ўсім пазітыў. Чаму б і не ўбачыць яго ў беларускім чэмпіянаце? Гэта цікавая двіжуха, той жа «Слуцк» з яго фанатамі, якія з’явіліся ў розных краінах свету, няхай з крыху смешнай нагоды, але гэта прыкольна.

– Апошнія матчы «Славіі» з БАТЭ былі выдатнымі. Ці зможа каманда перамагчы ў чэмпіянаце, як МПКЦ у свой час?

– У Мазыры БАТЭ не шанцуе і гэта не першы раз. На матчы збіраецца поўны стадыён, прычым не толькі стадыён, хто бываў тут, той ведае, што ў нас за межамі стадыёна ёсць адмысловае дрэва, на якім прыбітыя дошчачкі. Гэта дрэва звычайна аблепленае, бо прыходзяць многія мазырчукі, нават тыя, хто не так актыўна цікавіцца футболам. І гэта атмасфера і падтрымка так матывуе каманду.

Мне складана рабіць нейкія прагнозы для «Славіі». Гэта добра, што каманда мае сваю гісторыю, але ў апошнія гады клуб не ўваходзіць у топы. Пасля Пунтуса, нават прыйшлося сысці ў дывізіён ніжэй. У такіх клубаў ёсць патэнцыял, і яны самі ад сябе гэтага не чакаюць. Таксама тут ёсць пытанне і фінансавае. Адзін с тытульных спонсараў каманды – мазырскі НПЗ і яго доіць увесь горад, проста ўсе, хто можа. А зараз стаіць неадназначнае пытанне з нафтай – гэта і трэніровачныя палі, гэта форма, гэта харчаванне, гэта ўсё складаецца з дробных фактараў. Патэнцыял ёсць, але трэба каб шмат манетак ляглі тым бокам, якім патрэбна. Я думаю, што ў “Славіі” ёсць усе шансы каб трапіць у топ-5.

***

– Пытанне да цябе, як да аматара-дзяўчыны беларускага футбола: назаві свой топ гульцоў-прыгажуноў чэмпіяната Беларусі?

– Я не магу казаць, што я разбіраюся ў футболе, мне цікава, але каб разбірацца-разбірацца – не. Калі пытаюць ці варта пэўнаму гульцу змяніць пазіцыю на полі – гэта ўсё не пра мяне. Гэта касмічныя абстракцыі, а я люблю глядзець футбол. Таму ў блогу ніколі не пісала чагосьці сур’ёзнага, мяне закідаюць тапкамі і я гэтага не хачу. Не хачу рабіць выгляд, што разбіраюся ў тым, чаго не ведаю.

А пра прыгожых футбалістаў – цяжка. Я накіравана на нейкі сцёб, напрыклад, калі мы глядзелі той жа матч са «Слуцкам», адмыслова ўключылі «Матч ТВ» каб паслухаць, што ж будуць рабіць расійскія каментатары. Дык вось, каментатар таго матчу некалькі разоў згадваў Глеба Шаўчэнку, яго заўважную прычоску – ён дрэды зрабіў. І я магу звяртаць увагу на нейкія такія штукі, а знешнасць… Нехта можа сказаць, што Лапцеў выглядае як недалёкі чалавек, бегае з разяўленым ртом і гэтак далей. Гэта нейкія дробныя прыдзіркі і я стараюся быць вышэй гэтага. Прабачце, але ў топе прыгажуноў я не дапамагу.

– Не магу не спытаць у дзяўчыны-блогера, ці цікавішся ты жаночым футболам і як да яго ставішся?

– Калі шчыра, абсалютна нічога не ведаю. Толькі неяк чытала, што жаночая каманда ФК «Мінск» гуляла у Лізе чэмпіёнаў супраць «Барселоны» і ўсе пісалі, якія яны малайцы. І нават нейкія сцёбы былі, што “Мінск” гуляе супраць «Барсы», але гэта не тое, пра што вы падумалі. Жаночаму футболу дадаецца менш увагі, круціцца менш грошай. Магчыма, гэта варты ўвагі. Не прыцягвае мяне жаночы футбол менавіта з-за таго, што ён жаночы. Мне падабаецца сачыць за жаночым тэнісам, біятлонам, а не за футболам.

– Ці чула словы Вяргейчыка з АБФФ, што месца жанчыны – нараджаць дзяцей, а не гуляць у футбол?

– Тут нават каментаваць няма чаго. Не лічу, што спорт гэта нейкая асаблівая сфера. Жанчыны ёсць паўсюль і тут нават не варта дыскутаваць. Сказаў ён і сказаў – халера з ім, нават калі ўсе гэта падхапілі. Ёсць аднолькавае права на існаванне ў любога спорта, незалежна ад пола, ёсць жа ўвогуле віды спорта, дзе змешаныя каманды – той жа кёрлінг. Таму дзіўна казаць пра нейкія выключна жаночыя справы. Калі карыстацца такой логікай, то мужыкі ўсе хай сядзяць у гаражах і п’юць гарэлку. Тым больш, што зараз патрэбна дэзынфекцыя і звонку і ўнутры :)

– Ты раней паказвала ў блогу сваю калекцыю паштовак и марак. Ці з’явілася нешта новае пра белфутбол?

– А у нас ёсць увогуле паштоўкі ці маркі звязаныя з белфутболам? Я ведаю, што «Белпошта» рэгулярна выпускае маркі з медалістамі і алімпіяднікамі: Домрачава, Скардзіна і г.д. А ці ёсць у клубаў, якія выпускаюць мерч, нешта такое? Гэта правал у нішы. Паштоўкі выпускаюць і прыватныя друкарні, з той жа Азаранкай, нават Мірнага дагэтуль працягваюць друкаваць, а футбалісты? Мне здаецца, што ніхто не ведае нашых футбалістаў, асабліва з тых людзей, якія займаюцца посткроссінгам як хобі і не сочаць за гульцамі мэтанакіравана. Яны не будуць пайменна ведаць, хто там у нас у зборнай. Тыя ж «Крумкі» раней выпускалі калекцыйныя білеты з фотаздымкамі гульцоў і гэта было цікава. Білет стаў элементам для калекцыявання, у мяне нават недзе ляжыць пачак квіткоў. Больш такога.я ў нас не бачыла.

***

– І апошняе пытанне – якія ў цябе планы? Ці ёсць думкі вярнуцца, альбо наадварот – наогул сысці з «Трыбуны»?

– У іншы від, дакладна – не. Хаця некаторыя знаёмыя мне казалі пераходзіць у фармат відэаблога. Пакуль – не. Былі ідэі, калі тэлебачанне праводзіла кастынг каментатараў, пісалі сябры каб я паспрабавала – быў момант, калі арганізатары гатовыя былі ўзяць дзяўчыну ў сур’ёзны этап, пасля ўсіх адбораў. Але я не хачу, як і ў блогу – выказвацца пра тое, у чым не разбіраюся. Балбатаць я магу, але ці будзе гэта балбатанне звязана з тым, што адбываецца на полі, ці будзе адэкватным, ці будзе пасаваць пад сітуацыю, ці змагу я зразумець у гэтых тактычных штуках. Не, рабяты – не ў гэты раз.

Яшчэ адзін знаёмы казаў мне паспрабаваць друкавацца ў нашым футбольным глянцавым часопісе АБФФ. Гартала яго, бачыла публікацыі многіх знаёмых і, магчыма, гэта было б мне па сілах. Але пісаць пра нейкі клуб, альбо гульцоў – гэта робяць усе, гэта не прыкольна. Пісаць такую ж лухту, як у мяне ў блогу – мне здаецца, гэта не фармат такога часопісу.

Наконт блога. Мне здаецца, што нешта яшчэ будзе, бо па сваёй прыродзе я графаман. Толькі не ведаю калі. У той час, калі блог толькі пачынаўся – допісы з’яўляліся ледзь не кожны тыдзень, потым быў невялікі перапынак, больш за год. Мінулы допіс з’явіўся ў сакавіку, а папярэдні – за год да яго.

У прынцыпе мой бложык не звязаны строга на пэўныя падзеі, таму цалкам верагодна, што нешта яшчэ з’явіцца. Спадзяюся, цікавае.

Фото: асабісты архіў Mara_kamara

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты